Шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя і нават мінулага тысячагоддзя. Адметныя. Для мяне — запамінальныя. У Савецкім Саюзе так званая хрушчоўская адліга. Народ пачынае разнявольвацца. Стала можна гаварыць пра тых, каго зусім нядаўна нават згадваць было нельга. Вось і пачалося вывучэнне нядаўняй рэальнай гісторыі нашай зямлі і яе насельнікаў. Мо таму выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна Вячаслаў Рагойша — ці не самы малады з усіх — арганізаваў навуковы гурток са студэнтаў філфака па вывучэнні той самай рэальнай гісторыі і тых, хто сваім лёсам, а то і жыццём, заплаціў за права нам, сённяшнім (тадышнім), звяртацца да рэальных гістарычных падзей.
Тады і я, студэнт філфака БДУ, не пазбег тых пошукаў. Таму што быў ужо настроены на краязнаўства, на далучэнне да таго сапраўднага, што адбывалася некалі на нашай зямлі. Схільнасць гэтую запачаткаваў у Сноўскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна, дзе нас вучылі займацца краязнаўствам настаўнікі беларускай літаратуры Іван Калоша і чарчэння Пётр Пазняк. Закончыўшы ў 1966 годзе школу, я паступіў на філфак БДУ — адзінага на той час універсітэта ў Беларусі, дзе гэтае запачаткаванае радзімалюбства і радзімазнаўства развілася значна шырэй. Не знікае яно і дагэтуль. З падказкі Вячаслава Рагойшы, які распачаў на філфаку даследаванне «БДУ імя У. І. Леніна і беларуская літаратура», я стаў займацца біяграфіяй і лёсам Яўгена Барычэўскага і Янкі Скрыгана. З гэтай нагоды часта сустракаўся з Іванам Аляксеевічам, нават на кватэры ў яго бываў не раз. А гэтыя даследчыя, калі можна так назваць, працы былі адзначаны на рэспубліканскім конкурсе.
Пра тое я і прызнаюся сёння, калі адзначаецца 100-годдзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і 90-годдзе з дня нараджэння майго Настаўніка Алега Лойкі. Але да гэтага пераліку хачу дадаць і яшчэ адну памятную дату — сёлета спаўняецца 50 гадоў, як я закончыў Белдзяржуніверсітэт. І не толькі я, а і тыя амаль 130 выпускнікоў, якія ў 1966 годзе ўпершыню ў такой колькасці сталі студэнтамі беларускага аддзялення філфака. Нават лекцыі нам даводзілася слухаць у актавай зале, бо ніводная аўдыторыя філфака на Чырвонаармейскай не магла прыняць гэтулькі слухачоў.
І найперш мне хацелася б ушанаваць усіх нашых выкладчыкаў, якія дапамаглі нам — вяскова нясмелым, адарваным ад родных ніў і роднай хаты, і гарадскім, больш за нас абазнаным у адметнасцях тагачаснага жыцця — стаць годнымі людзьмі, без перабольшання, знайсці сваё месца ў грамадстве, навучылі бачыць і разумець жыццёвыя абставіны. Мушу паўтарыць яшчэ раз, бо казаў пра гэта неаднойчы: я сёння маю тое, што маю, і стаў тым, кім стаў, дзякуючы падтрымцы і спрыянню добрых людзей. Яны заўсёды і ўсюды спрыялі мне, дапамагалі, за што выказваю пастаянную і шчырую падзяку ім, у першую чаргу Настаўнікам — не толькі Сноўскай СШ, але і філфака БДУ. Той час сапраўды быў часам майго — нашага — грамадзянскага сталення. Выкладчыкі акрамя філалагічных і педагагічных ведаў пазначалі перад намі тыя жыццёва важныя арыенціры, без якіх цяжка стаць грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны. Мо і таму я не пераставаў займацца грамадскімі справамі, друкавацца ў рэспубліканскіх газетах з краязнаўчымі матэрыяламі. Мо таму і быў размеркаваны пасля заканчэння вучобы на журналісцкую працу ў БелТА.
Пра кожнага з Настаўнікаў я хацеў бы сказаць як мага больш, засведчыць мае адносіны да іх нястомнасці ў давядзенні да нас праўдзівай праўдай, у перадачы нам свайго вопыту стаўлення да жыцця і яго часам надта спрэчных момантаў. Але магчымасці газеты не дазваляюць такой раскошы. Таму — некаторыя згадкі.
Доктар філалагічных навук Міхась Ларчанка. Прафесар з вопытам дэкана. Запомніўся многім не толькі сваёй дасведчанасцю ў выкладанні гісторыі беларускай літаратуры, але і адзінай, толькі яму ўласцівай адметнасцю. Кожную лекцыю ён пачынаў з чытання на памяць новых вершаў рускіх, беларускіх, замежных паэтаў, якія знаходзіў ці то ў кнігах, ці то ў перыёдыцы, і лёгка запамінаў. З яго асабістай захопленасці выспелілася ў многіх з нас прага далучэння да мастацкага слова, імкненне суіснаваць з ім, знаходзіць у ім наталенне той смагі, якая жыла ў кожнага. Я дагэтуль не забываюся, як мы не раз прасілі Міхася Рыгоравіча паўтарыць верш Яўгена Еўту-
шэнкі «Идут белые снеги», які ён чытаў вельмі «класна», як сказалі б цяпер. З той пары і я памятаю гэтыя паэтычныя радкі, якія і тады, і пазней гучалі неяк асабліва эмацыянальна і пранікліва.
Кандыдат філалагічных навук Маргарыта Яфімава. Не толькі лекцыі годна чытала, але і ўвесь свой вольны час аддавала наладжванню на факультэце мастацкай самадзейнасці. І асабліва — драматычнага гуртка. Сама была актыўнай і нястомна заахвочвала нас. Я таксама не заставаўся ўбаку, таму і пабываў з нашымі пастаноўкамі ў многіх мясцінах Беларусі. А з Маргарытай Барысаўнай добра стасаваліся да канца яе дзён.
Сціплая Ларыса Лявонцьеўна Кароткая, якой было амаль 50 гадоў. Кандыдат філалагічных навук. Чытала курс старажытнарускай літаратуры. Але не хвалілася сваім ваенным мінулым, не «цытавала» партызанскага жыцця на Лагойшчыне, за якое мела ордэн Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медаль «За адвагу», іншыя ваенныя ўзнагароды. Затое мы ведалі, што яе сын Варлен Бечык гэткі ж захоплены літаратурай, мае выдатныя здольнасці, як і яго маці. Сваё паэтычнае прысвячэнне Ларысе Лявонцьеўне зрабіў тады Алег Лойка.
Цікава чыталі свае курсы кандыдаты філалагічных навук Яўген Камароўскі пра марфалогію і яго жонка Еўдакія Мяцельская, высновы якой пра дыялекталогію нязмушана далучалі нас да той жывой народнай мовы, што чулі мы да паступлення на філфак, і якую запісвалі ў сваіх мясцінах, каб здаць Еўдакіі Сцяпанаўне залік.
Барыс Паўлавіч Міцкевіч. Здзіўляў нас тым, што лекцыі па замежнай літаратуры чытаў без усялякай паперкі, без падглядвання ў шпаргалкі, як сказалі б цяпер. А так цікава і займальна, глыбока і карысна! І яшчэ ён даносіў да нас сваю дасведчанасць па-беларуску. Здаралася, канспектаваць яго лекцыі мы не маглі, бо тое, што распавядаў, было такім насычаным, што не хацелася перапыняць слуханне нечым іншым.
Але ж, вядома, самым эмацыянальным і чулліва актыўным быў Алег Лойка. І не толькі размоўнымі эмоцыямі насычаў свае лекцыі. Нават рукі, выраз твару, бляск вачэй з-за акуляраў дадавалі настраёвасці, узбагачалі тое, аб чым казаў.
Нядаўні дэкан філфака і аўтар шматразова перавыдаваных падручнікаў па беларускай мове кандыдат педагагічных навук Міхаіл Жыркевіч, на якога мы пазіралі як на іканонаграфічную асобу, бо скончыў універсітэт ажно ў 1927 годзе, захапляў сваімі грунтоўнымі і арыгінальнымі развагамі пра лёс і значэнне беларускага слова, нібыта бачыў яго знутры, адчуваў самую сарцавіну. Працаваў Міхаіл Іванавіч на філфаку з 1943 года.
З асаблівай павагай ставіліся мы да Адама Яўгенавіча Супруна, які чытаў курс стараславянскай мовы. Сапраўды з энцыклапедычнымі ведамі вучоны, доктар філалагічных навук, доктар педагагічных навук. Студэнты прывыклі жартаўліва суадносіць з ім выслоўе: Юс малы і Юс вялікі.
Не маглі не захапляцца мы незвычайнымі на той час падыходамі да ацэнкі творчасці беларускіх аўтараў, якія выказваў пісьменнік і доктар філалагічных навук Алесь Адамовіч. Яго спецкурс «Кузьма Чорны і рускі раман» даваў разуменне, што створанае і беларускімі літаратарамі з'яўляецца агульным набыткам усёй еўрапейскай супольнасці. А значыць, і ўсе мы, беларусы, павінны добра зразумець сваё годнае месца ў агульнай гісторыі чалавецтва, не саромецца прызнавацца ў гэтым і рэальна суадносіць створанае нашымі дзеячамі культуры з еўрапейскімі майстрамі. Параўноўваючы ж, не варта прыніжаць нашых творцаў, кажучы, што яны нешта важкае і важнае пераймалі ў іншых, а не стваралі сваё. Кузьма Чорны — доказны прыклад гэтага. Зрэшты, усё створанае самім Алесем Адамовічам — як літаратурнае, так і навуковае — таксама гэткі ж прыклад.
У доказ таго, што мае — нашы — гады не былі бясплодныя падчас вучобы, назаву хоць бы адзін прыклад. Чатыры (!) выпускніцы нашага курса сталі выкладчыкамі філфака. Гэта найперш арыгінальны і нястомны даследчык і знаны вучоны, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Шамякіна. А яшчэ — дачка пісьменніка Уладзіміра Карпава старшы выкладчык Людміла Карпава, кандыдаты філалагічных навук Валянціна Трайкоўская і Ніна Рашэтнікава.
Ды і ўвогуле наш тадышні курс быў не зусім звычайны. Маімі калегамі-студэнтамі былі Жэня Янішчыц, Алесь Разанаў, Віктар Ярац, Яўген Хвалей, Лена Руцкая, Генадзь Пашкоў, дачка Юльяна Пшыркова Таццяна, дочкі Міхася Калачынскага, Пімена Панчанкі. Да творчасці далучаліся і многія іншыя, хто ахвотна наведваў літаб'яднанне «Узлёт», якое шмат гадоў вынікова ўзначальваў Алег Лойка. Напрыклад, Ала Панкратава. Яна не ўступіла ў Саюз пісьменнікаў. Але ў мяне захоўваецца добры стос яе паэтычных напрацовак, якія яна прысвячала розным нашым факультэцкім падзеям, ды і што грашыць, мне асабіста — і на дні нараджэння, на іншыя дзяржаўныя і асабістыя святы. І ўжо нашмат пазней парадавалі сваімі літаратурнымі творамі былыя аднакурснікі Стась Крэпскі, Анатоль Бруцкі. Я перакананы: іх літаратурная захопленасць — не толькі Богам дадзеная здольнасць, але і вынік выхаваўчай, навучальнай, ды і проста чалавечай дзейнасці нашых выкладчыкаў.
Я назваў толькі тых, хто далучыўся да творчасці на маім курсе. Але ж побач вучыліся, разам жылі ў інтэрнаце на тагачаснай Паркавай магістралі Сяргей Законнікаў, Генрых Далідовіч, Алесь Жук, Міхась Губернатараў, Юрка Голуб, Алесь Камароўскі, а ў маім пакоі — Эдуард Зубрыцкі, Мар'ян Дукса. Можна сабе ўявіць, якія ў нас разгараліся спрэчкі, дыскусіі, а то і чытанні вершаў у доказ сваёй праваты. Часта — далёка за поўнач, а то і да раніцы высвятлялі, напрыклад, чаму Рыгор Барадулін напісаў пра дзяўчат, што яны «глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятыя таксі», даходзілі да сутнасці, што хацеў і што сказаў у толькі што выдадзеных «Каласах пад сярпом тваім» Уладзімір Караткевіч.
Варта засведчыць, што і да грамадскай працы заахвочвалі выкладчыкі. Алег Лойка ў тым ліку. Дарэчы, пазней ён больш за 5 гадоў быў любімым дэканам філфака. З яго падтрымкі я актыўнічаў у камсамоле, быў намеснікам сакратара камітэта камсамола філфака, членам камітэта камсамола ўніверсітэта, а яшчэ праз усе студэнцкія гады старастам групы і старастам курса. З рэкамендацыі Алега Антонавіча мяне прынялі ў члены КПСС, што для студэнтаў тады было надзвычай рэдкай з'явай.
Мо таму, што я ахвотна прыслухоўваўся да слоў Лойкі, з якім у нас склаліся прыязныя чалавечыя адносіны, а таксама не мог адмовіцца ад парад Вячаслава Рагойшы, я сапраўды захварэў на навуковыя даследаванні. Мае студэнцкія працы адзначаліся на рэспубліканскіх конкурсах, я браў удзел у замежных навуковых канферэнцыях.
А сам Алег Лойка ва ўсе часы заставаўся апантаным вучоным, які ахвотна ўводзіў беларускую рэчаіснасць у навуковы і грамадскі еўрапейскі сусвет. Пра тое ж сведчыць, напрыклад, яго праца над кнігамі пра Янку Купалу і Францыска Скарыну. Я маю на ўвазе найперш тое, што менавіта з яго намаганняў і дзякуючы яго таленту ў знакамітую не толькі на ўвесь Савецкі Саюз кніжную серыю ЖЗЛ упершыню і, як аказалася, апошні раз, была ўключана спачатку кніга пра Купалу, а пасля і пра Скарыну. А ўвогуле, калі верыць статыстыцы, Алег Лойка мае больш за 450 публікацый, у яго выйшла каля 100 кніг. Дай Бог кожнаму паэту і даследчыку мець нешта падобнае.
І яшчэ адна важная дэталь. Мне падаецца, што намаганні Алега Лойкі суадносіць створанае беларускімі пісьменнікамі і навукоўцамі з тым, што рабілі іх калегі іншых краін, увесь час пашыраліся, набывалі большы абсяг і мелі рэальныя вынікі, заўважныя іншымі. Гэта датычыць як яго публікацый у кнігах і перыядычных выданнях — не толькі беларускіх, так і ў насычэнні лекцый падобным зместам. З часам гэта стала прыкметнай з'явай для замежнікаў. Я ўпэўнены, што менавіта такі падыход выклікаў цікавасць не адно сярод беларусаў.
Прызнаюся, што з падмогаю і Алега Антонавіча я да бясконцасці захапіўся творчасцю Максіма Багдановіча, яго жыццём, дагэтуль ахвотна разгадваю Багдановічавы таямніцы. Нават псеўданім мой літаратурны — Максім Валошка — паходзіць ад Багдановічавай паэзіі. Пахвалюся, што маю ў гэтай сувязі два аўтографы Лойкі (іх, вядома, нашмат болей). На кнізе пра Максіма Багдановіча Алег Антонавіч 23 студзеня 1969 года напісаў: «Анатолю Бутэвічу на экзамене, жадаючы новых пяцёрак, шчасця ў жыцці, поспехаў». Цікавы надпіс і на кнізе «Няроўныя даты»: «Дарагому Анатолю Іванавічу Бутэвічу... Зноў пачуць бы галасы валошак!.. Шчыра Алег Лойка. 9 чэрвеня 1983». Яго «галасы валошак» сведчаць, што ён ужо ведаў мой псеўданім, сачыў за маімі літаратурнымі практыкаваннаямі.
Так, філфак, ды і Белдзяржуніверсітэт наогул, шмат далі кожнаму з нас, шасцідзясятнікаў, запачаткавалі тыя якасці, якія сталіся запатрабаванымі праз усё жыццё. А для мяне філфак аказаўся яшчэ і лёсавызначальным у іншай жыццёвай сітуацыі. Маёй жонкай стала мая аднакурсніца з Мядзельшчыны Таіса Дзевялтоўская, з якой мы радуемся сёння поспехам нашага сына і дзвюх дачок, чатырох унукаў.
Дык хіба ж несправядлівымі будуць словы згадванай мной Алы Панкратавай, якія яна напісала на развітанне з філфакам. У даволі аб'ёмным паэтычным творы выказала шмат цёплых і праніклівых слоў, у тым ліку выкладчыкам. Я ж хацеў бы прывесці толькі адно чатырохрадкоўе:
О, мой філфак,
як ты мне мілы!
Трымаюсь тут з усёй я сілы.
Вось як цяпер перада мною
Устае і сесія зімою...
І гэта ніякае не перабольшанне. Сапраўды: «О, мой філфак, як ты мне мілы!»
Анатоль БУТЭВІЧ, выпускнік 1971 года
Расказвае магістр псіхалогіі Наталі Свірыдава.
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?