Вы тут

Сакрэты каманднай працы ад трэнера Ігара Фартунава і прызёра Параалімпіяды Лізаветы Пятрэнкі


Параалімпійскія гульні ў Токіа, як і ўсе вялікія спаборніцтвы, былі багатыя на сенсацыі. Сёлета ў Токіа такой сенсацыяй стала 19-гадовая беларуская спартсменка Лізавета Пятрэнка, якая ў спаборніцтвах па кіданні кап'я закінула снарад на 38,99 метра і стала бронзавым прызёрам Гульняў. Хоць для самой Лізаветы гэта сенсацыяй не стала, у Токіа яны з трэнерам ехалі толькі па медаль.


«Калі трапляеш на Параалімпійскія гульні, трэба касцьмі легчы і зрабіць усё магчымае, каб быць у тройцы прызёраў. Таму «бронза» на Гульнях — гэта вельмі добра, але мы арыентуемся на «золата», — заўважае Ігар Фартунаў, трэнер Лізаветы.

У гэтага тандэма грандыёзныя планы на будучыню і вялікае жаданне іх ажыццявіць. Інакш і быць не можа. Ігар Фартунаў — дзевяціразовы чэмпіён свету, уладальнік пяці медалёў Параалімпійскіх гульняў, сярод якіх адзін залаты. Сёння легендарны спартсмен перадае свае веды і вопыт маладым спартсменам. Як у яго гэта атрымліваецца — усе бачылі ў Токіа ў сектары для кідання кап'я. А вось як працуюць трэнер і яго вучаніца кожны дзень, ведаюць не ўсе. «Звязда» раскажа.

Адступаць не было куды

Да Параалімпійскіх гульняў асабістым рэкордам Лізаветы, паказаным на спаборніцтвах, быў вынік 38,04 метра. У Токіа яна закінула снарад на 38,99 метра, то-бок абнавіла ўласны рэкорд. Але не ўсё так проста, Лізавета можа кідаць снарад значна далей, ужо былі паспяховыя спробы на 39-40 метраў, праўда, толькі на трэніроўках.

«На адказных стартах пад уплывам моцных сапернікаў і хвалявання вельмі цяжка паказаць высокі вынік. Але ў нашым выпадку ўсё атрымалася добра. Цяпер ужо можна раскрыць некаторыя сакрэты. Стандартнае жаночае кап'ё — 600 грамаў, аблегчаны снарад 500 грамаў кідаюць дзяўчаты да 18 гадоў. І на пэўных этапах падрыхтоўкі мы кідаем гэты лёгкі снарад. Дык вось, на адной з трэніровак незадоўга да ад'езду ў Токіа Ліза кінула такое кап'е на 44,70 метра. Нават кап'ё вагой у 600 грамаў магло паляцець недзе на 41-42 метры, а гэта якраз тыя вынікі, якія дазволілі ў Токіа ўзяць «серабро» і «золата», — расказвае Ігар Фартунаў.

Трэнер вучыць Лізавету заўсёды кідаць у сваё задавальненне. І калі на ўнутраных спаборніцтвах гэта атрымліваецца, паколькі няма канкурэнцыі, то на міжнародных стартах атрымліваць задавальненне цяжэй — перашкаджаюць хваляванне і нервовае напружанне. Па словах Лізаветы, гэта вялікая праблема: «Вельмі часта на спаборніцтвах мяне збівае хваляванне, і прыходзіцца змагацца з сабой. Трэнер параіў у такія моманты церці мочкі вушэй. Наш фізіятэрапеўт Сяргей Грыбанаў паказаў практыкаванні, якія супакойваюць нервы. І я сама сябе настройваю, што проста трэба выйсці і паказаць, на што я здольная».

У Токіа масла ў агонь дадала і траўма: на размінцы Ліза падвярнула галенастоп. «У нас і калі Ліза ў добрай фізічнай форме — праблема, як на фоне хвалявання захаваць гэту форму, а тут яшчэ такая недарэчнасць. Але Ліза малайчына, справілася. Гэта самы важны старт, і яна вельмі добра сябе паказала, зрабіла ўсё задуманае. Спадзяюся, больш такіх праблем не будзе. Цяпер нам трэба расці фізічна, тэхнічна і псіхалагічна», — адзначае Ігар Анатольевіч. Упэўненасці і сіл для паспяховага выступлення на Гульнях дадало і тое, што на галоўным старце адступаць не было куды. У жыцці спартсмена вельмі многае залежыць менавіта ад гэтага выступлення. На «бронзе» Ігар Фартунаў і Лізавета Пятрэнка спыняцца не збіраюцца: «Вынікі ў параалімпійскім, як і ў алімпійскім спорце растуць вельмі хутка, ад цыкла да цыкла. І, на мой погляд, каб на наступных Гульнях Лізе пацвердзіць свой бронзавы медаль, трэба дадаць яшчэ мінімум тры метры. А каб марыць аб большым, каб спраўдзілася самая запаветная мара, трэба дадаць 6-7 метраў. А застаецца тры гады. На нашым баку маладосць Лізы, яе вялікае жаданне і, самае галоўнае, разуменне паміж намі. Мала быць проста добрым спартсменам і добрым трэнерам, трэба ўсё рабіць разам. У нас тут усё добра, таму цяпер будзем расці і ўмацоўвацца. Галоўнае, каб не падвяло здароўе», — заўважае Ігар Анатольевіч.

«Каліце лідакаін, я буду выступаць»

Амаль адразу пасля вяртання з Токіа Ліза прыступіла да трэніровак. Пачакала, пакуль з Японіі вернецца трэнер — і ў бой. Але цяпер прыйшлося зрабіць невялікую паўзу з самай галоўнай прычыны — здароўя. Напрыканцы лістапада Лізавету чакае прыпяканне сятчаткі вока. Дактары прапаноўвалі гэта зрабіць яшчэ ў мінулым годзе, але невядома, колькі б часу заняло аднаўленне. А ў прыярытэце была падрыхтоўка да Параалімпійскіх гульняў. Лізавета выступае ў катэгорыі слабавідушчых спартсменаў. А з такімі дыягназамі ўжо складана падымаць штангу, выконваць скачкова-кідальніцкія практыкаванні. Таму клопат пра здароўе — на першым месцы. Гэта, дарэчы, адзін з асноўных прынцыпаў Ігара Фартунава, выпрацаваны на ўласным траўматычным вопыце.

На Параалімпійскіх гульнях 2000 года ў Сіднеі і ў 2004 годзе ў Афінах ён выступаў з сур'ёзнымі траўмамі. І не проста выступаў, а заваёўваў медалі. «Параалімпійскі спорт — гэта таксама спорт вышэйшых дасягненняў. Там спартсмены ў сілу сваіх магчымасцяў поўнасцю аддаюцца трэніроўкам і часам пераўзыходзяць свае прыродныя межы. Я быў вельмі патрабавальны да сябе і часта перабіраў у нагрузках, рабіў больш, чым трэба, не шкадаваў сябе. Не мог у час спыніцца. У Сідней я паехаў моцна перагружаны, надкосніцы балелі так, што ноччу прачынаўся ад болю. У мнагаборстве першым відам былі скачкі ў даўжыню, адзін з маіх асноўных відаў. І падчас разбегу я шыпоўкай зачапіў ікраножныя мышцы другой нагі. Зачапіў не моцна, але гэта паўплывала на даўжыню крока, а трэба ж дакладна трапіць на дошку для адштурхоўвання. І я адчуваю, што моцна недаступаю. Але замест таго каб проста прабегчы і сапсаваць спробу, я заступіў на планку ў становішчы паўшпагату. Штуршок быў вельмі моцны, і мышцы задняй паверхні бядра не вытрымалі і парваліся. У мяне была першая добрая спроба, быў залік, і я мог бы гэтай спробай ахвяраваць, але хацелася паказаць лепшы вынік. Прыняў няправільнае рашэнне, рызыкнуў і атрымаў цяжкую траўму, якая потым паўплывала на многае ў маёй спартыўнай кар'еры», — успамінае Ігар Анатольевіч.

Траўма нагадала аб сабе і на Параалімпійскіх гульнях у Афінах. Напярэдадні Гульняў ізноў былі вялікія нагрузкі і здарыўся рэцыдыў. Але, навучаны горкім вопытам, Ігар Фартунаў нагрузкі паменшыў, стаў берагчы здароўе. І ў грэчаскую сталіцу прыехаў у выдатнай форме. У скачках у даўжыню першая спроба, і адразу вынік — 7,09 метра. Падчас другой спробы стала балець бядро, але спартсмен ужо ведаў, што з ім рабіць. Так да шостай спробы ішоў пераможцам, пакуль кубінец не скокнуў 7,15. Ігар Фартунаў стаў сярэбраным прызёрам у скачках у даўжыню. Наперадзе чакала
мнагаборства, але пачалося кровазліццё, павялічыўся боль. «Цяжка гэта ўспамінаць. Стан не паляпшаўся, і мы не ведалі, што рабіць з мнагаборствам. І ў дзень старту я рана прачнуўся і пачуў, што Саша Трыпуць збіраецца на спаборніцтвы. Я падскокваю, іду да доктара і кажу: «Каліце лідакаін, я буду выступаць». І выступіў. З вялікімі намаганнямі мне даўся гэты залаты медаль. Вынікі маглі быць лепшыя, я мог бы і на рэкорд свету прэтэндаваць. Але хворая нага адабрала вельмі шмат балаў», — расказвае параалімпійскі чэмпіён.

Таму сёння ў рабоце са сваімі вучнямі Ігар Фартунаў беражэ сваіх вучняў, не перабірае з нагрузкамі, дае практыкаванні роўна па магчымасцях спартсмена. І з яго вучнямі падобных траўмаў не здаралася. А падвернутая нага Лізы ў Токіа — недарэчная выпадковасць.

А вось зусім не выпадковасць — спартыўная кар'ера Лізаветы, якая сама родам са Шклоўскага раёна. Аднойчы дзяўчынку, якая добра кідала мячыкі, адправілі на спаборніцтвы выступаць за школу. Там яе і заўважыў Ігар Фартунаў, прапанаваў займацца ў яго групе, але папярэдзіў, што трэба пераехаць у Маладзечна. Бацькі Лізы гэта да ўвагі не прынялі і 13-гадовую дачку нікуды не адпусцілі. Праз два гады сітуацыя паўтарылася. Але гэтым разам Ліза больш настойліва пагаварыла з бацькамі. І сам Ігар Анатольевіч прыехаў да іх і ўсё растлумачыў. «Я прайшоў амаль праз усе віды лёгкай атлетыкі і адразу бачу, ці ўсё чалавек робіць правільна, ці ёсць у яго здольнасці. Ліза, канешне, не вельмі падобная на кідальніцу. Яна худзенькая, маленькая. Але я ўбачыў, што ў яе хлёсткая, кідальніцкая рука. У дзяўчат такое рэдка сустракаецца, і я зразумеў, што з ёй можна трэніраваць кіданне кап'я», — адзначае трэнер.

Перамагчы саму сябе

Лізавета Пятрэнка і Ігар Фартунаў працуюць на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 3 горада Маладзечна, якая мае добрыя медальныя традыцыі. Школа пабудавана ў 1973 годзе, таму патрабуе мадэрнізацыі, якая паступова ажыццяўляецца. Асноўныя віды спорту школы — лёгкая і цяжкая атлетыка. Для іх тут ёсць амаль усе ўмовы, акрамя адной вельмі важнай — сектара для кіданняў на вуліцы. Да Параалімпійскіх гульняў Лізавета Пятрэнка рыхтавалася ў імправізаваным сектары, падчас дажджоў даводзілася бегаць па лужах. Пасля Параалімпійскіх гульняў на гэта звярнула
ўвагу кіраўніцтва горада.

І нарэшце было вырашана мадэрнізаваць гэтую пляцоўку, зрабіць сектар для кіданняў. Плануецца пачаць гэтыя работы ў красавіку. Лізавета спадзяецца, што да чэмпіянату свету 2022 года будзе рыхтавацца дома ў сваім зручным сектары, паколькі выязных збораў у спартсменкі амаль няма.

Акрамя Лізаветы, Ігар Фартунаў трэніруе яшчэ трох спартсменаў — вопытнага Сяргея Бурдукова, Аляксандру Мялешку, якая спецыялізуецца ў бегу на 400 метраў і ў 17 гадоў займае 20-ю пазіцыю сусветнага рэйтынгу, і 15-гадовага Цімура Судака, які пакуль шукае сябе ў розных дысцыплінах дэфалімпійскага спорту. Уся група трэніруецца на базе школы № 3.

«У алімпійскім спорце мінскім трэнерам перадаюць мноства моцных спартсменаў, прызёраў і чэмпіёнаў розных спаборніцтваў. У параалімпійскім спорце знайсці чалавека, які б хацеў і мог трэніравацца, — ужо за шчасце. У нас абсалютна няма ніякай выбаркі. А спорт — гэта ж адбор. І таму нашы вынікі можна смела параўнаць з мегавынікамі ў алімпійскім спорце. Паколькі нам у параалімпійскім спорце вельмі цяжка дасягнуць высокіх вынікаў», — заўважае Ігар Анатольевіч. Таму і канкурэнцыі Лізавеце ў краіне няма.

І масажысты, і псіхолагі

Ніякія цяжкасці не перашкаджаюць спартсменцы і яе трэнеру рухацца наперад, да сваёй галоўнай мэты. Дапамагае і іх сяброўства. Для дзяўчынкі, якая рана з'ехала ад бацькоў у іншы горад, трэнер стаў добрым сябрам і апорай у дарослым спартыўным жыцці. «Спартсмен павінен быць мудрым у сваім відзе, каб усё тонка адчуваць. Мы з Лізай вучымся разам, бо ў мяне ніколі не было высокіх вынікаў у кіданні кап'я. Я ляўша, і ад гэтага ўзнікалі пэўныя складанасці ў падрыхтоўцы. І сёння мы з Лізай ідзём сваім шляхам. Мы самі сабе рэжысёры, псіхолагі, масажысты. Што маем, з тым і працуем. Але ўсе выдаткі, спадзяванні апраўдваем», — сцвярджае Ігар Фартунаў.

Меркаванне аб тым, што для параалімпіцаў спорт — больш, чым занятак, гэта цэлае жыццё, пацвярджае і Лізавета Пятрэнка: «Раней мне проста падабалася займацца спортам, а потым я пачала ўспрымаць яго як працу. І з'явілася матывацыя паляпшаць вынікі, больш працаваць. Гэтая праца дала мне зарплату, я магу адкладваць на кватэру, якую планую купіць. Спорт даў мне сяброў, маладога чалавека. Калі б не спорт, я не пабачыла б Дубай, Туніс, Токіа, Швейцарыю. Гэта, мабыць, фартуна»... А потым задумваецца і, усміхаючыся, дадае: «Ну, і Ігар Фартунаў, вядома».

Валерыя СЦЯЦКО

г. Маладзечна

Загаловак у газеце: «Мала быць проста добрым спартсменам і добрым трэнерам...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​