Вы тут

Сёння ў Магілёве падвядуць вынікі XІІ інвестфоруму «Млын поспеху»


У Магілёў прыехалі дыпламаты і бізнесмены з Расіі, Таджыкістана, Пакістана, Бразіліі. З учарашняга дня яны знаёмяцца з патэнцыялам вядучых магілёўскіх прадпрыемстваў «Магілёўхімвалакно», «Магатэкс», «Магілёўліфтмаш», «Магілёўтрансмаш», вывучаюць магчымасці СЭЗ «Магілёў», сустракаюцца з прадстаўнікамі бізнесу, прапрацоўваюць шляхі патэнцыяльнага супрацоўніцтва. Некаторыя з удзельнікаў ужо рэалізавалі тут свае праекты і жадаюць запусціць новыя. Магілёўшчына — вельмі прыдатны рэгіён для рэалізацыі ідэй, у тым ліку інавацыйных і нават зусім яшчэ не абкатаных.


Менавіта з такіх сустрэч, на думку намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара, і нараджаецца цікавасць да супрацоўніцтва.

— Гэты інвестфорум ужо дванаццаты, — заўважае ён. — Летась пандэмія не дазволіла нам яго правесці, і мы адразу адчулі, што гэтых стасункаў не хапіла. Як паказвае практыка, форум, усе буйныя інвестпраекты, якія рэалізаваліся, калісьці пачыналіся менавіта ў выглядзе ідэй або пагадненняў на форуме. Буйныя інвестары, прыйшоўшы сюды і пазнаёміўшыся, убачыўшы адносіны ўлады, створаную тут інфраструктуру падтрымкі, прынялі рашэнні і рэалізавалі ў нас свой патэнцыял. Дарэчы, на папярэднім форуме, які адбыўся пазалетась, было падпісана 14 пагадненняў на суму каля 200 мільёнаў долараў, якія прадугледжвалі стварэнне 650 працоўных месцаў. Прайшло два гады, і шмат якія праекты ўжо рэалізаваліся ў канкрэтныя інвестыцыйныя праграмы.

Сёлетні інвестфорум праходзіць з ухілам на паўднёва-ўсходні рэгіён. Першапачаткова яго нават і планавалася правесці ў Слаўгарадзе, дзе бабруйскае прадпрыемства «Чырвоны харчавік» рэалізуе свой паспяховы праект. Гэты райцэнтр наогул апошнім часам вылучыўся сярод астатніх развіццём турыстычнага кірунку. Гэта не можа не радаваць. Бо раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і тое, што ён становіцца зноў прывабным і для турызму, і для бізнесу, шмат пра што гаворыць. І такія прыклады ёсць не толькі ў Слаўгарадскім раёне.

Задача арганізатараў форуму — паказваць найлепшы вопыт і прапаноўваць новае, адзначае Руслан Страхар. Цяпер рэгіён знаходзіцца на пачатковым этапе новай пяцігодкі, гэта фактычна запуск новага інвестцыкла, таму важна прааналізаваць, што было зроблена апошнім часам і прапанаваць патэнцыяльным інвестарам магчымасці.

«Наш паўднёвы ўсход — добрая пляцоўка для прадпрымальніцкай творчасці. За апошнія гады прынята некалькі нарматыўных дакументаў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, якія ствараюць у гэтым рэгіёне дадатковыя ўмовы. І яшчэ летась, калі, на жаль, форум не адбыўся, была патрэба піярыць тэму, — прызнаецца намеснік старшыні аблвыканкама. — Гэтаму кірунку сёлета мы прысвяцілі асобную секцыю. На пленарным пасяджэнні будзем шмат казаць пра гэтыя магчымасці. Будзем гаварыць пра выкарыстанне нашых мясцовых рэсурсаў, пра тую работу, якую праводзім для стварэння інфраструктуры, пра створаныя індустрыяльныя пляцоўкі ў розных раёнах, дзе мы сёння гатовы прыняць інвестара».

Інвестфорум — мерапрыемства, дзе можна ўбачыць, як працуе эканоміка вобласці. Дапаможа ў гэтым Магілёўская асацыяцыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Яна, дарэчы, найстарэйшая ў Беларусі: у 2023 годзе ёй споўніцца 30 гадоў.

— Гадоў пяць таму ў асацыяцыі былі толькі дзяржаўныя прадпрыемствы — цяпер з болей чым 100 яе членаў 50 % — прадстаўнікі недзяржаўнай формы ўласнасці, — удакладняе дырэктар асацыяцыі Віктар Красоўскі. — Гэта «Тэхналіт», «Махіна-ТСТ», група кампаній «Газасілікат», завод «Віктары» і іншыя. Іх прыход даў новы імпульс рабоце асацыяцыі і наогул развіццю Магілёўскай вобласці. Раней прыватнікам было праблематычна дамовіцца з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, а калі мы сталі праводзіць выязныя пасяджэнні на прыватных прадпрыемствах, абудзілася цікавасць. Сёння «Баро» супрацоўнічае з «Ольсай», фабрыка «Алмаз-Люкс» — з «Магілёўліфтмашам», «Тэхналіт» — з Магілёўскім мясакамбінатам.

Наогул, прыватны бізнес у Магілёўскай вобласці ўсё больш упэўнена асвойвае розныя сферы дзейнасці. Нядаўна старшынёй аблвыканкама Леанідам Зайцам быў падпісаны план дадатковых мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне ўзаемадзеянняў улады і бізнесу. У раёнах будуць праведзены дадатковыя семінары, сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і тых органаў, з якімі бізнесмены ўзаемадзейнічаюць. Будзе аказвацца кансультатыўная дапамога.

— Сфера малога і сярэдняга бізнесу ахоплівае сёння 30 % працоўных ад агульнай іх колькасці ў Магілёўскай вобласці, — падкрэслівае Руслан Страхар. — Ствараюцца новыя арганізацыі, больш становіцца індывідуальных прадпрымальнікаў. Толькі за 9 месяцаў у вобласці зарэгістравана 408 новых камерцыйных арганізацый і 2416 ІП. Баланс паміж тымі, хто адкрыўся і закрыўся, склаў на 1 кастрычніка 101,1 % да адпаведнага перыяду мінулага года. Для такога складанага перыяду, як сённяшні, гэта добры знак.

Галоўнае ў такі момант — дапамагчы пачынальнікам. Вялікую ролю выконваюць Саветы па развіцці прадпрымальніцтва, якія сёння створаны як пры аблвыканкаме, так і пры гар- і райвыканкамах. З пачатку года адбылося 5 пасяджэнняў Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры аблвыканкаме і 78 пры гаррайвыканкамах. На такія мерапрыемствы запрашаюцца спецыялісты структурных падраздзяленняў аблвыканкама, падатковых, мытных органаў, іншыя эксперты, якія могуць даць кваліфікаваную інфармацыю.

— Дзякуючы сумеснай рабоце, мы бачым станоўчую дынаміку, — дзеліцца Руслан Страхар. — Толькі сёлета сюды па падтрымку звярнулася амаль 9 тысяч кліентаў. З пачатку года праведзена болей чым 260 семінараў на надзённыя тэмы. Развіваецца інавацыйнае прадпрымальніцтва. У вобласці працуе Тэхнапарк «Магілёў» і Тэхналагічны парк «Горкі». Праект апошняга, накіраваны на развіццё аграрнага прадпрымальніцтва, увайшоў у спіс так званых будучых, якія плануецца рэалізаваць у Беларусі на працягу найбліжэйшых пяці гадоў.

Некалькі гадоў таму ў Магілёве прайшло вялікае мерапрыемства па стартапах «Магілёўінвестдэй». Цяпер гэта адно з галоўных мерапрыемстваў, дзе пачаткоўцы маюць магчымасць заявіць пра сябе і нават знайсці спонсараў для рэалізацыі праектаў. Праект заўважылі буйныя бізнесмены Магілёўскай вобласці, што стала нагодай для стварэння інвестклуба «ДЭКРА», які зараз дапамагае бізнесменам-пачаткоўцам фінансамі.

Самазанятасць — таксама рухавік эканомікі. Намеснік старшыні Камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Марыненка заўважыў, што ў параўнанні з 2017 годам колькасць самазанятых вырасла больш чым у два разы — да 5 тысяч.

Бізнес развіваецца па спіралі. Галоўнае — адчуць, калі пачнецца новы віток, і не застацца за бортам. Інвестфорум «Млын поспеху» — якраз той выпадак, калі ёсць магчымасць выйсці на новую арбіту і ажыццявіць самыя смелыя ідэі. Невыпадкова пра яго ведаюць за тысячы кіламетраў ад Магілёва. Адным з дакументаў, які сёння будзе падпісаны на пленарным пасяджэнні, стане План мерапрыемстваў на 2022—2023 гады па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскім аблвыканкамам і выканаўчым органам дзяржаўнай улады Сагдыйскай вобласці Рэспублікі Таджыкістан. У цэлым плануецца падпісаць пратаколаў і дагавораў аб намерах па рэалізацыі інвестпраектаў у Магілёўскай вобласці на суму болей чым 200 мільёнаў долараў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Бізнэс на перспектыву

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».