Вы тут

Уключайся і дзейнічай!


Каманда праграмы «Уключайся!», што выходзіць на тэлеканале «Беларусь 2», папоўнілася. Новым гульцом у камандзе праекта стаў вядомы прыхільнік радыёстанцыі «Радыус-FM», вядучы Арцём Сямён. Пра пашырэнне прафесійных гарызонтаў і сваё існаванне ў эфіры і па-за ім мы распыталі ў яго самога.


Калі хто цікавіўся біяграфіяй Арцёма, то ён з тых людзей, каго жыццё спачатку закінула ў банкаўскую сферу, але потым творчасць усё ж узяла сваё.

— Я з дзяцінства спяваў і выступаў на сцэне, таму работа з публікай і з мікрафонам для мяне не была незнаёмай. Таксама і ва ўніверсітэце ўдзельнічаў у арганізацыі розных вечарын. Таму калі мой калега ў банку (з ім мы вучыліся на адным курсе) запрапанаваў аднойчы паспрабаваць весці мерапрыемствы, я згадзіўся. Два гады мы працавалі ў рэжыме сумяшчэння: па буднях — у банку, а пасля — на святах, — успамінае Арцём.

Пасля хлопец убачыў у сацыяльнай сетцы аднаго знаёмага абвестку, што на радыёстанцыі шукаюць вядучага. І, прызнаецца Арцём, паколькі жыве па прынцыпе «лепш паспрабаваць, і няважна, як атрымаецца, чым увогуле не зрабіць», вырашыў дзейнічаць. Даслаў сваю анкету і галасавы файл з самапрэзентацыяй. Так і стаў вядучым ранішняга шоу «Тэорыя вялікай раніцы» на «Радыус-FM». Там хлопец працуе ўжо без нечага год, але хто ж ведаў, што аднойчы, апынуўшыся ў кадры ў якасці героя, Арцём атрымае прапанову стаць часткай каманды, якая непасрэдна стварае праграму «Уключайся!».

— Мы з калегай тады прыйшлі на праграму ў якасці гасцей. Здымкі доўжыліся можа хвілін дзесяць, — распавядае Арцём. — А потым праз нейкі час мне патэлефанавалі з прапановай паспрабаваць сябе ў ролі вядучага. Работа ў кадры і ў радыёэфіры — яны ў многім падобныя, што дапамагае мне асвоіцца ў новай ролі. Адрозненні, у сваю чаргу, дапамагаюць мне здабыць новы вопыт. Жаданне вывучыць гэтую сферу і з'яўляецца маёй матывацыяй прыйсці на тэлебачанне.

Пасля першага эфіру вядучы адчуў, што працаваць у кадры яму падабаецца. Але, як ён сам адзначае, спасцігаць нюансы даводзіцца ў працэсе, паколькі тут няма рэпетыцый: прыходзіш і адразу пачынаеце здымаць. Новая каманда таксама прыняла Арцёма адразу. Калегі могуць нешта і падказаць, а бывае, і слушную заўвагу выказаць. Кіраўнік праекта «Уключайся!» Ганна Квілорыя адзначае, што з моманту знаёмства з Арцёмам уся каманда стваральнікаў праграмы адчувае, нібы ён заўсёды быў з імі: «У нас з'явіўся новы чалавек. Гэта ўжо правераны эфірам нашага медыяхолдынга прафесіянал, што дае нам пэўную гарантыю якасці. Мы паглядзелі некалькі эфіраў з Арцёмам і бачым, што нашы спадзяванні апраўдаліся. Нам важна было знайсці чалавека, які не проста сядзе ў кадр і скажа нешта, напісанае для яго, а будзе сапраўдным журналістам... Тут усё супала. Усе ў камандзе адчуваюць, нібы Арцём заўсёды быў сярод нас».

— Канструктыўная крытыка — гэта заўсёды добра, паколькі дае магчымасць рабіць высновы пра сваю работу не толькі па ўласных назіраннях. Погляд і меркаванне збоку дазваляюць убачыць сябе з іншага ракурсу, — дзеліцца вядучы. — Вядома, я заўсёды ўзважваю каментарыі і словы ў свой адрас, але зваротная сувязь ад іншых вельмі патрэбная, асабліва калі гэта людзі з тваёй сферы.

Арцём адзначае, што для яго ў рабоце самае галоўнае — быць самім сабой, без спробы капіраваць вядомых калег ці надзяваць на сябе маску. А вось уключыцца ў працэс яму дапамагае музыка. Калі ж здараюцца непрадбачальныя сітуацыі, то вядучы ўспамінае словы пра тое, што сапраўдны прафесіяналізм у публічнай прафесіі — гэта ўменне абстрагіравацца і сканцэнтравацца незалежна ад абставін, каб зрабіць сваю справу добра.

— Я прыйшоў працаваць на праграму не дзеля публічнасці ці пазнавальнасці. Хоць калі казаць пра радыё, то бывае, што пазнаюць мяне па голасе. Але ў сваёй рабоце я маю істотны плюс, які для мяне заключаецца ў магчымасці займацца па жыцці тым, што мне падабаецца, — кажа Арцём Сямён. — А як казаў Канфуцый, калі знойдзеце сабе справу даспадобы, то не будзеце працаваць ні дня. Для мяне рабіць нешта, атрымліваючы задавальненне, — цяпер самае галоўнае.

А як далей вядучы зарэкамендуе сябе — убачым з часам па водгуках аўдыторыі. Калі ж хочаце пазнаёміцца з асобай гэтага цікавага чалавека, пачынайце будны дзень з праграмай «Уключайся!» на тэлеканале «Беларусь 2».

Алена ДРАПКО

Фота з архіва праграмы «Уключайся!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».