Вы тут

Настаўнікі — пра сакрэты педагагічнай кухні, магію гульні і «дызайн урокаў»


«Ці шмат на вашым уроку «апетытных» заданняў, якія так і хочацца «з'есці»? У мяне заўсёды перад урокам стаіць задача знайсці такія цікавыя, незвычайныя заданні, якія захочацца выканаць. Падгледзела ў кнізе Ніны Джэксан прыём «Шведскі стол». Навучэнцы самі выбіраюць, колькі заданняў яны могуць зрабіць за ўрок. Як і на шведскім стале, кожны зможа знайсці сабе страву па гусце, узяць столькі, колькі захочацца, можна вярнуцца па дабаўку, узяць іншую страву. Можна таксама з'есці гэтую страву з аднакласнікам або арганізаваць групавую трапезу. Прыём дае вучням свабоду выбару. Кожны знойдзе для сябе заданне, якое насамрэч будзе яму па сілах...»


Таццяна Пархамчук  і Алена Шумак: «Мы вучымся расказваць пра складаныя рэчы проста…»

«Збегчы з урока хоць бы аднойчы хацеў кожны вучань. І кожны настаўнік. Навучанне па-за сценамі класнага пакоя — гэта афіцыйныя ўзаконеныя ўцёкі з класа. За 45 хвілін, праўда, далёка не ўцячэш, але ва ўнутраны дворык паспееш дакладна. Менавіта тут і прапаную правесці асфальтны ўрок... Такога ўрока, вядома, няма ў методыцы, але адзін раз можна і не па правілах...»

«Калі ёсць асфальтны ўрок, то чаму б не правесці цукерачны? Паспрачалася на каробку цукерак, што змагу прыдумаць такі ўрок. Што можна зрабіць на ўроку біялогіі? Бяром цукеркі розных колераў і робім мадэль ДНК, РНК, АТФ... Уважліва чытаем, што напісана на ўпакоўцы. Прыдумляем умову задачы зыходзячы з напісанага: колькі хвілін будуць скарачацца мышцы рукі за кошт расшчаплення глюкозы, якая змяшчаецца толькі ў гэтай цукерцы?.. Мадэлюем склад крыві з дапамогай цукерак. Бяром чырвоныя ледзяшы, кладзём у слоік, дадаём пару белых карамелек і цукровы сіроп... Правяраем хатняе заданне, гуляючы з М&Ms. Дамаўляемся, што кожны колер абазначае пэўнае заданне. Напрыклад, чырвоны — расказаць аб вакцынацыі, жоўты — намаляваць вірус COVІD-19 і г. д. Пасля правільнага адказу цукерку можна з'есці».

Фантан ідэй

Прызнайцеся, вам цікава было б трапіць на такія ўрокі? Некалькі месяцаў таму настаўніцы з пінскай гімназіі № 2 Алена ШУМАК (руская мова і літаратура) і Таццяна ПАРХАМЧУК (біялогія) пачалі весці ўласны блог у «Інстаграме» пад назвай «Educatіon_fresh». Прызналіся, што да ідэі падступаліся вельмі доўга, сумняваліся, шукалі сабе апраўданні, але цяпер ні пра што не шкадуюць. Сваім досведам стварэння ўласнага прафесійнага блога яны падзяліліся з калегамі ў рамках пятай, юбілейнай педагагічнай (не)канферэнцыі EdCamp Belarus — 2021, але папярэдне змаглі зацікавіць сваіх калег на кірмашы педагагічных ідэй.

За майстар-класы, якія зацікавілі, педагогі галасуюць стыкерамі.

Увогуле, EdCamp мае ўнікальны фармат. (Не)канферэнцыя падпарадкоўваецца закону «аб дзвюх нагах»: яе праграма загадзя невядомая, удзельніцы і ўдзельнікі самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той дыскусіі, якая цікавая менавіта ім, праграма фактычна ствараецца разам, зыходзячы з інтарэсаў кожнага.

Усе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Могуць прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему і шляхі яе вырашэння, зыходзячы з ўласнага досведу, правесці майстар-клас, а могуць проста прагаласаваць за тое, што хочуць пачуць. Галоўны прынцып — «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш».

Безумоўна, самая захапляльная частка неканферэнцыі — кірмаш педагагічных ідэй, дзеля чаго, уласна кажучы, педагогі і збіраюцца. У ахвотных было 60 секунд на тое, каб зацікавіць калег сваімі знаходкамі, якімі яны гатовы былі падзяліцца. А для гэтага свой досвед трэба ўмець «прадаць», паклаўшы яго ў прыгожую абгортку. «Мой майстар-клас называецца «Тэатр 4К». Што такое чатыры «К»? — інтрыгавала настаўніца рускай мовы і літаратуры з негарэльскай сярэдняй школы
№ 1 Алена АЛЕХНА
, падмацоўваючы словы малюнкамі. — Мабыць, гэта чатыры кракадзілы, якія насамрэч не такія страшныя, як падаюцца на першы погляд? Ці гэта тэатр чатырох катоў, з якімі жыць значна прыемней, чым без іх? А можа быць, гэта тэатр чатырох кітоў?» Яе майстар-клас быў прысвечаны развіццю праз тэатр чатырох ключавых кампетэнцый ХХІ стагоддзя: крэатыўнасці, камунікацыі, калабарацыі і крытычнага мыслення.

 

«Я чакаю на свой майстар-клас «Урокі ў стылі аджайл» тры катэгорыі настаўнікаў. Тых, хто любіць грунтоўна рыхтавацца да ўрокаў, але актыўнічаць на занятках дазваляе дзецям. Другая катэгорыя — тыя, хто ведаюць, што такое Scrum, паспрабавалі, але вырашылі, што для іх гэта вельмі складана. Ну, і ўсе фанаты Гары Потэра таксама да мяне, бо вас чакае магія», — запрашала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гомельскай гімназіі № 51 Вольга КІСЛОВА.

Алена Алехна: «Мой майстар-клас называецца „Тэатр 4К“. Што такое чатыры „К“? Мабыць, гэта чатыры кракадылы?»

«Кожная з нас сем разоў на тыдзень думае, што прыгатаваць на абед, каб здзівіць сям'ю, дагадзіць мужу і дзецям. І каб часу шмат не займала, і каб па кішэні моцна не біла. Тое ж самае адбываецца і з «прыгатаваннем» урока. Кожны раз думаеш, чым здзівіць вучняў, чым зматываваць таго ж Васю на апошняй парце? Кожная з нас рыхтуе запасы саленняў, варэнняў, каб спрасціць сабе жыццё. Вось мы і падумалі: а што калі нешта падобнае зрабіць да ўрокаў? Тады рыхтавацца стане лягчэй, будзе і смачна, і карысна. Адна галава — добра, а дзве — лепш. Мы (Таццяна ЗЯМЛЯНІК з Турава і Ганна ПІСКУНОВІЧ з Магілёва) аб'ядналі свае намаганні і запрашаем вас на наш майстар-клас «Тэхналогія мадэрацыі на педагагічнай кухні, або канструктар урока ў дзеянні».

Самая захапляльная частка неканферэнцыі — кірмаш педагагічных ідэй. У ахвотных было 60 секунд на тое, каб зацікавіць калег сваімі знаходкамі, «прадаць» свой досвед, паклаўшы яго ў прыгожую абгортку

Якія яшчэ ідэі былі прапанаваныя на кірмашы? Матэматычная гульня як камандаўтварэнне; дэбаты — як форма развіцця навыкаў маўлення на ўроках замежнай мовы; вопыт стварэння сацыяльна-гістарычнага стартапу; як паказваць вайну (з вопыту кінаклуба); бонусныя карткі, або як пераўтварыць працэс навучання ў гульню; выкарыстанне археалагічных скрынак на ўроках гісторыі; вандроўкі па Беларусі з дапамогай чэк-лістоў, CAMPанейскія канікулы, ці лагер-антыстрэс для настаўнікаў; метадычны квэст і іншыя.

Устойлівая канструкцыя

«Я вас НЕ запрашаю на свой майстар-клас па педдызайне, таму што вельмі хачу наведаць усе майстар-класы, пра якія пачула на кірмашы, — пажартавала настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара школы «Стэмбрыдж» Ала ЛАЗІЦКАЯ. — Але калі вы ўсё ж такі прыйдзеце, то буду вельмі рада. Насамрэч педагагічны дызайн — гэта гісторыя не пра тое, як ускладніць настаўніку жыццё, а пра тое, як яго спрасціць, зрабіць менш працаёмкім і больш эфектыўным». Ці варта здзіўляцца, што пасля такой рэкламы падчас галасавання майстар-клас Алы Лазіцкай аказаўся ў бясспрэчных лідарах.

 

Ала Лазіцкая: «Урок — гэта канструкцыя, і вельмі шмат залежыць ад устойлівасці яе каркаса».

«Як вы думаеце, навучанне — гэта мастацтва ці тэхналагічны працэс?» — запыталася настаўніца ў сваіх калег. Меркаванні аўдыторыі падзяліліся.

— А калі я вам скажу, што ёсць доказная педагогіка або педагогіка даных? Аўстралійскі прафесар Джон Хэці распрацаваў своеасаблівы «барометр», які паказвае ўплыў канкрэтных фактараў на навучанне. Чым вышэйшае значэнне паказчыка, тым большы ўплыў на якасць навучання аказвае гэты момант. Таму я больш схіляюся да думкі, што педагогіка — працэс тэхналагічны. Мяркую, што ў гэтай аўдыторыі няма людзей, што хацелі б трапіць да ўрача, які думае, што медыцына — гэта мастацтва. Ёсць пэўны падмурак у нашай дзейнасці, які павінен быць устойлівым і прыводзіць да запланаванага выніку. А ўсё астатняе ў гэтай канструкцыі (паверхі, балкончыкі, акенцы, дах і гэтак далей) можна надбудоўваць і надбудоўваць у залежнасці ад таго, як вы бачыце.

У гэтым і заключаюцца хараство нашай прафесіі і педагагічнае майстэрства. Мы сёння жывём у сітуацыі празмернасці рэсурсаў. Між іншым, такая празмернасць стварае не толькі дадатковыя магчымасці, але і праблемы. Як выбраць тое, што насамрэч эфектыўна? Жыццё проста абавязвае нас змяняцца штодзённа! І якасць сістэмы адукацыі не можа быць вышэйшай за «якасць педагогаў». Таму варта абапірацца на педагогіку даных.

Урок — гэта канструкцыя, і вельмі шмат залежыць ад устойлівасці яе каркаса. Любы кампанент урока павінен быць мэтазгодным і ўзаемазвязаным з іншымі элементамі. Педагагічны дызайнер — гэта спецыяліст, які распрацоўвае метады і спосабы рэалізацыі адукацыйных рашэнняў, прафесіянал, які дзейнічае сістэмна, каб атрымаць рашэнне, якое адпавядае патрэбам мэтавай аўдыторыі. Такім чынам, мы ўсе ў той ці іншай ступені займаемся педагагічным дызайнам...

Вольга Кіслова. Майстар-клас «Урокі ў стылі аджайл»

Вучыцца гуляючы

«Падніміце руку тыя, каму вучыць беларускую мову ў школе было цяжка і нецікава? Вас вітае каманда «Гульбішча». Прыходзьце да нас, мы раскажам, як можна вывучаць мову з дапамогай гульні, як прыдумаць ідэю, распрацаваць настолку і пры гэтым не згарэць на рабоце. Раскажам, як давесці гульню да друку, выдаць яе і не збяднець», — запрашалі на свой майстар-клас настаўніца беларускай мовы і літаратуры з бабруйскай сярэдняй школы № 34 Людміла КРЫЛОВА і настаўніца гісторыі з Брожскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Юлія ФЯДЗЯНІНА.

— Фразу «Навошта мне беларуская мова, яна нідзе не спатрэбіцца», чулі, напэўна, усе. Прычыны — «вучыць мову сумна, цяжка», да таго ж не кожны настаўнік знаходзіць сілы зрабіць гэты працэс цікавым і займальным для ўсіх, — разважае Людміла Крылова. — Мы вырашылі распрацоўваць для папулярызацыі беларускай мовы гульні ў форме настолак. Мне ўдалося ўцягнуць у гэты працэс нават маіх васьмікласнікаў, якіх вельмі праблематычна заманіць у школу ў шосты школьны дзень. Яны вельмі цэняць свой час і проста так марнаваць яго не пагаджаюцца. А тут удалося заманіць нават тых, хто захапляецца камп'ютарамі, — яны дапамагалі перавесці гульні ў электронны выгляд. А потым вучні пайшлі з нашымі гульнямі ў пачатковую школу...

 

Юлія Фядзяніна і Людміла Крылова: «Вырашылі распрацоўваць для папулярызацыі беларускай мовы гульні ў форме настолак».

Сёння ў нашым багажы ўжо ёсць тэматычнае лато, гульня «Гукавыя хованкі», калейдаскоп «Сінонімы», камандная гульня-даміно «Знайдзі падобнае». А зараз вядзецца апрабацыя новай складанай сюжэтнай гульні «У пошуках скарбаў».

«Пра што мы павінны памятаць, распрацоўваючы гульню, якую хочам манетызаваць? У ёй павінна быць інтрыга, — папярэджвае Людміла Крылова. — Некаторыя гульні карыстаюцца попытам толькі ў настаўнікаў, бо яны аднаразовага дзеяння. І толькі педагогі змогуць іх выкарыстоўваць па некалькі разоў у розных дзіцячых аўдыторыях. Складаней зацікавіць адразу тры бакі: настаўніка, вучняў і іх бацькоў. Трэба прадумаць і прапісаць у інструкцыі розныя варыянты, як у іх можна гуляць. У апошняй нашай гульні «У пошуках скарбаў» выйграе той, хто першы складзе пазл. За правільныя адказы гульцы прасоўваюцца наперад і зарабляюць талеры. З пэўнай колькасцю талераў можна набыць кавалачак пазла. Ёсць таксама карткі «бомба», калі можна страціць усе заробленыя грошы, і картка «шанц». Зараз мы збіраем усе меркаванні і прапановы. Самі сабе адвялі год на адаптацыю гульні, перад тым як перадаць яе ў друк».

Проста — аб складаным

Але вернемся да настаўніцкага блога.

— У нас ёсць пяць прычын, каб яго весці: мы хочам дзяліцца вопытам, рэфлексаваць, прапампоўваць уласныя «скілы», быць карыснымі і не старэць. Мы доўга казалі сабе, што трэба пачаць весці блог, але нам пастаянна штосьці перашкаджала. Спачатку здавалася, што няма што сказаць, потым — што хочацца сказаць занадта многа, потым мы не маглі пахудзець, каб зрабіць фотасесію, — жартуе Алена Шумак. — А затым штуршок нам дала наша выпускніца Маша, якая праз год вярнулася ў родны горад і запыталася: «Дык дзе ваш блог?» Менавіта яна і стала нашым правадніком у «Інстаграме».

Пазначаць на карце Беларусі населеныя пункты, адкуль прыехалі ўдзельнікі неканферэнцыі, стала ўжо традыцыяй. Геаграфія сёлетняга EdCamp акрамя абласных цэнтраў ахапіла Глыбокае, Ліду, Зэльву, Вушачы, Лёзна, Пінск, Бабруйск, Карму, Светлагорск, Асіповічічы, Барысаў, Чысць, Маладзечна,Варапаева, Чашнікі, Лепель, Оршу і іншыя гарады і пасёлкі.

Усяго за некалькі месяцаў блог настаўнікаў займеў больш за 1,5 тысячы падпісчыкаў.

— Але калі вы не будзеце цікавымі іншым як асоба, у вас нічога не атрымаецца, — канстатуюць настаўніцы. — Па першым часе мы былі закрытымі, правільнымі «вучылкамі», якія не былі цікавыя нікому, акрамя нашых знаёмых, якія, напэўна, з жалю ставілі нам «лайкі». Не хацелі расказваць пра сваё асабістае жыццё, дзяліцца сваім пунктам погляду на тыя ці іншыя рэчы. Давялося пераступіць праз сябе. А першы наш пост, які выклікаў дыскусію, датычыўся таго, чаму нельга дапускаць, каб амбіцыі ў педагога заснулі. Мы імкнёмся ўнесці свежы струмень у педагогіку, таму і назвалі наш блог «Educatіon_fresh». Сёння мы вучымся расказваць пра складаныя рэчы проста, або, як кажа наша вучаніца, перакладаць свае думкі на чалавечую мову. Гэта майстэрства, якому можна навучыцца, і мы вучымся... Наш блог стаў ужо інтэрнацыянальным: на нас падпісаны педагогі з Украіны і Расіі. Дарэчы, украінскія настаўнікі канстатуюць, што беларускія калегі ім падабаюцца тым, што маюць свежы погляд на педагогіку. Мы насамрэч упэўнены, што педагогіка павінна быць больш актуальнай і больш эмацыянальнай. І верым, што стаць шчаслівым настаўнікам можа кожны.


Як жыць з педагагічнай феяй:

Інструкцыя з блога «Educatіon_fresh» па выжыванні для мужоў, чые жонкі — настаўніцы.

  • Не перажываць, калі перыядычна фея ператвараецца ў ведзьму. Усё часова.
  • У любой незразумелай сітуацыі падымаць руку і задаваць сваё пытанне. Рызыкоўна, але паспрабаваць варта.
  • Не заходзіць у пакой да жонкі, калі яна рыхтуецца да адкрытага ўрока/вэбінара/выступлення на педсавеце. Ціхенька прыгатаваць гарбату/каву і зганяць па ласункі. Смачнасцяў павінна быць шмат. Жонка гэта ацэніць. Крыху пазней.
  • Ведаць на памяць каляндар навучальных чвэрцяў і быць асабліва незаўважным у апошні тыдзень перад канікуламі.
  • Сняданак лепш не чакаць. Для вас абодвух будзе лепш, калі жонка-настаўніца даўжэй паспіць. А калі сняданак на стале, усімі фібрамі трэба выпраменьваць падзяку.
  • Ніколі не пытацца, навошта настаўнікі ходзяць у школу на канікулах, калі там няма дзяцей. Гэта табу.
  • Перыядычна казаць жонцы, што яе любяць. Яна, вядома, усё ведае аб прадмеце, што выкладае, але ёй больш важна ведаць, што дома яе любяць.
  • І памятайце: нават калі фея крыху стомленая і растрапаная, яна ўсё роўна ФЕЯ. Вы пераканаецеся ў гэтым, калі фея пойдзе ў водпуск.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота арганізатараў

Загаловак у газеце: Навучанне — мастацтва ці тэхналагічны працэс?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.