Вы тут

Анатоль Козел: Там, дзе ёсць эканоміка, застаецца і моладзь


Сёлета ў Крупскі раён прыехалі па размеркаванні 112 дыпламаваных выпускнікоў. Іх гасцінна сустрэлі ў рэгіёне. Забяспечылі жыллём тых, хто меў патрэбу. Традыцыйнымі сталі сустрэчы старшыні райвыканкама, яго намеснікаў, спецыялістаў адпаведнага профілю з моладдзю, каб адказаць на любое пытанне. Апроч іншага, у рэгіёне вялікую ўвагу аддаюць патрыятычнаму выхаванню новага пакалення. Пра гэта і іншае расказаў «Звяздзе» старшыня райвыканкама Анатоль Козел.


Фота: krupki.by

— Анатоль Станіслававіч, на Крупшчыне рэалізоўваецца цікавы маладзёжны сацыяльны праект — «Партрэт краіны». Што ён прадугледжвае?

— Праект накіраваны на разуменне сітуацыі, якая складваецца ў краіне, вызначэнне і захаванне каштоўнасных арыенціраў грамадства, матывацыю да сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці моладзі, садзейнічанне захаванню і развіццю рэгіёна, краіны.

Вельмі жывая, насычаная шматлікімі пытаннямі атрымалася сустрэча моладзі Крупшчыны з Вадзімам Гігіным, дэканам факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адным з самых вядомых палітолагаў краіны. Спікер добра валодаў увагай аўдыторыі, адчуваў яе настрой, падтрымліваў цікаўнасць, выслухваў думкі наконт значных палітычных падзей у нашай краіне, разважаў аб грамадска-палітычным і эканамічным аспектах развіцця дзяржавы, параўноўваючы іх з іншымі краінамі свету. Удзельнікі атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні, ва ўсіх засталося сапраўды вялікае ўражанне ад сустрэчы.

Надзвычай цікавай атрымалася размова з кандыдатам эканамічных навук, рэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў прамысловасці Георгіем Грыцам пра сусветную і рэгіянальную эканомікі, інвестыцыйную палітыку і стратэгічнае бізнес-планаванне.

Аналагічнае мерапрыемства правялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Генадзь Давыдзька, кандыдат філасофскіх навук, загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага ўпраўлення Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Шчокін. Рабочая моладзь змагла абмеркаваць розныя надзённыя пытанні і падыскутаваць з палітычным аглядальнікам тэлеканала АНТ Ігарам Турам.

Адкрыты дыялог ідэалагічнага актыву рэгіёна прайшоў са старшынёй Каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый і прафсаюзаў Кастрычніцкага раёна Мінска Уладзімірам Цюхаем.

— У практыку работы трывала ўвайшоў вопыт, калі вы вывозіце моладзь на прыдпрыемствы. Што даюць такія экскурсіі?

— Мы паказваем, што ў райцэнтры ёсць сучасная вытворчасць. Яна не такая буйная, як у іншых гарадах, аднак эфектыўная.

Ладзім таксама выязныя мерапрыемствы з удзелам рабочай моладзі. У прыватнасці, пабывалі на ААТ «БелАЗ», ААТ «Беларуськалій», дзе адбыўся адкрыты дыялог з кіраўніцтвам айчынных флагманаў. Акрамя таго, наведалі культурна-гістарычныя аб'екты, адметныя мясціны Жодзіна і Салігорска.

Такія мерапрыемствы дапамагаюць пераканацца, адчуць, якая цікавая і багатая ў нас краіна, аб'ядноўваюць маладых людзей, дазваляюць ім пазнаёміцца, пасябраваць з калегамі з розных сфер народнай гаспадаркі.

Наша моладзь актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні горада і раёна, у акцыі «Чысты лес», патрыятычных аўтапрабегах, турыстычных злётах, спартыўных і культурных святах, творчых мерапрыемствах. Мы ставім задачу аб'яднання маладых менавіта праз нефармальныя сустрэчы.

— Раскажыце трохі больш падрабязна пра патрыятычнае выхаванне.

— Яно пачынаецца яшчэ ў дзіцячым садку, у школе. У Крупках некалькі гадоў таму быў створаны ваенна-патрыятычны клуб «Рубеж». Яго наведвае больш як сто школьнікаў, у тым ліку і малодшых класаў. Мы закупілі дзецям ваенную форму, у якой яны прысутнічаюць на ўсіх значных раённых мерапрыемствах, падчас дзяржаўных свят. Удзельнікі клуба наведваюць воінскія часці, вядуць пошукавую работу, вывучаюць гісторыю сваёй краіны, сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-інтэрнацыяналістамі. А на летніх канікулах выязджаюць у лагер, дзе ўдасканальваюць фізічную падрыхтоўку, вучацца страляць. У клуб жадаюць трапіць як малыя дзеці, так і падлеткі. Іх прыводзяць туды самі бацькі. Многія мараць насіць афіцэрскія пагоны. Але няважна, кім яны стануць. Тыя навыкі, якія яны атрымліваюць, спатрэбяцца ім у жыцці.

Значную і цікавую гісторыка-краязнаўчую і валанцёрскую дзейнасць ажыццяўляюць выхаванцы эколага-патрыятычнага клуба «Нашчадкі».

Мы імкнёмся не проста расказаць падрастаючаму пакаленню, што такое патрыятызм, але і паказаць ім адданасць Радзіме, дзяржаўным сімвалам на асабістым прыкладзе. Абнавілі алею памяці воінаў-»афганцаў» Мінскай вобласці, залажылі алею ў гонар загінулых крупскіх воінаў-»афганцаў» з сямі ніцых ракіт.

— Анатоль Станілававіч, на вашу думку, замацаванне маладых спецыялістаў і рабочых залежыць ад сацыяльна-эканамічнага становішча раёна?

— Вядома, моладзь хоча добра зарабляць, дастойна жыць. Адкрыццё новых прадпрыемстваў, павышэнне зарплаты ўплывае на яе светапогляд. За апошнія два-тры гады мы адкрылі пасля мадэрнізацыі завод «Амкадор-Можа». Мы яго практычна перарабілі нанава, увялі найноўшае абсталяванне, камп'ютарную сістэму, робатаў. Тут працуе больш за 200 чалавек, ахвотна прыехалі маладыя спецыялісты.

Там, дзе працуе эканоміка, як вядома, застаецца і моладзь.

— Маладым неабходныя не толькі работа і дастойная зарплата, але і асабісты дах над галавой.

— Мы штогод уводзім у эксплуатацыю пяць з паловай тысяч квадратных метраў жылля. Гэта звычайна адзін 40-кватэрны або 60-кватэрны дом. Для нашага горада, дзе пражывае каля 8,8 тысячы чалавек, гэтага дастаткова. Такія тэмпы ўтрымліваем на працягу апошніх трох-чатырох гадоў. Жыллё ў асноўным прызначана для шматдзетных сем'яў. На наступны год запланаваны 60-кватэрны шматпавярховік з долевым удзелам лясгаса для сваіх работнікаў.

Разглядаецца перспектыва ўзвядзення новай школы, фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Летась увялі адзін стадыён са штучным пакрыццём. У планах яшчэ адзін такі спартыўны аб'ект, большых памераў.

У сельскай гаспадарцы таксама адбываецца шмат змен. Каля вёскі Дворышча агракамбінат «Дзяржынскі» ўзводзіць вытворчую пляцоўку, новыя птушнікі.

Змяніў свой выгляд мікрараён Цыганы ў саміх Крупках, стаў больш камфортным для жыцця. Раней ад людзей паступала шмат скаргаў па добраўпарадкаванні. Асфальтуем і рамантуем дарогі ў новым мікрараёне Паўночны. Словам, развіццё ідзе па ўсіх кірунках.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

г. Крупкі

Выбар рэдакцыі