Вы тут

Каб горад быў, як сад


Тое, што ў самым заходнім абласным цэнтры краіны за апошнія гады на парадак больш стала зялёных насаджэнняў, факт. Брэст шмат будаваўся апошнім часам, былі знесены дрэвы, якія аказаліся на будаўнічых пляцоўках. Нярэдка гэта выклікала нараканні гараджан. Але цяпер, акрамя кампенсацыйных пасадак, інтэнсіўна вядзецца азеляненне па ўсіх раёнах горада. Вось і сёлетні асенні месячнік па добраўпарадкаванні пачаўся з акцый па пасадцы дрэў.


Можна сказаць, аднымі з першых у гэтай пачэснай справе «засвяціліся» актывісты Маскоўскай раённай арганізацыі БРСМ. Маладыя людзі залажылі Алею сямейных дрэў у мікрараёне ПЗМР-5 — гэта зусім новы мікрараён, дзе большасць навасёлаў складаюць маладыя сем'і. Былі пасаджаны дубкі, ліпы, клёны. Удзельнікі экалагічнай акцыі паабяцалі даглядаць дрэўцы; вядома, і камунальныя службы не пакінуць без увагі новую алею.

А ў мінулую суботу пад эгідай гарвыканкама прайшла маштабная акцыя па добраўпарадкаванні. Падрабязнасці ад працоўных дэсантаў прывёў у тэлеграм-канале старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. На суботнік выйшлі супрацоўнікі абедзвюх гарадскіх адміністрацый і апарат гарвыканкама, а таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада — усяго каля 7 тысяч чалавек. Было прыведзена ў парадак мноства розных аб'ектаў, у тым ліку новы рэсурсны цэнтр для дзяцей з аўтызмам, сквер па вуліцы Папаніна, тэрыторыя Гарадскога саду, пляцоўка, якая прымыкае да медыцынскага цэнтра, што ўзводзіцца па вуліцы Маслава. Члены працоўных дэсантаў прыбіралі лісце, ачышчалі тэрыторыі ад хмызняку і ламачча. І галоўнае — былі пасаджаны сотні дрэў і кустоў, якія ўпрыгожаць вуліцы і двары, зашумяць вясной зялёнай лістотай, напоўняць гарадское паветра кіслародам.

Маладыя дрэвы пры пасадцы ўмацоўваюць цяпер кійкамі зялёнага колеру. Гэта такая «фішка» нашага горада, намёк на «зялёную сталіцу» краіны — падкрэслілі на прадпрыемстве «Камунальнік», якое праводзіць асноўныя работы па азеляненні.

— І новыя, і кампенсацыйныя пасадкі ажыццяўляюцца па плане азелянення горада, —- сказала начальнік сектара ландшафтнай архітэктуры ВКУП «Камунальнік» Вікторыя НОВІК. — На вуліцах горада пераважаюць ліставыя пароды, але тут можна сустрэць таксама елку, сасну, тую заходнюю. Пры выбары дрэў улічваецца ўстойлівасць да загазаванасці і тое, як дрэвы ўпішуцца ў гарадскі пейзаж. Пры фарміраванні кампазіцый бярэцца да ўвагі, як дрэвы спалучаюцца, каб адны не сталі непажаданымі суседзямі для іншых.

Цяпер актыўна вядуцца асеннія пасадкі, а толькі сёлетняй вясной было пасаджана каля 6500 дрэў. «Лідарамі» сярод саджанцаў сталі ліпа і клён, шмат пасаджана ясеня, бярозы.

У новых мікрараёнах, якія ўзводзяцца, як правіла, на пяску, дрэвы не вельмі добра прыжываюцца, таму спецыялісты раяць садзіць там сосны, елкі. Даволі часта дрэвы высаджваюцца алеямі. Дарэчы, акрамя традыцыйных парод дрэў, у складзе новых пасадак сустракаюцца даволі экзатычныя расліны. Напрыклад, супрацоўнікі «Камунальніка» на вуліцах Наганава і Горкага высадзілі больш за 100 архангельскіх ліп, а на Грунвальдскай — больш за 250 кустоў пірэі вербалістай. У раёне санаторнай школы-інтэрната і дзіцяча-юнацкай школы па футболе паявіліся ядловец казацкі і туі заходнія. А на вуліцах Машэрава, Зубачова, Гогаля хутка зашумяць лістотай маладыя ліпы, а яшчэ клёны, каштаны і любімыя ўсімі бярозы. Усё для таго, каб гарадское асяроддзе станавілася больш экалагічным і прывабным.

Паводле інфармацыі гарвыканкама, усяго ў асенні перыяд у Брэсце плануецца высадзіць каля 12 тысяч саджанцаў дрэў і кустоў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з тэлеграм-канала Аляксандра РАГАЧУКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.