Вы тут

Нябачная рота асабістай аховы


Гэтым разам перад тым, як ісці ў царкву, я склала свой немалы спіс загадзя. Каб не заблытацца ў Мікалаях і Уладзімірах — у мамінай вялікай праваслаўнай радні гэта спрадвеку надзвычай папулярныя імёны. А ў памінальную Дзімітраўскую суботу вельмі трэба, каб абавязкова згадалі кожнага. Нават тых, каго не ведала асабіста, але чые імёны застаюцца ў памяці як частка ўласнага радаводу...


З каталіцкай, бацькавай, раднёй крыху прасцей. На імшу за спачын можна падаваць не імёны, а прозвішчы сям'і. Вось і гэтым разам перад Усімі Святымі падала ў касцёл запіску, каб памаліліся за спачын усім вядомых мне і невядомых Ляўковічаў і Рэдзькаў. А ўжо ў Задушны дзень, другога лістапада, запаліўшы лампадку каля касцёла, згадала ў думках і бацьку, і дзядзьку Валодзю, і бабку Амілю, што мяне выгадавала, і расстралянага ў 37-м дзеда Вальку, і яго незамужнюю сястру Мальвіну, што дапамагала бабулі падымаць двух хлопцаў-бязбацькавічаў, і прадзедаў Тамаша і Адама, і прабабку Юзэфу, і прапрадзеда Івана, пра якога ведаю толькі таму, што ў Адама, памерлага ў 36-м, на помніку напісана імя па бацьку Іванавіч... Як звалі дзедаву маці, я не ведаю, і спытацца не было ў каго. Бабуля, адзіная са старэйшай радні, хто дажыў да маёй даросласці, не магла ўспомніць, як імя свекрыві, казала толькі, што памерла тая задоўга да іх з дзедам вяселля ад «іспанкі»... Дзе дакладна пахаваныя палова родных людзей з гэтых зусім блізкіх да мяне пакаленняў, ніхто з нас, цяперашніх, не ведае. Тыповая гісторыя былога беларускага памежжа — Рыжскі мір дзяліў нашу зямлю па-жывому, і каму які клопат быў, што вёска застаецца ў адной дзяржаве, а могілкі, на якіх ляжыць уся радня гэтай вёскі, — у другой? Засталіся толькі імёны ды дзве пажаўцелыя фотакарткі, што цудам захаваліся з даваенных часоў.

Аб праваслаўных продках ведаю нашмат больш. Шмат паспела расказаць мама, некаторых памятаю сама. Амаль усе ляжаць на адных могілках — у Кукшавічах, што недалёка каля Станькава... Вось толькі падаваць запіску ў царкву няпроста. Трэба засяродзіцца і ледзь не на пальцах лічыць. Першы Уладзімір — гэта прадзед, яго прозвішча было Клімовіч, але ў вёсцы ўсе яго звалі Ганчар. Ведаю яго толькі па старым фота — зграбны дзядок у кажушку і ў шапцы, бы ў членаў палітбюро... Другі Уладзімір — мамін дзядзька. Ён памёр зусім маладым, у дваццаць сем гадоў, толькі тры гады пражыўшы пасля сумнавядомых выпрабаванняў на Тоцкім палігоне, дзе праходзіў службу. Мама згадвала, як ён, ужо хворы на лейкоз, ёй з братам, сваім не нашмат маладзейшым пляменнікам, загадваў па ім не плакаць і пражыць за яго тое, што ён не паспее. Яшчэ адзін Валодзя — той самы мамін брат. Лёс яго закінуў ва Украіну, прыязджаў ён да нас рэдка (працаваў на ваенным заводзе), вельмі сумаваў па радзіме. Мы з ім пісалі адно аднаму доўгія падрабязныя пісьмы, калі я аднойчы паспрабавала набраць свой допіс на камп'ютары, вельмі на мяне сварыўся: маўляў, не адчуваю тваёй душы. Чацвёрты Уладзімір — мамін стрыечны брат, вясёлы дзядзька Вова. Ён жыў у Дзяржынску каля аўтавакзала, і я студэнткай любіла забягаць у іх з цёткай Тамарай (яе імя я таксама пішу) утульны дом перакусіць на шляху дадому.

Далей — Мікалаі. Мамін дзядзька, ветэран вайны, галава сямейства, дакладней, клана. Яго слухаліся ўсе, за ім было апошняе слова, у яго шукалі абароны, калі хто крыўдзіў... Дзядзька Коля, мамін малодшы брат, мой хросны, з якім заўсёды было весела і цікава. Коля, муж сястры, які так і застаўся саракадвухгадовым, якога і сёння лічу любімым братам... Два Васілі — іх таксама трэба не забыцца. Маміны родны бацька і айчым. Першы пайшоў на вайну і па маладосці (было крыху больш за дваццаць) вырашыў і застацца там, прынамсі для жонкі з дзецьмі, напісаўшы сам на сябе пахаронку. Другі ўзяў саламяную ўдаву з двума малымі дзецьмі, гадаваў як сваіх, ласкава называючы, а пасля і іх дзяцей, «мае тараняты»... Прапрабабуля Алеся (пішу як Аляксандра, хоць і не ведаю дакладна), якая, казалі, умела замаўляць травы і ваду. Яе дачка прабабка Серафіма, якая была на галаву вышэйшая за свайго мужа, прадзеда Кірыла (вось у каго, пэўна, мае сто восемдзясят). Іхнія дочкі — бабуля Надзея, яе сёстры Марыя і Вера. У кожнай быў свой пакручасты жаночы лёс, які цяжка назваць шчаслівым. Вера, напрыклад, выскачыла замуж за татарына, які служыў у Станькаве, з'ехала з ім у яго роднае паселішча, нарадзіла сына, адмовілася прымаць іслам, муж узяў сабе яшчэ адну жонку, мясцовую. Ездзілі ратаваць яе за блізкі свет браты — Уладзімір і Мікалай... Дзве Людмілы — мая матуля і яе стрыечная сястра. Яны былі амаль равесніцы, і маму ў сям'і нават ужо ў пажылым узросце пяшчотна звалі Люся...

Чым становішся старэйшым, тым даўжэйшы гэты спіс. Але, вы ведаеце, што дзіўна — язык не паварочваецца назваць яго жалобным. Гэта такая нябачная магутная рота тваёй асабістай аховы. Якая пастаянна побач з табой, пакуль жыве ў тваёй памяці, пакуль ты ведаеш яе пайменна. Якая нават у самы цяжкі час сведчыць: ты не адзін, у цябе ёсць заступнікі. Якая ў лістападаўскі вечар, калі запаліш свечку і ціхенька паклічаш: «Святыя Дзяды, просім вас, хадзіце, ляціце да нас!», абавязкова загляне ў твой дом, каб ахінуць яго моцным абярэгам ад усяго дрэннага... Я асабіста не тое што ў гэта веру — мне здаецца, я гэта нават дакладна ведаю.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».