Вы тут

Лукашэнка: Любая канкурэнцыя садзейнічае выпрацоўцы нармальных палажэнняў Канстытуцыі


Напрамкі дзейнасці рабочай групы вызначаныя ў пазамінулы чацвер, на першай сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі. Група займалася вырашэннем пытанняў, па якіх не прыйшоў да адзінага меркавання шырокі склад Канстытуцыйнай камісіі. А менавіта: статус Усебеларускага народнага сходу і парадак яго фарміравання, пераразмеркаванне кадравых і кантрольных паўнамоцтваў паміж органамі ўлады, захаванне сбалансаванасці дзяржаўнага апарата. І вось праз два тыдні кіраўніку краіну прэзентавалі вынікі работы.


«Нагадваю яшчэ раз, тым, хто нас пачуе, — Канстытуцыйная камісія правяла пэўную работу, прапанавала свае варыянты. А сёння група спецыялістаў, рабочая група, як мы яе называем, створаная распараджэннем Прэзідэнта працуе над шліфоўкай гэтай Канстытуцыі. Калі па-народнаму казаць, прапісвае гэту Канстытуцыю юрыдычнай мовай», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны ўжо атрымаў новы варыянт праекта Канстытуцыі і азнаёміўся з ім. «Сёння паспрабуем паразмаўляць на тэмы, што з’яўляюцца вострымі і важнымі для нашай краіны. Самае галоўнае — паслухаем матывацыю тых ці іншых артыкулаў, якія мы выключаем з Канстытуцыі, і асабліва тых, што мы ўводзім новымі, — адзначыў Прэзідэнт. — Ёсць што ўжо абмяркоўваць».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у мінулы раз была пастаўлена задача: адпрацаваць прынцыповыя пытанні, якія тычацца падрыхтоўкі канстытуцыйных змен. Галоўныя з іх — замацаванне ролі Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, захаванне збалансаванасці дзяржаўнага апарату і іншыя.

«Але пры гэтым ні ў якім разе нельга разбурыць тую стройную, хай нават жорсткую, сістэму ўлады, што існуе ў Беларусі. Як я сказаў, падышлі да гэтага пытання сур’ёзна, наколькі можам сёння», — дадаў Прэзідэнт.

Ён выказаў думку пра неабходнасць яшчэ адной сустрэчы з рабочай групай. І ўжо пасля праект вынесуць на разгляд шырокага склада Канстытуцыйнай камісіі і ўсенароднае абмеркаванне.

«Некаторыя ініцыятывы Канстытуцыйнай камісіі вы не падтрымалі. Хацелася б, каб асабліва вы засяродзілі ўвагу на гэтым пытанні. Гэта добра, што ёсць разнастайныя погляды, але, пэўна, любая канкурэнцыя, любыя погляды, што маюць быць пры сутыкненні, садзейнічаюць выпрацоўцы нармальных палажэнняў будучай Канстытуцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Толькі так, ён лічыць, мы выйдзем на годны праект Асноўнага Закона, які чакаюць людзі. «Мы ўжо разагрэлі наша грамадства, і людзі чакаюць новую Канстытуцыю. Але ёсць, зразумела, і тыя людзі, што прапаноўвалі, патрабавалі пераменаў. Я так разумею, яны ім ужо непатрэбныя і Канстытуцыя непатрэбная. Мы ж не для іх робім Канстытуцыю, а робім яе для большасці нашага насельніцтва. Але жыць па гэтым Асноўным Законе прыйдзецца ўсім грамадзянам Беларусі і тым, хто прыедзе ў Беларусь», — акцэнтаваў увагу кіраўнік краіны.

Ён пералічыў этапы, якія засталіся ў працы над Канстытуцыяй — яшчэ адно падсяджэнне рабочай групы вузкім колам, разгляд канчатковага варыянта Канстытуцыйнай камісіяй, апублікаванне для народнага абмеркавання і вынясенне на рэферэндум.

Нагадаем, у склад рабочай група па дапрацоўцы Канстытуцыі ўвайшлі парламентарыі, кіраўнікі некаторых органаў улады, суддзі, прадстаўнікі навуковай і грамадзянскай супольнасцяў. Сярод іх — Ігар Сергеенка, Наталля Качанава, Вольга Чупрыс, Аляксандр Рахманаў, Канстанцін Бурак, Міхаіл Орда, Аляксандр Косінец, Вадзім Іпатаў, Наталля Карповіч, Вольга Сяргеева, Міхаіл Русы, Святлана Любецкая, Аляксандр Радзькоў.


Каментарый у тэму

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі Ігар СЕРГЕЕНКА адзначыў на пасяджэнні, што прадстаўлены Прэзідэнту варыянт Асноўнага Закона — вынік дэталёвага, напружанага абмеркавання варыянта, распрацаванага Канстытуцыйнай камісіяй. Па яго словах, прапрацаваны кожны артыкул праекта і нават пасля таго, як ён быў накіраваны кіраўніку краіны, абмеркаванне прадоўжылася, уносяцца асобныя дапаўненні і ўдакладненні.

«Па пытаннях Усебеларускага народнага сходу: рабочай групай сфармуляваны нормы, што вызначаюць статус, парадак фарміравання і паўнамоцтвы УНС, якія значна ўзмоцненыя ў параўнанні з праектам Канстытуцыйнай камісіі», — паведаміў Ігар Сергеенка на пасяджэнні.

У размове з журналістамі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта дадаў: артыкулы па тэме УНС неабходна будзе яшчэ ўзважыць, каб яго паўнамоцтвы не супярэчылі дзеянням іншых органаў улады, а сістэма была збалансаваная.

«Вялікі акцэнт быў зроблены на Усебеларускім народных сходзе, яго паўнамоцтвах. Гэты орган знойдзе сваё адлюстраванне ў Канстытуцыі і жыцці дзяржавы. Разглядалася, хто можа быць абраны дэлегатам гэтага сходу і як зменіцца структура органаў улады ў краіне з улікам узмацнення ролі Усебеларускага народнага сходу», — удакладніў Ігар Сергеенка.

Па яго словах, рабочая група ўнесла прапановы ў 53 артыкулы, і дадала некалькі новых. Кіраўнік групы заўважае: размова ішла і пра змены ў артыкулы, што датычыцца выбарчай сістэмы, правоў і свабод асобы, патрабаванняў да парламенту і Прэзідэнта.

Адпрацаваны пераходныя палажэнні Канстытуцыі: як краіна будзе жыць пасля прыняцця змен, як будуць дзейнічаць законы.

«Кіраўніком краіны пастаўлены задачы па дапрацоўцы па асобных кірунках, дашліфоўцы ў тым ліку і юрыдычных тэрмінаў, сутнасці канкрэтных артыкулаў Канстытуцыі», — паведаміў Ігар Сергеенка.

Наталля КАЧАНАВА, Старшыня Савета Рэспублікі, расказала журналістам, што на сустрэчы разглядаўся амаль падрыхтаваны праект Канстытуцыі.

«Абмяркоўвалі нюансы, што ўзніклі ў рабочай групы. Колькі ні працаваў бы над гэтым праектам, кожны час узнікаюць пытанні, якія дадаткова патрабуюць абмеркавання, — дадала спікер верхняй палаты парламента. — Мы разумеем сваю адказнасць. Па гэтым законе будзем жыць не толькі мы, але і тыя пакаленні, што ідуць за намі».

Сярод прапанаваных навацый закона, якія яна вылучыла, — наданне канстытуцыйнага статусу УНС, пераход парламента на адну сесію ў год. «Гэта была наша ініцыятыва. У нас зараз дзве сесіі ў год праходзяць. Мы прапанавалі, каб у нас была адна сесія. Мы павінны працаваць амаль увесь год. Будзем пачынаць з трэцяга аўторка верасня і завяршаць у чэрвені месяцы. Амаль увесь год парламент будзе працаваць, займаючыся законапраектамі», — тлумачыць Наталля Качанава.

Па яе словах, Усебеларускаму народнаму сходу плануюць надаць паўнамоцтвы адмены рашэнняў дзяржаўных органаў, даваць згоду на назначэнні суддзяў і старшыні Канстытуцыйнага суда.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».