Вы тут

Якія «цеплавыя» праблемы хвалююць беларусаў? Высвятлялі на гарачай лініі Дзяржкантролю


Сталічнаму дому на Партызанскім праспекце ўжо 54 гады, і ў ім дагэтуль не было капрамонту. У доме ў мікрараёне Серабранка не грэюць ўбудаваныя ў сцяну батарэі, з-за чаго гэтыя месцы намакаюць, і па шпалерах ідзе цвіль. У Першамайскім раёне адзін з жыхароў зрабіў сабе сістэму «цёплая падлога», і цяпер у суседзяў недаграваюцца батарэі, а ў пакоі +16°С. Прадпрыемству «Белпчалярства», крама якога знаходзіцца ў доме на праспекце Незалежнасці, дзе маецца ўласны цеплавузел, увогуле адключылі ацяпленне, бо грошы за паслугу чамусьці не былі пералічаны ў цеплазабяспечвальную арганізацыю. Гэта толькі некалькі прыкладаў праблем, з якімі звярталіся беларусы на гарачую лінію Камітэта дзяржкантролю па тэме «Якасць аказання паслуг цеплазабеспячэння ў Мінску».


Перадізаляваныя і стальныя

Даць жыхарам магчымасць выказацца, што яны думаюць пра паслугі цеплазабеспячэння, прадстаўнікі Камітэта Дзяржкантролю вырашылі ў межах праверкі стану спраў у рабоце сістэмы цеплазабеспячэння Мінска і найбуйнейшага камунальнага прадпрыемства ў сферы цеплаэнергетыкі — «Мінсккамунцепласетка».

— У асноўным людзі скардзіліся на тое, што ім холадна або ва ўсёй кватэры, або толькі ў адным з пакояў, дзе не грэюць батарэі. Некаторыя адзначалі, што ў доме, наадварот, надта горача, тэмпература больш за 30°С, што таксама нязручна, — заўважыў Віктар ЯКАЎЛЕЎ, начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі галоўнага ўпраўлення кантролю па Мінску Камітэта дзяржкантролю.

У Камітэте дзяржкантролю найперш звярнулі ўвагу на стан цеплатрас, каля 60 % з якіх на дадзены момант уладкаваны перадізаляванымі трубамі, якія вызначаюцца задавальняльным станам цеплаізаляцыі і маюць невялікія цепластраты. Зношанасць такіх труб — каля 20 %. Асноўная праблема — са стальнымі трубамі, якіх у сталіцы звыш як 550 кіламетраў. Менавіта ў гэтых месцах падчас транспарціроўкі губляецца найбольшая колькасць цяпла, бо зношанасць такіх труб — больш як 70 %.

— Перад кіраўніцтвам горада і арганізацыямі ЖКГ стаіць задача, каб страты былі не вышэйшыя за 5 %. Аднак, як мы пабачылі падчас кантрольных мерапрыемстваў, гэтае даручэнне выконваецца не паўсюль. На розных участках страты цяпер складаюць ад 4 % да 12 % і больш. Камунальнікам трэба прымаць больш актыўныя меры па мадэрнізацыі трубаправоднага парка.

Сабекошт і тэрміны паслуг

Прадпрыемства «Мінсккамунцепласетка» абслугоўвае больш як 4600 абанентаў і больш як 1300 кіламетраў камунікацый. Каля 85 % з гэтай колькасці — аб'екты сацыяльнай сферы. Штогод у сталіцы павінна мяняцца каля 4 % зношаных участкаў цепласетак, а гэта каля 54 кіламетраў. Прычым справа гэта не танная — замена аднаго кіламетра абыходзіцца ў 300—400 тысяч рублёў.

Замена цеплатрас не заўжды рытмічная. Летам выконваецца 30—40 % ад даведзенага задання, а многія работы выконваюцца ўвосень і зімою, што выклікае абгрунтаваныя нараканні жыхароў. Яно і зразумела, бо рамонтныя работы суправаджаюцца адключэннем цеплазабеспячэння. Акрамя таго, вялікая ўвага падчас кантрольных мерапрыемстваў Камітэта дзяржкантролю аддаецца таксама аптымізацыі сабекошту цеплаэнергіі, паведаміў начальнік упраўлення:

— Мы бачым, што і сабекошт розны, і тарыфы для юрыдычных асоб не заўжды аднолькавыя, што выклікае пытанні ў абанентаў. Не заўжды страты, што нясуць арганізацыі ЖКГ, абгрунтаваныя. Існуе праблема пасрэдніцтва, бо многія работы выконваюцца падраднымі і субпадраднымі арганізацыямі. Па завышаных цэнах часта набываюцца і матэрыялы. У выніку зацягваюцца тэрміны выканання работ, расце іх кошт.

Па аператыўнай інфармацыі Мінсккамунцепласеткі, 3 лістапада, напрыклад, праводзіліся работы на чатырох участках сталіцы: тры ў Маскоўскім раёне і адзін — у Заводскім. Здаецца, сухая статыстыка — чатыры кропкі з рамонтам, а на справе гэта 53 жылыя дамы, чатыры дзіцячыя садкі, адна школа і буйная крама, якія былі адключаны ад цеплазабеспячэння на працягу дня. Камунальнікам неабходна так наладжваць працу, каб на халодную пару прыходзіўся мінімальны аб'ём работ, лічыць Віктар Якаўлеў.

Імгненныя адказы, адпіскі, выезды на месца...

Некаторыя пытанні, з якімі звярнуліся жыхары сталіцы, вырашыліся на месцы. У прыватнасці, гэта датычылася тэрмінаў завяршэння выканання рамонтных работ або тлумачэнняў, чаму раптоўна адключылі цяпло праз аварыйныя здарэнні.

— Інжынерная сістэма сама па сабе няпростая. Па ўсіх пытаннях мы выедзем на месца і ліквідуем праблемы ў самыя кароткія тэрміны, — паабяцаў Вячаслаў БАТУРА, намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыі жылфонду і вытворчых пытаннях Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі, які таксама прысутнічаў на гарачай лініі.

Да некаторых зваротаў трэба ставіцца крытычна, упэўнены спецыялісты. Здараецца, жыхары прыязджаюць у кватэру толькі на выхадныя, і калі ў гэты дзень ім падалося, што ў жыллі холадна, паступае скарга, што няма ацяплення ўжо цэлы месяц.

— Пакуль не выедзеш на месца, нельга казаць, працуе ацяпленне ці не. Амаль усе дамы аснашчаны сістэмай аўтаматычнага рэгулявання, і ў сонечнае цёплае надвор'е, калі батарэі знаходзяцца ў рэжыме прапальвання, як цяпер, мала хто з жыхароў здольны навобмацак вызначыць, што батарэя грэецца. Яна здаецца ім халоднай, — заўважыў намеснік гендырэктара. — Трэба глядзець, як адбываецца разбор цяпла на месцы. Гэтаксама як і высвятляць, чаму не грэюць батарэі ў асобных пакоях. Акрамя таго, што працуе адзіная дыспетчарская служба 115, можна звярнуцца з пытаннямі і ў раённыя ЖЭСы, службы ЖКГ, а таксама напрамую ў аварыйную службу.

Званілі жыхары і наконт высокага налічэння кошту за паслугі, якія аказвалі работнікі жыллёва-камунальнай службы, і наконт зламаных дзвярэй у пад'ездзе. Адны прасілі ўцяпліць дом, бо ў ім холадна, другія скардзіліся на неабходнасць адрэгуляваць сістэму падачы цяпла, бо ў кватэры горача.

Усе звароты на гарачую лінію былі зафіксаваны, і ў Дзяржкантролі паабяцалі, што кожнае пытанне будзе накіравана ў адпаведныя ведамствы для разгляду і рэагавання. Многія праблемы сапраўды чамусьці нельга вырашыць праз службу 115, бо заяўкі часта атрымліваюць статус «выканана» пасля тлумачэнняў уласніку яго пытанняў па тэлефоне, без праверкі факта яго скаргі на месцы. А цеплавыя абследаванні пакояў наконт холаду ў іх чамусьці часта робяцца не ў маразы, а вясной, калі тэмпература ўжо дасягае 18°С, што з'яўляецца нормай.

На многія звароты ад ведамстваў часта прыходзяць простыя адпіскі пра немагчымасць праверкі, і такая сітуацыя цягнецца гадамі, ад аднаго ацяпляльнага сезона да наступнага. А праблема немагчымасці стварыць аднолькава камфортныя тэмпературныя ўмовы для жыхароў тарцовых кватэр і тых, што знаходзяцца ў сярэдзіне, пакуль не будзе зроблена пакватэрная рэгуліроўка цяпла, вырашыцца, напэўна, толькі калі завершацца ўсе работы па мадэрнізацыі жылля ў краіне...

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У аднаго — 16°С, у другога — 30

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».