Вы тут

Рас­лі­ны, якія мож­на вы­рас­ціць з кос­тач­кі


Напэўна, пасля таго як вы з'елі які-небудзь фрукт, не раз задумваліся: а чаму б не ўсунуць костачку ў зямлю, ці вырасце? Часта костачкамі называюць і зернеткі з цвёрдай абалонкай, напрыклад у хурмы ці граната.


Авакада

Костачка прарастае доўга. Сумесь для пасадкі падрыхтуйце з роўных частак торфу, дзярновай зямлі і рачнога пяску. Костачку бярыце толькі ад спелага авакада, імкніцеся яе не пашкодзіць.

Высадзіце костачку на глыбіню да 3 см, паліце і сачыце, каб глеба не перасыхала. Парасткі з'явяцца на 3-4-ы тыдзень.

Для хутчэйшага прарастання існуе цікавы спосаб: зрабіце ў костачцы авакада 3-4 адтуліны з розных бакоў, устаўце ў іх калыпкі і змясціце костачку ў ваду, як паказана на фота.

Апельсінавае дрэва

З костачак крамных апельсінаў можна выгадаваць пакаёвае дрэва, якое праз 5—10 гадоў можа даць плады. Для пасадкі падрыхтуйце вазон аб'ёмам прыкладна 2 л і ўрадлівы грунт. Костачкі апельсіна прамыйце, патрымайце каля гадзіны ў гарачай вадзе (не вышэй за 50—60 °С, інакш яны загінуць) і пасадзіце ў зямлю на глыбіню да 2,5 см па некалькі костачак у кожны чыгун. Паліце глебу і накрыйце вазон плёнкай. Чакаць усходаў давядзецца каля трох тыдняў, увесь гэты час плёнку не здымайце, толькі крыху праветрывайце міні-парнік. Самы дужы парастак з тых, што ўзышлі, перасадзіце ў вялікі чыгун.

Гранат

У крамах прадаюцца плады сартавых гранатаў, але даччыныя расліны не захаваюць матчыных прыкмет і, магчыма, не будуць пладаносіць. Але абавязкова пацешаць прыгожым лісцем і формай ствала. Костачкі перад пасадкай ачысціце ад мякаці і старанна прамыйце ў халоднай вадзе, абсушыце.

Прыгатуйце глебу з роўных частак торфу, дзярновай зямлі і пяску. Не забудзьцеся зрабіць у чыгуне дрэнаж. Пасадзіце костачкі ў вільготную глебу на глыбіню да 1 см. Накрыйце гаршчок плёнкай, стварыўшы шклярніцу, і пастаўце на сонечны падаконнік. Прыкладна праз два тыдні з'явяцца парасткі. Як толькі яны крыху падрастуць, прыбярыце плёнку і выдаліце слабыя экзэмпляры, пакінуўшы самыя моцныя для далейшага вырошчвання.

Грэйпфрут

Вырасціць грэйпфрут у якасці хатняй расліны можна са звычайнай костачкі. Прасушкі костачкі не патрабуюць, адразу пасля вымання з плада іх можна садзіць у глебу. Костачку заглыбіце на 2 см у сумесь торфу і зямлі для пакаёвых кветак. Калі пасадачнага матэрыялу шмат, для кожнай костачкі лепш вылучыць сваю ёмістасць. Накрыйце гаршчок паловай пластыкавай бутэлькі ці плёнкай, каб хутчэй з'явіліся ўсходы, і пастаўце на цёплы і сонечны падаконнік.

Важна не дапускаць перасыхання грунту, інакш грэйпфрут можа перастаць развівацца. Калі ўсё зроблена правільна, праз 2-3 тыдні з'явяцца першыя парасткі. Паступова прывучайце іх да жыцця без хованкі, падсыпайце грунт, а калі расліны дасягнуць у вышыню прыкладна 10 см, перасадзіце іх у больш аб'ёмны чыгун.

Мандарын

Костачкі мандарына прарастаюць павольней за ўсе цытрусавыя.

Для пасадкі выбіраюць спелыя і мяккія плады. Костачкі спатрэбяцца самыя буйныя і здаровыя, без пашкоджанняў. Выкладзеце костачкі на вільготную марлю і змясціце ў ёмістасць з вадой, каб яны набраклі.

Калі не жадаеце набываць гатовую глебу для цытрусавых раслін, прыгатуйце сваю з роўных частак ліставой, дзярновай зямлі і перагною. У чыгуне забяспечце добры дрэнаж. Костачку высаджваюць на глыбіню да 3 см. Усходы з'явяцца праз пару тыдняў. Сачыце, каб мандарын атрымліваў дастаткова сонечнага святла.

Фінікавая пальма

Для пасадкі падыдуць костачкі са свежых ці сухіх фінікаў. Аддзяліце іх ад мякаці і на 1-2 дні змясціце ў шклянку з вадой, якую прыкладна раз на дзень змяняйце на свежую. Пасля такой працэдуры рэшткі мякаці лягчэй выдаліць з костачкі. Тым самым знізіцца верагоднасць загнівання. Цяпер костачкі гатовы да пасадкі.

Костачкі высаджваюць вертыкальна вострым канцом уверх на глыбіню 3-4 см. Ёмістасць накрыйце плёнкай або шклом. Перыядычна ўвільгатняйце грунт, не дапускаючы перасыхання. Праз пару тыдняў з'явяцца парасткі будучай пальмы.

Маладыя расліны трэба адразу прывучаць да пакаёвых умоў.

Хурма

Пасля таго як вы з'елі плод, прамыйце костачкі і замачыце ў слабым растворы марганцоўкі. Тыя, што ўсплылі, выдаліце. Затым выкладзіце костачкі на вільготную марлю і прыкрыйце плёнкай. Перыядычна змочвайце марлю вадой.

Праз некалькі тыдняў, калі костачкі праклюнуцца, высадзіце іх у сумесь торфу і пяску на глыбіню да 2 см. Калі парасткі стануць дужыя, распікіруйце іх у невялікія ёмістасці, імкнучыся не пашкодзіць карані, і забяспечце рэгулярны паліў і падкормкі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пагаворым пра спосабы прывесці вагу ў норму, губляючы ў сярэднім па 0,5-2 кг у тыдзень.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.