Вы тут

Засушлівае лета паўплывала на ўраджайнасць. Але дэфіцыт не пагражае


У паўднёва-ўсходнім рэгіёне краіны анамальна засушлівае лета паўплывала на ўраджайнасць агародніны. Але харчовы дэфіцыт не пагражае. Цяпер ў рэгіёне працягваецца рэалізацыя сельгаспрадукцыі айчыннай вытворчасці, у тым ліку ў папулярным фармаце выязнога гандлю. Актыўна ідзе і закладка запасаў садавіны і гародніны на сезоннае захоўванне.


На важнасць фарміравання стабілізацыйнага фонду для кантролю сітуацыі на спажывецкім рынку і росту цэн на пладова-агароднінную прадукцыю ў міжсезонне на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў 22 кастрычніка звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: «Стабілізацыйныя фонды мы з савецкіх часоў выкарыстоўваем як рэзерв для згладжвання скачкоў цэн і стабільнага насычэння спажывецкага рынку ў міжсезонны перыяд. Гэта значыць, капуста, бульба, морква, буракі і іншае (тое, што мы закладваем у сховішча) — гэта для таго, каб забяспечыць нашых людзей у восеньска-зімовы перыяд, пакуль не з'явіцца новы ўраджай. Зрабіце так, каб гэтых прадуктаў хапіла!»

На Гомельшчыне ў адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама сёлета ў стабфонды закладваецца звыш сямі з паловай тысяч тон бульбы, 10 тысяч тон агародніны, больш як паўтары тысячы тон яблыкаў.

Кіраўніцтва рэгіёна паставіла задачу сфарміраваць пладова-агароднінны запас у вобласці пад поўную патрэбнасць. Так, менавіта стабфонды гарантавана забяспечаць гароднінай і садавіной айчыннай вытворчасці ўсе сацыяльныя ўстановы — бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, дамы састарэлых.

Між тым, аб'ёмы закладкі запасаў вызначаны з улікам попыту на свежую пладова-агароднінную прадукцыю ў міжсезонны перыяд на ўнутраным рынку. Улічаны ў тым ліку і рэальныя ўмовы для забеспячэння захаванасці запасаў. Стабфонды сфарміруюць пераважна сельгасвытворцы (ад 15 да 30 % атрыманага ўраджаю агародніны) і арганізацыі гандлю, якія заключылі дагаворы на пастаўку прадукцыі з сельгасарганізацыямі і фермерскімі гаспадаркамі. Па статыстыцы, аб'ёмы запасаў у стабфондах перавышаюць попыт на прадукцыю, таму жыхары рэгіёна будуць забяспечаны ў поўным аб'ёме.

Як было адзначана ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг аблвыканкама, прадукцыю на міжсезонне размесцяць у 28 сховішчах. Усе яны прайшлі атэстацыю. Асноўную частку стабфонду размесцяць на складах сельгаскамбінатаў «Усход», «Цяплічнае», «Брылёва», Мазырскай і Светлагорскай агароднінных фабрык, фермерскай гаспадаркі «Яблыневы сад», Гомельскага абласнога спажыўтаварыства.

КСУП «Цяплічнае» — адно з сельгаспрадпрыемстваў, што робіць свой унёсак у фарміраванне стабфонду ў рэгіёне. Аграрыі актыўна развіваюць агародніцтва ў цяпліцах і ў адкрытым грунце.

— Увосень мы жывём па «двайным» графіку: адзін дзень займаемся выбаркай цяплічнай гародніны, а на другі — адпраўляемся ўбіраць ураджай, які вырасцілі ў адкрытым грунце, — аб наладжанай у гаспадарцы рабоце распавяла аграном Таццяна Раманава. — Работнікі з іншых падраздзяленняў таксама часова мяняюць асноўны профіль і дапамагаюць на пераборцы гародніны ў сховішчах.

У гаспадарцы нормы закладкі гародніны ў стабфонд у асноўным засталіся на ўзроўні мінулага года, а па цыбулі і бураках — нават сталі вышэйшыя. Прадукцыя КСУП «Цяплічнае», закладзеная ў стабфонд, будзе адпраўляцца на прадпрыемствы грамадскага харчавання, якія абслугоўваюць школы, бальніцы, іншыя сацыяльныя аб'екты, а таксама ў гандлёвую
сетку. Каб гародніна захавалася да будучага ўраджаю, створаны ўсе неабходныя ўмовы.

Нарыхтоўка агародніны ў ААТ «Камбінат «Усход».

— Прадукцыя са стабфонду адгружаецца планамерна, па загадзя распрацаваным графіку. Таму магчымасць таго, што нейкі від гародніны «знікне» ў выніку ажыятажнага попыту, выключана, — запэўніваюць у гаспадарцы.

Сярод галоўных «захавальнікаў» расліннай прадукцыі для патрэб жыхароў абласнога цэнтра — сельгаскамбінат «Усход». Запасы ў гаспадарцы чакаюць свайго спажыўца ў сховішчах для гародніны і халадзільных камерах пры строгім захаванні тэмпературнага рэжыму. Гэта гарантыя, падкрэсліваюць гомельскія аграрыі, што прадукцыя не сапсуецца, а ад таго, ці даляжыць гародніна да наступнага года, будуць залежаць і цэны. Увесну крамы традыцыйна пачынаюць гандляваць імпартным, а стабфонды дапамагаюць рэгуляваць сітуацыю на рынку.

У халадзільныя камеры на працяглае захоўванне капуста, бульба, лук, морква і бурак адпраўляюцца пасля ачысткі, сартавання і прасушкі. Дарэчы, на асаблівым кантролі ў сельгасвытворцаў — якасны падыход да сарціроўкі і каліброўкі стратэгічна важных запасаў. Начальнік складоў захоўвання камбіната «Усход» Надзея Гуцава адзначае:

— Гэта вельмі працаёмкі працэс, бо, хоць ёсць і абсталяванне, частка такога грузу праходзіць праз рукі. Мы імкнёмся максімальна не траўміраваць гародніну і залажыць яе, як належыць.

На Гомельшчыне фарміраванне стабілізацыйнага фонду з прадукцыі айчыннай вытворчасці плануюць завяршыць да сярэдзіны лістапада.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Беларусы расчараваліся ў доларах

Беларусы расчараваліся ў доларах

Па выніках года наша насельніцтва не толькі значна астыла да гэтай валюты, але і працягвае пазбаўляцца ад яе рэкорднымі тэмпамі.

Грамадства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі.

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.