Вы тут

Без тэрміну даўнасці. Мітынг-рэквіем на месцы расстраляных тысяч людзей адбыўся ва ўрочышчы Стасіна Столінскага раёна


Мітынг-рэквіем на месцы расстраляных тысяч людзей адбыўся ва ўрочышчы Стасіна Столінскага раёна. Там адкрылі абноўлены мемарыял. На месцы аднаго з буйнейшых у нашай краіне пахаванняў мірных жыхароў прайшло жалобнае мерапрыемства. Амаль 80 гадоў таму ахвярамі нацызму сталі ў гэтым месцы 12500 чалавек розных нацыянальнасцяў, рознай веры, але аднолькавага колеру крыві і аднолькавага жадання жыць. Сярод іх было шмат дзяцей, жанчын, старых і нямоглых людзей. У брацкіх магілах пахавана 8000 тысяч яўрэяў, 4500 беларусаў, рускіх, украінцаў, з іх — 3548 дзяцей.


Самыя масавыя расстрэлы прайшлі ў верасні 1942 года, калі знішчалі Столінскае гета. Тыя расстрэлы даследчыкі гісторыі называюць асабліва зверскімі і бесчалавечнымі. Ахвяраваных на смерць дзялілі на групы і падгрупы, прымушалі рухацца да месца экзекуцыі па схеме, накрэсленай нелюдзямі. Тых жа, хто не мог рухацца дастаткова хутка альбо іншым чынам парушаў схему, збіваліся да крыві. Людзей укладвалі пластамі тварам уніз, а малых дзяцей нярэдка падкідалі ўверх і стараліся пацэліць на ляту дзеля забавы... 

Фактычна ўсю акупацыю фашысты прадаўжалі знішчаць людзей у стасінскім лесе, да самага вызвалення ў1944-м годзе. 

Некалі гэтыя маляўнічыя мясціны былі лецішчам Станіслава Радзівіла. А напярэдадні Вялікай Айчыннай ва ўрочышчы Стасіна было вырашана ўзвесці ваенны аб’ект — аэрадром. Паспелі выкапаць толькі глыбокія катлаваны, ды пачалася вайна. І сталі гэтыя катлаваны брацкай магілай для тысяч людзей. 

У 1969 годзе на магіле быў устаноўлены абеліск, у 1992 годзе ўстаноўлены помнік — скульптурная кампазіцыя ў выглядзе смуткуючых жанчын. Яшчэ адзін памятны знак у выглядзе раскрытай кнігі быў дадаткова ўстаноўлены Кіеўскай іудзейскай абшчынай. Пакрысе гэта месца станавілася галоўным месцам смутку і памяці аб вайне на Століншчыне.

З пачатку гэтага года пад эгідай Столінскага райвыканкама былі праведзены маштабныя работы па добраўпарадкаванні месца пахавання і абнаўленні мемарыялу. Каб людзі маглі прыехаць на гэтае месца ды ўшанаваць памяць ахвяр, уладкавана аўтастаянка, зроблены дарожкі, разбіты газоны. Таксама зроблена ўваходная арка, устаноўлены інфармацыйныя стэнды. Ад з’езду з аўтадарогі Р88 да павароту ва ўрочышча пракладзеная асфальтавая дарога працягласцю 1,372 кіламетра, а па прасецы пракладзена паўкіламетра гравійкі. 

Такім чынам мітынг-рэквіем стаў адкрыццём абноўленага мемарыяла памяці. «Дарогай памяці і смутку», а дакладней, па сцяжыне, па якой вялі на расстрэл мірных жыхароў, прайшлі сёння амаль 1500 чалавек. Сярод удзельнікаў мерапрыемства было шмат школьнікаў, яны трымалі ў руках кветкі, у асноўным чырвоныя гваздзікі як сімвал бязвінна пралітай крыві. 

Тэатралізаваную пастаноўку яе аўтары назвалі «Мы памяццю вашаю сталі». Яна атрымалася вельмі кранальнай. Удзельнікі імпрэзы нібы перажылі тыя страшныя імгненні, калі людзі праходзілі па зямлі свае апошнія крокі. Ад іх імя гучала тут гаротнае: «Ні бачыць, ні чуць, ні слова сказаць мы не ў стане. Мы каменем сталі... Мы памяццю вашаю сталі...» 

Аб тым, як важна захоўваць памяць пра вайну, перадаваць яе наступным пакаленням гаварыў у сваёй кароткай прамове старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. 

— Гэта яшчэ адно знакавае месца ў краіне, куды будуць прыходзіць людзі. Хачу, каб маладое пакаленне памятала і цаніла свабоду, незалежнасць, мірнае жыццё, — сказаў губернатар.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар ЛУЦКІ падкрэсліў, што такая колькасць людзей на мерапрыемстве сведчыць аб кансалідацыі грамадства, яго адзінстве, аб агульнасці поглядаў на наша мінулае і будучыню. 

Да падножжа помнікаў ляглі кветкі, вянкі, гірлянды. Прагучаў вайсковы салют. 

Святлана ЯСКЕВІЧ 

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.