Вы тут

Спарткомплексы, помнікі, дарогі. Што адкрылі да 7 лістапада ў рэгіёнах?


Спарткомплексы і дыягнастычны кабінет

У Прыдзвінскім краі напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі здалі ў эксплуатацыю некалькі аб'ектаў для заняткаў фізкультурай і спортам, а ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы запрацаваў кабінет камп'ютарнай тамаграфіі.


Медыкаў павіншавалі з наступаючым святам намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін і начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі. Кошт новага кабінета з абсталяваннем — каля двух мільёнаў рублёў. Цяпер у медыцынскай установе два кабінеты для такіх даследаванняў. Адзін вырашылі перавесці на кругласутачны рэжым працы. У вобласці 15 камп'ютарных тамографаў, хутка стане больш, бо апарат запрацуе ў Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

У Дуброўне пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі адкрылі стадыён СШ № 1.

А ў аграрным гарадку Бабінічы Аршанскага раёна, дзе жыве прыблізна 4,5 тысячы чалавек, пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрылі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэта адзін з аб'ектаў сацыяльнага прызначэння, якія атрымліваюць мадэрнізацыю ў рамках Праграмы развіцця Аршанскага раёна да 2023 года. Кошт пытання — каля 9 мільёнаў рублёў.

У цырымоніі адкрыцця ФАК у глыбінцы браў удзел Уладзімір Андрэйчанка, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі. Ён нагадаў, што па ініцыятыве Прэзідэнта за некалькі гадоў у Аршаншчыне зроблена многае, каб тут былі належныя ўмовы для пражывання, ствараюцца новыя працоўныя месцы, дзе можна добра зарабляць, мадэрнізуюцца і аб'екты сацыяльнага прызначэння. Комплекс — добрае таму пацвярджэнне.

А Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама, які таксама стаў ганаровым госцем на свяце, разлічвае, што яго малая радзіма — Аршанскі раён — можа стаць спартыўнай кузняй, бо тут ствараюцца шматфункцыянальныя спартыўныя комплексы, укладваюцца сродкі ў стадыёны і іншыя фізкультурныя аб'екты. Абноўлены, дарэчы, і былы стадыён Аршанскага льнокамбіната.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Стары замак, «Тэхнапарк» і помнік генералу-земляку

Самай значнай падзеяй у Гродне стала адкрыццё музейнай экспазіцыі ў Старым замку, дзе зараз вядзецца вельмі маштабная рэканструкцыя. Пакуль работы праведзены па першай чарзе будаўніцтва, наперадзе — яшчэ дзве. Але і зараз відаць, як замак аднавіўся. З'явіліся новыя вежы, галерэя, адноўлена крапасная сцяна ўздоўж схілу. Замак відавочна набыў рысы прыгожага будынка часоў Стэфана Баторыя, які зрабіў яго сваёй рэзідэнцыяй. Аб гісторыі забудовы і падзеях, якія адбываліся тут у старажытнасці, якраз і раскажа новая экспазіцыя.

У Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго значнага аб'екта — другой чаргі навукова-тэхналагічнага парка ГрГУ імя Я. Купалы. У будынку, плошча якога складае 6,5 тысячы кв. м, размесцяцца вытворчыя і офісныя памяшканні, канферэнц-зала, каворкінг-цэнтр, зала для выставак. Большая частка плошчы ўжо зарэзарваваная будучымі рэзідэнтамі. Мяркуецца, што тут будуць праходзіць выстаўкі інавацыйнай прадукцыі.

У Ваўкавыску адбылося адкрыццё Цэнтра вольнага часу і творчасці для людзей з інваліднасцю працаздольнага ўзросту.

Да 7 лістапада прымеркавана адкрыццё помніка славутаму земляку, ваеннаму дзеячу, генералу арміі Аляксею Антонаву. Яго бюст устаноўлены насупраць школы, якая носіць імя героя, каля воінскіх могілак. Падзея прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння ўраджэнца Гродна, які ўнёс вялікі ўклад у перамогу над фашызмам, прымаў удзел у распрацоўцы ўсіх значных аперацый Вялікай Аўчыннай вайны.

А жыхароў Дзятлава чакае наваселле. Тут здадзены ў эксплуатацыю жылы дом на 72 кватэры. У Гродзенскім раёне да 7 лістапада завяршылі аднаўленне дарогі працягласцю 1300 метраў. Для жыхароў вёскі гэта доўгачаканая падзея.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Дарога, інтэрнат і садок

На Міншчыне пасля рэканструкцыі адкрыўся ўчастак аўтадарогі Р23 Мінск — Мікашэвічы працягласцю 15 кіламетраў. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Адкрыццё адбылося на 110 кіламетры магістралі. Участак злучыць два раёны — Слуцкі і Салігорскі.

Работы па рэканструкцыі адрэзка шашы пачаліся ў чэрвені мінулага года і закончыліся ў максімальна сціслыя тэрміны.

Наогул, рэканструкцыя аўтадарогі Р23 Мінск — Мікашэвічы стартавала ў 2014 годзе. У 2018-м быў уведзены ў эксплуатацыю адрэзак шашы да Слуцка з боку сталіцы. Тады было прынята рашэнне прадоўжыць рэканструкцыю ўчастка да Салігорска. У планах — рэканструкцыя чатырохпалоснай магістралі Р23 па параметрах першай катэгорыі да Старобіна. Работы мяркуецца завяршыць да 2023 года. Праект ужо распрацоўваецца.

На рэканструкцыю аўтатрасы ад Слука да Салігорска затрачана 78 мільёнаў рублёў.

Акрамя таго, цэнтральны рэгіён прымеркаваў да 7 лістапада адкрыццё інтэрната для ваеннаслужачых у Мар'інай Горцы і дзіцячага садка-школы — у Маладзечне.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Спартыўны комплекс, ферма, заводскі цэх

У Іванаўскім раёне ўрачыста адкрылі новы спарткомплекс «Імпульс». Комплекс уключае ў сябе гульнявую залу, басейн для аздараўленчага плавання дарослых, басейн для навучання плаванню дзяцей, залу для падрыхтоўчых заняткаў, лазневы комплекс з фінскай саўнай і турэцкай лазняй, басейнам і пакоем адпачынку. Таксама ёсць падсобныя і адміністратыўныя памяшканні.

На першым паверсе будынка размешчаны гардэроб, зала-фае. Тут жа будзе абсталявана месца для выязнога гандлю. З першага паверха можна прайсці ў спартыўную залу, якая прадугледжана для гульнявых відаў спорту (баскетбол, валейбол, міні-футбол, тэніс).

На другім паверсе размешчаны два басейны, абсталяваныя сістэмай водападрыхтоўкі і водаачысткі. Акрамя таго, на другім паверсе ёсць зала для падрыхтоўчых заняткаў перад плаваннем. Аб'ект абышоўся бюджэту ў 11 мільёнаў 830 тысяч рублёў. На новы спарткомплекс працаўладкавана 44 чалавекі.

На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА адзначыў:

— Адчыніў дзверы вельмі важны аб'ект для здаровага ладу жыцця насельніцтва раёна. Гэты комплекс з басейнам — 13-я па ліку ў вобласці ўстанова такога роду, спадзяёмся, што тут будзе ва ўсім шанцаваць і супрацоўнікам, і наведвальнікам, — заўважыў губернатар і падарыў установе сертыфікат на набыццё неабходнага абсталявання.

У гэты ж дзень на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе пасля мадэрнізацыі адкрылі ліцейную вытворчасць, а ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна перарэзалі сімвалічную стужку на новай малочна-таварнай ферме на 600 галоў буйной рагатай жывёлы.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Станцыі абезжалезвання і наваселле для суда

Інклюзіўны і функцыянальны — такім атрымаўся новы суд у Навабеліцкім раёне Гомеля. Ідэя пабудаваць для раённай установы асобны будынак узнікла 20 гадоў таму. Увесь гэты час суд размяшчаўся на першым паверсе жылога дома — не было зручных памяшканняў, якія адпавядалі б сучасным патрабаванням. Незадаволеныя былі не толькі мясцовыя жыхары, але і самі суддзі.

Новы трохпавярховы будынак размясціўся ў новым мікрараёне Навабеліцы на вуліцы Белага. Функцыянальна ён падзелены на тры зоны: грамадскую, службовую, з доступам толькі для суддзяў і супрацоўнікаў, а таксама канвойную, для асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Цяпер суд Навабеліцкага раёна Гомеля — уладальнік самай вялікай у вобласці залы судовых пасяджэнняў, яна разлічана на 60 месцаў. У новым будынку максімум увагі ўдзялілі сацыяльным стандартам і безбар'ернаму асяроддзю.

У цырымоніі адкрыцця новага аб'екта бралі ўдзел першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук і старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей.

Між тым напярэдадні кіраўніцтва рэгіёна сустракалі на наваселлі яшчэ аднаго сацыяльна значнага аб'екта ў Лельчыцах. Дзякуючы падтрымцы абласных улад у райцэнтры адкрылася пасля маштабнай рэканструкцыі станцыя абезжалезвання. Якаснай пітной вадой цяпер забяспечана звыш 12 тысяч жыхароў Лельчыцаў.

Новая станцыя абезжалезвання напярэдадні свята была адкрыта і ў Веткаўскім раёне — цяпер 17-я з пачатку бягучага года на Гомельшчыне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

Грамадства

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар.

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.