Вы тут

Святло роднай газеты


...Гэтую праўдзівую гісторыю расказваў нехта з работнікаў нашага Беларускага радыё. Магчыма — пра легендарнага Ілью Кургана. А, зрэшты, не так важна прозвішча... Факт, што гэта быў прафесійны дыктар — з ведамі, з вопытам работы. Да таго ж, тэкст перад эфірам ён не раз прачытаў і перад мікрафонам памыліцца проста не мог. Але… Праўду кажуць, што нават ліс, хітруга, і той у пастку трапляе. Вось і дыктар: у руках трымаў тэкст апавядання, бачыў першыя словы: «Танула кабета...», а вымавіў чамусьці: «Танула... кабыла». Тут жа зразумеў, што абмовіўся, што памыліўся! Тут жа выправіўся, сказаў у працяг: «А побач — танула кабета». І далей па тэксце, без ніводнай запіначкі, ужо да канца...


Дачытаў апавяданне — як быццам зрабіў сваю справу, а страх усё роўна застаўся, бо нехта ж мог заўважыць гэту прыкрую недакладнасць, данесці начальству, а ўжо яно... Выкліча на дыван? Аб'явіць вымову? Пазбавіць прэміі?..

Дыктар чакаў чаго заўгодна, толькі не гэтага: у рэдакцыю з усіх куткоў Беларусі паляцелі пісьмы, змест якіх зводзіўся да аднаго: добра, кабету, якая танула, выратавалі. А што ж з кабылай? Яна ці жывая?

Цяпер нават не верыцца, што былі такія часы: людзі слухалі радыё, думалі над тым, што пачулі, хваляваліся за лёс герояў (нават мастацкіх твораў)... Людзі і сапраўды пісалі — на радыё, тэлебачанне... Нямала пісем ішло і на адрас «Звязды».

З той пары вельмі шмат што змянілася. І не змянілася: ва ўсякім разе «прароцтва» аб тым, што праз 20 гадоў не будзе ні кніг, ні кіно, ні тэатра, ні газет, дзякуй богу, не спраўдзілася — нават праз 40. Людзі па-ранейшаму ходзяць у кіно і тэатры, па-ранейшаму чытаюць — у тым ліку «Звязду». І нават пішуць пра яе цікавыя лісты. А, зрэшты, мяркуйце самі.

«Бягуць дзянькі,

у садзе — восень,

Не за гарамі і снягі...

Але нязменна

мне прыносяць

Газеты нумар дарагі».

З такіх прывітальных радкоў пачынае свой ліст спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў. Яна ж прызнаецца, што чым болей часу выпісвае і чытае «Звязду», тым больш яна падабаецца. І далей (даслоўна): «Не падумайце, што мне няма з чым параўноўваць — даносіць пошта і іншыя выданні. Але ўсё нейкае не тое. «Звязда» для мне — тэлевізар я наогул не ўключаю — адзіная бадай крыніца сур'ёзнай інфармацыі. Тут падрабязнасці пэўных падзей, разважанні пра надзённае, змястоўныя гутаркі і артыкулы на розныя тэмы. Ёсць над чым падумаць, паразважаць. Прачытаўшы, заўсёды звяртаю ўвагу на прозвішчы аўтараў. Сярод іх апошнім часам з'яўляюцца незнаёмыя — магчыма, новых маладых журналістаў, якія робяць газету яшчэ больш цікавай.

Дзякуй, «Звязда», і так трымаць!»

Прыкладна той жа лейтматыў і ў лісце спадара Букоўскага з Глыбоччыны: «Звязда» і сапраўды родная газета на роднай мове, бо яе (са жніўня 1917-га!) чыталі яшчэ прадзеды. Чыталі, што важна, на той жа мове, што і размаўлялі. А таму і праз добрыя сто гадоў разгортваеш свежы нумар газеты і нібы чуеш пяшчотны голас маці, суцяшальны — бабулі, абнадзейлівы — сваёй першай настаўніцы... Як ні круці, а слова — роднае — заўжды з чалавекам, аж пакуль ён жыве».

І жыць — дададзім — спадзяецца... Нягледзячы ні на што.

«Як ні засцерагайся ад гэтага каварнага віруса, а падчапіць усё роўна можаш», — канстатуе спадарыня Таццяна Новік з Клецка. Яна ж паведамляе, што з самага пачатку пандэміі прыслухоўвалася да рэкамендацый спецыялістаў, выконвала іх, прычым правільна, але, як піша, гэта не дапамагло — захварэла. «Шчасце яшчэ, што нашы медыкі (нізкі паклон ім!) навучыліся змагацца з невядомай, каварнай хваробай, і, калі не запусціць яе — своечасова пачаць лячэнне, ёсць шанцы паправіцца, вярнуцца да звычайнага жыцця».

Спадарыня Таццяна, дзякаваць богу і ўрачам, гэта ўжо зрабіла: жыве дома, займаецца прывычнымі справамі, сярод якіх... «Яшчэ лежачы ў бальніцы, я старалася па магчымасці праглядаць «Звязду», цяпер — чытаю».

Дарагія словы! Ці не так?

Багаты на іх і ліст спадарыні Ніны Бурко з Бярэзіншчыны. «Не мной заўважана, што ўсё добрае ў жыцці праходзіць хутка. Ну, сапраўды, азірнуцца не паспелі, як цёплае лета змянілася не вельмі халоднай восенню: дні кароткія, у садзе-агародзе работ няма, каранавірус абмежаваў зносіны з людзьмі... А значыць, усё болей часу цяпер на іншыя любімыя заняткі».

У яе хаце, як прызнаецца шаноўная Ніна Мацвееўна, гэта чытанне, у тым ліку — свежай прэсы. Сям'я пастаянна выпісвае сваю раёнку і «Литературную газету», дзве рэспубліканскія, некалькі часопісаў. Ёсць што чытаць.

«Помню, у маладосці, — чытаем у лісце, — мне пашчасціла пазнаёміцца з творчасцю таленавітай журналісткі і вельмі мудрай жанчыны Таццяны Тэс. Яе прозвішча я шукала ў кожным нумары газеты «Известия»...

Ці ёсць падобныя аўтары ў выданнях, якія выпісваю сёння? На шчасце, ёсць. І найперш тут трэба сказаць пра газету «Звязда», якая прыцягвае чытачоў, па-першае, роднай беларускай мовай, а па-другое, нават знешняй прыгажосцю дзякуючы здымкам Анатоля Клешчука, Яўгена Пясецкага...

Але ж павярхоўнае знаёмства з адным-двума нумарамі газеты, набытымі чалавекам на поштах ці ў гандлёвых шапіках, наўрад ці што дасць. Каб зразумець, што такое «Звязда», трэба пачытаць яе хоць бы месяц. І такім чынам даведацца пра яе дадаткі і пастаянныя рубрыкі. Па чацвяргах, напрыклад, чакаць «Сямейную газету» і «Чырвонку», па пятніцах — «Мясцовае самакіраванне», па суботах — «Жырандолю», па серадах — «Краіну здароўя», «Што людзі пішуць»...

Лісты ў «Звязду» — не толькі аб тым, што адбываецца ў гарадах і вёсках, што хвалюе... У іх свае меркаванні, расповеды пра цікавых людзей, успаміны аб перажытым. У тым ліку — вясёлыя...

Помню, як некалі ў бібліятэцы гартала падшыўку «Звязды», як натрапіла на рубрыку «...Народ на провадзе!», як чытала і нібы дыхала свежым вясновым паветрам.

Менавіта «вясёлыя гісторыі чытачоў», уразіўшы гумарам, сваёй прастатой, праўдзівасцю і адшліфаваным сказам, назаўжды прывязалі мяне да газеты, «прымусілі» выпісаць, а потым і нешта ўспомніць, даслаць у рэдакцыю.

Прыдумвала і подпісы да конкурсных здымкаў — калі больш удалыя, калі менш... А потым здаралася ўбачыць свае радкі ў газеце, прычым у трошкі папраўленым, больш дасканалым выглядзе... Мне, як і многім іншым аўтарам-чытачам, дапамагала вядучая рубрыкі і тым самым заахвочвала да новага супрацоўніцтва, да безумоўнай падпіскі на газету...

У ёй, апроч згаданых рубрык, я заўсёды чытаю «Неасабісты суб'ектыў» Алены Ляўковіч, «Нефармат» Святланы Яскевіч, артыкулы Людмілы Рублеўскай, Наталлі Талівінскай, Надзеі Нікалаевай...

Дарэчы, гады тры таму я, помню, трапіла ў бальніцу і ад іншых хворых пачула, што ў палаце паблізу — журналістка «Звязды». Мне пашчасціла пазнаёміцца і пагутарыць з гэтай вельмі інтэлігентнай усмешлівай жанчынай, пачуць ад яе словы падтрымкі. Уласна, іншага ад «Звязды» я і не чакала», — прызнаецца спадарыня Бурко.

І яшчэ некалькі цытат: «Нягледзячы на ўзрост і дрэннае надвор'е, я сам пакіраваў на пошту, каб прадоўжыць падпіску на «Звязду», — піша спадар Васіль Пяшэвіч з вёскі Юркевічы Жыткавіцкага раёна. — У аддзяленні сувязі прынялі мяне душэўна, усё зрабілі-аформілі. А заадно я пацікавіўся там, колькі ж нас засталося падпісчыкаў на «родную газету на роднай мове»? Аказалася, я — апошні. Раней, дакладна ведаю, выпісвалі школа, бібліятэка, сельскі Савет... Цяпер — адзін, але падпісчык з 1971 года».

Здымаем капялюш, як той казаў! І шчыра дзякуем — за адданасць, за вернае сяброўства, якое пачынаецца... Хто ж ведае, з чаго?

«Некалі раней я чытала «Звязду» час ад часу, — піша спадарыня Наваенка з Глыбоччыны. — А вось пастаяннай падпісчыцай стала гады тры таму. Падабаецца газета і мовай сваёй, і зместам. Многія матэрыялы прымушаюць задумацца, асобныя — пасмяяцца, а то і пахвалявацца. Мяркуючы па публікацыях, журналісты газеты па-ранейшаму выязджаюць у камандзіроўкі, размаўляюць з людзьмі, бываюць на розных мерапрыемствах — рызыкуюць сваім здароўем і, напэўна ж, хварэюць... Раней я нават не здзівілася б, калі б газета стала прыходзіць не пяць разоў на тыдзень, а калі-нікалі — чатыры, калі б пагоршыўся змест. Аж не! Нягледзячы на гэты каварны вірус, у «Звяздзе» ўсё, здаецца, на ранейшых месцах: актуальная інфармацыя, карысныя парады, любімыя рубрыкі.

Дарэчы, некалі я чытала кнігу «Мои университеты» пад рэдакцыяй Аляксандра Снегірова. У ёй пад адну вокладку сабраныя шэсць апавяданняў пісьменнікаў і 34 — праўдзівыя гісторыі ад рэальных людзей. Я падумала: а чаму б і «Звяздзе» не выдаць вось такую народную кнігу? Яе, думаю, з радасцю раскупілі б, бо гэта сапраўды цікава.

Я буду марыць, — піша Зоя Максімаўна, — што такая кніга з'явіцца. А мары часам збываюцца».

Што праўда, тое праўда. Спадарыня Наваенка, наколькі ведаем, рыхтуе да выдання сваю, прычым не першую, кнігу. Гісторыі са звяздоўскага «Проваду» складуць там цэлы раздзел.

І яшчэ адна добрая навіна: калі ўсё будзе добра, выйдзе ў свет і важкі том вершаў, напісаных спадаром Іванам Астроўскім.
У пачатку двухтысячных у «Звяздзе» была рубрыка, прысвечаная народнаму фальклору. Іван Іванавіч, дасылаў туды творы і такім чынам, як прызнаецца, зрабіў... першы крок да Парнаса.

Каб адчуць, як далёка зайшоў, можна згадаць ужо, здаецца, крылатае:

На кантрактныя ўмовы

Пераходзьце, мужыкі,

Пад кантролем будуць словы,

Пад замкамі языкі.

Або:

Чорт падбіў завесці дачу,

На дурную галаву,

Я за ёй жыцця не бачу

І ўжо кінуць не магу.

У кнізе каля трохсот старонак!

Піша Іван Іванавіч на беларускай, рускай і нават англійскай мовах. Усё ў залежнасці ад сітуацый, ад тых, хто будзе чытаць ці слухаць. Прызнаецца, што вершы не «выседжвае» — кладзе на паперу тое, што прыходзіць само па сабе.

Зрэшты, творчасць гэтага безумоўна таленавітага аўтара «Звязды» — тэма асобная. Тут і зараз трэба пра іншых і аўтараў, і чытачоў. «Больш як 46 гадоў я пастаянна выпісвала «Звязду», — прызнаецца Ніна Іванаўна з Карэліччыны. — Цяпер усё часцей вагаюся, бо газета дастаткова дарагая і рэкламы ў ёй вельмі шмат».

Што сказаць на вось гэта?

Хіба тое, што ў матэрыяльным плане «Звязда» жыве, відаць, таксама, як яе чытачы. Гэта значыць, што і нашы найшчырэйшыя жаданні — у тым ліку ніжэйшай цаны на падпіску і, адпаведна, большых тыражоў — не супадаюць, на жаль, з нашымі магчымасцямі. Адмаўляцца ад рэкламы пры такіх абставінах, згадзіцеся, неяк не разумна. Гэта па-першае, па-другое...

Многія з дарослых дзяцей дапамагаюць цяпер сваім бацькам — бяруць на сябе аплату патрэбных лекаў, дроў, камунальных паслуг — таго, што сапраўды неабходна... Дык, можа, у гэты пералік варта было б уключыць падпіску на газету? І чаму б не на роднай мове?

Ёсць і па-трэцяе — яшчэ адзін ліст. «Звязда» і сапраўды газета дарагая, — піша спадарыня Вайтковіч з Мінска, — мае суседкі выпісваюць таннейшыя. Але ж яны і атрымліваюць іх радзей, і самі кажуць, што чытаць там няма чаго. А я ў сваёй знаходжу і нешта для душы, для розуму і роздуму, смешныя гісторыі, новыя рэцэпты, цікавыя цытаты, нават рэкламу. Дзякуючы ёй, наша сям'я некалі выбрала для сябе прадукцыю Маладзечанскага і Слуцкага хлебазаводаў, Ашмянскага і Ваўкавыскага мясакамбінатаў, «малочку» з Пастаў».

Нехта выбраў іншае ці проста згарнуў нецікавыя старонкі — на карысць цікавых. Яны ў газеце па-ранейшаму ёсць і, напэўна ж, будуць, бо і сапраўды «шмат зорак у «Звяздзе», кожная свеціць па-свойму»...

Пошту чытала
Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.