Вы тут

У музеі Якуба Коласа адкрылася выстаўка «У той песні, шырокай, як свет...»


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстаўка «У той песні, шырокай, як свет...», прысвечаная 100-годдзю першага выдання зборніка алегарычных апавяданняў Якуба Коласа «Казкі жыцця».


Гэта быў адзін з любімых жанраў пісьменніка, праз які ён спрабаваў данесці свае думкі пра бачанне свету, падзеі, узаемадносіны людзей, вырашыць філасофскія і эстэтычныя пытанні. «Казкі» Колас пісаў на працягу ўсяго жыцця, з перапынкам у складаныя 30—40-я гады. Першае апавяданне «Дудар» выйшла ў 1906 годзе, апошняе — «Страказа» — у 1956-м. Напрыканцы жыцця Колас рыхтаваў зборнік да перавыдання, усё ж перапынак паміж выхадам апошняга збору алегарычных апавяданняў аказаўся немалы (з 1928 года). Ён стварае новыя казкі, правіць старыя, абнаўляе змест кнігі, пашырае прадмову. На выстаўцы якраз пададзены апошні прыжыццёвы зборнік з праўкамі Якуба Коласа, машынапісы і рукапісы асобных алегарычных апавяданняў. Яны захоўваліся (і працягваюць захоўвацца) у пісьмовым стале ў кабінеце пісьменніка. Спецыяльна для выстаўкі іх прадставілі для паказу на часовай экспазіцыі.

Пісьменнік спадзяваўся паспець выдаць абноўленыя «Казкі» да 50-годдзя сваёй творчай дзейнасці. Але кніга пабачыла свет толькі пасля смерці класіка, у 1960-м. І пакуль невядома, чаму ў яе не ўвайшлі чатыры казкі з папярэдніх выданняў. Праўда, адна з іх, «Над прасторамі зямлі», ішла з прысвячэннем Цішку Гартнаму, якога рэабілітуюць толькі ў 80-х. Але чаму ў кнізе адсутнічала, напрыклад, казка «Ноч, калі папараць цвіце»? Яна пісалася пра Янку Купалу, з тэксту адразу разумееш, што за Юнак выбіраў псеўданім, звязаны з чароўнай ноччу, згадваюцца ў апавяданні і творы Купалы.

Таксама ў Коласа ёсць казка «Кучаравае дрэва», якую ён прысвяціў Змітраку Бядулю, свайму сябру, з якім разам працаваў яшчэ ў 1906 годзе ў рэдакцыі «Нашай Нівы».

Падчас урачыстага адкрыцця экспазіцыі куратар выстаўкі, супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Шувагіна-Адамовіч падказала, у якой з казак пісьменнік гаварыў пра сябе. Той рукапіс таксама прадстаўлены на выстаўцы. Сын Коласа Міхась Канстанцінавіч распавядаў, што ў апошнія гады пісьменнік моцна хварэў, і ў казцы «Як птушкі дуб ратавалі» паказаў сябе і сваіх дактароў.

У экспазіцыі прадстаўлены розныя выданні «Казак жыцця». У апошнія гады яны, як правіла, выходзяць разам з іншымі знакавымі творамі класіка. Таксама пададзены пераклады алегарычных апавяданняў на іншыя мовы. Асаблівая разынка выстаўкі — малюнкі мастачкі Людмілы Петруль, зробленыя да сямнаццаці казак у незвычайнай тэхніцы манатыпіі (адбітку малюнка на шкле з дамалёўкай).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Што схавана за казкай?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

Грамадства

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар.

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.