Вы тут

Не абмежаваная ўзростам цікавасць да паўсядзённасці


Вось ужо чацвёртае дзесяцігоддзе ў сучаснай Беларусі 1 кастрычніка адзначаецца Дзень пажылых людзей. Гэта — своеасаблівая даніна павагі прадстаўнікам старэйшага пакалення. Паводле сацыялагічных апытанняў, большасць беларусаў лічыць сваім абавязкам клапаціцца аб сваяках, якія выйшлі на пенсію. Зрэшты, і дзяржава таксама, вядома ж, не пакідае іх на волю лёсу.


Даўгалецце ў поўным сэнсе слова

Дарэчы, было і віншаванне грамадзян старэйшага пакалення з Днём пажылых людзей ад Прэзідэнта Беларусі. У ім гаварылася, што гэтае свята яшчэ раз нагадвае пра культурны код беларусаў, у якім велізарная павага да старэйшых з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам у грамадстве, а мудрасць і багаты жыццёвы вопыт заўсёды ляжаць у аснове прыняцця лёсавызначальных рашэнняў. Гэты год аб’яўлены Годам народнага адзінства, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка: “Наша яднанне было б немагчыма без кансалідацыі ўсіх пакаленняў у імкненні забяспечыць мір і згоду на роднай зямлі, будаваць будучыню сваёй краіны, абапіраючыся на правераныя часам традыцыі і каштоўнасці. Гарантам іх захавання з’яўляецеся менавіта вы, людзі залатога ўзросту. Таму адным з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі была, ёсць і будзе сацыяльная абарона пажылых грамадзян”. У віншаванні таксама адзначаецца, што сёння ў Беларусі выбудаваная разгалінаваная сістэма па падтрымцы і павышэнні якасці жыцця гэтай катэгорыі насельніцтва, пашыраюцца магчымасці для актыўнага даўгалецця і самарэалізацыі. Прэзідэнт пажадаў усім і ў святы, і ў будні моцнага здароўя, выдатнага настрою, душэўнага спакою і дабрабыту.

Так, старэнне насельніцтва — адна з дамінуючых тэндэнцый дэмаграфічнага развіцця большасці краін свету. Уласна кажучы, гэта заканамерны і незваротны працэс нашага часу, які ўплывае на ўсе сферы жыццядзейнасці сучаснага грамадства. Любая краіна надае яму максімальную ўвагу, і Беларусь не з’яўляецца выключэннем. У снежні мінулага года ўрад зацвердзіў Нацыянальную стратэгію “Актыўнае даўгалецце — 2030”. Яе мэта — стварэнне ўмоў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых людзей, устойлівага павышэння якасці іх жыцця. Калі дакладней, то стратэгіяй вызначаны прыярытэтныя напрамкі развіцця ў такіх сферах жыццядзейнасці, як адукацыя і занятасць, ахова здароўя і сацыяльнае абслугоўванне, сацыяльная ўключанасць. У краіне сфарміравана і атрымала належнае развіццё маштабная сетка — 146 цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, якія працуюць у кожным адміністрацыйным раёне, 83 стацыянарныя ўстановы. Адкрыта 155 аддзяленняў дзённага знаходжання, іх рэгулярна наведваюць амаль 13 тысяч пажылых людзей. Пра гэта, дарэчы, нядаўна было сказана прадстаўнікамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Дапамога прыходзіць своечасова

Задача тэрытарыяльных цэнтраў — арганізацыя вольнага часу. Тут працуюць розныя гурткі і клубы па інтарэсах, дзе пажылыя людзі могуць навучыцца таму, на што раней не хапала часу. Творчасць, лячэбная фізкультура, асваенне музычных інструментаў, вывучэнне замежных моў — гэтыя і іншыя напрамкі карыстаюцца вялікай папулярнасцю. У многіх гуртках заняткі вядуць самі пенсіянеры — так званыя валанцёры сярэбранага ўзросту. Рух, які зарадзіўся ў Мінску ў 1994 годзе, распаўсюдзіўся на ўсю краіну. Цяпер ён аб’ядноўвае больш за дзьве тысячы чалавек, якія лічаць сваім абавязкам дапамагаць іншым. Валанцёрскія атрады рэалізуюць такія праграмы як “Пажылыя — старым”, “Бабуля на гадзіну” і іншыя. Як адзначала на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры начальнік Галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава, асаблівая ўвага сёння надаецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і пацярпелым ад яе наступстваў — гэта амаль 14 тысяч чалавек, а таксама адзінокім пажылым людзям — іх каля 129 тысяч. Штогод супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў абследуюць такіх грамадзян, выяўляюць узніклыя ў іх праблемы. На гэты момант заяўкі такога роду выкананы на 90 працэнтаў. Пры неабходнасці робіцца адпаведная падтрымка — рамантуюцца, напрыклад, жылыя памяшканні і печы, усталёўваюцца пажарныя апавяшчальнікі і г. д. Такую дапамогу ў гэтым годзе ўжо атрымалі больш за шэсць тысяч пажылых людзей

Памятаць пра здароўе цела і духу

Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у сталым узросце беларусы ніякім чынам не губляюць цікавасці да жыцця. Яны з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі інтэрнэту, маюць зносіны ў сацыяльных сетках. Вялікую ролю ў павышэнні камп’ютарнай пісьменнасці адыгрываюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Для дапамогі прыцягваюцца валанцёры, у тым ліку студэнты. А фонд ААН у галіне народанасельніцтва разам з адным з аператараў мабільнай сувязі распрацаваў метадычку для пажылых людзей, у якой даступнай мовай расказваецца, як карыстацца інтэрнэтам у мабільных тэлефонах, як шукаць неабходную інфармацыю і многае іншае. Акрамя таго, цяпер у рэжыме анлайн праводзіцца падрыхтоўка работнікаў тэрытарыяльных цэнтраў, каб яны таксама маглі навучаць гэтым навыкам сваіх падапечных.

Ефрасіння Базылева, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:

— Для мяне старасць — у радасць! Гэта залатая пара жыцця, калі можна больш часу прысвяціць менавіта сабе: займацца любімымі справамі, падоўгу гуляць, мець зносіны з аднадумцамі. У пазітыве, у станоўчым стаўленні да іншых людзей і крыецца мой сакрэт ўнутранай энергіі. Хоць мне без малога 90 гадоў, да пажылых людзей сябе не адношу. Мяне, як і іншых ветэранаў вайны і працы, хутчэй можна назваць чалавекам вялікага жыццёвага вопыту і мудрасці. Мы не прывыклі казаць пра хваробы і скардзіцца на штосьці. Нам, хто выстаяў у гады ваеннага ліхалецця, ніякія нягоды не страшныя. Праходжу да чатырох кіламетраў у дзень, люблю рыхтаваць тарты ў выглядзе рознай агародніны і садавіны. Нядаўна прыняла ўдзел у ветэранскіх “Дажынках” і конкурсе “Мой сад і агарод”. Колькі людзей са светлымі вачыма і энтузіязмам я ўбачыла на гэтым цудоўным мерапрыемстве! Дзякуючы ветэранскай арганізацыі Савецкага раёна горада Мінска мы маем магчымасць прыемна праводзіць час, мець зносіны і дэманстраваць свае таленты.

Уладзімір Кульчыцкі, акадэмік, доктар медыцынскіх навук, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі:

— У сучасным свеце многім людзям пенсійнага ўзросту ўласціва весці інтэнсіўны лад жыцця. Такая актыўнасць, у прыватнасці, спрыяе і даўгалеццю. Вядома, пры ўмове, што няма сур’ёзных хранічных захворванняў. Актыўнае даўгалецце — нярэдкая з’ява і сярод навукоўцаў. Як прадстаўнік аддзялення медыцынскіх навук я з глыбокай павагай і захапленнем стаўлюся да людзей, лад жыцця і ідэі якіх з’яўляюцца лакаматывамі развіцця навуковай думкі. З узростам прыходзіць мудрасць, і тут варта адзначыць, што фарміраванне акадэмій навук у розных краінах заўсёды было арыентавана на дамінаванне менавіта гэтай уласцівасці чалавечага розуму. З пункту гледжання нейрафізіялогіі, мудрасць не з’яўляецца прыроджаным рэфлексам, а выпрацоўваецца ў працэсе працяглага ўдасканалення і навучання нейронавых сетак мозгу да прыняцця нестандартных рашэнняў. Але як дасягнуць гэтага? Ніякага асаблівага сакрэту тут няма. Прычына ў тым, што даследчык выкарыстоўвае аналітычныя магчымасці свайго мозгу, якія дазваляюць апрацаваць аб’ём інфармацыі, супастаўны з колькасцю інфармацыі ў інтэрнэце.

У гэтым плане нельга не згадаць у якасці прыкладу вядомага беларускага вучонага акадэміка Пятра Віцязя — вельмі актыўнага чалавека, які, нягледзячы на салідны ўзрост, разбіраецца ў мностве бягучых задач, плённа працуе ў прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук, курыруе такі складаны кірунак, як касмічная галіна краіны. Такім жа быў акадэмік Давід Голуб, які аналізаваў структуру і функцыі нервовай і крывяноснай сістэм жывёл і чалавека нават пасля дасягнення 100-гадовага ўзросту. Сфармуляваныя ім вывады да гэтага часу знаходзяць прымяненне ў клінічнай практыцы. Дарэчы, адным з сакрэтаў яго дзіўнай працаздольнасці была і рухальная актыўнасць: звычка да шматкіламетровых шпацыраў, якія ён здзяйсняў кожны дзень падчас перапынкаў і па шляху на работу. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што галоўнае — не забываць пра здароўе цела і духу, чытаць цікавыя кнігі, знаходзіць заняткі па душы.

Аляксей Фядосаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.