Вы тут

Раім схадзіць


Музей кіно адзначыць 200-годдзе з дня нараджэння Фёдара Дастаеўскага, выстава «"Боская камедыя" Дантэ», выстава жывапісу і графікі «Мембрана», Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень», «Хадзячы замак»: знакамітае анімэ Хаяо Міядзакі, выставачны праект «Музей ёлачных цацак», Міжнародная выстава сучаснага мастацтва тэкстылю і мікс-медыя «Here, There and Everywhere» («Тут, там і паўсюль»), выставачны праект «Прамяні святла. Лёс жанчыны ў гады Халакоста»​​ і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


Музей кіно адзначыць 200-годдзе з дня нараджэння Фёдара Дастаеўскага

kinopoisk.ru

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: першая праграма  3–19 лістапада, дургая 1–24 снежня

Рэтраспектыва, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння класіка рускай і сусветнай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, пройдзе ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Гледачам прадставяць 14 экранізацый твораў пісьменніка, знятых у розных краінах.


Прэзентацыя перасоўнай выставы «„Благодаря божественному Пушкину“. Как создавался роман „Анна Каренина“»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, вул. М.Багдановіча, 13

Калі: 10 лістапада

Колькі: бясплатна

10 лістапада 2021 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыя перасоўнай выставы «”Благодаря божественному Пушкину”. Как создавался роман “Анна Каренина”», міжнароднага выставачнага праекта сумесна з Дзяржаўным музеем Л.М.Талстога (Масква, Расійская Федэрацыя).

Раман «Ганна Карэніна» вось ужо 145 гадоў з'яўляецца самым папулярным творам Л.М. Талстога ва ўсім свеце. Раман аб сям'і, аб каханні, аб абавязку і сумленні, які не губляе актуальнасці і сёння.

Вывучаючы гісторыю працы Талстога над раманам «Ганна Карэніна», пачынаючы з першага імпульсу, атрыманага ад Пушкіна, і, заканчваючы фінальнай шліфоўкай тэксту перад друкам, можна распазнаць аўтарскую тэхналогію пабудовы рамана. Тэхналогія гэтая вельмі падобная на тую, якую зараз выкладаюць рэжысёрам. Кожная сцэна, абмаляваная спачатку па-чорнаму, потым выпісваецца дэталёва, з розных пунктаў гледжання. Кажучы кінамовай, да адной камеры агульнага плана Талстой дадае ракурсы, буйныя, сярэднія планы і тым самым робіць для нас карціну жыцця аб'ёмнай.

На выставе будуць прадстаўлены арыгінальныя прыжыццёвыя выданні, а таксама пераклады вядомых твораў Л.М. Талстога на беларускую мову і копіевыя ілюстрацыі да рамана «Ганна Карэніна», а таксама кадры з экранізацый гэтага твора.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, навукоўцы, акцёры, музейшчыкі.


Выстава «"Боская камедыя" Дантэ»

Дзе: Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: да 16 студзеня

Колькі: бясплатна па чытацкаму білету або білеце сацыякультурнага цэнтра

4 лістапада ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава «Боская камедыя «Дантэ», прымеркаваная да 700-годдзя сусветнага паэтычнага шэдэўра Дантэ Аліг’еры.

«La commedia» (1307–1321), вядомая нам як «Боская камедыя» — манументальны эпічны твор, сапраўдная паэтычная энцыклапедыя навуковых, палітычных, філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі ранняга Адраджэння. Менавіта гэты твор Дантэ стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці.

На выставе таксама будзе прадстаўлены арыгінал аднаго з першых і найлепшых ілюстраваных выданняў твора, які выйшаў у родным горадзе паэта — у Фларэнцыі ў 1481 годзе. Гравюры для выдання створаны па творах вядомым італьянскім мастаком эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі.

Можна будзе ўбачыць шэдэўр кніжнай графікі XIX стагоддзя — цыкл гравюр вядомага французскага майстра Гюстава Доры да першай часткі паэмы «Пекла» (1861), а таксама іншыя прыклады мастацкай інтэрпрэтацыі несмяротнага твора.

Рэжым працы: аўторак, серада, пятніца з 10: 30 да 19: 00. Чацвер, субота, нядзеля з 10: 00 да 18: 00. Панядзелак — выхадны.


Выстава жывапісу і графікі «Мембрана»

Дзе: Высокае месца, г. Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: 10 лістапада — 5 снежня

Колькі: 4 BYN — для дарослых; 3 BYN — для студэнтаў; 2,5 BYN — для школьнікаў.

10 лістапада ў 18: 00 у Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу і графікі «Мембрана» Андрэя і Марыі Карпянковых, Аксаны Чутцавай, Дзмітрыя Чарамных.

Выстава жывапісу і графікі «Мембрана» — гэта разважанне аб сутнасці чалавека і яго навакольнай прасторы. Паняцце «мембрана», якое натхніла аўтараў на фарміраванне экспазіцыі, мае некалькі дэфініцый.

Мембрана — гэта ахоўны элемент, які транспартуе толькі пэўныя рэчы, абараняючы матэрыял ад негатыўных фактараў. З такой пазіцыі ў мастацкіх творах разглядаецца чалавек, які выбудоўвае сваю «оптыку» для разумення сусвету і сваёй аўтэнтычнасці.

На выставе жывапісу і графікі «Мембрана» прадстаўлена больш за 50 твораў чатырох мастакоў аднаго пакалення, якіх аб’ядноўваюць сяброўскія сувязі і агульны светапогляд.

Час працы: серада-панядзелак, 11:00—19:00


Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень»

Дзе: Белдзяржфілармонія, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 50

Калі: 11 лістапада

Колькі: 10–14 BYN

11 лістапада Белдзяржфілармонія пачынае Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень», які сёлета пройдзе ў сорак сёмы раз.

Адкрые фестываль праграма Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра (галоўны дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў) з цыкла канцэртаў «Класіка для ўсіх». Пад кіраваннем Юрыя Караваева прагучаць Чацвёртая («Італьянская») сімфонія Мендэльсона-Бартольдзі, сюіта з балета «Пульчынэла» Стравінскага і Рапсодыя на тэму Паганіні Рахманінава.

У праграме:

Ф. Мендэльсон — Сімфонія № 4 Ля мажор «Італьянская», ор. 90
І. Стравінскі — Сюіта з балета «Пульчынэла»
С. Рахманінаў — «Рапсодыя на тэму Паганіні» для фартэпіяна з аркестрам, ор.43


«Хадзячы замак»: знакамітае анімэ Хаяо Міядзакі

Дзе: кінатэатр «Цэнтральны», пр-т Незалежнасці, 13

Калі: 11–17 лістапада

Колькі: ад 6 BYN

З 11 лістапада анімэ «Хадзячы замак» Хаяо Міядзакі зноў вяртаецца на вялікія экраны.

«Хадзячы замак» Хаяо Міядзак — шэдэўр легендарнай японскай студыі Ghibli. Сотні людзей працавалі над тым, каб гэты фільм атрымаўся такім, якім мы яго ведаем, — выдатным.

Менавіта «Хадзячы замак» 15 гадоў таму стаў першым анімацыйным фільмам, які калі-небудзь адкрываў Венецыянскі кінафестываль, дзе да таго ж атрымаў «Залатую Азелу».

«Хадзячы замак» заснаваны на рамане Дзіяны Уінн Джонс аб дзяўчынцы, якую вядзьмарствам ператвараюць у старую, пасля чаго тая трапляе ў велізарны перасоўны замак напышлівага чараўніка Хаула.


Выставачны праект «Музей ёлачных цацак»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей РБ, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 23 студзеня

Колькі: дарослым — 10 BYN; пенсіянеры, школьнікі, дзеці з 5 гадоў — 8 BYN; дзеці да 5 гадоў — бясплатна

У прадчуванні навагодніх святаў і зімовага чараўніцтва з 29 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак».

Выстава — частка найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак. Кожны год «Музей» абнаўляе свае фонды, што дазваляе наведваць выставу як у першы раз. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены навагоднія дэкарацыі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі.

Наведвальнікі музея змогуць даведацца ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у Беларусі спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгожванняў (кошт — 10 руб.), і не толькі.

Самыя маленькія госці выставы змогуць убачыць інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок. У рамках праекта будзе працаваць фірменны магазін фабрыкі «ГРАЙ», дзе ўсе жадаючыя змогуць набыць святочную прадукцыю па фабрычных цэнах.

Музей працуе штодня з 11: 00 да 19: 00.


Міжнародная выстава сучаснага мастацтва тэкстылю і мікс-медыя «Here, There and Everywhere» («Тут, там і паўсюль»)

Дзе: Галерэя Шчамялёва, Мінск, ул. Рэвалюцыйная, 10

Калі: да 28 лістапада

Колькі: 5 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам

27 кастрычніка ў 18:00 у Гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Д. Шчамялёва адбудзецца адкрыццё Міжнароднай выставы сучаснага мастацтва тэкстылю і мікс-медыя «Here, There and Everywhere» («Тут, там і паўсюль»). Яна дэманструе актуальную карціну сучаснага развіцця мастацтва тэкстылю з розных куткоў Зямлі.

Экспазіцыя транслюе новы погляд на старадаўнія традыцыі мастацтва тэкстылю, яго пераасэнсаванне ў іншых кірунках мастацтва і мікс-медыя (змешаных тэхніках). З другой паловы XX стагоддзя і па сапраўдны момант ва ўсім свеце назіраецца ўсё большы сыход ад прыкладнога значэння тэкстылю ў прастору самастойнага канцэптуальнага мастацтва, якое часта нясе міждысцыплінарны характар.

У пачатку XXI стагоддзя тэкстыльныя творы з’яўляюцца мастацкімі выставачнымі аб’ектамі глыбокага інтэлектуальнага і эмацыйнага зместу. У цяперашні час межы тэкстылю як мастацтва размываюцца і пераходзяць у асаблівую форму тэкстыльнага мыслення. На выставе прадстаўлена больш за 100 твораў пяці мастакоў — Судэ Дадрас (Іран / ЗША), Мануэля Вандла (Аўстрыя), Стэфана «Secretspaces» (Германія), Рахула Шарма (Індыя / Нідэрланды) і Хрысціны Высоцкай (Беларусь).

Усе аўтары — даследчыкі і эксперыментатары, свабодныя мастакі і выкладчыкі творчых універсітэтаў, сябры шматлікіх мастацкіх аб’яднанняў. У сваіх творах майстры злучаюць самыя розныя ідэйна-сэнсавыя і фармальна-пластычныя падыходы. Кожны па-свойму даследуе магчымасці тэкстылю не толькі ў рамках тэхнікі і матэрыялу, але і як асаблівую філасофію і светапогляд.

Міжнародная выстава сучаснага мастацтва тэкстылю і мікс-медыя «Here, There and Everywhere» паказвае, наколькі розным і шматпланавым можа быць сучаснае мастацтва тэкстылю. Кожны мастак ставіць перад сабой творчыя пытанні, задачы і вырашае іх самымі нечаканымі тэкстыльнымі і іншымі сродкамі.

Мэта выставы — паказаць унікальнае бачанне мастацтва тэкстылю, непаўторны стыль і дух творчасці кожнага аўтара. У рамках выставы адбудуцца экскурсіі і творчыя сустрэчы з удзельнікамі праекта. Аўтар ідэі і куратар выставы Хрысціна Высоцкая.

Выстава працуе: серада — нядзеля, 11:00—19:00


Выставачны праект «Прамяні святла. Лёс жанчыны ў гады Халакоста»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей РБ, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 1 снежня

Колькі: дарослым — 8 BYN; студэнтам — 6 BYN; школьнікам — 4 BYN

10 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі пачне працу выставачны праект «Прамяні святла. Лёс жанчыны ў гады Халакоста».

Фотавыстава падрыхтавана Мемарыяльным комплексам гісторыі Халакоста Яд Вашэм у рамках супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з ізраільскім культурным цэнтрам «Натыў» пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.

Выстава паказвае лёс яўрэйскіх жанчын ў гады Халакосту, іх выбар, душэўную стойкасць, супраціў злу і жорсткасці, з якімі давялося сутыкнуцца. На ёй будуць прадстаўлены дзевяць тэматычных блокаў, звязаных з нястачамі жыцця жанчын у гады Халакосту: каханне, мацярынства, аказанне дапамогі бліжнім, захаванне жаноцкасці, супраціў і выратаванне, сяброўства, вера, клопат пра харчаванне, творчасць.

Кожны тэматычны блок дэманструе маштаб жахлівай трагедыі Халакоста, а таксама апавядае пра промні дабра, надзеі і святла, якія шукалі і знаходзілі ў сабе яўрэйскія жанчыны ва ўмовах, якія супярэчаць уяўленням аб чалавечнасці.

Час працы: штодня з 11: 00 да 19: 00


Выстава «Зваротная сувязь»

Дзе: г. Мінск, вул. Пятра Мсціслаўца, 11

Калі: да 11 лістапада

Мастацкая галерэя «АртХаос» расцвіла яркімі фарбамі і шматлікімі кветкамі. Днямі тут адкрылася выстаўка мастака віцебскай школы Міхаіла Ляўковіча, які працуе ў жанры лірычнага абстракцыянізму. Назва выстаўкі «Зваротная сувязь» нібы запрашае кожнага бліжэй пазнаёміцца з яркімі, каляровымі і для кожнага асаблівымі карцінамі. 

«Мне вельмі прыемна мець зносіны з Міхаілам Васільевічам і вельмі люблю і паважаю яго як чалавека. Я вельмі цёпла стаўлюся да яго мастацтва. Калі ведаеш чалавека, гледзячы на яго палотны, разумееш, што менавіта гэта і ў гэтых палотнах ўся глыбіня яго натуры. Калі чытаеш назвы, глядзіш на працу, разумееш, што тая самая зваротная сувязь прысутнічае, таму што ты пачынаеш размаўляць з мастаком. Гэтыя карціны напоўнены і душой, і святлом», — заўважыла дырэктар галерэі «АртХаос» Лілія Лукашэнка. 

Завочна пазнаёміцца з мастаком і лепей зразумець яго ўнутраны свет і творчасць, ці інакш кажучы, атрымаць зваротную сувязь, можна прачытаўшы матэрыял «Звязды».

«Гэта можа 45-я ці 46-я выстава, цяжка сказаць. Але справа не ў гэтым. Творчасць — гэта опіум, гэта любоў, ты растворышся ў гэтым і цалкам аддаешся эмоцыям. Чаму ўзнікла назва „Зваротная сувязь“. Я глыбока перакананы, што мы ўсе тварэння Божыя або тварэння космасу, надзелены асаблівымі ўласцівасцямі пазнаваць гэты свет, захапляцца гэтым светам. А роля мастака заключаецца ў тым, каб перакладаючы на выяўленчую мову, паказваць усе захапленні. Я па натуры лірык і я стараюся перажываць усё тое, што я бачу», — падзяліўся сам Міхаіл Ляўковіч.

Абстрактны жывапіс часам можа здацца няпростым і незразумелым. «Звязда» паклапацілася пра гэта. Папоўніць свае веды аб абстрактным жывапісе і вывучыць творчасць Міхаіла Ляўковіча можна на віртуальным майстар-класе. А пасля — абавязкова ўжывую глядзець на карціны творцы. 

Выстава «Зваротная сувязь» Міхаіла Ляўковіча працуе па адрасе г.Мінск, вул. Пятра Мсціслаўца 11 да 11 лістапада. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ


Выстава «Паралельныя сусветы»

Дзе: Галерэя мастацтваў «Прадмесце», г, Мінск, Інтэрнацыянальная, 25а

Калі: да 14 лістапада 

Колькі каштуе: 5 BYN 

З 22 кастрычніка ў галерэі мастацтваў «Прадмесце» адкрываецца выстава работ мастака Рыгора Скрыпнічэнкі «Паралельныя сусветы».

Рыгор Скрыпнічэнка — вядомы беларускі жывапісец, майстар сюррэалістычнага жанру, дзіўны мастак са сваім асаблівым бачаннем свету.

Аўтар унікальны тым, што адначасова з рэалістычнымі краявідамі ён пісаў і сюррэалістычныя працы са смелымі сюжэтамі, дзіўнымі персанажамі і скажонай рэчаіснасцю. На першы погляд пачварнае і страшнае, але ў той жа час бяскрыўднае і дзесьці нават іранічна-смешнае, не зусім зразумелае, але падахвочвае да фантазій і разваг.

Выстава «Паралельныя сусветы» раскрые гэтыя дзве зусім непадобныя адзін на аднаго сусветы майстра і пагрузіць гледача ў фантастычную атмасферу.

Час працы:

  • аўторак-пятніца, 11: 00–19: 00
  • субота-нядзеля, 11: 00–18: 00
  • панядзелак — выхадны

Выстава «Hand drawings. Архітэктура з Нью-Ёрка ў Мінску»

Дзе: Галерэя Шчамялёва, г. Мінск, Рэвалюцыйная, 10

Калі: да 14 лістапада

Колькі каштуе: 5 BYN — дарослыя, 3 BYN — студэнты; 2,5 BYN — школьнікі

13 кастрычніка ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Д. Шчамялёва адкрылася персанальная выстава амерыканскага архітэктара, дызайнера Ількера Каджахана «Hand drawings. Архітэктура з Нью-Ёрка ў Мінску».

На выставе прадстаўлена больш за 50 работ Ількера Каджахана ў галіне архітэктурнага канцэптуальнага дызайну, інтэр’еру і экстэр’ера, а таксама мастацкай акварэлі, якія вылучаюцца дбайнай прадуманасцю і дакладнасцю дэталяў. Ількер Каджахан не выкарыстоўвае камп’ютарныя тэхналогіі, усё малюе ад рукі, што робіць унікальным кожны яго праект.

Ількер Каджахан нарадзіўся і вырас у Турцыі. Скончыў факультэт прыгожых мастацтваў універсітэта Мармара ў Стамбуле па спецыяльнасці прамысловы дызайн. Свой прафесійны шлях пачаў у 1985 годзе з дызайну інтэр’еру метро Стамбула.

У 2001 годзе мастак пераязджае ў Амерыку, дзе на працягу многіх гадоў выконвае Фасадныя праекты і інтэр’еры жылых дамоў, збудаванняў рознага прызначэння для Вашынгтона і архітэктурны дызайн круізнага лайнера, праектаванне марскіх інтэр’ераў, дызайн хмарачосаў, вышынных жылых дамоў і гатэляў для Нью-Ёрка.

Дзякуючы мастацкаму таленту і высокаму прафесійнаму майстэрству, за плячыма аўтара шматгадовае супрацоўніцтва з вядомымі амерыканскімі кампаніямі Architects Collaborative, Inc; Davis Carter Scott, Ltd; Rocks Engineering Co, Inc; і інш. Ількер Каджахан не спыняе пакараць сваім майстэрствам і прафесіяналізмам розныя краіны.

У 2018 годзе мастак прыехаў у Беларусь дзяліцца сваімі сакрэтамі майстэрства з будучымі і ўжо практыкуючымі дызайнерамі і архітэктарамі.

Час працы: серада-панядзелак, 11:00—19:00


«Фестываль Робатаў»

 

Дзе: БЦ «Акіян», г. Мінск, пр-т Дзяржынскага, 3Б

Калі: да 14 лістапада

Колькі каштуе: ад 21 BYN

У Мінску 10 верасня адкрыецца музей новага пакалення «Фестываль робатаў». У музеі можна пазнаёміцца з 85 робатамі з усяго свету. Гэта апошнія мадэлі робатаў з выстаў у Лас-Вегасе, Пекіне, Берліне, Мілане і Токіа.

Наведвальнікі таксама ўбачаць чатыры тэхнапрадстаўленні, якія праходзяць кожныя 30 хвілін, і пратэстуюць найноўшыя тэхналогіі віртуальнай рэальнасці. Многія робаты паказваюцца ў Беларусі ўпершыню.

Самыя прыкметныя экспанаты «Фестывалю Робатаў» вядомыя па папулярных роліках на YouTube. Захапіцеся роба-сабакам са знакамітых ролікаў на YouTube, ён і сапраўды ўстае на заднія лапкі і робіць пераварот.

Наведвальнікі фестывалю пазнаёмяцца з робатамі, якія гатовыя выконваць усю працу па доме: вымыюць да бляску вокны і люстэркі, падкажуць рэцэпт смачнага пірага і нават пагуляюць з дзецьмі. Робатаў вельмі шмат. На знаёмства з новым музеем варта планаваць не менш за дзве гадзіны.

Госці «Фестывалю» здзівяцца робаакрабатыцы і танцавальным трукам у першым у свеце цырку робатаў: неадушаўлёныя істоты ўстаюць на галаву і дэманструюць цуды эквілібрыстыкі. Стануць сведкамі ўдару маланкі ў чалавека. Наведаюць ўяўленне лятучых пікселяў. У рамках фестывалю таксама можна будзе зрабіць фатаграфіі ў 3D-фармаце з тэхналогіяй, якая можа «спыніць» час і захапіць трохмерны «жывы» малюнак, або стаць галоўным героем міні-фільма па галівудскім сюжэце. У якасці сувеніра фота і відэа адправіцца наведвальнікам па электроннай пошце.

«Фестываль Робатаў» ужо здзівіў жыхароў Мілана, Прагі, Таліна, Афін, Санкт-Пецярбурга і іншых сусветных сталіц. Цяпер чарга Мінска. Музей працуе з захаваннем усіх неабходных нормаў і патрабаванняў абароны наведвальнікаў ад каранавирусной інфекцыі.

Час працы: кожны дзень, 10:00—21:00.


Выстава «Мода. Музыка. Маладосць»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 14 лістапада

Колькі каштуе: 5 BYN — дарослыя, 4 BYN — студэнты, пенсіянеры; 2,5 BYN — школьнікі

У межах выстаўкі запланаваны сустрэчы з асобамі, якія могуць распавесці больш пра прызабытую гісторыю нефармальнага Мінска. На адну з такіх сустрэч завітаў член Беларускага саюза дызайнераў, рэстаўратар, калекцыянер, куратар многіх выставачных праектаў Ігар Сурмачэўскі. Дарэчы, на выстаўцы можна ўбачыць частку яго ўласнай калекцыі грампласцінак і магнітных стужак, якія ён пачаў збіраць у 1970-х гадах. У той час «пласты», менавіта так моладзь называла пласцінкі з запісамі замежных гуртоў, маглі пацягнуць на 40 рублёў і больш за штуку. Тавар звычайна знаходзілі ў «насельніцтва» з «ін’яза» і БПІ. У гэтыя навучальныя ўстановы прыязджалі студэнты-кубінцы, сірыйцы, іншыя замежнікі, якія часта прывозілі з сабой пашарпаныя пласцінкі. Навінкі ж адшукаць было яшчэ цяжэй і за больш высокія сумы. Афіцыйна валюта лічылася па невялікім курсе, але на чорным рынку долар каштаваў па 5 рублёў.

Наогул у Мінску было багата нефармальных тусовак. І гэта ў гады застою, калі па радыё немагчыма было пачуць «Бітлз», а ў магазіне «Электратэхніка» пласцінкі з запісамі гурта прадаваліся з надпісам «Вакальна-інструментальны ансамбль», а часам і прыпіскай «англійская народная песня». Заморскія хіты на ўсю моц гралі на вяселлях. Маладыя людзі вялі альбомы, якія аздаблялі фатаграфіямі любімых выканаўцаў, а словы замежных песень запісвалі рускімі літарамі, напрыклад «Кант бай мі лав», часта не ведаючы іх перакладу.

Узнікала шмат музычных гуртоў, асобныя з іх стваралі ўласныя кампазіцыі. Прычым у той час эксперыменты са знешнасцю, музычнай творчасцю рабіліся пераважна не для «хайпу». Моладзь атрымлівала задавальненне проста ад пошукаў нечага новага, нестандартнага.

«Мы пісалі музыку не для таго, каб пасля з ёй выступаць. Мы хацелі чыстага мастацтва. Нам патрэбныя былі свае музыка, словы», — заўважае Ігар Сурмачэўскі.

Вырастала пакаленне, якое шукала нестандартныя падыходы да ўсяго, што яго акружае: моды, музыкі, мастацтва, нават камерцыйных адносін. Сёння нікога ўжо не здзівіць такімі пошукамі і стаўленнем, але хто ведае, якое было б наша сучаснае жыццё, калі б не было таго досведу папярэднікаў.

Сустрэцца з незвычайным Мінскам на выстаўцы «Мода. Музыка. Маладосць» можна ў галерэі Савіцкага да 14 лістапада, а ў якасці бонусу вам прапануюць яшчэ і прайсці займальны квэст.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


Выстаўка «Мой Мінск – маё натхненне»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 14 лістапада

Колькі каштуе: 5 BYN — дарослыя, 4 BYN — студэнты, пенсіянеры; 2,5 BYN — школьнікі.

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе выстаўка «Мой Мінск – маё натхненне», прысвечаная Дню горада–2021. Праект арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя, графічныя і скульптурныя творы з фондаў Музея гісторыі горада Мінска і Беларускага саюза мастакоў. Многія з іх доўгі час не экспанаваліся і стануць сапраўдным адкрыццём для аматараў гарадскога пейзажу.

Храналагічны дыяпазон прадстаўленых работ ахоплівае сярэдзіну ХХ – пачатак ХХІ стст. Сярод аўтараў выстаўкі – прызнаныя майстры мінскіх краявідаў: жывапісцы Барыс Аракчэеў, Віктар Варламаў, Віктар Вярсоцкі, Абрам Кроль, Васіль Сумараў, і іншыя.

Мінск прадстае ў розных іпастасях, розных настроях, розных порах году, розных гістарычных перыядах. У экспазіцыі можна вылучыць некалькі галоўных накірункаў у адлюстраванні вобраза горада. Сярод іх вядучае месца належыць гарадскому пейзажу, які сёння набыў характар гістарычнага. Вуліцы горада 1950–1960-х гг. незваротна змянілі сваё аблічча, асабліва яскрава гэта можна прасачыць у работах В. Варламава, А. Кроля, В. Мудрогіна, З. Шкляра, А. Пятрухны, В. Кубарава. Старыя кварталы Нямігі, Траецкага прадмесця, драўляная забудова ў творах мастакоў захоўваюць атмасферу старога Мінска.

Кантрастна выглядаюць работы 1970–1980-х гг., дзе горад прадстае ў вобразе савецкай сталіцы з шырокімі вуліцамі, неакласічнай архітэктурай, новабудоўлямі. У работах В. Сумарава ўвага пераносіцца з гістарычнага цэнтра на новыя мікрараёны – Трактаразаводскі пасёлак і Лошыцу. Тэма гарадскіх святаў працягвае традыцыі сацрэалізма ў творах А. Кокцева.

Тэма ўшанавання памяці ахвяр вайны традыцыйна паказана праз знакавыя помнікі Мінска, дзе найбольш улюбёным аб’ектам для мастакоў выступае плошча Перамогі. Цікава параўнаць як па-рознаму выглядае абеліск у творах 1950-х і 1980-х гг.

Прадстаўлены і творы нашых сучаснікаў В. Зянько, Г. Отчыка, У. Слабодчыкава, М. Пятруля, Р. Сітніцы, В. Пяшкуна, А. Кузняцова. Мастакі XXI ст. не толькі надаюць увагу гістарычнаму краявіду, але і адлюстроўваюць сучасны воблік сталіцы.


Фотавыстава «InSide»

Дзе: Кінатэатр «Цэнтральны» (г. Мiнск, пр-т Незалежнасці, 13)

Калі: да 19 лістапада

Колькі каштуе: бясплатна

З 26 кастрычніка па 19 лiстапада ў кінатэатры «Цэнтральны» пройдзе фотавыставаўтар Ланы Красікавай «InSide».

«Сам таго не ўсведамляючы, Чалавек у Горадзе будуе паралельную візуальную рэальнасць, што жыве ў спалучэнні рэкламных лозунгаў, ззянні вітрын, шкляных фасадаў, ценяў, гукаў, каляровых плямаў… Часам гэта стварае дзіўныя кантэксты, імгненныя выпадковыя малюнкі, поўныя то іроніі, то трагізму… Можа, менавіта гэта «гарадское Залюстроўе» і ёсць сапраўдным Горадам? Чалавек у гэтым паралельным сусвеце ў кожную хвіліну грае мільёны роляў — ад статыста да прымы. І ёсць толькі адзіны спосаб захаваць Чалавека ў адной з гэтых выпадковых гісторый — у час націснуць на адпаведную кнопку фотаапарата»...


Бясплатныя экскурсіі ў Мінскім заапарку 

Дзе: Мінскі заапарк, вул. Ташкенцкая, 40

Калі: да 29 лістапада

Колькі каштуе: бясплатна 

У Мінскім заапарку ў лістападзе будуць праводзіць бясплатныя адукацыйныя экскурсіі. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на асветніцкі аддзел ўстановы.

«На працягу лістапада па панядзелках будзем ладзіць у Мінскім заапарку адукацыйныя бясплатныя экскурсіі. Уваход застаецца платным. Падчас мерапрыемстваў дасведчаны экскурсавод арганізуе гасцям падарожжа па ўстанове, пакажа самых цікавых і незвычайных насельнікаў заапарка, раскажа гісторыі, звязаныя з імі, адкажа на любыя пытанні», — распавялі ў аддзеле.

Экскурсіі пройдуць 1, 8, 15, 22 і 29 лістапада. Групы збіраюць у 15.00.

Як дадалі ў аддзеле, у хуткім часе квіткі на наведванне Мінскага заапарка падаражэюць.

Даведкі тут


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Гора ад розуму» на тэатральнай сцэне»

Дзе: «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» , г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 30 лістапада

Колькі каштуе: па квітку ў музей

31 жніўня 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі «Гора ад розуму» на тэатральнай сцэне».

Гэта сумесны праект Дзяржаўнага гісторыка-культурнага і прыроднага музея-запаведніка А. С. Грыбаедава «Хмеліта» і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Сярод удзельнікаў праекта таксама выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага.

На экспазіцыі можна ўбачыць копіі рэдкіх фатаграфій: сцэны са знакамітай камедыі ў пастаноўках 1836—1935 гг. на расійскай сцэне, прадстаўленыя запаведнікам «Хмеліта».

Наведвальнікі змогуць перагарнуць і старонку з гісторыі тэатральных пастановак «Гора ад розуму» на беларускай сцэне: цудоўныя эскізы дэкарацый і касцюмаў у выкананні вядомых тэатральных мастакоў Аскара Марыкса і Івана Ушакова; фатаграфіі са спектакляў музычнага і драматычнага тэатраў.

І, безумоўна, аматары творчасці выдатнага класіка рускай літаратуры А. С. Грыбаедава змогуць пазнаёміцца з самымі рознымі выданнямі знакамітай камедыі ХІХ-ХХ стст.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел прадстаўнікі ўдзельнікаў праекта, першы сакратар-кіраўнік групы культура Пасольства Расійскай Федэрацыі.

Для аматараў творчасці А. С. Грыбаедава прагучаць урыўкі з п’есы на рускай і беларускай мовах.


Выстава «Тулуз-Латрэк. Жарсці ў Мулен Руж»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15

Калі: да 5 снежня

Колькі каштуе: 12 BYN — поўны, 10 BYN — студэнты, 8 BYN — школьнікі, пенсіянеры

Упершыню ў Мінску Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA прадстаўляюць новы выставачны праект твораў знакамітага французскага мастака Анры дэ Тулуз-Лотрэка «Жарсці ў Мулен Руж».

На выставе «Тулуз-Латрэк. Жарсці ў Мулен Руж» у прасторы мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага будуць прадстаўлены больш за 50 літаграфій знакамітага мастака з прыватных еўрапейскіх калекцый. Афішы легендарных парыжскіх устаноў, эпізоды з «цыркавой» серыі, партрэты танцорак і артыстак Кабарэ, замалёўкі з жыцця куртызанак дазволяць акунуцца ў атмасферу раскошнай і ціхамірнай пары, названай «La Belle Époque».

На выставе таксама будуць прадстаўлены работы вядомых і пачынаючых беларускіх аўтараў, якія дапоўняць асноўную экспазіцыю.

Экспазіцыя суправаджаецца інфармацыйнымі стэндамі, якія дапамогуць вам лепш разабрацца ў працах Тулуз-Лотрека. Таксама на выставе будуць дэманстравацца дакументальныя фільмы, якія бліжэй пазнаёмяць з драматычным лёсам і неардынарнай творчасцю мастака. Да таго ж кожны жадаючы зможа паспрабаваць разгадаць тэматычны квэст па выставе.

Час працы: серада-нядзеля, 12.00 — 20.00 (каса да 19.30)


Класіка сусветнага кіно — у праекце Cіnemascope

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: да 17 снежня

Колькі каштуе: 7 BYN

«Анталогія» ад Cіnemascope прапануе знаёмстсва з вялікімі рэжысёрамі свету і дапаможа тым, каго цікавіць кіно, лепш разбірацца ў гэтым відзе мастацтва. Ну а кінагурманы ацэняць падбор стужак і імёнаў, каб яшчэ раз перажыць моманты дзіўных сустрэч, якія паўплывалі на фарміраванне іх поглядаў не толькі на мастацтва, але і на жыццё.

Праект стартаваў 22 кастрычніка паказам стужкі 1948 года «Вяроўка» — гэта першы каляровы фільм майстра псіхалагічнага трылера Альфрэда Хічкока, без уяўлення пра работы якога немагчыма наогул разумець гэты жанр. Усяго праект прадставіць 7 фільмаў, паказы якіх скончацца толькі ў снежні. Яле што гэта за стужкі?

Фільм «Голая выспа» японскага рэжысёра Канэта Сіндо (паказ запланаваны на 29 кастрычніка) у 1961 годзе быў адзначаны Вялікім прызам Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. На гэтым фестывалі наогул любілі Сіндо, і ўжо ў ХХІ стагоддзі ў Маскве з'явіўся нават помнік японскаму рэжысёру.

Класік аўтарскага кіно Мікеланджэла Антаніёні неаднаразова быў трыумфатарам Канскага кінафестывалю. Напрыклад, фільм «Прыгода» (глядзім 5 лістапада) быў адзначаны ў 1960 годзе спецпрызам журы. Гэта адна са стужак з так званай трылогіі адчуджэння, пасля якой да рэжысёра прыйшла сусветная слава.

Што значыць стаць асобай у кінематографе, мог бы расказаць амерыканскі акцёр і рэжысёр Джон Касавеціс, які здымаў сваё незалежнае кіно на грошы, заробленыя ў Галівудзе. І меў рацыю! Фільм «Твары», зняты ў 1968 годзе, быў намініраваны на «Оскар» адразу ў трох намінацыях. Ужо ў той час рэжысёр адчуваў праблему распаду інстытута сям'і, пра што апавядае фільм, — а хіба цяпер гэта не актуальна?

Кіно, дзе віруюць пачуцці, не мае тэрміну даўніны. Так і фільмы Франсуа Труфо, аднаго з яркіх прадстаўнікоў французскай «новай хвалі». Напрыклад, фільм «Жуль і Джым» выйшаў у 1961 годзе, але будзе зразумелы гледачам ХХІ стагоддзя (паказ 3 снежня).

Зусім іншая сістэма адносінаў — у фільме «Выканаўца зароку» (10 снежня) бразільскага рэжысёра Анселму Дуартэ. Фільм 1962 года быў адзначаны «Залатой пальмавай галінкай» на Канскім кінафестывалі, атрымаў шэраг прызоў на іншых, у тым ліку намінацыю на «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове. Такое кіно ўваходзіць у гісторыю чалавецтва, таму што ўзнімае вечныя тэмы: што ёсць вера, як яна ўплывае на чалавека?

Ну і як жа такая падборка без Федэрыка Феліні? Яго фільм «Амакорд», зняты ў 1973-м, быў адзначаны прэміяй «Оскар». Але для Феліні, які выступіў тут яшчэ і як сцэнарыст, гэта фільм-успамін пра італьянскі горад, дзе ён рос у 30-я гады ХХ стагоддзя, калі складаныя для чалавецтва часы былі наперадзе... 17 снежня кожны можа адчуць той час, згадаць горад свайго дзяцінства і яго атмасферу.

Наогул, усе фільмы нібыта пра нас — без спаслыкі на месца і час. Хіба што сучасная атмасфера паказаў будзе адметная абавязковым маскавым рэжымам. Але атмасфера саміх фільмаў захаваецца: кіно дэманструецца на мове арыгінала з субцітрамі і з выкарыстаннем бесправадных слухавак. Глядзіце добрае кіно, яно дапамагае зразумець жыццё.

Ларыса ЦІМОШЫК


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.


Скарбонка памяці

Дзе: Тэрыторыя Лошыцкага паркава-сядзібнага комплексу, праезд Чыжэўскіх, 8–2

Калі: да 31 снежня

Колькі каштуе: 3 BYN — для дарослых, 2,5 BYN — для студэнтаў, 1,5 BYN — для школьнікаў

У музеі «Лошыцкая сядзіба» пачынае працу выставачны праект «Скарбонка памяці: выстава народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету. Беларусы да сённяшніх дзён захавалі многія віды і формы народнай традыцыйнай творчасці: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.

На выставе прадстаўлена больш за 500 прадметаў сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Міхайлавічам Сахутай у экспедыцыях, праведзеных па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе частка калекцыі была перададзена ў фонды Музея гісторыі горада Мінска.

Многія даўбана-разьбяныя, ганчарныя, плеценыя, каваныя вырабы, якія экспануюцца на выставе, уражваюць першабытнай суровасцю, прастатой і магутнасцю формаў. У дэкоры драўлянага і керамічнага посуду, вышываных і тканых вырабах пераважаюць старажытныя геаметрычныя матывы, якія маюць даўняе сімвалічнае паходжанне. Да старажытных таксама адносяцца зааморфныя матывы драўлянай і глінянай пластыкі, цацак-свістулек.

Сярод найбольш каштоўных і цікавых прадметаў − саламяныя коні, чаплі і буслы, разнастайнае керамічнае начынне, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, выцінанка.

Экспанаты, сабраныя на выставе, створаны майстрамі не аднаго пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і з’яўляюцца адлюстраваннем шляху жыцця. За кожным прадметам, за кожным вырабам – ці жыццёвая сітуацыя, ці шчаслівая сустрэча, ці роздум у адзіноцтве. Магчыма, і ў наведвальніка яны закрануць запаветныя струны душы, адгукнуцца радасцю, разварушаць пачуцці і ўспаміны з дзяцінства.


Мастацка-дакументальная выстава «Пад знакам Страціма»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 7а

Калі: да 30 сакавіка 

Для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча 2021 год насычаны на юбілейныя даты: 130-годдзе з дня нараджэнне паэта, 105-годдзе вяртання Максіма Багдановіча на радзіму, а таксама 105-годдзе напісання твора «Страцім-лебедзь».

Аднаму з апошніх твораў Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь» літаратуразнаўцы не могуць вызначыць форму: паэма, балада, верш. А самога аўтара называюць Страцімам-лебедзем беларускай літаратуры.

У вершы раскрываецца біблейская тэма сусветнага патопу: міфічная птушка Страцім-лебедзь загінула з-за свайго ганарлівага нораву, і ад яе не засталося нашчадкаў. Прамых нашчадкаў ад шлюбу Адама і Марыі Багдановічаў не засталося. Велізарны патэнцыял быў закладзены прыродай у слаўны род Багдановічаў. Шмат у чым ён быў рэалізаваны ў асобе нашага выдатнага паэта. Максім Багдановіч у справе нараджэння беларускай паэзіі мае статус гераічнага Страцім-лебедзя, ад твораў якога пачаў адлічвацца час класічнай літаратуры Беларусі.

На выставе «Пад знакам Страціма» можна ўбачыць упершыню ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча мемарыяльныя рэчы сям’і Багдановічаў. Тыя прадметы, якія захоўваліся ў іншых установах Беларусі.

Шкатулка маці Максіма з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мемарыяльныя рэчы бацькі паэта з Нацыянальнага гістарычнага музея РБ, сямейны фотальбом з Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. А дамінантай выставы з’яўляецца асабістая рэч Максіма Багдановіча — ножык для разразання паперы (з фонду НГМРБ).

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

Грамадства

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар.

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.