Вы тут

Вецер з Балтыкі прынясе нам дажджы і моцны парывісты вецер


Позняя восень. Надвор’е не песціць. Вось і на фінішы гэтага тыдня ў нас чакаецца няўстойлівы характар надвор’я. Франтальныя раздзелы будуць прыносіць усё новыя і новыя порцыі ападкаў, тэмпературны фон пачне паступова паніжацца, не дадасць камфорту і моцны парывісты вецер, паведамляюць спецыялісты ў Рэспубліканскім цэнтры гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

А сёння ўмовы надвор’я ў нашай краіне ў асноўным будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, цэнтр якога будзе перамяшчацца з поўначы Польшчы на Фінскі заліў. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер прагназуецца паўднёвы з пераходам на заходні парывісты, удзень у многіх раёнах моцны парывісты. Максімальная тэмпература паветра ад плюс 8 градусаў па паўночным захадзе да 15 цяпла па паўднёвым усходзе краіны.

Не палепшыцца надвор’е і ў выхадныя. У суботу і нядзелю яе характар будуць вызначаць франтальныя раздзелы і няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з поўдня Балтыйскага мора. У суботу ўначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. У асобных раёнах магчымы слабы туман. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 1–7 цяпла, а ўдзень — ад плюс 5 градусаў да 12 градусаў вышэй за нуль.

У нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. У асобных раёнах магчымы слабы туман. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы злёгку павялічыцца і складзе 2–7 цяпла, а ўдзень — пры зацягнутым небе, усё тыя ж 5–12 градусаў вышэй за нуль.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак краіна апынецца пад уплывам атмасферных франтоў ад цыклону, якія ссоўваюцца з поўдня Скандынавіі на паўночна-заходнія раёны еўрапейскай часткі Расіі. У далейшым за гэтымі франтамі ў Беларусь пачне паступаць халодная няўстойлівая паветраная маса. Тэмпературны фон панізіцца, а гэта значыць, што ёсць верагоднасць выпадзення дажджу з мокрым снегам. Тэмпература паветра ўначы складзе 2–7 градусаў вышэй за нуль, удзень — 4–10 цяпла. А ў аўторак холад паволі пачне браць кіраванне надвор’ем у свае рукі. У гэты дзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да 4 градусаў цяпла. Панізіцца тэмпература паветра ўдзень — ад 2 да 8 градусаў вышэй за нуль.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.