Вы тут

Вольга Святліцкая: «У рэанімацыі ўсе пацыенты шкадуюць, што не прышчапіліся»


У першай частцы нашай размовы Вольга Святліцкая, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэанімацыі БелМАПА, якая працуе ў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, расказала, чым небяспечны дэльта-штам каранавіруса, як пацыенты становяцца кіслародазалежнымі і ў якіх выпадках іх пераводзяць у рэанімацыю. Сёння мы размаўляем пра тое, як адбываецца выздараўленне і адлучэнне ад апарата ШВЛ, што павінны ведаць людзі, чые блізкія трапілі ў рэанімацыю, і чаму так важна пісаць ім лісты.


«Усе прачынаюцца па-рознаму: хтосьці за два-тры дні, іншыя — за тыдзень»

— Вольга Іванаўна, раскажыце, як адбываецца адлучэнне ад апарата ШВЛ?

— Крытэрыем служыць змяншэнне праяў захворвання, якое выклікала перавод на ШВЛ. У дадзеным выпадку гэта цяжкая пнеўманія і рэспіраторны дыстрэс-сіндром. Урач не будзе выводзіць з медыкаментознага сну, пакуль не зразумее, што пацыенту становіцца лягчэй. Калі мы бачым, што чалавеку патрабуюцца ўжо не такія высокія канцэнтрацыі кіслароду, параметры вентыляцыі становяцца больш мяккія і падобныя да фізіялагічнага дыхання, а працэсы ў лёгкіх пачынаюць сваю эвалюцыю, пацыент гатовы да адлучэння ад ШВЛ. Адзін з крытэрыяў — калі мы можам павярнуць яго на спіну і сатурацыя не зніжаецца пры ўмераным узроўні кіслароду. У прыватнасці, калі пры ўзроўні кіслароду менш за 60 % у пацыента ў становішчы на спіне трымаецца сатурацыя не менш за 92 %, гэта сведчыць пра тое, што рэспіраторны дыстрэс-сіндром пачынае адступаць.

У гэтай сітуацыі большасці пацыентаў часова ставіцца трахеастома: многія трубачка для дыхання ўводзіцца непасрэдна ў трахею ніжэй за галасавыя звязкі. Яе многія пацыенты нават не заўважаюць. Каб абудзіць пацыента, мы прыпыняем медыкаментозны сон. Усе прачынаюцца па-рознаму: камусьці хапае два-тры дні, камусьці трэба тыдзень і больш. У нашай рэанімацыі з пацыентамі абавязкова працуе рэабілітолаг — робіць масаж, выконвае розныя рухі, каб не было кантрактур суставаў, каб аднаўляліся мышцы.

Адлучэнне ад апарата часам займае 2/3 усяго знаходжання на ШВЛ, гэта вялікае мастацтва — такое ж, як і змадэляваць дыханне на апараце. Каб навучыцца вентыляваць пацыентаў з цяжкім дыстрэс-сіндромам, патрэбны калі не гады, то дакладна месяцы пастаяннай работы пад кіраўніцтвам старэйшых і вопытных рэаніматолагаў. Гэта складанае абсталяванне, якое пастаянна ўдасканальваецца. За 20 гадоў маёй працы ў рэанімацыйнай службе я пабачыла некалькі мадыфікацый апаратаў. Мой першы апарат і апараты, якія выкарыстоўваюцца цяпер, — гэта дзве розныя эпохі.

— Чаму ўзнікаюць праблемы з медыцынскім кіслародам?

— Мы сталі спажываць яго вельмі шмат з-за вялікай колькасці кіслародазалежных пацыентаў. Аб’ём пашкоджання лёгкіх стаў большы, адпаведна, нам патрабуецца больш кіслароду. У першую хвалю людзі атрымлівалі пяць літраў кіслароду ў хвіліну, і гэтага было дастаткова, каб узняць сатурацыю. У гэту хвалю сем-дзесяць літраў у хвіліну выдаткоўваецца на пацыента ў тэрапеўтычных аддзяленнях. У рэанімацыі для пацыентаў на неінвазіўнай і інвазіўнай вентыляцыі патрабуецца часта 80–90 % кіслароду і больш.

Атрымліваецца, што эканамічна выгадна, каб людзі дыхалі праз маску, а не праз насавыя катэтары, дзе паток рассейваецца паветрам, — так змяншаюцца страты. Таму ўсе тэрапіі цяпер стараюцца ўкамплектавацца маскамі для накіраванай падачы кіслароду.

Я працую ў адным з найбуйнейшых стацыянараў краіны, і ў нас дзейнічае свая кіслародная станцыя, дзе вырабляецца кісларод. Складаней у тых клініках, куды яго дастаўляюць у балонах. З вялікім напружаннем працуюць кіслародчыкі, бо ім за суткі прыходзіцца мяняць мноства балонаў. Пры вялікай колькасці цяжкіх пацыентаў аднаго балона хапае на тры-чатыры гадзіны.

Але дзякуючы зладжаным дзеянням Міністэрства аховы здароўя і прадпрыемстваў, якія падключыліся да выпрацоўкі кіслароду, нам хапае. Дзякуючы крокам па мабілізацыі кіслародавытворчасці, якія былі зроблены ў краіне, мы не адчуваем дэфіцыту кіслароду.

«Самы просты спосаб пазбегнуць тромбаў — піць ваду»

— Як правільна лячыць пнеўманію дома?

— Калі пастаўлены дыягназ пнеўманія з невялікім працэнтам пашкоджання, ад 5 % да 20 %, пацыент можа лячыцца дома. Тут важна ў хатніх умовах выконваць тыя ж рэкамендацыі, што і ў клінічным стацыянары, каб не павялічыць аб’ём пашкоджання лёгкіх. Дарэчы, мы рэкамендуем, каб кожная сям’я сёння мела ўласны пульсаксіметр. Мяркуючы па тым, што вірус муціруе, гэта прылада нам яшчэ спатрэбіцца. Знаходзячыся дома, трэба некалькі разоў на дзень вымяраць сатурацыю. Калі яна 95 % і вышэйшая, гэта нармальны варыянт ходу хваробы.

Важна прытрымлівацца базавых правіл. Піць ваду з разліку не менш чым 20 мл на кілаграм вагі. Калі чалавек важыць 70 кг, ён павінен выпіваць не менш за 1,4 літра вадкасці ў суткі. Гэта пры ўмове, што тэмпература не павышана і невялікае пашкоджанне лёгкіх — да 20 %. У вадкасць уключаюцца вада, чай, кампот, морс, а вось сок і суп наш арганізм успрымае як ежу. Калі чалавек тэмпературыць, то на кожны градус павышанай тэмпературы варта дадаваць каля 400 мл вадкасці. З тэмпературай 38 градусаў пры вазе 70 кг варта выпіваць каля двух літраў вадкасці ў суткі. Калі 39 — ад 2,2 да 2,5 літра. Як вядома, СОVІD-19 выклікае гіперкаагуляцыю і схільнасць да тромбаўтварэння. А вада разрэджвае кроў, і гэта самы просты і танны спосаб пазбегнуць тромбаў.

Чалавек павінен ляжаць у прон-пазіцыі. Па меры магчымасці можна глядзець кіно, чытаць кнігу, але на жываце. Важна, каб падушка і валік знаходзіліся пад грудзямі, і жывот пры гэтым не сціскаў дыяфрагму, выклікаючы павышэнне ўнутрыбрушнога ціску. У такой сітуацыі хворы толькі пагаршае сваё становішча. Таму людзям, якія маюць вялікі жывот, важна класці валік не толькі пад грудзі, але і пад пахвіну, каб жывот знаходзіўся паміж падушкамі і не сціскаўся.

Дома мусяць быць гарачкапаніжальныя прэпараты — парацэтамол ці яго варыянты. Можна прымаць яго ў выглядзе парашкоў супраць грыпу. Яны ўтрымліваюць у сваім складзе вітамін С і іншыя прэпараты, якія здымаюць сімптомы прастуды.

Як рэаніматолаг, я не рэкамендую трываць высокую тэмпературу. Калі яна паднялася вышэй за 38 градусаў, варта яе збіваць. Асабліва гэта датычыцца пажылой групы пацыентаў і людзей са спадарожнымі хваробамі. Трываць тэмпературу — вялікі стрэс для арганізма, гэта знясільвае.

Калі варта трывожыцца? Калі сатурацыя пачынае падаць. Калі яна знізілася да 93–94 %, варта легчы ў прон-пазіцыю. Калі яна павысілася, можна так паляжаць нейкі час. Калі сатурацыя не падымаецца ці ўпала ніжэй за 92 %, не хапае паветра, варта патэлефанаваць альбо ў паліклініку і выклікаць урача, або ў хуткую дапамогу. Сказаць, што ў вас пацверджаны дыягназ СОVІD-19, што цяжка дыхаць і што сатурацыя вось такая.

— Калі сатурацыя падае, скажам, да 92 %, чалавек гэта адчувае?

— Так, не хапае паветра, і ён пачынае дыхаць часцей. З’яўляецца ўдушша, пацыент пачынае непакоіцца. Нашы паліклінікі кантралююць усіх хворых на каранавірусную інфекцыю, усюды ёсць выязныя брыгады, і калі ў кол-цэнтр паступае выклік, да пацыента выязджаюць медыкі. Урач зробіць агляд і прыме рашэнне аб шпіталізацыі. Лепш рабіць гэта праз медработнікаў, бо ў горадзе існуе аператыўны цэнтр, які адсочвае колькасць свабодных ложкаў у кожнай бальніцы.

«Мала перадаць ваду і сок — абавязкова напішыце пісьмо»

— Што ўзяць з сабой у бальніцу?

— Асабістыя рэчы і ваду, бо там такія ж патрабаванні да пітнога рэжыму, як я назвала. У клініцы абсалютна ўсе пацыенты атрымліваюць антыкаагулянты або ў прафілактычнай, або ў лячэбнай дозе. 

Акрамя таго, тут возьмуць аналізы і ацэняць выяўленасць запаленчага сіндрому ці цытакінавага шторму. Што канкрэтна пры яго наяўнасці будзе ўведзена пацыенту, вызначаецца калегіяльна. Таксама могуць прызначацца супрацьвірусныя прэпараты, рашэнне прымае кансіліум спецыялістаў. Пры неабходнасці падключаецца кіслародатэрапія.

— Што можна парэкамендаваць блізкім тых, хто знаходзіцца ў бальніцы, асабліва ў рэанімацыі?

— Вельмі важна пазнаёміцца з графікам работы аддзялення. Мы працуем у «чырвонай зоне», і самы пік прызначэнняў, выканання працэдур, аглядаў і кансіліумаў прыпадае на першую палову дня. Таму датэлефанавацца ў рэанімацыю да гадзіны-дзвюх дня амаль немагчыма. Блізкія нервуюцца, крыўдзяцца, і мы разумеем іх хваляванне, але мы ўсе вельмі занятыя і фізічна не можам адказаць. 

Ёсць дакладна ўказаны час, калі з вамі будуць размаўляць. У гэты час ёсць урач, які будзе адказваць або па тэлефоне, або каля дзвярэй рэанімацыі. Калі рэкамендавана звяртацца, скажам, з 13 да 14, тэлефануйце менавіта ў гэты час.

Пажадана, каб з медыкамі кантактаваў адзін і той жа член сям’і, бо ён прыблізна разумее, як развіваюцца падзеі, да яго прывыкае доктар, яны могуць хутка пагаварыць. Калі кожны дзень імкнуцца званіць розныя блізкія, гэта займае час урача, бо даводзіцца пастаянна пераказваць адно і тое ж.

— Што можна перадаваць у рэанімацыю?

— Ваду, вільготныя сурвэткі, бо, калі забралі ў рэанімацыю з дыхальнай недастатковасцю, трэба разумець, што гэтыя пацыенты будуць у масках, шлемах ці на ШВЛ, і звычайная гігіена для іх недаступная. Таму прыносьце памперсы па памерах, урачы могуць папрасіць мыйныя сродкі для гігіены хворага. Добрая навіна, калі доктар папрасіў прынесці шампунь — гэта азначае, што ваш блізкі ідзе на папраўку.

Важна правільна прыносіць ежу, у многіх з гэтым узнікаюць праблемы. Чым больш кіслародазалежны чалавек, тым на меншы час ён можа зняць маску. Патрэбна такая ежа, якую можна з’есці хутка і лёгка. Тут лепш за ўсё падыходзіць вадкае харчаванне, бо не трэба перажоўваць. Калі гэта суп, то няхай гэта будзе вадкі суп-пюрэ з мясам і гароднінай. Бо ў нас ёсць усяго некалькі хвілін, за якія пацыент мусіць яго выпіць. Калі гэта ёгурт, то лепш з вялікім утрыманнем бялку — хаця б 18–20 грамаў. Прынцыпова важна, каб у прадуктах, якія прыносяць у рэанімацыю, было максімум карысных рэчываў. Можна перадаваць энтэральныя сумесі для дарослых, іх набываюць у аптэцы. Так прасцей атрымаць паўнацэнны абед, чым паспрабаваць асобна з’есці булён, катлету і тушаную капусту.

Для нас прынцыпова важна, каб пацыенты елі. У адваротным выпадку разбураныя лёгкія не змогуць аднавіцца. У гэты час арганізму патрэбна шмат бялку. Здароваму чалавеку ў дзень трэба не менш за адзін грам бялку на кілаграм масы, пры масе цела ў 70 кг гэта не менш за 70 грамаў бялку ўдзень. А чалавеку ў крытычным стане — 1,5 грама на кілаграм, значыць, пры такой масе не менш чым 105 грамаў. Інакш не толькі не адновяцца лёгкія, але і пачнуць разбурацца іншыя тканкі. Таму, збіраючы сумку ў бальніцу, варта ўлічваць, што ежа павінна быць бялковая і максімальна каларыйная.

Мала перадаць сок і ваду — абавязкова трэба ўкласці запіску, дзе вы кажаце, што любіце свайго блізкага чалавека і чакаеце яго дома. Людзі, якія знаходзяцца на неінвазіўнай вентыляцыі (у шлемах ці масках) у прытомнасці, але ім цяжка дыхаць, у іх паніка і страх смерці. Рэанімацыя — закрытае аддзяленне, дзе няма мабільных тэлефонаў, бо людзі ў крытычным стане. Яны бачаць іншых пацыентаў, у якіх не заўсёды ўсё добра. Ім і самім цяжка, і знайсці сілы ў гэтых умовах змагацца за жыццё няпроста. Таму вельмі пазітыўны эфект даюць пісьмы, якія яны атрымліваюць ад блізкіх. Калі дома ёсць дзеці, пажадана, каб яны малявалі і расказвалі пра сябе, можна перадаваць фотаздымкі. Атрымліваецца, што гэтыя пісьмы, напісаныя родным почыркам, і фотаздымкі — адзінае, што даступна, каб адчуць любоў сваёй сям’і, і такія расповеды пра жыццё дома вельмі натхняюць пацыентаў.

Адзін наш пацыент нядаўна напісаў жонцы развітальнае пісьмо, дзе выклаў ёй нейкія апошнія просьбы, яна ў слязах патэлефанавала доктару... Складана перадаць вастрыню болі людзей, якія разумеюць, што яны могуць ніколі больш не ўбачыцца, гэта самыя страшныя дні ў іх жыцці. Да каранціну мы пускалі блізкіх у рэанімацыю, і яны маглі пару гадзін у дзень пабыць з цяжкім пацыентам, цяпер гэта немагчыма. Светаўспрыманне ў рэанімацыі мяняецца: калі чалавек задыхаецца, ён думае пра сваё жыццё і тых, хто дома. Пацыенты вельмі чакаюць зваротнай сувязі, сумуюць, і ім не хапае цяпла. Што б ні было далей, у такім лісце ёсць магчымасць сказаць штосьці цёплае і пяшчотнае дарагому чалавеку, і гэта важна зрабіць.

— Ці ёсць вакцынаваныя пацыенты ў рэанімацыі?

— Іх адзінкі. За ўвесь гэты час у нас была адна такая жанчына. Яна трапіла ў рэанімацыю, бо была ў сталым узросце і з вялікім, амаль 80 %, аб’ёмам пашкоджання лёгкіх. Аднак прайшла шпіталізацыю вельмі лёгка — прабыла ў нас усяго тры дні на невысокіх працэнтах кіслароду, ёй не спатрэбілася ні неінвазіўная вентыляцыя, ні ШВЛ. Мы баяліся пагаршэння, а, наадварот, наступіла 
паляпшэнне.

Таму адно з пажаданняў — вакцынавацца. Прычым сачыць за паведамленнямі Міністэрства аховы здароўя: калі будуць мяняцца штамы, могуць мяняцца і падыходы да вакцынацыі, і варта дзейнічаць у рамках рэкамендацый. Пацыенты рэанімацыі, якія знаходзяцца ў прытомнасці, шкадуюць, што не прышчапіліся. Адна пацыентка нядаўна сказала, што калі яна паправіцца, то ўсім на рабоце параіць прышчапіцца.

І другое — рэкамендую насіць маскі, бо нават вакцынаваныя хварэюць, хоць і лягчэй. І нават калі мы вакцынаваліся і лёгка пераносім СОVІD-19, мы можам быць крыніцай інфекцыі для блізкіх і навакольных. Калі ў сям’і ёсць пажылыя бацькі, члены сям’і, якія пакутуюць на цяжкія, у прыватнасці анкалагічныя, хваробы, іх жыццё залежыць у тым ліку і ад нас.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.