Вы тут

Жырандоля з калаўрота


З кожным годам усё больш знаёмых перабіраюцца жыць у вёску. А зацятыя вандроўнікі Аўгіня і Верасень мала таго, што вярнуліся на радзіму і пасяліліся на хутары на Валожыншчыне, дык яшчэ і выкупілі пасля смерці суседкі яе хату. Там стварылі арт-хутар — месца для натхнення і адпачынку творчых людзей. Назвалі яго «Васіліна». У памяць аб былой гаспадыні дома.


Кранальна назіраць, з якім клопатам маладыя людзі імкнуцца захаваць аўтэнтычнасць і мясцовыя традыцыі ў афармленні арт-хутара. Прадумваюць усё да дробязяў. Так, Аўгіня хоча паспрабаваць аднавіць карункавыя фіранкі, што пабачыла ў суседняй вёсцы. А сцены хаты аздобіць фотаздымкамі і дакументамі, якія сваякі бабы Васіліны пакінулі, бо не палічылі каштоўнымі...

Мы з мужам таксама марылі выкупіць суседнюю хату, якая шмат гадоў была ў запусценні. Думалі пакрысе прывесці яе ў парадак. Каб у будучыні ладзіць майстар-класы па выпечцы хлеба на заквасцы ў сапраўднай печы. Два гады выношвалі гэтую ідэю. І — наўмысна не прыдумаеш — менавіта ў той дзень, калі патэлефанавалі ў сельсавет, каб удакладніць кошт участка... пазнаёміліся з яго новымі гаспадарамі. «Ну, значыць, гэта нам пакуль не па сілах», — па-філасофску супакоілі самі сябе. І ад душы парадаваліся за новых суседзяў. Асабліва за хату бабы Зіны. Таму што больш за ўсё мы баяліся, што новыя гаспадары знясуць яе ці абкладуць сайдынгам. Яны ж вырашылі захаваць усё як ёсць і нават адрэстаўрыравалі сваімі сіламі бабуліну мэблю.

...Ёсць людзі, якія без шкадавання развітваюцца са старымі рэчамі. Бо лічаць іх хламам. А ёсць такія, як мы і нашы новыя суседзі, хто гэты «хлам» (дакладней, скарб) збіраюць.

Так у нас дома сёлета з'явіўся дыяпраектар. Ужо, напэўна, паўгода не паказваю сыну мульцікі. Не падабаецца мне рэакцыя пасля іх прагляду. Як правіла, пачыналася істэрыка, што выключыла. Альтэрнатыва — старыя добрыя дыяфільмы. Пасля такіх мульцікаў чамусьці істэрыкі няма.

Год таму, калі наш сусед Сава прадаваў бацькоўскую хату, павыкідаў чыгункі ды чапялу. Муж, вядома ж, прынёс той скарб дадому. І ўжо праз тыдзень выступаў з незвычайнымі музычнымі інструментамі на адкрыцці выстаўкі выцінанкі Вольгі Бабурынай, чым прыўнёс у імпрэзу непаўторны каларыт.

З калаўрота, знойдзенага на сметніку, атрымалася атмасферная жырандоля. Выцяжка на кухні ў нас таксама нетыповая — з пральнай машыны, якую прабабуля мужа набыла яшчэ па маладосці. Абедзенны стол, нягледзячы на ўгаворы бацькоў, зноў жа вырашылі не набываць. Пафарбавалі ў белы колер бабулін, рарытэтны, выраблены на Бабруйскай мэблевай фабрыцы імя Халтурына. І цяпер ён мне штодзень нагадвае аб летніх вакацыях, якія мы з сястрой у дзяцінстве бавілі ў Параднях у бабулі Зоні.

Вось на днях набылі двухспальны матрац. Узгалоўе ложка хочам зрабіць з дзверцаў старой драўлянай шафы. Ідэю гэтую падгледзелі ў фермера з суседняй вёскі. Засталося толькі знайсці чалавека, які палічыць старую шафу «хламам»...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».