Вы тут

«Колькі мы яшчэ будзем пакутаваць?»


Група бежанцаў, большасць з якіх з'яўляюцца курдамі, працягвае знаходзіцца перад польскім плотам, яны разбілі лагер непасрэдна на граніцы і цяпер не прадпрымаюць якіх-небудзь агрэсіўных дзеянняў. Аб гэтым БелТА паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі. «Фізічны і маральны стан людзей вельмі цяжкі і прыгнечаны. Не хапае вады і ежы. На тэрыторыі лагера няма мінімальных умоў для штодзённых гігіенічных працэдур. Сітуацыя ўскладняецца наяўнасцю сярод бежанцаў значнай колькасці цяжарных жанчын і грудных дзяцей, якія вымушаны начаваць на зямлі пры тэмпературах, блізкіх да нуля. Некаторым бежанцам дрэнна пасля прымянення польскім бокам слёзатачывага газу. Для аказання псіхалагічнага ціску на бежанцаў усю ноч вайскоўцы Польшчы ўключалі гучнагаварыцелі, пражэктары, страбаскопы. Таксама з сумежнай тэрыторыі былі чутныя стрэлы», — распавёў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта.


«Холадна, мы ноч не спалі. Колькі мы яшчэ будзем пакутаваць? Перадайце, што мы ідзём не ў Польшчу, няхай нас прапусцяць», — звярнуўся да нашага калегі з БелТА адзін з бежанцаў. Мігрант, бацька шасцярых дзяцей, папрасіў дапамагчы яму з малаком, памперсамі, сродкамі гігіены для малых. «А яшчэ нам патрэбна вада. Вада — гэта жыццё», — заўважыў адзін з бежанцаў.

Парушэнняў заканадаўства з боку мігрантаў не зафіксавана. Аб гэтым заявіў журналістам міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, паведаміла БелТА. Паводле слоў міністра, задача органаў унутраных спраў па ахове грамадскага парадку забяспечваецца як у Мінску, так і ў прыгранічных раёнах. «Хачу адзначыць, што на сёння ў Беларусі нейкіх праблем, звязаных з паводзінамі мігрантаў, няма», — заўважыў Іван Кубракоў.

Насупраць лагера мігрантаў выстраіўся ланцуг польскіх сілавікоў, сцягнута тэхніка, у тым ліку і баявая. Да лініі граніцы з боку Польшчы не дапускаюць прадстаўнікоў СМІ, міжнародных праваабарончых і гуманітарных арганізацый для аказання дапамогі людзям, якія імкнуцца падаць прашэнні аб атрыманні статусу бежанца на тэрыторыі ЕС. «З прычыны адсутнасці аб'ектыўных прычын для закрыцця польскага пункта пропуску «Кузніца Беластоцкая», магчыма, што гэтае рашэнне прынята польскім бокам для выключэння відэазапісу выпадковымі сведкамі і апублікавання фактаў прымянення сілы і зброі польскімі ваеннымі ў адносінах да бежанцаў. Усе гэтыя дзеянні Польшчы накіраваны на ўтойванне ад грамадскасці інфармацыі аб рэальных падзеях, якія адбываюцца на польска-беларускай граніцы», — адзначыў Антон Бычкоўскі.

Тым часам Беларускі саюз журналістаў выказаў рашучы пратэст дзеянням польскіх улад па перашкаджэнні работы беларускіх і замежных журналістаў па асвятленні міграцыйнага крызісу. Пра гэта гаворыцца ў заяве БСЖ, размешчанай у тэлеграм-канале саюза. «Практыкі польскага палітычнага рэжыму і сілавых структур парушаюць базавыя дэмакратычныя стандарты свабоды слова і СМІ, ігнаруюць фундаментальныя абавязацельствы Польшчы ў рамках ААН, АБСЕ і Савета Еўропы па гуманітарным вымярэнні і правах журналістаў, маюць усе прыкметы таталітарнага падаўлення правоў уласных грамадзян на доступ да аб'ектыўнай інфармацыі з зоны бядотнага становішча мігрантаў і бежанцаў», — гаворыцца ў заяве.

БСЖ патрабуе неадкладна спыніць светлашумавае ўздзеянне на журналістаў, блакіроўку сотавай і інтэрнэт-сувязі, зняць усе абмежаванні на доступ журналістаў і праваабаронцаў да бежанцаў з польскага боку граніцы. Як падкрэслілі ў саюзе, «падобныя дзеянні лішні раз пацвярджаюць рэпрэсіўны і антыдэмакратычны характар польскага рэжыму і павялічваюць абгрунтаваныя падазрэнні праваабаронцаў і прэсы, што афіцыйная Варшава здзяйсняе на граніцы злачынствы супраць чалавечнасці, якія спрабуе схаваць як ад уласнай грамадзянскай супольнасці, так і ад міжнароднай грамадскасці».

На думку Міністэрства абароны, размяшчэнне 10 тысяч польскіх ваеннаслужачых каля польска-беларускай граніцы (як было заяўлена міністрам нацыянальнай абароны Польшчы) з'яўляецца істотнай ваеннай дзейнасцю. «Ажыццяўленне такой дзейнасці без інфармавання беларускага боку з'яўляецца парушэннем двухбаковых дадатковых дамоўленасцяў аб рэгіянальных мерах даверу і бяспекі. Названымі дамоўленасцямі прадугледжваецца накіраванне паведамлення і запрашэнне наглядальнікаў за ваеннай дзейнасцю, у якой прымаюць удзел 6 тысяч і больш ваеннаслужачых», — звярнулі ўвагу ў ваенным ведамстве. «Да гэтага моманту Мінск не атрымаў ад польскага боку ні паведамлення, ні запрашэння наглядальнікаў», — падкрэслілі ў Мінабароны.

Беларусь загадзя перасцерагае польскі бок ад выкарыстання любых правакацый, накіраваных супраць Беларусі, для апраўдання магчымых незаконных сілавых дзеянняў у адносінах да абяздоленых бяззбройных людзей. Аб гэтым заявілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў, адказваючы на пытанне журналістаў. Рэзкае абвастрэнне міграцыйнай сітуацыі ў беларуска-польскім прыграніччы, на думку МЗС, выклікае значную занепакоенасць за лёсы людзей, якія імкнуцца любымі шляхамі і спосабамі трапіць у краіны Еўрапейскага саюза. І гэта з'яўляецца непасрэдна вынікам доўгага ігнаравання афіцыйнай Варшавай аб'ектыўнай рэальнасці, адкрыта страусавых падыходаў да вырашэння значных праблем. «На гэтым фоне вельмі няскладна выглядаюць няслушныя спробы польскага боку перакласці на Беларусь адказнасць за міграцыйную сітуацыю, што дынамічна развіваецца, — лічаць у МЗС. — Мы неаднаразова заклікалі нашых суседзяў да прадметнага дыялогу і канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж профільнымі ведамствамі па важных трансгранічных пытаннях, якія маюць безумоўны агульны інтарэс».

«Вольная трактоўка і выбарчае захаванне правоў чалавека сталі ўжо фірменным стылем прыхільнікаў дэмакратызацыі асобных краін і цэлых рэгіёнаў, якая якраз і правакуе такія міграцыйныя патокі. Зыходзім з таго, што стаўленне польскага боку да іншаземцаў, якія шукаюць прыстанішча і абароны, стане чарговым тэстам і лакмусавай паперкай рэальнай прыхільнасці афіцыйнай Варшавы да прынцыпаў міжнароднага права, гуманізму, высокіх дэмакратычных стандартаў у галіне абароны правоў чалавека», — дадалі ў МЗС.

Пётр ДУНЬКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.