Вы тут

Прэзідэнт: Мы будзем развіваць і ствараць лепшыя ўмовы для жыцця нашых людзей


Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстых цырымоніях адкрыцця кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага карпусоў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы і ФАКа ў мікрараёне Фаціна напярэдадні 7 лістапада.


«Абноўку», кардыялагічны корпус Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, гараджане і ўрачы чакалі з нецярпеннем. Патрэба ў кардыяхірургічным цэнтры ў рэгіёне наспела даўно. Амаль 60 працэнтаў усіх захворванняў у рэгіёне — гэта паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Новае аддзяленне зробіць кардыялагічную дапамогу больш даступнай для магіляўчан. У год робіцца каля 300 аперацый на адкрытым сэрцы, а неабходна амаль паўтысячы. Раней перыяд чакання такіх аперацый для пацыентаў складаў паўтара года. З сёння ён скароціцца ўдвая, а то і да 2-3 месяцаў.

Шматпрофільны спартыўны цэнтр размясціўся на месцы вяслярнай базы. Спачатку будучы ФАК уяўляў сабою даўгабуд на беразе заліва Дняпра, бо доўгі час вырашалі, што будзе на гэтым месцы: дом творчасці, паліклініка. Магіляўчане выбралі — неабходны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы ён быў пабудаваны літаральна за год.

Як раз напярэдадні прылёту Прэзідэнта ў горадзе пайшоў дождж. Але дрэннае надвор’е не магло адмяніць планы кіраўніка краіны адкрыць доўгачаканыя аб’екты.

«Вы патрапілі пад дождж, але дзеля такога моманту, нічога страшнага, што і падмокнем. Затое, не дай Бог, здарыцца бяда з «маторам», то тут вы зможаце падлячыць сваё сэрца«,— пачаў ён цырымонію адкрыцця.

Як вядома, напярэдадні свята Вялікага Кастрычніка Прэзідэнт адкрывае знакавыя аб’екты для краіны. Таму і адкрыццё ФАКа і кардыялогіі было прымеркавана да гэтых падзей. «У свой час гэта было самае важнае свята разам з Днём Перамогі. Потым „разумныя“ людзі ў многіх краінах вырашылі, што гэта дрэнны дзень, дрэннае свята. Я так не лічу. Прынамсі, гэта наша гісторыя і ўсё, чым мы сёння багатыя, калі ў нас нешта добрае ёсць, сыходзіць каранямі ў савецкую эпоху», — расказвае Аляксандр Лукашэнка пра важнасць 7 лістапада.

Прэзідэнт працягнуў, што доўга думаў, як пазначыць гэтае свята, каб яго прынялі ў грамадстве. І тады, як заўважае ён, было прынятае рашэнне не адмаўляючыся ні ад чаго, не разбураючы помнікі і імёны, зрабіць гэта свята такім, каб да яго імкнуцца нешта пабудаваць і падарыць народу. 
«Таму напярэдадні 7 лістапада ўсе начальнікі павінны прыехаць да людзей і даць справаздачу перад імі, але не словамі, але і канкрэтнымі справамі, — працягнуў Прэзідэнт. — Гэтая бальніца патрэбная вам. Сёння мы ў абласным цэнтры маем каля 1000 ложкаў і гэтага для вобласці дастаткова. Вы выйшлі на ўзровень Мінскай абласной бальніцы, дзе насельніцтва ў два разы большае чым на Магілёўшчыне».

Прэзідэнт заўважыў, што добра ведае горад, але кожны раз здзіўляецца — усё забудавана, Магілёў развіваецца. Па словах Прэзідэнта, за апошнія пяць гадоў, калі асаблівая ўвага надавалася цэнтру рэгіёну, горад стаў лепш.

«Сёння мы бачым, што зрабілі правільна, напоўніўшы новым сэнсам традыцыі святкавання Вялікага Кастрычніка, таму што з гэтай падзеі мінулага стагоддзя пачалося будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. І мы працягваем ідэі тых, хто закладваў падмурак у будаўніцтва. І ніколі, як бы камусьці сёння ні хацелася, не перарвем гісторыю гэтых працоўных подзвігаў. Не спыняць нас ні санкцыі, ні пандэмія, як у свой час нас не спыніла ні грамадзянская, ні Вялікая Айчынная вайна. У сілу сваіх магчымасцяў мы будзем развіваць і ствараць лепшыя ўмовы для жыцця нашых людзей», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, калі быў у Магілёве мінулы раз, сумняваўся, што будаўніцтва завершаць да лістапада. Губернатар Леанід Заяц пераканаў: «Паспеем!»

«Я спецыяльна, выбіраючы ў краіне, куды паехаць, вырашыў, што ў гэтыя складаныя часы бальніца, ахова здароўя і спорт — гэта тое, што трэба нашым людзям», — дадае Аляксандр Лукашэнка.

Спорт, сродкі індывідуальнай аховы, вакцынацыя — Прэзідэнт у прамове яшчэ раз нагадаў пра неабходныя правілы для падтрымання здароўя ў гэты няпросты час. Але заявіў прымушаць насельніцтва не будуць — кожны сам вольны вырашаць, як берагчы сябе.

«Памятайце, што вы перад усім творцы свайго здароўя», — акцэнтаваў кіраўнік краіны.

Расказаў ён і пра новы фізкультурна-аздараўленчы корпус у мікрараёне «Фаціна». Там, па яго словах, створаны ўсе ўмовы для прафілактычнай актыўнасці, аздараўлення пасля хваробы, фізічнага развіцця дзяцей.

«У цэлым, усё зрабілі для здаровага ладу жыцця. Паверце, гэта не проста дзяжурныя словы», — дадае Прэзідэнт.

Яшчэ ў мінулым снежні, наведваючы Магілёўскую бальніцу, урачы звярталіся да Прэзідэнта з просьбай дапамагчы ва ўзвядзенні кардыякарпусоў. Прэзідэнт тады заявіў, што дапаможа, але не проста ў будаўніцтве сцен, а ў набыцці самага сучаснага абсталявання.

«У нас добрыя спецыялісты, для іх неабходны добры медыцынскі інструмент. Не сякера і скальпель, а самае сучаснае абсталяванне. Вы памятаеце, як мы па ўсёй краіне збіралі грошы, каб пабудаваць гэты аб’ект. У Гродзенскай вобласці будуем анкалогію. Там адстаюць, пазычылі грошы ў Кувейта. Арабы дапамаглі. У многіх месцах мы нешта будуем, так усім светам, збіраючы сродкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што гэтыя аб’екты належаць народу, таму ні ў якім выпадку яны не павінны быць прыватызаваныя, як у заходніх краінах. 

Прэзідэнт працягнуў медыцынскую тэму дадзенымі па ковіду. Міністр Дзмітрый Піневіч інфармаваў: «спаўзаем» з вяршыні і вяртаем ковідныя ложкі ў звычайны рэжым.

Апошняе пажаданне Прэзідэнта гучала так: «Жыць і не трапляць сюды. А калі раптам — гэта для вас. Акажам усю дапамогу і падтрымку».


Урэзка

Потым кіраўнік краіны пахваліў губернатара яшчэ раз, але адзначыў адзін недахоп: «Ты такі тэмп узяў па сацыяльнай сферы, што эканоміка ў тваім Магілёве можа не вытрымаць».

«Вытрымае...», — кажа Леанід Заяц.

«Ты, мабыць, ухапіўся за ўсе кропкі, якія былі недабудаваныя і якія думалі пабудаваць. Прытым на годным узроўні гэта ўсё ствараецца», — працягнуў Прэзідэнт.

Ён яшчэ раз нагадаў свае перакананне: школ, медустаноў, садкоў хапае. Сучасная задача — іх прыводзіць і ў парадак, пераабсталёўваць, выводзіць на сусветны ўзровень, падымаць заробкі бюджэтнікам.

«Мы хочам тэхналагічную дапамогу аказваць усюды. Абласныя бальніцы ўжо падняліся на высокі ўзровень і канкурыруюць з Мінскам,— акцэнтуе Прэзідэнт.

— Будаваць бальніцы ў кожнай кропцы вельмі дорага. Трэба гэтыя інтэнсіфікаваць, каб гэтых ложкаў хапіла. А грошы нам неабходныя, каб падымаць жыццёвы ўзровень урачоў».

Сімвалам памятнай даты запуску карпусоў для кардыёлагаў Магілёва стала адкрыццё Прэзідэнтам знака «Дар жыцця». Ён уяўляе сабою валун з рэльефам сэрца на далонях.

Галоўны ўрач Анатоль Кулік адрапартаваў, што заўтра ў 8.00 кардыялагічныя карпусы пачнуць сваю паўнавартасную работу.


Пра жыллё, спорт і каханне

Прэзідэнт пасля кардыялагічных карпусоў наведаў сучасны ФАКа ў мікрараёне «Фаціна». Сучасны комплекс мае залу барацьбы, бокса, фітнеса, трэнажорку, цір, лазню, басейны (на 50 і 25 метраў), кавярню і гасцініцу, якая будзе прымаць каманды з іншых рэгіёнаў. Вялікі басейн змяшчае 10 дарожак і 500 пасадачных месцаў, такім чынам там проста можна праводзіць нацыянальныя чэмпіянаты. Прэзідэнт пазнаёміўся з ходам трэніровак будучых весляроў у трэнажорнай зале. «Весляры — гэта сапраўдныя мужыкі. Ды і дзяўчынкі ніколі не падводзілі. Але крыху пахіліліся вы на Алімпіядзе, дзесьці там не трапілі», — заўважыў Прэзідэнт. Ён абмеркаваў праблемы падрыхтоўкі спартсменаў-весляроў з адным з трэнераў ФАКа. Пасля кіраўнік краіны прайшоў у вялікі басейн. 

«Гэта добры цэнтр. Але тут трэба даваць вынікі, патрабаваць з трэнераў і кіраўніцтва вынікаў», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Каля ФАК яшчэ да заканчэння наведвання залаў Прэзідэнта чакалі гараджане. Як звычайна, сустрэчы з такім стыхійным натоўпам Аляксандр Лукашэнка ніколі не абмінае. «Паколькі гэта нечакана, гатовы разважаць пра тыя праблемы, па якіх вы палічыце неабходным паразмаўляць», — сказаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што калі праехаў па гэтай дарозе, успомніў свае «дзіцячыя» гады. «Я добра ведаю гэты раён, але яго не пазнаю. Ён за чвэрць стагоддзя не проста змяніўся, ён проста новым стаў, — закрануў Прэзідэнт тэму будаўніцтва жылля для чаргавікоў. — Адзінае маё патрабаванне — на гэтых дамах калі нехта і павінен зарабіць, то дзяржава. Ніякага прыватнага не патрэбнага нам будаўніцтва».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў: ён не супраць прыватнікаў, але гэта павінны быць паўнавартасныя будаўнічыя фірмы з дастатковай колькасцю персаналу і профільнымі спецыялістамі.

«Прыярытэт павінен быць аддадзены гэтым трэстам. Гэта дзяржаўныя, дзяржава адказвае. І калі мы навялі тут парадак, рэзка зменшыліся даўгабуды, якія нам давялося дабудоўваць, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Цяпер парадак навялі. І ў гэтым напрамку мы павінны рухацца. Вядома, камусьці гэта не падабаецца. Ведаеце, каму. Але гэта ўжо іх праблемы. Мы павінны працаваць у інтарэсах пераважнай большасці людзей. Паглядзім два-тры гады, у што гэта выльецца. Пакуль гэта дае добры вынік».

Кіраўнік дзяржавы даў магіляўчанам «прэзідэнцкія» парады па здаровым ладзе жыцця. У першую чаргу ён заклікаў не кідацца на імпартную ежу і сказаў, што сам, нягледзячы на існуючыя магчымасці, стараецца ўжываць у ежу толькі айчынныя прадукты. «Свае — і бульбачка, і морква, і капуста... Усё ж мы вырабляем! А мяса-малочная прадукцыя — найлепшая ў свеце. Таму харчавацца вы павінны толькі сваімі прадуктамі. Гэта мая вам парада», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

І любімая традыцыйная рэкамендацыя кіраўніка краіны — займацца фізкультурай і спортам. Для гэтага ёсць усё — зімой ФАК, летам — паблізу бераг прыгажуна-Дняпра.

Яшчэ адна парада — займацца дачнай гаспадаркай. Таму кіраўнік дзяржавы заклікаў больш актыўна набываць і асвойваць участкі зямлі за межамі гарадоў. «Трэба больш актыўна асвойваць пустуючыя сядзібы. Ляціш над Беларуссю, і проста шкада. Калі ёсць невялікая капейка, вы лепш укладзіце ў гэту зямлю. І дзяцей адарвіце ад гэтых гаджэтаў. Усё у простым, давайце не забываць, што было добрага ў нашы гады», — кажа Прэзідэнт. 

Выказаўся ён і аб рабоце мясцовага прадпрыемства «Магілёўхімвалакно», паабяцаў дапамогу, але заўважыў: час ужо і самім падымацца на ногі. 

«Павінна і „хімвалакно“ працаваць. Завод штучнага валакна вы знеслі, але гэта была мая каманда: будуйце там жыллё. А вось „хімвалакно“ трэба закручваць як след, і яны пачынаюць ужо працаваць», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, на прадпрыемстве неабходна цалкам абнавіць вытворчасць, праекты ўжо ёсць. Гэта важна ў тым ліку і з пункту гледжання стварэння працоўных месцаў, бо прадпрыемства — брэнд Магілёва, ад гэтага нікуды не дзенешся. 

Падчас афіцыйных мерапрыемстваў знайшлося месца і для сентыментальнага. Падчас размовы адна з магіляўчанак па імені Алена пры ўсіх прызналася Аляксандру Лукашэнку ў любові. «Я сёння прыйшла не задаваць вам пытанні, а прызнацца вам у любові. Сапраўдны мужчына», — упэўнена вымавіла жанчына. «Зноў у інтэрнеце напішуць, што новая палюбоўніца», — пажартаваў Прэзідэнт. «Вы сапраўдны мужчына: сказана — зроблена. Дзякуй вам за ўсё тое, што вы робіце для нашай краіны — Беларусі. Дзякуй проста за тое, што вы ёсць у нас. Я жыву ў Беларусі, працую ў Беларусі і люблю галоўнага беларуса краіны — вас, Аляксандр Рыгоравіч», — адказала магіляўчанка.

«Усё, што мы, мужыкі, робім, мы робім дзеля вас», — прызнаўся Прэзідэнт.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.