Вы тут

Падоранае ў шлюбе папалам не дзеліцца


«Я выхоўваю дзіця-інваліда. Мой муж падарыў мне аўтамабіль. Дагавор дарэння афармлялі ў ДАІ, і ў тэхпашпарце ўладальніцай указана жонка — я. Пры гэтым стаіць адзнака, што аўто належыць мне па дагаворы дарэння. Праз паўгода пасля гэтага мы развяліся. А яшчэ праз год былы сужэнец падаў у суд іск аб падзеле агульнай сумеснай маёмасці (гаворка менавіта пра машыну) і патрабуе з мяне палову кошту аўто. Ці мае права ён гэта рабіць?

Яўгенія С., г. Маларыта».


На пытанне адказвае Алена СЦЯПАНАВА, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, старшыня Беларускай лігі сямейных медыятараў, трэнер медыятараў Цэнтра медыяцыі і перагавораў:

— Згодна з артыкулам 26 Кодэкса аб шлюбе і сям'і маёмасць, якая належала сужэнцам да шлюбу, а таксама была атрымана ў дар або спадчыну, з'яўляецца ўласнасцю кожнага з іх. Аднак артыкулам 27 Кодэкса прадугледжана, што муж і жонка могуць уступаць паміж сабою ва ўсе незабароненыя заканадаўствам маёмасныя здзелкі адносна маёмасці, якая з'яўляецца ўласнасцю кожнага з іх.

З гэтых нормаў вынікае, што калі адзін з сужэнцаў падарыў другой палове нейкую маёмасць падчас шлюбу (у вашым выпадку — аўто), то яна не будзе з'яўляцца агульнай сумеснай маёмасцю сужэнцаў. Машына ў гэтым разе — асабістая ўласнасць адоранага, ваша.

Падаць у суд — права вашага мужа, аднак вы як адказчык па справе маеце працэсуальныя правы, у тым ліку і на абарону супраць прад'яўленага іску. Адпаведна з артыкулам 60 Грамадзянскага кодэкса адказчык мае права на абарону супраць прад'яўленага іску. Ён можа сфармуляваць сваю пазіцыю ў пярэчаннях супраць іску або прад'явіць сустрэчны іск.

Раю вам падрыхтаваць пісьмовыя пярэчанні супраць іску з прававым абгрунтаваннем пазіцыі і прыкладаннем дакументаў-доказаў (дагавор дарэння, тэхпашпарт аўто з адзнакай, што ён належыць вам па дагаворы дарэння).


Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш электронны адрас joyyya@gmaіl.com. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.