Вы тут

Кожны чацвёрты рэгулярна праводзіць час з кнігай. Што чытаюць беларусы?


Не першы год увесь інтэлектуальны сусвет наракае на падзенне цікавасці да чытання. Вядома ж, эпоха інтэрнэту, плынь інфармацыі літаральна разрывае свядомасць... Перавага візуальнай падачы, кліпавасць мыслення... Дзе ўжо тут да ўдумлівых стасункаў з добрай кнігай!


Тым не менш беларусы, нашчадкі першадрукара Францыска Скарыны, захоўваюць свае культурныя здабыткі. Яшчэ ў 2013-м, у адпаведнасці з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Беларусь была прызнаная самай чытаючай краінай у СНД. А як справа з чытаннем сёння, у эпоху пандэміі? Пра гэта разважалі ўдзельнікі круглага стала «Сучасныя беларусы — нацыя, якая чытае», што прайшоў на тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Былі агучаныя даследаванні Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі пра тое, ці шмат і што менавіта чытаюць беларусы. Асноўную лічбу, якая ўсцешыла ўсіх, можна назваць адразу: больш за 70 % апытаных заявілі, што чытаюць рэгулярна! Сапраўды чытаючая нацыя!

Размова атрымалася грунтоўнай, бо ў ёй прынялі ўдзел шматлікія прафесіяналы: сацыёлагі, філолагі, пісьменнікі, выдаўцы, прадстаўнікі кнігагандлю.

Выдаўцоў большае, творы пераходзяць у лічбу

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі падкрэсліў, што заклік Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што нельга даць памерці кнізе, агульнымі намаганнямі спраўдзіўся. Сёння ў краіне зарэгістравана 523 выдаўцы, апошнія пяць гадоў назіраўся прырост колькасці атрыманых пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

— Адносна чытацкіх пераваг існуюць розныя даследаванні. Аднак нам неабходна не толькі ісці за тэндэнцыямі, якія мы назіраем. Дзень беларускага пісьменства, Нацыянальная бібліятэка і шмат іншага — гэта тое, што дапамагае нам захаваць разуменне, што беларусы — людзі, якія чытаюць.

Кніга — паказчык грамадскага развіцця ў розных сферах, лічыць Ігар Бузоўскі.

Змянілася не прага да чытання — змяніўся фармат чытання. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава распавяла, што нават у бібліятэчнай тэрміналогіі адбыліся змены: замест «чытач» сёння кажуць «карыстальнік». Наведвальнік Нацыянальнай бібліятэкі можа не проста ўзяць пачытаць кнігу — ён наведае выстаўкі, якія заўсёды адбываюцца тут, паўдзельнічае ў імпрэзах, урэшце, пакарыстаецца лічбавымі рэсурсамі — папяровыя выданні ўсё больш пераходзяць у лічбу. Сёння больш за 80 % наведванняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віртуальныя. Тут не толькі сусветная тэндэнцыя да лічбавізацыі — карэктывы ўносіць пандэмія.

— Кнігі перасталі быць адзінай крыніцай інфармацыі. Мы ўваходзім у лічбавы асяродак, і гэта аб'ектыўны факт. Трэба гэта прымаць. Хоць тут пытанне перавагі. Асабіста я люблю папяровую кнігу, але электронныя кнігі — гэта зручна, — кажа Аксана Кніжнікава.

Самаадукацыя і задавальненне

Пра тое, што адзін з трэндаў сучаснасці — лічбавізацыя, гаварыў і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, доктар сацыялагічных навук, прафесар Дзмітрый Бязнюк. Ён пракаментаваў вынікі сацыялагічнага даследавання, якое праводзілася інстытутам улетку. Былі апытаны 903 чалавекі ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, сярод іх — прадстаўнікі самых розных груп насельніцтва. І вось якія лічбы атрымаліся...

Перавагу беларусы аддаюць мастацкай літаратуры. Гэта выбар 69,9 % апытаных. Навукова-папулярную літаратуру прыярытэтнай для сябе лічаць 27,7 %, навукова-адукацыйную — 20,6 %, духоўна-маральную — 18,6 %.

Нягледзячы на стэрэатып, што большасць чытачоў любяць захапляльныя жанры, фантастыку сёння чытаюць толькі крыху больш за 2 %, а дэтэктывы — 1,6 %.

52,5 % рэспандэнтаў сказалі, што чытаюць для самаадукацыі, 49,6 % — для атрымання задавальнення. У гэтым прасочваецца агульнасусветная тэндэнцыя — усё большы попыт на літаратуру для самаадукацыі, жанр нон-фікшн. Цікавяцца беларусы таксама гістарычнай і тэхнічнай літаратурай.

Як жа шмат чытаюць нашы суайчыннікі? Паводле апытання, 24,1 % беларусаў чытаюць кожны дзень, гэта фактычна кожны чацвёрты. Некалькі разоў на тыдзень — 25,8 %. Толькі 15 % апытаных адказалі, што не чытаюць увогуле.

Не забыць пра паэзію

Але кніга — усяго толькі інструмент, форма падачы інфармацыі... Важна — якая менавіта кніга трапляе ў рукі чытачоў.

— Вядома, праблем з якасцю чытання многа, пра іх гаварылі, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Іван Саверчанка. — Каб беларуская літаратура мела чытача, трэба дапамагаць таленавітым маладым аўтарам, арганізоўваць рэкламу найбольш выбітных раманаў, якія з'яўляюцца сёння, падтрымліваць аўтарытэт пісьменнікаў.

У сваім дакладзе на круглым стале Іван Саверчанка зрабіў агляд найлепшых здабыткаў беларускай сучаснай літаратуры, распавядаў пра творы Віктара Праўдзіна, Уладзіміра Саламахі, Анатоля Казлова. Апошняга празаіка, выдатнага майстра, літаратуразнаўца лічыць несправядліва абыдзеным увагай. Варта, на яго думку, больш папулярызаваць і творы выдатнага празаіка Андрэя Федарэнкі, якога цэняць чытачы. Асобна Іван Васільевіч звярнуў увагу на беларускую паэтычную школу.

— Яе трэба падтрымліваць, гэта мае значэнне для нашага духоўнага жыцця. Паэзія выхоўвае густ, эстэтыку, культуру мовы. Без добрых вершаў не будзе песеннай культуры. Нашы паэты — Навум Гальпяровіч, Мікола Мятліцкі, Казімір Камейша, Віктар Шніп, Генадзь Пашкоў, Міхась Пазнякоў ды іншыя — працуюць на добрым мастацкім узроўні. Трэба, каб выдаўцы не забываліся на паэтычныя зборнікі.

Вельмі своечасовая, арганічная атрымалася размова, лічыць Іван Саверчанка.

— Пажадана, каб падобныя даследаванні сацыёлагаў і форумы праводзіліся рэгулярна, каб мы бачылі дынаміку працэсаў і маглі рэагаваць, скіроўваць чытача і да класічнай традыцыі, і да эксперыментальнай літаратуры, але якая арыентуецца на высокія ўзоры мастацтва. Мяне вельмі ўсцешыла, што ў нас ва ўсіх кансалідаваная пазіцыя ў стаўленні да кнігі — мы ўсе адчуваем адказнасць за кніжную культуру, за развіццё нашай літаратуры. Трэба ствараць чытацкі асяродак, каб грамадства было гатовае да ўспрымання высокай літаратуры. Гэтаму спрыяе тое, што мы захоўваем традыцыі філалагічнай культуры, дзякуючы дзяржаве, якая робіць вялікія ўкладанні.

У цэнтры ўвагі — дзіцячая літаратура

Бясспрэчна, літаратуразнаўца, філолаг, настаўнік — найлепшы папулярызатар беларускага мастацкага слова. Але пачынаць прывіваць любоў да кнігі трэба як мага раней.

— Асабліва важная сёння дзіцячая кніга, бо традыцыі чытання і звычка да яго закладваюцца менавіта ў дзіцячым узросце, — заўважыў удзельнік форуму, сябар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Мусіенка. — Важна, каб яна была і па-дызайнерску аформленая на добрым узроўні і добра выдадзеная.

Сапраўды, і выдаўцы, якія прысутнічалі на круглым стале, прызнаваліся, што аддаюць перавагу дзіцячым кнігам — самаму запатрабаванаму сёння прадукту.
У гэтай нішы выдаўцы павінны адчуваць высокую сацыяльную адказнасць, бо галоўнае — выхаванне пакаленняў. Абмяркоўвалі на круглым стале і гандлёвыя аспекты, распаўсюджванне кніг.

Гаворка была не толькі тэарэтычнай — яна будзе мець практычны плён. Удзельнікі паведамілі, што распрацоўваецца цэлы шэраг мерапрыемстваў для павышэння цікавасці да чытання. Яны ўвойдуць у праграму работы Саюза пісьменнікаў Беларусі і Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу.

Лідзія ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.