Вы тут

Кацярына Дулава: З музыкі немагчыма так проста выйсці, як з працоўнага кабінета


Калі я зайшла ў будынак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, першае, што заўважыла, — шматлікія афішы выступленняў студэнтаў. Быў перапынак, увесь хол запоўніўся гоманам будучых музыкантаў. З класаў даносіліся гукі фартэпіяна і скрыпак. Творчая атмасфера — у кожным куточку. І вось працоўны кабінет рэктара: вялікі светлы пакой з раялем. І спакойная, упэўненая Кацярына Мікалаеўна Дулава. Ужо пераслухоўваючы нашу гаворку падчас работы над тэкстам, я адзначыла, які меладычны ў яе голас. Такі, які і мае быць у чалавека, што ўсё сваё жыццё прысвяціў музыцы. Інтэрв'ю ішло каля гадзіны, за гэты час мы паспелі абмеркаваць шмат рэчаў: ад праблем у галіне адукацыі да складанасці прафесіі музыканта. Бо Кацярына Дулава — не толькі рэктар акадэміі музыкі, але і актыўны грамадскі дзеяч.


Пра вытокі натхнення

— Кацярына Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, які ў вас найбольш яскравы ўспамін з дзяцінства, звязаны з музыкай?

— Гэта наведванне балетнай пастаноўкі «Шчаўкунок» Пятра Ільіча Чайкоўскага ў нашым оперным
тэатры. Прыгажосць дзеі, чароўныя музычныя хвалі і дзіўнае гучанне аркестра паўплывалі на мяне вельмі моцна. Мне тады было шэсць гадоў, а ў сем я пачала ўжо вучыцца ў школе пры кансерваторыі. Вядома, слухала, як маці рыхтавалася да лекцый і іграла на раялі шмат прыгожай музыкі. У нашым доме музыка гучала заўсёды.

— Вы казалі, што ісці за педагогам і майстрам — гэта тыповая рыса музыканта. Ці быў у вашым жыцці такі педагог?

— Калі казаць пра школу, то гэта быў выбітны педагог музычна-тэарэтычных прадметаў Маргарыта Сяргееўна Мінянкова. Яна паспрыяла майму паступленню ў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю. Там у мяне з'явіўся не проста кіраўнік, я нават сказала б, спадарожнік — выдатны музыказнаўца, прафесар Кацярына Аляксандраўна Руч'еўская.

Адна справа — інтуітыўнае ўспрыманне музыкі, калі чалавеку проста падабаецца слухаць. Зусім іншае, калі музыка — гэта аб'ект і прадмет твайго навуковага інтарэсу. І тут вельмі важны падыход настаўніка, які вучыць разумець музычны твор знутры. Са сваіх студэнцкіх гадоў памятаю, як Кацярына Аляксандраўна мне казала: «Немагчыма музыку пераказаць, яе можна паспрабаваць вытлумачыць».

— А датычна сённяшняга дня, што вас натхняе і дзе чэрпаеце сілы для далейшай працы?

— Гэта самыя розныя крыніцы. Адна з іх — зносіны з добрымі і цікавымі людзьмі, якія пашыраюць уяўленні аб сусвеце. Гэта могуць быць людзі розных прафесій: мастакі, медыкі, бізнесмены. Такі я чалавек — мне цікава ўсё. Другі напрамак — вандроўкі. Падчас падарожжаў да мяне прыходзіць каласальнае
натхненне. Я вельмі люблю марскую роўнядзь, горы... Люблю шпацыраваць і аглядаць наваколле.

Ці трэба прымушаць дзіця вучыцца музыцы?

— Я ведаю шмат людзей, якія падчас навучання ў школе займаліся музыкай. Ёсць класы з эстэтычным ухілам, дзе ўрокі сальфеджыа, харавых спеваў і ігры на музычным інструменце ўключаны ў агульны працэс навучання. Для многіх ужо дарослых людзей гэта засталося траўмай на ўсё жыццё. З майго класа, дзе амаль 20 чалавек займаліся музыкай, да канца дайшло два-тры чалавекі. З чым гэта звязана? З недастатковай педагагічнай падрыхтоўкай настаўнікаў ці з агульнымі праблемамі ў галіне школьнай адукацыі?

— Калі я знаёмлюся з людзьмі розных сфер, часта высвятляецца, што чалавек калісьці займаўся музыкай: хтосьці іграў на скрыпцы, хтосьці — на баяне або раялі.
І атрымліваецца, што амаль кожныя бацькі рабілі гэтую спробу, разумеючы, што музыка прывівае нешта вельмі важнае.

Ва ўсякім разе, скажу адназначную рэч: музыка не можа нашкодзіць. Разумееце, мы не шрубкі, не гайкі і не алавяныя салдацікі. Мы людзі і жывём у тым ліку эмоцыямі. Музыка якраз дапамагае нам у гэтым.

Ёсць і іншы бок — тое, на што часта забываюцца, калі мы кажам аб прафесійнай музычнай адукацыі. Гэта каласальная, найцяжэйшая праца. Яна падобна да той, што патрабуецца для выхавання спартсменаў або выдатных танцоўшчыкаў. І калі мы вырашаем, што вучань будзе займацца гэтым прафесійна, то трэба разумець, што яго прыйдзецца прымушаць. Дзіцяці не ўласціва доўгі час канцэнтравацца на адной справе.
У гэтым выпадку, калі побач няма таленавітага педагога, ніякага выніку не будзе. Сапраўдны настаўнік — гэта чалавек, які распавядае аб Музыцы як аб Прыгажосці.

Так што тут вы маеце рацыю. Ёсць няўдалы педагагічны вопыт, ёсць збег абставін. А ёсць сапраўднае шчасце, калі ўсё для вучня супадае: яго жаданне, жаданне бацькоў і таленавіты настаўнік.

— Кацярына Мікалаеўна, як бацькам, якія не маюць дачынення да акадэмічнай музыкі, але хочуць прывіць густ сваім дзецям, іх заахвоціць?

— У мяне ёсць толькі адна парада — быць назіральнымі. Адзначаць, што дзіця любіць: спяваць, выбіваць па стале дроб або праяўляе цікавасць да музычных інструментаў. Проста звярнуць на гэта ўвагу, лішні раз пракансультавацца. Адвесці ў музычную школу, дзе спецыяліст адразу скажа, наколькі гэта перспектыўна.

Ці трэба штосьці мяняць у музычнай адукацыі?

— Якія рэформы ў галіне музычнай адукацыі вы маглі б прапанаваць?

— Я ўпэўнена, што ў музычнае мастацтва прыходзяць тыя, хто і павінны прыйсці. Сказаць, што такіх людзей мусіць быць больш ці менш, мне складана. Як рэктар я працую з архіўнымі матэрыяламі, і ў мяне ёсць такая статыстыка: у пачатку 1970-х гадоў колькасць музыкантаў, якія прымаліся ў кансерваторыю, была прыкладна
150 чалавек. Як бы мы сёння ні эксперыментавалі, пашыраючы набор, запрашаючы абітурыентаў, я бачу, што цяпер іх лічба вяртаецца да гістарычна апраўданай.

Што датычыцца сферы творчай адукацыі, то тут у мяне ёсць глыбокая ўпэўненасць у тым, што наша сістэма найбольш выбудаваная. Гаворка ідзе аб традыцыях руска-савецкай школы. У адрозненне ад гэтых традыцый, у еўрапейскай прасторы працэс навучання раптам спыняецца на бакалаўрыяце, а потым на магістратуры. Якім чынам гэта звязана з фарміраваннем творчай асобы — сказаць вельмі складана. Гэта ўжо такі рацыянальны сусвет, дзе набываюцца нейкія кваліфікацыі і ўменні. Спачатку ты быў флейтыстам, потым гукарэжысёрам, а далей станеш, мабыць, піяністам? З пункту гледжання працягласці падрыхтоўкі гэта зусім неабгрунтавана.

Таму калі казаць аб выхаванні таленту, то ў нашай сістэме вельмі важная пераемнасць. Дзіця гадуе педагог, потым перадае ў рукі прафесараў кансерваторыі, якія далей суправаджаюць яго, рыхтуюць да конкурсаў і выступленняў. Чалавек расце менавіта ў сваёй творчасці — такая ў нас прафесія. Яе немагчыма адарваць ад практыкі, таму што студэнты, толькі займаючыся і выступаючы на сцэне, вырастаюць у прафесіяналаў. Я вельмі шаную гэту сістэму, якая мае глыбінны гістарычны сэнс.

Таму вельмі важна сёння вярнуць форму паслявузаўскай адукацыі, якая была ў нас з 1967 года. Яна называецца асістэнтура-стажыроўка — выхаванне музыканта найвышэйшай выканальніцкай кваліфікацыі, а таксама выкладчыка кансерваторыі. Гэта асаблівы навык, які сумяшчае ў сабе адукацыю і творчасць. На жаль, у пэўны час мы страцілі гэтую форму.

— Калі і ў сувязі з чым гэта адбылося?

— У 2007 годзе, з прычыны чыста тэхнічнай. У той момант паслявузаўская адукацыя стала выключна навуковай. Гэта значыць, што кожнаму навучэнцу неабходна ў якасці выніку прадставіць даследчую працу. А музыканта апрыёры не вучаць іх пісаць. Ніводны падручнік не навучыць танцаваць або спяваць; ён дасць толькі нейкія прыкладныя веды.
У творчасці важна ўзаемадзеянне з чалавекам, які перадае табе сваё майстэрства. Таму мы і кажам: «майстар і падмайстар». Вось гэтая супольнасць — на стагоддзі.

Пра культурны турызм і пандэмію

—- Як жыхарам адносна невялікіх гарадоў далучыцца да акадэмічнай музыкі?

— У абласных цэнтрах ёсць філармоніі, мы накіроўваем туды сваіх выпускнікоў для працы. Там ёсць і аркестры, і салісты. Акрамя таго, у шэрагу невялікіх гарадоў ёсць музычныя каледжы і вучылішчы, якія па-свойму таксама з'яўляюцца культурнымі цэнтрамі. Гэтыя калектывы здольныя папоўніць рэгіянальнае канцэртнае жыццё. Фестывалі, па сутнасці, праводзяцца ў кожным рэгіёне. Так, мабыць, акадэмічны напрамак прадстаўлены не вельмі яскрава, але існуе шмат дзіцячых і маладзёжных конкурсаў, якія прытрымліваюцца акадэмічнай традыцыі. Гэта і «Музыка надзеі», што праводзіцца на базе Гомельскага музычнага каледжа, і рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на духавых інструментах у Магілёве. Традыцыі існуюць, і мне здаецца, што культурнае жыццё ў рэгіёнах нельга назваць збяднелым.

Калі мець на ўвазе гастролі, то, сапраўды, каб у горад прыехаў тэатр або філарманічны аркестр, патрэбна спецыфічная сцэна. Што датычыцца оперы або балета, то ім неабходна вялікая канцэртна-тэатральная зала. Усё астатняе ўпісваецца ў правілы рацыянальнага сусвету: для таго каб пачуць зорку, увесь свет набывае квіткі і ляціць у гэты пункт на карце. Гэта і ёсць так званы культурны турызм, вельмі перспектыўны сёння напрамак. Яго сапраўды трэба развіваць. Калі гэта вялікі музыкант — патрэбны вялікая пляцоўка і фінансавая аддача. На сённяшні дзень, на жаль, у Беларусі няма вялікай акустычнай канцэртнай залы, якая адпавядае сучасным патрабаванням сусветных зорак.

— Працягваючы гаворку аб міжнародных адносінах, хацелася б запытаць аб супрацоўніцтве Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з навучальнымі ўстановамі розных краін. Ці ўнёс змены ў гэты працэс каранавірус?

— Якраз цяпер некалькі нашых маладых педагогаў знаходзяцца на стажыроўцы ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. Калі казаць аб студэнцкім абмене, то ён сапраўды крыху прыпынены. Але анлайн-фармат ніхто не адмяняў. І калі замежныя педагогі не могуць прыехаць да нас, то майстар-клас у гэтым фармаце цалкам магчымы. У нас толькі за мінулы вучэбны год адбылося каля 50 такіх праектаў.

Мы з вялікай зацікаўленасцю чакаем Міжнародны конкурс піяністаў, які не адбываўся ўжо сем гадоў. І вось, нарэшце, усё склалася: выканана Дзяржаўная праграма па аснашчэнні навучальных і канцэртных устаноў адметнымі музычнымі інструментамі, да конкурсу рыхтуюцца самыя таленавітыя маладыя выканаўцы. З 1 да 10 снежня чакаем усіх: першы і другі туры пройдуць у сценах нашай музычнай акадэміі, а трэці тур разам з аркестрам адбудзецца на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

— Кацярына Мікалаеўна, а як студэнты ставяцца да анлайн-фармату?

— З назіранняў: год таму, калі пандэмія толькі пачалася, студэнты схаваліся па дамах. Праз тры месяцы пачалі прасіць вярнуць іх у класы.

Для нас усё, што датычыцца дыстанцыйных форм навучання, — толькі вымушаная мера. Яны ні ў якім разе не замяняюць жывых зносін прафесара і вучня. Хто б што ні казаў аб электронных інструментах... Напрыклад, дысклавір, лічбавае фартэпіяна фірмы «Yamaha», — гэта ўсё роўна варыянт нейкага завочнага ўзаемадзеяння, які не дасць сапраўднага творчага выніку. Больш за тое, у нас прынцыпова няма завочнай формы навучання.

Што такое харызма для музыканта?

— У адным з інтэрв'ю вы адзначалі, што выпускнікі БДАМ адрозніваюцца харызмай, якая прываблівае работадаўцаў. У чым сакрэт, адкуль бярэцца гэтая рыса? Ці з гэтым трэба нарадзіцца?

— Чаму я так люблю сваю прафесію? Таму што самае цікавае ў ёй — назіраць, як развіваецца творчы чалавек, як разгортваецца яго патэнцыял. Як з кожным курсам студэнт набірае абароты, і раптам брыдкае качаня, якім ён выглядаў пры паступленні, набывае рысы лебедзя — сапраўднага мастака, якому ёсць што сказаць, у якога ёсць харызма. Я часта пытаюся ў студэнтаў: «Як вы лічыце, чаму падчас канцэрта, дзе вы слухачы, вы раптам сыходзіце?» Яны адказваюць: «Напэўна, нам было нецікава». А што нецікава? Не адчулі харызмы музыканта. Харызма — гэта здольнасць музычна мысліць. Калі ты раскрываеш якасці філосафа і апавядальніка, у цябе пачынаюць праяўляцца рысы сцэнічнага чалавека. Фарміраванне падобнага тыпу людзей не можа быць масавым, гэта адзінкі.

І яшчэ, скажу банальнасць, але калі ты будзеш лянівым, то пачуеш, як рыпяць крэслы, бо цябе не захочуць слухаць. Праца музыканта будуецца на таленце, інтэлекце, культуры і вялікай любові да музыкі. А з музыкі немагчыма так проста выйсці, як з працоўнага кабінета.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Беларусы расчараваліся ў доларах

Беларусы расчараваліся ў доларах

Па выніках года наша насельніцтва не толькі значна астыла да гэтай валюты, але і працягвае пазбаўляцца ад яе рэкорднымі тэмпамі.

Грамадства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі.

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.