07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Больш грошай у «кішэню» вобласці


Дэпутатамі абласнога Савета Прыдзвіння зацверджана павелічэнне даходнай часткі бюджэту на суму каля 45 мільёнаў рублёў. Гэта сведчыць, што эканоміка Віцебшчыны развіваецца стабільна. Пераважная заслуга ў тым, што паступленняў становіцца больш, — рэальнага сектара.


Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў падчас сесіі ўдакладніў, што дадатковыя грошы накіруюць у асноўным на падтрымку аграрыяў, медыкаў, а таксама на вырашэнне найбольш праблемных пытанняў на іншых вектарах.

Для параўнання: у першым паўгоддзі з кансалідаванага бюджэту вобласці прафінансавалі расходы ў аб'ёме 1 456,1 мільёна рублёў — амаль 55 % планавых гадавых прызначэнняў. У структуры расходаў на фінансаванне дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў накіравана 78 % ад агульнага аб'ёму расходаў. Асноўная частка бюджэтных сродкаў, або 68 % забяспечвае ўтрыманне сацыяльна-культурнай сферы. Таму павелічэнне паступленняў у бюджэт датычыцца практычна ўсіх жыхароў вобласці.

На сесіі агучвалася нямала іншых лічбаў па бюджэтнай тэме.

Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама Генадзь Грабнёў, пералічваючы крыніцы паступлення грошай, нагадаў пра новую: з пачатку жніўня спаганяецца мясцовы збор за перасячэнне на транспарце мяжы з краінамі Еўрапейскага саюза. Віцебшчына — суседка Літвы і Латвіі, пры гэтым мяжуе з Расійскай Федэрацыяй. У ЕС адсюль можна трапіць праз сем пунктаў пропуску, якія знаходзяцца на тэрыторыі Пастаўскага, Верхнядзвінскага і Браслаўскага раёнаў. Паводле інфармацыі, на пачатак кастрычніка ўжо спагнана каля 65 тысяч рублёў, а да канца года гэта сума можа перавысіць 100 тысяч рублёў. Грошы накіроўваюцца на патрэбы абласной сістэмы аховы здароўя.

Распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі ў вобласці і ўвядзенне абмежавальных мер на правядзенне масавых мерапрыемстваў паўплывала на аб'ём атрыманых сродкаў ад аказання платных паслуг. Значныя страты даходаў ад ажыццяўлення названай дзейнасці адзначаліся летась. А сёлета ў першым паўгоддзі аб'ём даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці павялічыўся больш чым у 1,3 раза да аналагічнага перыяду мінулага года, аднак не дасягнуў узроўню 2019 года. Гэта абумоўлена неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, звязанай з распаўсюджваннем пандэміі COVІD-19.

У студзені — чэрвені бюджэтнымі ўстановамі Віцебскай вобласці атрымана 47,4 мільёна рублёў ад дзейнасці, што прыносіць даходы, — 4,9 % ад бюджэтнага фінансавання адпаведных галін сацыяльнай сферы (у 2019 годзе — 6,5 %).

Як і ў папярэднія гады, у бюджэце вобласці захоўваецца значны ўзровень запазычанасці па сродках, выдзеленых з бюджэту на зваротнай аснове. У галоўным фінансавым упраўленні аблвыканкама лічаць, што меры, якія прымаюцца па аднаўленні і спагнанні сродкаў, выдзеленых такім чынам, недастатковыя.

Адзін са шляхоў больш рацыянальнага выкарыстоўвання дзяржаўных грошай — аптымізацыя сеткі бюджэтных арганізацый. Адпаведнае рашэнне абласны Савет прыняў у снежні мінулага года. У першым паўгоддзі ў выніку рэалізацыі адпаведных мер толькі ў галіне культуры за кошт скарачэння штатных адзінак эканомія склала больш чым 70 тысяч рублёў. А ў сферы адукацыі асноўная работа па аптымізацыі ўстаноў завершана да пачатку чарговага вучэбнага года. У прыватнасці, зачынены 15 устаноў дашкольнай адукацыі, 12 школ, рэарганізавана 22 установы, скарочана 400 штатных адзінак. Разліковая эканомія бюджэтных сродкаў складзе больш за 1 мільён рублёў.

Ва ўмовах абмежаванасці бюджэтных сродкаў беларускім урадам ставіцца задача павысіць рэзультатыўнасць работы цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, аптымізаваць іх функцыянаванне і колькасць работнікаў. У Віцебскай вобласці функцыянуе 32 цэнтры, у тым ліку 23 міжгаліновыя і 9 галіновых, якімі ажыццяўляецца абслугоўванне каля 1400 бюджэтных арганізацый.

А дэпутаты на месцах павінны пільна сачыць за сітуацыяй, каб не было бяздумных скарачэнняў, аптымізацыі дзеля самой аптымізацыі. Галоўнае, каб усё было зроблена як у той прыказцы: сем разоў адмерай...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.