Вы тут

Прараслі на каранціне. Як выпрабаванні пандэміі ператварыліся ў магчымасці


«З чым любіце каву? З цукрам, малаком, карыцай?» — «З кнігай!» Думаецца, такі адказ не выглядае банальным сёння, калі кніга займела новы шанц стаць запатрабаванай. Застаючыся сам-насам, без зносін, не-не ды пацягнешся да вабнага томіка, разгорнеш пахкія старонкі.


І нічога, што кніга таксама мае патрэбу ў дэзынфекцыі. Такая непрадказальная рэчаіснасць... Ковід-абмежаванні сутыкнулі грамадства з новым выклікам: існаванне на аддаленцы. Як з гэтым справіліся бібліятэкі — установы, дзе функцыянальнасць не ў апошнюю чаргу пабудавана на жывых зносінах?

Ці пацярпеў чытач альбо ён нядрэнна пачуваецца ў электронным асяроддзі? Паглядзім, што думаюць на гэты конт удзельнікі чарговага VIII Міжнароднага кангрэса ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, які якраз і сфакусіраваўся на тэме «Бібліятэкі ва ўмовах пандэміі: новыя магчымасці, новыя рашэнні».

Надзвычай запатрабаванымі ў перыяд пандэмічных абмежаванняў аказаліся электронныя паслугі, хоць у актыве бібліятэк яны, вядома, ужо даўно. Але электронныя паслугі не вырашылі ўсіх праблем, якія з’явіліся ў пандэмічныя часы, заўважае супрацоўніца Дзяржаўнай бібліятэкі Югры (Ханты-Мансійск, Расія) Святлана Валжэніна. Значная колькасць наведвальнікаў перацякла з афіцыйных сайтаў кніжніцы ў сацыяльныя сеткі. Спатрэбілася перафарматаванне знешніх камунікацый — медыя, каналаў, сайтаў і г. д. Дзеля пераразмеркавання рэсурсаў у працэс вымушаны былі ўключыцца і супрацоўнікі, якія раней гэтым не займаліся і выконвалі іншыя функцыі. Колькасць публікацый у медыя заўважна ўзрасла, больш сталі звяртацца да сацыяльных сетак бібліятэк. Упор рабіўся на тыя функцыі, якія можна было падтрымаць у створаных абставінах. Ды застаўся шэраг працэсаў, якія немагчыма ажыццяўляць аддалена. Як правіла, такія працэсы былі звязаныя з матэрыяльнымі аб’ектамі ў бібліятэцы: фонд, уліковы каталог і г. д.

Што выйшла на першы план? Неабходнасць прымаць перамены, а значыць, удасканальваць менеджмент бібліятэк, тым самым максімальна адаптаваць дзейнасць да новых умоў: эфектыўна кіраваць чалавечымі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Тактыка стала больш важнай, чым стратэгія, пераканана Святлана Валжэніна: «Трэба вырошчваць гарызантальных лідараў, бо аддаленыя камунікацыі патрабуюць меншага разрыву паміж топ-менеджарам і шараговым супрацоўнікам, а яшчэ — вучыцца ў бізнесу». Яна лічыць, што тактыка ў бібліятэк была інерцыйная, кніжніцы чакалі, каб прыняць правільнае рашэнне, па сутнасці, яны сталі паралізаваныя ад нечаканасці крызісу.

Як ні сумна прызнаваць, але пэўная доля чытачоў пасля каранціну не вярнулася. Вінаваты, мяркуе Святлана Валжэніна, той самы інерцыйны сцэнарый кіравання. На прыкладзе бібліятэкі Югры яна робіць выснову, што колькасць пазастацыянарных наведванняў павялічылася, а выдач — не. Што гэта азначае? Бібліятэкі зразумелі, што больш выгадна праводзіць мерапрыемствы, а не выконваць асноўную функцыю — набліжаць кнігу да карыстальніка. Актывізавалася выдача з сеткавых аддаленых рэсурсаў, у асноўным ЛітРэс. Месцам культурна-асветніцкай дзейнасці бібліятэкі сталі зноў-такі сацыяльныя сеткі. Узрасла цікавасць да рэсурсаў уласнай генерацыі, таму, адпаведна, ёсць сэнс нарошчваць электронны кантэнт. Цяпер самы час зрабіць высновы, прааналізаваўшы новы сцэнарый работы. «Трэба зразумець, што каранцін — гэта гісторыя сілы: і асабістая, і ўстановы. Бо нават невялікія поспехі важныя. На жаль, сусветная сітуацыя не стане ранейшай», — рэзюмуе выступоўца.

Інтэрнэт з яго ўсюдыіснасцю не мае межаў. Як бачым, дзякуючы яму знаходзяцца вырашэнні многіх нестандартных сітуацый. Існаваннем бібліятэкі ў сеціве заклапочаны генеральны дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Усходняй адміністрацыйнай акругі г. Масквы Алег Жадзёнаў: «Мы разумелі, што анлайн рана ці позна чакае ўсіх, і ён прыйшоў. Мы сутыкнуліся з тым, што аказаліся ў хвасце. У інтэрнэце мы ў ліку тых, хто адстае, бо да гэтага ўжо былі маладыя ціктокеры, блогеры і іншыя, хто вядзе паспяховыя праекты з мільёнамі паслядоўнікаў, у іх ёсць вопыт арганізацыі студый, а ў кагосьці з нашых калег не было і прыстойнага абсталявання, каб пачаць вяшчанне. Цяпер мы разумеем, з кім нам даводзіцца канкурыраваць, — з вопытнымі, злымі, маладымі, таленавітымі прафесіяналамі, і пераймаць іх метады, навыкі для таго, каб змагацца за аўдыторыю». Ёсць вялікія плюсы ў тым, што бібліятэкі асвойваюць віртуальныя пляцоўкі, адзначае Алег Жадзёнаў, мінус жа — аўдыторыя, якая заваёўваецца праз інтэрнэт, не раўназначная той, што наведвала бібліятэкі. Новыя фарматы прыцягваюць іншых карыстальнікаў, нетыповых для бібліятэкі, перакананы ён: «Гэтыя новыя аўдыторыі гавораць на іншай мове, у іх іншыя запыты, хуткасць мыслення і г. д.» Адсутнасць у бібліятэкі фізічнай пляцоўкі, на думку Алега Жадзёнава, дае больш гледачоў, больш увагі да бібліятэчных сацыяльных сетак і сайтаў, робіць карэкціроўку іміджу бібліятэк, забяспечвае супрацоўніцтва з калегамі з іншых рэгіёнаў.

Развіццё анлайн-праектаў у бібліятэках можа выяўляцца не проста ў запуску каналаў на YouTube, мяркуе Алег Жадзёнаў, — важна мысліць шырэй і рабіць каналы інструментамі для рэалізацыі праектаў, а не самамэтай. Як прыклад — «Бібліятэка паэзіі». Падчас каранціну бібліятэкі Усходу Масквы запусцілі анлайн-кватэрнікі пад брэндам «ССЫЛКА». Некалькі паэтаў збіраліся па вечарах у пятніцу ў анлайн-пакоі, чыталі свае вершы, а ў перапынках мелі зносіны і адказвалі на каментарыі гледачоў. У сярэднім такі эфір збіраў 50—80 тыс. праглядаў, а ўсяго запісы сабралі больш чым 1 млн праглядаў. Медыяпляцоўка «Бібліятэка паэзіі» запрацавала на базе раённай бібліятэкі № 76 імя М. Ю. Лермантава (Расія). Цяпер там праходзяць паэтычныя чытанні і майстэрні, а таксама працуе прадзюсарскі цэнтр для сучасных паэтаў, відэапрадакшн.

«Падчас лакдаўну нам вельмі хацелася вярнуцца ў бібліятэку, і тады мы прыдумалі праект віртуальнай бібліятэкі, — дзеліцца Алег Жадзёнаў, — навучылі карыстацца бібліятэкараў віртуальным абсталяваннем. Закончыўся лакдаўн — мы не запусцілі гэты праект. Але добра яго пратэсціравалі, і цяпер, нават калі нас закрыюць, будзем гатовыя запрашаць людзей як са спецыяльным абсталяваннем, так і з простымі камп’ютарамі. Плануецца дзяжурства ў віртуальным шлеме: бібліятэкар можа сустрэць, правесці, адказаць на пытанні, і гэта будзе не бот. Хаця ў перспектыве можам запусціць серыю ботаў, калі наведвальнасць зашкаліць да дзясяткаў тысяч. За кошт аналізу базавага набору пытанняў мы зможам прапісаць боты, якія будуць задавальняць патрэбы наведвальнікаў, і ніхто нават не западозрыць, што з ім размаўляе не жывы чалавек. Таксама ўжо рэалізаваны механізм выдачы спасылак на электронныя кнігі. Ці хочам мы такой будучыні? Не ўпэўнены, што я марыў менавіта пра такую бібліятэку, але свет падштурхнуў да таго, каб мы гэта зрабілі. Таму, калі раптам здарыцца чарговы каранцін, мы прадставім гэтую бібліятэку і падзелімся ёю з тымі з вас, каму цікава, хто будзе гатовы запусціць падобны праект. Тым больш ён аказаўся не вельмі дарагі. Ёсць шмат аналагаў у паралельных інстытуцыях: віртуальныя бары, клубы, тэатры. І віртуальныя бібліятэкі цяпер таксама ёсць».

Беларуская бібліятэчная асацыяцыя (ББА) вясной мінулага года падрыхтавала інфармацыйны агляд па дзеяннях сусветнай бібліятэчнай суполкі ў адказ на эпідэміялагічную сітуацыю — «Бібліятэкі свету і Беларусі ва ўмовах пандэміі COVID-19».

Штучны інтэлект, воблачныя вылічэнні, тэхналогіі бесправадной сувязі, рабатызацыя, дапоўненая рэальнасць, а таксама разнастайныя «разумныя сэрвісы»: інтэрнэт рэчаў, «разумны дом», дыстанцыйнае абслугоўванне — усё гэта набліжае лічбавізацыя, паскораная ў тым ліку пандэміяй. І бібліятэкі будуць вымушаны скарыстоўваць «разумныя сэрвісы», бо шляху назад, як сцвярджаюць даследчыкі, ужо няма.

З 2011 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі рэалізоўваецца праект па ўкараненні RFID-тэхналогій (радыёчастотная ідэнтыфікацыя), адзначае дацэнт кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ Наталля Бярозкіна. RFID-тэхналогіі забяспечваюць маніторынг дакументнага фонду, а разам з тэхналогіямі інтэрнэту рэчаў могуць стаць яшчэ больш эфектыўнымі. У шэрагу замежных бібліятэк паспяхова эксплуатуюцца рабатызаваныя дакументасховішчы, заўважае даследчыца, у прыватнасці рабатызаваныя пад’ёмныя краны ў Авіятскай бібліятэцы Каліфарнійскага ўніверсітэта, Чыкагскага ўніверсітэта.

Імкліва ўваходзіць у жыццё выкарыстанне QR-кодаў — аднаго з кірункаў тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. На аснове QR-кодаў інавацыйныя праекты рэалізоўваюць Магілёўская цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса, бібліятэка сярэдняй школы № 16 г. Ліды («Мабільная бібліятэка»), Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка («Культурны код Салігорска»), прыводзіць даныя Наталля Бярозкіна. Цікавы і вопыт Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк, у прыватнасці сеткавы інтэрнэт-праект «Бібліятэка. Перазагрузка»: зрабілі рэбрэндынг сайта svetlib.gomel.by, даўшы новае жыццё краязнаўству.

Існаванне ў інфармацыйным грамадстве вымагае новых падыходаў да адукацыі, пра што сведчыць «Канцэпцыя лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2019—2025 гады». На вырашэнне задач лічбавізацыі арыентавана і сфера бібліятэчна-інфармацыйнай адукацыі. Развіццё тэхналогій абумоўлівае змену прыярытэтаў у падрыхтоўцы бібліятэчных спецыялістаў. Выступоўца Святлана Зыгмантовіч, прафесар кафедры інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці БДУКМ, згаджаецца з думкай сваёй калегі Наталлі Гендзінай, што ў сучасных умовах глабальных пераўтварэнняў, выкліканых лічбавізацыяй усіх сфер жыцця, у развіцці бібліятэк павінна прасочвацца рацыянальнае спалучэнне тэхнакратычнага і гуманітарнага кампанентаў. Бібліятэкам патрэбна асваенне ўсяго арсенала лічбавізацыі, у той жа час кніжніцы павінны забяспечыць пераход на новы ўзровень работы з людзьмі, з канкрэтным чалавекам, незалежна ад таго, прыходзіць той у бібліятэку асабіста альбо выступае ў якасці аддаленага карыстальніка.

Аддаленае карыстанне — маркер пандэмічных часоў — выпрабаванне на адаптыўнасць для бібліятэкараў, якія сутыкнуліся з экстрэмальнымі ўмовамі аддаленкі. Дыстанцыйная работа паказала, што нават дасведчаным прафесіяналам трэба пастаянна павышаць узровень кампетэнцый, у тым ліку камп’ютарнай адукаванасці, медыякультуры, пераканана Алена Тулупава, загадчыца аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Падзяліўшыся вопытам дыстанцыйнай работы бібліёграфа, яна адзначае, што назваць аддалены рэжым бібліяграфічнага пошуку паўнацэннай заменай стацыянарнаму рэжыму работы нельга па шэрагу прычын: «Па-першае, пад рукой бібліёграфа няма друкаваных выданняў для прагляду de visu і ўдакладнення звестак. Далёка не ўся друкаваная прадукцыя мае электронныя аналагі і адлюстравана ў электронных інфармацыйных рэсурсах. Па-другое, аддаленага даведачна-пошукавага апарату для паглыбленага пошуку ўсё ж недастаткова — картачныя каталогі і картатэкі бібліятэкі, а таксама бібліяграфічныя паказальнікі па-ранейшаму выконваюць сваю пошукавую функцыю і адлюстроўваюць унікальны кантэнт».

Нягледзячы на складанасці і ўзрушэнні ад пандэмічнага крызісу, нагода для аптымізму ёсць. Магчыма, яна пакуль не відавочная, як і ўсмешка, якой не відаць за ахоўнай маскай...

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.