Вы тут

«Імёны іх золатам ззяюць...»


Назва кнігі Уладзіміра Цануніна «Каму патрэбна памяць аб вайне», што сёлета пабачыла свет у Маладзечне (друкарня «Перамога»), перагукаецца з назвай вядомай савецкай песні «Хотят ли русские войны» і з’яўляецца адначасова пытаннем, хоць і без пытальніка ў канцы, і, несумненна, адказам. Беларусы, якія неаднаразова зведалі ўсе жахі акупацыі на ўласнай тэрыторыі, што пры кожнай вайне станавілася арэнай баявых дзеянняў, несумненна, сто і тысячу разоў скажуць сваё непахіснае: «Гэтая памяць патрэбна нам», нашым дзецям, унукам, праўнукам і будучым пакаленням. Не сакрэт, памяць аб вайне трэба для таго, каб, жывучы пад мірным небам, ніколі не забываць пра тых, хто са зброяй у руках, не шкадуючы свайго жыцця, бараніў нашу Бацькаўшчыну.


«Колькі войн маленькіх і вялікіх // Бачыў край мой родны за вякі?» — задаецца пытаннем аўтар і сам жа пералічвае прышэльцаў-агрэсараў на нашу зямлю:

Вікінгі, татары, немцы, шведы,

Потым дзве сусветныя вайны.

Незлічоны спіс ахвяр і бедаў

Назаўжды пакінулі яны.

Гэта як бы абагулены ўступ да расповеду пра кожную з войнаў на беларускай зямлі, пачынаючы «З глыбінь сівых вякоў суровых» (менавіта так называецца першы раздзел кнігі), з якіх «Курганы нас гукаюць былінамі», «А пад зямлёй у глыбіні // Іржой пабітыя даспехі // Падратавалі карані».

У другім раздзеле, «Забытая вайна», — вершы пра Першую сусветную, калі «У небе ў вышыні аэрапланы // Бурчалі пад фанернаю бранёй» і дзе па сёння «Асколкі снарадаў вясной ручаіна // Вадой вымывае з пяску. // З параненым целам старая хваіна // Самотна стаіць убаку». Праўда, не магу пагадзіцца з аўтарам, што яна «забытая» — лепш сказаць, што гэтая вайна, як, між іншым, і Другая сусветная, проста радзей згадваецца ў сённяшніх рэаліях.

Пра апошнюю мы часцей гаворым як пра Вялікую Айчынную, бо яна разгортвалася на нашай савецкай зямлі, бараніць якую ўзняўся ўвесь народ: хто на фронце, а хто ў партызанах і падполлі. Пра гэта — раздзел «Кожны трэці». Назва яго цалкам апраўданая, бо менавіта «Кожны трэці наш беларус // У зямельцы сырой ляжыць», загінуўшы ад рук фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. І што асабліва балюча: сярод іх — старыя, жанчыны і дзеці, расстраляныя і спаленыя ў акупаваных вёсках, сімвалам якіх стала Хатынь. Несціханым болем і горыччу прасякнуты вершы «Самы доўгі дзень», «Абпаленае дзяцінства», «Даліна смерці», «Слёзы», «Аргенцінскае танга», «Нахцігаль», «Дняпроўскі лёд», «Брод», «За пяць хвілін...».

Так, у вершы «Апошні бой» паэт распавядае, як 9 мая, калі ўжо была абвешчана перамога, салдацкай роце неабходна было выбіць апошніх фашыстаў, што заселі ў пражскім Крамлі. «Разгублены ротны // Перад строем вайсковым на пражскай ускраіне // У атаку апошнюю добраахвотна // Прапаноўваў пайсці толькі самым адчайным. // Не загадам, а просьбай здаваліся словы, // Штурм пасля Перамогі — нялёгкая мэта! <...> Хоць і ведалі ўсе, чым закончыцца гэта, <...> Крок апошні наперад адмералі ногі».

Аўтар у пераважнай большасці твораў пазбягае адкрытых ваенных баталій, а калі і паказвае іх, то праз успаміны былых франтавікоў ужо ў пасляваенны час («Ветэраны», «Сын за бацьку», «Духавы аркестр», «Молах сонечнага лета», «Фотаздымак», «Перапіска», «Лысая гара», «Мост»). Паэт болей распавядае пра чалавечыя лёсы на вайне і з гонарам заяўляе: «Мы — маленькі, але вельмі горды народ! // Не паставіш нас на калені».

Не пакідае Уладзімір Цанунін сваіх герояў сам-насам, а прасочвае іх лёсы і пасля перамогі. А яны былі не меней цяжкімі і складанымі, пра што сведчыць да болю шчымлівая балада «Падатак», калі «Няведама, з чые віны, // Ці гэта “сталінская рыса”, // Патрапіў дзед пасля вайны // Ў “аднаасобніцкія спісы”. <...> Дзед быў павінен здаць у час // Паўцэнтнера дзяржаве мяса, // А ён і сам не еў каўбас, // Перабіваўся хлебам з квасам». І вось, зайшоўшы ў сельсавет, ён кінуў старшыні на стол дзве пахаронкі на сыноў і сказаў пракураным хрыпатым басам: «Падатак я дзяржаве здаў. // Вось тут цэнтнер жывога мяса».

Не абмінуў Уладзімір Цанунін увагай і афганскую вайну, якая, хоць і вялася за тысячы кіламетраў ад Беларусі, але колькі цынкавых трун з целамі нашых загінулых байцоў-беларусаў было дастаўлена з тае азіяцкай краіны! «Не верне матулям сыночкаў з нябыту // Суровы, бязрадасны лёс. // Імёны іх золатам ззяюць на плітах // На Востраве слёз».

Завяршаецца ж кніга раздзелам, назва якога стала і назвай усёй кнігі. Аўтар пытаецца:

Каму патрэбна памяць аб вайне?

Няўжо не зразумела гэта свету,

Што застаецца мір заўжды ў цане,

І гора нам, калі забудзем гэта.

Сёння, калі ваеншчына ў многіх краінах Заходняй Еўропы зноў падымае галовы, калі многія палітыкі заходніх еўрапейскіх дзяржаў, ці, як іх называюць, краінах ЕС, не хаваючыся, адкрыта скажаюць праўду пра ход Другой сусветнай вайны і ролю ў ёй Савецкага Саюза, усялякімі сродкамі імкнуцца перапісаць саму гісторыю, словы паэта гучаць надзвычай актуальна. І сваімі паэтычнымі радкамі ён робіць важны ўнёсак, не пабаюся гэтых высокіх слоў, у змаганне за душы і розумы сучасных падлеткаў і моладзі.

Анатоль ЗЭКАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.