Вы тут

Што сказаць пісьменніку і свету?


Сёлета ў выдавецтве «Каўчэг» выйшаў зборнік пісьменніка і публіцыста Віталя Кірпічэнкі. У кнігу, якую з упэўненасцю можна назваць мастацка-публіцыстычнай, хоць другі складнік пераважае, увайшлі нарысы, артыкулы, апавяданні і нататкі.


Некаторыя матывы ўжо сустракаліся ў папярэдніх спробах аўтара, у прыватнасці «Над акенцам месяц» і «За доляй». Асобныя часткі з мінулых выкарыстоўваюцца і ў гэтым выданні. У змесце, дарэчы, тэксты не раздзелены згодна з чаканай класіфікацыяй (на старонках выдзелены толькі апавяданні). Магчыма, таму, што сутнасці гэта б не змяніла: творы аб’яднаны тэматычна. Напрыклад, значную частку кнігі заняла тэма паляўніцтва.

У дадзеным выпадку біяграфія Віталя Кірпічэнкі мае істотнае значэнне, бо аўтар піша выключна пра сябе і свой вопыт. Усё — і нараджэнне ў Іркуцкай вобласці, і служба ў Ваенна-паветраных сілах, і ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС — важна для ўспрымання патэнцыяльным чытачом вобраза галоўнага героя-творцы. А ён найперш верны сваім прынцыпам, якія дазваляюць на першай жа старонцы (а ў зборніку іх амаль 480) назваць сучасную краіну «Белоруссией» (хоць потым і выпраўляецца).

У гэтым жа тэксце пад назвай «Беларусы Сібіры», які пачынаецца даволі лірычным эпізодам — паездкай у цягніку з Мінска ў далёкі Іркуцк, апавядальнік пасля сустрэчы з цыганамі без усялякіх перадумоў прапануе чытачу развагі пра наркотыкі і робіць абсалютна непрымальную для большасці спецыялістаў па гэтай праблеме выснову: неўладакаванасць, адсутнасць справы па жыцці  — залог таго, што чалавек стане залежным ад алкаголю ці наркотыкаў. Выйсце ж герой бачыць у абстрактнай дзяржаўнай праграме па выхаванні дастойнага грамадзяніна. Можна толькі здагадвацца, на што яна будзе абапірацца і ці стане паспяховай, бо гэтую думку аўтар не развівае, а спрабуе тлумачыць прадузятае стаўленне беларусаў і рускіх да цыган, пэўным чынам абараняе іх.

Чытач павінен быць падрыхтаваны да высокага пафасу, якім напоўнены зборнік, пагарды да грамадства. Аўтар піша, што маральнасць — паняцце ўстарэлае, на сцэне зараз панаванне спрытных «людишек» ад мастацтва, а шматтыражную газету чытаюць пераважна тыя, каго цікавіць, як зацяжарала адна з «Татушак». Нават у гэтым пераліку назіраецца пэўная адарванасць ад сучаснасці — некаторыя тэксты напісаны 20 гадоў таму, іх неабходнасць сённяшняй аўдыторыі выклікае сумненне. А вось так герой разважае пра паняцце згубленай велічы: «Пад’язджаем да сталіцы некалі вялікай дзяржавы — Масквы. Не чуваць, як гэта было зусім нядаўна, у ганьбаваны крыкунамі савецкі час, бравурнага марша “Утро красит нежным светом стены древнего Кремля” ці іншага падобнага, што стварае добры настрой і радасць ад адчування велічы краіны і тваёй, натуральна, велічы». Матыў шкадавання гучыць і ў іншых тэкстах з красамоўнымі назвамі: «Героі Савецкага Саюза і Расіі», «Армія, змена пакаленняў і традыцый», «Армія і ўлада на сучасным этапе», «Пісьменнік і час»…

У творы «Падарожжа з Масквы ў Бішкек» апавядальнік спрабуе адказаць на вечнае пытанне «што рабіць?», няхай яно тычыцца даволі празаічнай, хоць і важнай тэмы выканання закона. І гэта адна з найцікавейшых частак выдання Віталя Кірпічэнкі. Увогуле, высновы пісьменніка і публіцыста, што тычацца законаў, выглядаюць найбольш выйгрышна: тут крыху болей сумненняў, меней бясспрэчных высноў, чым у тэкстах на іншую тэму. Так ці інакш, аўтар не баіцца падводзіць вынікі, прапаноўваць прагнозы, што ў кнізе такога тыпу вельмі дарэчы, аднак часта выйсце з той ці іншай сітуацыі знаходзіць у вяртанні да пэўных асноў Савецкага Саюза — такіх, якімі яны бачацца герою.

Вартасць выдання — у перадачы гісторый розных людзей, апісаннях дальніх мясцін, у прыватнасці Сібіры. З неабходнымі ў гэтай справе дэталямі аўтар, быццам гісторык, разважае пра падзеі мінулых стагоддзяў, часам нават празмерна падрабязна. Расказваючы, напрыклад, пра Вялікую Айчынную вайну, ён пералічвае страты вёскі Тургенеўкі, згадвае прозвішчы многіх загінулых, а таксама тых, хто ваяваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі: імёны, даты нараджэння і смерці… У зборніку такога аб’ёму гэтыя звесткі, а таксама іншыя, больш буйныя, губляюцца сярод іншых згаданых падзей і разважанняў Віталя Кірпічэнкі.

Дарэчы, якімі аўтар бачыць літаратурнае поле і ролю крытыкі, можна зразумець дзякуючы наступнай цытаце, што не мае патрэбы ў каментарыі: «Часта крытыку падмяняюць карэктарскай працай, то-бок работай над памылкамі. Вось і атрымліваецца, грабемся, як куры на гнаявой кучы, што шукаем, што сказаць хочам пісьменніку і свету, самі не ведаем толкам. А без крытыкі нам далёка не паехаць. Не выгнаць нам са старонак баявых хлопцаў з аўтаматамі і кулямётамі, не стрэсці з раскошных пасцеляў красунь, будзем запаўняць макулатурай да столі склады і, галоўнае, будзем працягваць разбэшчваць пакаленне за пакаленнем». Увогуле, Віталь Кірпічэнка схільны лічыць, што праца сучасных крытыкаў, прынамсі расійскіх, — самалюбаванне пісьменнасцю, маўляў, за іх мудрагелістымі выразамі не зразумела, што яны хацелі сказаць пра твор і пісьменніка. Здаецца, у гэтым невялічкім тэксце ўсё празрыста.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».