Вы тут

Парады ад ратавальнікаў як трымаць сваю печку ў бяспечным стане


Вясной, пасля завяршэння ацяпляльнага сезона, камунальныя службы і ўладальнікі прыватных дамоў адразу ж пачынаюць падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона. За гэты перыяд, з вясны да восені, павінны быць праведзены ўсе прафілактычныя і рамонтныя работы, каб пазбегнуць якіх-небудзь надзвычайных сітуацый падчас халадоў.


Аднак пажары з-за няспраўнасці пячнога ацяплення, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад, на жаль, не рэдкасць.

Раніцай, 21 верасня, у Дзятлаўскі раённы аддзел па НС паступіў званок аб загаранні лазні ў аграгарадку Таркачы. Гаспадар лазні, які запланаваў папарыцца, падпаліў печ, а сам заняўся іншымі справамі. Сусед, выйшаўшы на вуліцу, убачыў, што на ўчастку яго знаёмага з-пад даху лазні выбіваюцца клубы дыму. Калі мужчыны адчынілі дзверы ў лазню, з парыльні ўжо вырывалася полымя. Каб паменшыць прыток кіслароду, яны шчыльна зачынілі дзверы і выклікалі ратавальнікаў. Апошнія прыбылі праз некалькі хвілін, а ўвесь гэты час да іх прыезду мужчыны палівалі вадой са шланга будаўнічыя канструкцыі. Меркаваная прычына пажару — парушэнне правілаў эксплуатацыі печы і канструктыўная загана цеплагенерыруючых агрэгатаў і ўстановак.

Ратавальнікі рэкамендуюць паклапаціцца аб бяспечным выкарыстанні лазні яшчэ пры яе праектаванні. Мураванне печы варта давяраць толькі спецыялісту. Часткі печы і коміна, якія награваюцца, не павінны межаваць з драўлянымі канструкцыямі, нават калі драўніна апрацавана вогнеахоўным саставам. Рэгулярна праводзьце агляд і рамонт.

8 верасня ў 4 гадзіны раніцы ў цэнтр аператыўнага кіравання Любанскага раённага аддзела па НС з установы аховы здароўя паступіла паведамленне аб тым, што з папярэднім дыягназам «атручэнне чадным газам» шпіталізаваныя двое грамадзян пенсійнага ўзросту.

Як высветлілася, муж і жонка прапалілі печ і ляглі адпачыць, бо адчулі недамаганне. Каля дзвюх гадзін ночы ўвагу суседзяў сямейнай пары прыцягнула пакінутае ўключанае святло ў іх доме. Адчуўшы нядобрае, яны паспяшаліся выклікаць брыгаду хуткай дапамогі. Мужчына і жанчына былі шпіталізаваныя. Папярэдняя прычына здарэння — заўчаснае закрыццё засланкі печы.

Паліць печ трэба не менш чым за дзве гадзіны да адыходу да сну. Каб не атрымаць атручэнне чадным газам, нельга зачыняць засланку печы да таго, пакуль вуглі цалкам не перагараць.

Павучальная гісторыя адбылася з жыхаром вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна. На працягу ўсяго дня мужчына паліў печ, як той казаў, як мае быць, некалькі разоў падкідваў дровы. У халодны дзень хацелася цяпла і ўтульнасці. Знаходзячыся ў двары, гаспадар заўважыў, што з-пад страхі ідзе дым. Забегшы ў дом, ён убачыў, што на ляжанцы печы
тлеюць матрацы. Мужчына схапіў усё з ляжанкі, вынес на вуліцу і выклікаў ратавальнікаў. Як высветлілася, на ляжанцы печы даўно ўтварыліся расколіны, што дало магчымасць полымю выбрацца вонкі. Аднак печку гаспадар працягваў паліць. (А можа, абыдзецца!) Калі б пажар здарыўся ноччу, то нядбайнае стаўленне да пытанняў бяспекі магло б каштаваць чалавечага жыцця.

Печ з расколінай рана ці позна падвядзе свайго гаспадара. Гэта ўсяго толькі пытанне часу. Яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона трэба заладзіць расколіны, адрамантаваць дзверцы, забяспечыць ахову падлогі перадпячным лістом ад распаленых вуглёў. Ачысціць комін ад сажы і пабяліць, што дае магчымасць заўважыць расколіны, калі яны з'явяцца. Паліць печ рэкамендуецца не больш за паўтары гадзіны два-тры разы на дзень, каб пазбегнуць яе перапальвання.

Большасці загаранняў можна было б пазбегнуць, калі б грамадзяне больш адказна ставіліся да пытанняў пажарнай бяспекі і падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона. Відаць, многія не поўнасцю ўсведамляюць важнасць праблемы. Калісьці людзі дастаткова строга падыходзілі да пытання сістэматычнай і правільнай ачысткі дымавых труб. Выконвалі гэтую работу спецыяльна навучаныя такому рамяству камінары. У 1898 годзе ў Мінску была нават створана трубаачышчальная арцель, якая складалася з майстра і 20 камінараў. На VІ Міжнародным пажарным кангрэсе, які праходзіў у 1912 годзе ў Расіі, член Мінскага вольнага пажарнага таварыства С. Штулькерц выступіў з дакладам «Трубаачышчальнае пытанне і яго значэнне». На гэтым кангрэсе Мінскае вольнае пажарнае таварыства было ўзнагароджана дыпломам першай ступені «за ўзорную пастаноўку трубаачышчальнай справы ў горадзе, а таксама за стан пажарнага абозу і арганізацыю касы ўзаемадапамогі для пажарных». Такі экскурс у гісторыю дазваляе зразумець, што пажарная бяспека ва ўсе часы з'яўлялася адным з першачарговых пытанняў для захавання жыцця і маёмасці.

Марына ВАСІЛЕЎСКАЯ, галоўны спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС

Загаловак у газеце: Калі падводзіць печка...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.