Вы тут

У НББ адкрылася выстава да 455-годдзя прыняцця другога Статута ВКЛ


Стварэнне Статутаў Вялікага Княства Літоўскага было надзвычай важнай, унікальнай спробай кадыфікацыі права: яго нормы сабралі ў адным дакуменце, у межах аднаго вялікага акта. Яны тычыліся самага важнага — кіравання дзяржавай і размежавання ўлады.


Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 гг. Калаж Віктара Калініна.

Выстаўка, якая нядаўна адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прысвечана 455-годдзю прыняцця другога Статута Вялікага Княства Літоўскага. Яна аб’ядноўвае друкаваную і віртуальную версіі выданняў. Першая з іх размешчана ў зале прававой інфармацыі, а другая даступна кожнаму на партале бібліятэкі. Увазе наведвальнікаў кніжніцы і аматараў гісторыі і культуры прадстаўлена вялікая колькасць ілюстрацыйнага матэрыялу: паўнатэкставыя, у тым ліку старадаўнія, дакументы, прысвечаныя Статутам, даследаванні. Бібліятэка мае ў фондах факсімільныя выданні і электронныя версіі Статутаў ВКЛ, і друкаваных, і рукапісных, якія заўжды даступны для чытачоў.

— Правядзенне тэматычных выставак для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала традыцыяй. Рэалізавана ўжо каля 10 праектаў, прысвечаных Статутам Вялікага Княства Літоўскага. Але, акрамя кніжных выставак, былі і канферэнцыя «Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні», і круглыя сталы, і віртуальны праект, прысвечаны найперш ІІІ Статуту, — дзяліўся падчас экскурсіі намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Статуты Вялікага Княства Літоўскага — знакамітыя акты заканадаўчага характару, якія сталі выключнымі падзеямі ў гісторыі ўсёй Еўропы, а не толькі краіны, дзе былі выпрацаваны і прыняты. Грунтаваліся яны на прававой спадчыне нашых папярэднікаў, на нормах традыцыйнага права, знакамітым Судзебніку Казіміра, які ўзнік больш чым на стагоддзе раней ад І Статута.

Статуты доўга рыхтаваліся вялікай камісіяй. Адным з найбольш актыўных удзельнікаў працэсу стварэння І Статута ВКЛ быў Альбрэхт Гаштольд. — Ёсць верагоднасць, што да працы над дакументам мае дачыненне і Францыск Скарына, — перакананы А. Суша. — Шэраг сваіх прававых ідэй першадрукар выклаў у некаторых прадмовах да кніг Бібліі.

Перад тым, як быў зацверджаны ІІ Статут, работа па перапрацоўцы гэтага нарматыўнага дакумента ішла на працягу 15 гадоў. Створаную камісію ўзначаліў палітычны і грамадскі дзеяч Мікалай Радзівіл Чорны. У другой рэдакцыі былі ўмацаваны выключна важныя і па сёння нормы заканадаўства, больш дэталёва прапісаны такія прынцыпы, як прэзумпцыя невінаватасці і падзел улад.

Калі зацвярджалі І Статут ВКЛ у 1529 годзе, вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары меў намер ажыццявіць выданне дакумента. Планавалася выданне і ІІ Статута, аднак так і не адбылося — абодва захаваліся ў рукапісах на старабеларускай, лацінскай, польскай і іншых мовах.

У Беларусі не захавалася ніводнай арыгінальнай версіі ні І, ні ІІ Статута. У часы Расійскай імперыі існавалі цэнтры збірання даўніны і ў Вільні, і ў Санкт-Пецярбургу. Туды скіроўваліся шляхі многіх кніжных помнікаў, там і сёння можна адшукаць многія рарытэтныя выданні нашай прававой культуры. Для бібліятэкі ж вельмі важна не толькі захоўваць спадчыну, але і папулярызаваць яе праз адукацыйныя і навуковыя мерапрыемствы. Так, сутнасць «Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў» заключалася ў тым, каб сабраць за адным сталом даследчыкаў Статутаў — гісторыкаў права, мовазнаўцаў, кнігазнаўцаў, мастацтвазнаўцаў — і абмеркаваць гэтую ўніверсальную з’яву культуры.

Адукацыйныя праекты, якія актыўна ажыццяўляе нацыянальная кніжніца, прызначаны дзецям і навучэнцам. У Музеі кнігі праводзяцца заняткі ў межах школьнай праграмы, дзе прадстаўлены і прававыя помнікі ВКЛ. На аснове факсімільных выданняў Статутаў распрацаваны гістарычныя квэсты, размалёўкі старых гравюр — так дзецям становяцца больш блізкія і зразумелыя гэтыя помнікі.

Фрагмент экспазіцыі, прысвечанай Статуту. Фота Кастуся Дробава.

Апошнім часам шмат зроблена для вывучэння і папулярызацыі нашай кніжнай спадчыны, у тым ліку і Статутаў. Яшчэ ў 1980-я гады быў падрыхтаваны выпуск Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, прысвечанай Статуту ВКЛ 1588 года, які ўключаў факсімільнае ўзнаўленне помніка з перакладам на сучасныя мовы. Пазней пабачылі свет выданні тэкстаў усіх Статутаў, у тым ліку ў перакладзе на сучасную беларускую мову. Маецца шмат даследаванняў, у тым ліку дысертацый у розных галінах навукі. І ўсё гэта можна пабачыць калі не ў кніжных арыгіналах, то ў электронных версіях на партале бібліятэкі — многае даступна анлайн.

— Ёсць ідэя стварэння віртуальнай калекцыі, прысвечанай Статутам ВКЛ, каб з усіх краін свету, дзе захоўваюцца рукапісныя спісы, а таксама экзэмпляры старых выданняў, сабраць іх электронныя копіі, — распавядаў Алесь Суша.

Спісы Статутаў, дарэчы, не аднолькавыя — ёсць адрозненні па змесце. Апошні са Статутаў, які дзейнічаў два з паловай стагоддзі, штогод выкарыстоўваючыся ў судах, увесь час дапрацоўваўся, дапаўняўся і перавыдаваўся. У перавыданнях мянялася стылістыка мастацкай аздобы, шрыфты. Першыя апублікаваны скорапісам, што адрознівала кнігі ад царкоўных і маскоўскіх выданняў, потым выходзілі гатычным шрыфтам з гатычнымі гравюрамі, пасля — барочныя з хрысціянскай стылістыкай, яшчэ пазней — класіцыстычныя, асветніцкія. Акрамя таго, захаваліся надзвычай цікавыя надпісы на старонках Статутаў: судовыя работнікі нешта падкрэслівалі альбо каментавалі падчас чарговага разбіральніцтва, пазначалі на палях адсылкі да іншых норм права — чыстых зборнікаў амаль не захавалася. Маргіналіі і запісы на палях нярэдка з’яўляюцца больш цікавымі, чым тэкст самога Статута. Запісы гэтыя сведчаць і пра тое, у якіх бібліятэках і зборах захоўваліся кнігі, хто працаваў з рукапісамі і выданнямі Статута, хто імі карыстаўся. На палях маглі быць запісаны самыя розныя тэксты, часам нават паэтычныя. Так, у адным са спісаў Статута ВКЛ на адным з першых аркушаў быў знойдзены запіс верша Яна Казіміра Пашкевіча з прызнаннем у любові да беларускай мовы. Запіс датуецца пачаткам XVII стагоддзя і сведчыць пра беларускую як пра мову, што дамінавала ў сістэме вялікакняжацкіх зносін у краіне.

Яна БУДОВІЧ

Выказваем падзяку Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі за інфармацыйную падтрымку

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.