Вы тут

ТАЛЕНАВІТЫЯ І Ў ДАБРЫНІ


Сусветны дзень абароны жывёл штогод нагадвае нам, якую важную ролю іграем мы, людзі, у іх жыцці. Адзначаўся ў кастрычніку гэты дзень і ў Беларусі. Гутаркі, сустрэчы, прэзентацыі, валанцёрскія акцыі, што праходзілі па краіне, — сведчанне таго, як мы клапоцімся пра братоў нашых меншых.


Гэтае свята — добрая нагода прадставіць канкрэтных людзей, якія ўзялі ў дом чацырохногага выхаванца, ката ці сабаку, як гаворыцца, з вуліцы. Выратавалі! Усе яны з Вялікіга тэатра Беларусі. І таленавітыя не толькі як акцёры, мастакі і прафесіяналы іншых службаў тэатра, але як і людзі, здольныя праяўляць міласэрнасць, дабрыню, спачуванне. Гэта стыль іх “закуліснага” жыцця. Вось што яны расказваюць пра сваіх хатніх гадаванцаў на афіцыйнай старонцы Вялікага тэатра ў Facebook. Гэтыя гісторыі ад дабрадзеяў — шчырыя, кранальныя, павучальныя…

Аксана Волкава, салістка, заслужаная артыстка Беларусі, рэжысёр:

— Размовы пра тое, што нам для поўнага шчасця патрэбны сабака, у сям’і хадзілі даўно. Усе выказвалі свае пажаданні наконт пароды, спрачаліся і да кансенсусу не прыходзілі. Мне заўсёды падабаліся стаф і французкія бульдогі, а хлопцы мае марылі пра аўчарку. Дачка была супраць усіх, і кот Мэйсан яе падтрымліваў.

Мэйсан з’явіўся ў сям’і восем гадоў таму. Кот хутка сарыентаваўся, хто ў доме гаспадар, і падпарадкаваў сабе ўсіх, акрамя мужа. Яго ён паважае і нават дазваляе сабе спаць на ягонай галаве. Мэйсан з першага погляду вабіць сваёй прыгажосцю і плюшавасцю ўсіх, хто прыходзіць да нас. Але праз некалькі хвілін развейвае добрае ўражанне пра сябе дрэннымі паводзінамі. Рыкае, нібы сабака, шыпіць, кусаецца, драпаецца, глядзіць нядобрымі вачыма і не дае сябе ні пагладзіць, ні ўзяць на рукі. Ежу сваю доўга і пагардліва нюхае: нібы сумняваецца, ці не падсунулі яму штосьці нясмачнае.

Выбраўшы зручны момант, калі я была на гастролях, а муж у камандзіроўцы, сын прынёс дадому шчанюка. Даслаў нам абодвум такое мілае відэа з касматым пузам. Не “растаць” было немагчыма! Я цішком параіла назваць сабаку (аказалася, гэта дзяўчынка…) Лаймай, у гонар сабакі мужа з дзяцінства, каб “растапіць” і бацькава сэрца. Так у нашым доме з’явіўся сабака. Дварняжка. Кот успрыняў навасёла ў штыкі, як і ўвогуле ўспрымае ўсіх гасцей, не чакаючы, што гэта цяпер назаўжды. Лайма дагэтуль спрабуе з ім пасябраваць, але нязменна атрымлівае ў нос. Затое пачалі яны есьці з місак адзін аднаго, і кот ужо не выбірае — хапае ўсё, пакуль не адабралі.

У Лаймы вельмі добры характар. Яна любіць усіх людзей без разбору, зусім не ўмее кусацца, мілы і добры сабака. І яшчэ кожную раніцу вядзе яна мяне выгульваць. Калі б не Лайма, я б наогул на вуліцу не выходзіла, толькі працавала. Цяпер мая раніца пачынаецца з таго, што мяне аблізваюць, абдымаюць і цягнуць шпацыраваць. Я, можна сказаць, дыхаю свежым паветрам і размінаю костачкі.

Лайма вельмі непераборлівая ў ежы, як і любая дварняга. Яна есць усё, і ў яе ад таго анічога не выходзіць са строю, як у пародзістых сабак маіх сяброў. То вушы ў іх баляць, то вочы, то жывоцікі... Можа з’есці мае туфлі — і нічога, пераварыць без праблем! Пакуль пацярпелі дзве пары, ды я не ў крыўдзе: яны даўно мне надакучылі. Аднак дзеці заўважылі, што са з’яўленнем сабакі наш тата стаў нашмат дабрэйшым. Лайма ляціць яго сустракаць з такой радасцю, што здымае ўсю назапашаную гаспадаром за дзень напругу.

Не бойцеся ўзяць сабе сябра з вуліцы! Гэтыя сабакі вельмі адданыя і верныя. Дзякуючы Лайме я пазнаёмілася з людзьмі, якія таксама ўзялі сабак з вуліцы. Цяпер мы сябруем і кантактуем. Сабакі нас аб’ядноўваюць, дораць станоўчыя эмоцыі, здымаюць стрэс — і робяць нас дабрэйшымі!

Андрэй Валенцій, саліст, заслужаны артыст Беларусі:

— Аднойчы на старонцы ў Facebook нашага тэатральнага мастака-пастаноўшчыка я ўбачыў фотаздымак кошкі з прытулку для жывёл. Па акрасе, выразе мордачкі яна здавалася копіяй катоў з майго дзяцінства: у доме бацькоў было ў розныя часы некалькі такіх прыгажунь. І я марыў знайсці такую ж кацяру... Цікава, што мая сястра некаторы час займалася развядзеннем катоў-“брытанцаў”, і я мог узяць сабе гадаванца любой афарбоўкі. Але гэта не маё: не мае тыя каты ні па характары, ні па тэмпераменце. Таму, як пабачыў фота, высветліў, куды трэба паехаць, і на працягу гадзіны забраў Сіму дадому.

Гэтая кошка вельмі прывязаная да мяне, як сабачка ходзіць па пятах усюды, гэтак жа, як і яе кацяня — маленькая Сіндзі, якая вельмі падобная да маці па расфарбоўцы. Зусім малюсенькай Сіндзі пастаянна нападала на маю нагу, і на ёй потым каталася. У выніку мы называем яе сандалікам часцей, чым Сіндзі.

Яны абедзве — дзяўчыны з характарамі, нягледзячы на прыхільнасць да людзей. Сіма, напрыклад, гуляць пагуляе, дазволіць крыху пажмякаць сябе, але не доўга, а потым можа і пакрыўдзіцца. Ды і наогул яна крыўдлівая: неяк ластаўку прынесла, я за гэта яе пакараў, і па гэты час, адчуваю, яна тое памятае. Сіма ж проста прынесла паказаць здабычу. Каб пахваліў… Ластаўка, дарэчы, выжыла і адразу паляцела.

Сіма і Сіндзі не проста класныя. Яны разумніцы, чысцёхі, жывуць у мяне як каралевы. Любяць катацца ў машыне: я часта езджу на дачу, і кошкі мае заўсёды са мной. Палавілі на ўчастку ўсіх мышэй, кратоў, землярыек... І цяпер дапамагаюць суседзям. 

Кацярына Булгакава, мастачка-пастаноўшчыца:

— Знаёмцеся! Мая мілая Інга! Інгуся! Я ўзяла яе праз “ЗООшанс” да сябе ў дом! І вельмі шчаслівая! Пасля таго, як не стала маёй любімай кошкі Марысі, я думала, што ўжо ніколі не вазьму сабе гадаванца: вельмі ж балюча іх губляць, тым больш, калі яны жывуць побач доўгія гады! Абсалютна выпадкова мне трапілася відэа з кошкай Інгусяй! Гэта была акцыя “ЗООшанс” і Mark Formelle. Я ўбачыла Інгу — і ўлюбілася з першага погляду! Мне дапамагла вельмі мілая дзяўчына — Алена Русіновіч. Вось такая гісторыя цудоўнага здабыцця новага сябра!

Наталля Баграцова, мастачка-дызайнер:

— Толіка я ўбачыла, гартаючы стужку ў Facebook: валанцёры падшуквалі яму дом. Подпісы да яго фотаздымкаў былі нават не пра сабаку, а пра старасць і пра тое, што часам у сталым узросце ты нікому не патрэбны. Асабліва, калі ты — стары беспародны сабака, трохі глухаваты, слепаваты і яшчэ букет хваробаў пры табе...

Я стэлефанавалася з хлопцамі, якія шукалі для такога сабакі прытулак. Аказалася, што да сустрэчы з валанцёрамі Толік бадзяўся па вуліцах Брэста.

Ну, а цяпер вось ужо год, як ён жыве са мной! Самай вялікай праблемай для Толіка ў “новым жыцці” быў ліфт, ён доўга настройваўся, каб зайсці ў яго, у ліфце затойваўся і амаль не дыхаў — і куляй з яго вылятаў. А цяпер ён спецыяліст па яздзе ў ліфце!

Ганна Елізар’ева, кіраўніца аддзела міжнароднага супрацоўніцтва:

“Усё пачалося з Баргузіна... У мяне ёсць дом у вёсцы, і гэты сабака сам прыйшоў у двор. І застаўся на ПМЖ.

Я думала, што не магу дазволіць сабе сабаку, бо ёсць ужо ў мяне цэлае кацінае сямейства. Але Баргузін перавярнуў мой свет, і цяпер я не ўяўляю сабе жыццё без сабак. На жаль, Баргузін потым загінуў. І я пачала шукаць сабаку, падобнага да яго. Перажыць боль страты любімца мне дапамагла Кэры. Знайшла яе дзякуючы Вользе Петракоўскай, кіраўніцы суполкі “ХэппиПет”, і Дзмітрыю з “Прытулку Чак”.

Кэры — кранальная, нясмелая і неверагодна прыгожая. Любімая.

А Федзька з’явіўся месяцы праз чатыры. Яго я падабрала на трасе. Спалоханы, ён кідаўся паміж фурамі, рызыкуючы трапіць пад колы. Я не змагла праехаць міма...

Гэтага хлопца з характарам я намагалася двойчы ўладкаваць, але ў новым доме ён паводзіў сябе проста жудасна. Кусаўся, кідаўся на новых уладальнікаў, увогуле, рабіў усё, каб яго вярнулі назад.

У нейкі момант я зразумела, што шукаць яму новы дом больш не буду, і ён як быццам адчуў гэта і адразу супакоіўся. Цяпер гэта мой галоўны прыхільнік, абдымальнік і цалавальнік.

А кот Моцька з’явіўся “раптам”. Яго выкінулі з машыны на вачах у маёй суседкі, ён прыйшоў да мяне ў двор. Бясстрашнае кацяня, якое трымала абарону перад двума сабакамі. Спачатку назвала яго Кацькай. Затым прымерыла больш высакароднае імя — Мацільда. Потым на аглядзе ў ветэрынара высветлілася, што гэта хлопец. Так і з’явілася імя Моця. Моцька вырас у неверагодна ласкавага і далікатнага ката.

Вось так усе разам мы і жывём. Не варта баяцца браць дарослых або ўзроставых жывёл, яны ўмеюць любіць і быць удзячнымі. І таксама заслугоўваюць любові, клопату і ўвагі, як любы з нас.

А я вельмі шчаслівая, што яны ў мяне ёсць!

Ад аўтара

Гэтая тройка, якую чытач бачыць на фота, з’явілася ў нашай сям’і не раптоўна. Старэйшая чорна-белая кошка Ашка прыбыла да нас з-пад Мінска. І адтуль жа праз год пасля яе  напалову перс Марс. Там, у прадмесці Дразды яны нарадзіліся на адным з дачных участкаў, дзе бяздомных катоў было шмат. Іх, хто як мог, так і падкормліваў. І наша добрасардэчная прыяцелька Наталля, як толькі з’яўлялася на дачы, асобіны кацінага прайда, несліся да яе, пераганяючы адна другую. Каты нюхам чулі: хутка будзе ежа. У Драздах яны жылі абы дзе — у адрынах на дровах, у гаражах, лазнях. Увогуле, змагаліся за жыццё. Некаторыя гінулі, новыя нараджаліся. Наташа ўсяляк старалася ўладкаваць па знаёмых кашэчую малышню, якая з’яўлялася на свет. Трохі і мы ёй дапамагалі. Акрамя Ашкі з Марсікам, яшчэ потым для чацвярых кацянят знайшлі гаспадароў.

А вось трэцяга, нашага малодшанькага Яцыка, яму пайшоў чацвёрты год, магло б і не быць, калі б не яго каціны розум ці, магчыма, моцныя гены нашчадка цэйлонскіх катоў. Яго трое сабратаў першую сваю зіму ў вёсачцы Яцкаўшчыне не перажылі. А перадгісторыя яго з’яўлення такая.

Маці Яцыка кошка Айша часта прыходзіла да нас, калі мы прыязджалі ў бацькоўскі дом мужа. У свой час, расказвалі вяскоўцы, яе выкінулі з машыны на дарозе Клецк–Ляхавічы, якая праходзіць праз вёску. Айша там і прыжылася. То на адным падворку ў гаспадарчых прыбудовах пажыве, то на іншым. Акацілася ў нашым гаражы пры доме, а потым перацягнула ў прыбудову да суседа Валянціна. Ён нам пра тое і расказаў. Неяк у адзін з жнівеньскіх вечароў перад навальніцай Айша прыйшла да нас. Як звычайна мы яе пакармілі. А калі раптам пачаўся дождж, насуперак чалавечай логіцы яна куляй выскачыла і рынулася па дарожцы з падворка. Тады мы яшчэ пра кацянят не ведалі. Пасля дажджу іх убачылі. Сядзелі каля куста язміну метрах у пяці ад нас, і Айша дзіцянят аблізвала. Ужо тады мільганула думка: хутка восень, халады, як яны перажывуць зіму... Восенню, калі мы прыязджалі ў Яцкаўшчыну, хадзілі да Валянціна з гасцінцамі для кацянят. Ды і яны бегалі да нас, а часцей за ўсіх — рыжы. Прыбяжыць, сядзе непадалёк і сядзіць, як статуя. Аднойчы дазволіў сябе ўзяць на рукі. Ну вось, пажартавала я, пэўна, хоча з намі ў горад.

Перад зімой у выхадны мы прыехалі закрыць на зіму дом. Рыжы не ішоў. Сядаючы ў машыну, падумала: як прыйдзе, то забяру з сабой. Не прайшло і хвіліны, як убачыла: мой улюбёнец, пераскокваючы цераз купіны на агародзе суседзяў, нясецца да нашага плота з металічнай сеткі. Ён лёгка яго пераскочыў і падбег да адкрытай дзверкі машыны. На імгненне затрымаўся, паглядзеў на мяне. Давай, заскоквай, сказала я. Тут жа абгарнула яго пледам. Кот адразу прыціснуўся да грудзей, так і праехаў дзве гадзіны да Мінска, не варухнуўшыся. Насуперак меркаванням пра слабую каціную вестыбулярку.

Старэйшыя каты яго прынялі не адразу, спачатку баяліся. Звазілі “вяскоўца” да ветэрынара, той здзівіўся: дзе такога чысцюлю адкапалі...

Ні разу мы, як і супрацоўнікі Вялікага тэатра, не пашкадавалі, што гэтая дружная тройка жыве ў нас. Праўда, часам кошку ганяюць. Але што з іх возьмеш: хлапчукі. Ды яшчэ ёсць адзін момант: Яцык, дзіця прыроды, не пераносіць французкі парфум і пахі добрага крэму. Увогуле, характары ў іх розныя, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.