Вы тут

Кацярына Кавалёва: Планую зноў выйсці на рынг


Рукадзелле, жывапіс, танцы — стэрэатыпны спіс жаночых захапленняў можна працягваць бясконца. А вось Кацярыне Кавалёвай прыйшоўся па душы... бокс. Мы пагутарылі з нашай гераіняй і высветлілі, як яна трапіла ў гэты від спорту, стала сапраўднай чэмпіёнкай не толькі Беларусі, але і ўсяго свету і, нягледзячы на такі мужчынскі занятак, засталася вельмі далікатнай і жаноцкай.


— Упершыню мае вочы загарэліся на баксёрскія пальчаткі, калі мне было сем гадоў, але забарона бацькі і жыццёвыя абставіны не дазволілі спраўдзіцца жаданню яшчэ найбліжэйшыя гадоў дваццаць. Да бокса я займалася рознымі відамі спорту: спартыўнай акрабатыкай, каратэ, тхэквандо, муай-тай, кікбоксінгам і MMA — гэта змешанае баявое адзінаборства. Атрымлівала чорныя паясы, чэмпіёнскія тытулы, міжнародныя разрады, скарала сусветныя п'едэсталы, але на дваццаць сёмым годзе свайго жыцця, на самым піку спартыўнай кар'еры, «зламалася». У мяне адбылася траўма калена, ад частковай замены сустава мяне аддзяляў толькі адзін удар саперніка. Вядома, тады ні пра які спорт не магло ісці і гаворкі — хадзіць бы не кульгаючы. Хірург у той момант даў мне зразумець, што абнадзейваць не будзе і лячэнне можа не дапамагчы настолькі, наколькі хацелася б. З-за стрэсу першы дзень у бальніцы памятаю як учора: доктар сказаў, што калі адчую што-небудзь пасля ўколу ў калена, то ёсць магчымасць выратаваць тое, што ад яго засталося. Мне яго зрабілі, і я адчула пякельны боль. Пазногці былі зламаныя і выкручаныя ад таго, што я ўпілася ў кушэтку, але ад таго, што нешта адчула, са слязамі на вачах крычала і смяялася ад шчасця.

Паколькі працэс лячэння даволі працяглы, па прычыне страты звыклага ладу жыцця ў Кацярыны пачала развівацца дэпрэсія і апатыя да ўсяго, што адбывалася вакол. Доктар параіў пераключыцца на любы занятак, які не патрабуе вялікай нагрузкі на нагу. Спачатку наша суразмоўніца вырашыла навучыцца іграць на фартэпіяна, але байцоўскае спартыўнае мінулае не пакідала яе, і ў галаву прыйшла ідэя заняцца боксам, дзе ўсе ўдары выконваюцца рукамі, а ніжняя частка цела амаль не задзейнічана. Пасля кансультацыі з доктарам і з яго адабрэння яна адразу ж прыступіла да пошукаў патрэбнай спартыўнай секцыі.

— Я тады жыла і праходзіла лячэнне ў Стамбуле. Знайсці месца для заняткаў боксам не было вялікай цяжкасцю, мяне зачапіў клуб «Фенербахчэ», і я стала займацца там. У саму залу прыйшла падчас рэабілітацыі ў 2018 годзе, і толькі ў канцы 2019-га, калі мне было дваццаць восем гадоў, пачала па-сапраўднаму прафесійна баксіраваць. У гэтым жа годзе адбыўся мой першы бой на чэмпіянаце Еўропы. Мяне паставілі ў пару з чэмпіёнкай свету, і я прайграла ёй па ачках, але, нягледзячы на адсутнасць вопыту ў класічным боксе, мне ўдалося праявіць характар і некалькі разоў пахіснуць саперніцу, чым і заваявала павагу ў камандзе.

Хоць першы паядынак скончыўся паразай для нашай суразмоўніцы, яна пра гэта не шкадуе, бо менавіта з яго і пачаўся яе прафесійны шлях у боксе. Кацярына прызнаецца, што за ўвесь час досведу ў гэтым відзе спорту прайгравала толькі двойчы і толькі дзеючым чэмпіёнкам свету. І, нягледзячы на тое, што ў боксе яна не гэтак даўно, да папярэдніх тытулаў, такіх як чэмпіёнка Беларусі па каратэ, тхэквандо, кікбоксінгу, муай-тай, чэмпіёнка свету па кікбоксінгу, дадаліся званні чэмпіёнкі Беларусі па боксе і бронзавага прызёра чэмпіянату свету па боксе. Але больш за ўсё наша гераіня ганарыцца тытулам «Найлепшы баец чэмпіянату свету», які яна заваявала ў 2015 годзе.

— Думаю, маме з самага пачатку не падабалася маё захапленне байцоўскімі відамі спорту (смяецца). Яна мне тады казала: «Каця, ну ты ж дзяўчынка!», але, убачыўшы бляск у маіх вачах, здалася, і мы пайшлі запісваць мяне на каратэ. Пазней з'явіўся ў маім жыцці кікбоксінг — гэта своеасаблівы сімбіёз англійскага бокса і ўсходніх адзінаборстваў, які ўтрымлівае ўдарныя тэхнікі рук і ног. У ім я выйграла чэмпіянат свету, а пасля ўжо «бронзу» свету па боксе. Брат радуецца за мяне, жартуе, што нездарма столькі гадоў пешшу на трэніроўкі хадзіла па шэсць кіламетраў. Ну а сябры заўсёды са мной, нават калі мае захапленні ім не па душы.

На спаборніцтвах жанчыны баксіруюць толькі з жанчынамі. Спарынг-партнёр выбіраецца па вагавой катэгорыі, у выпадку нашай суразмоўніцы гэта катэгорыя «восемдзесят адзін кілаграм плюс без абмежаванняў».

— Вядома, прафесійны спорт патрабуе выканання пэўных абмежаванняў, асабліва па паказчыках масы цела. Я стараюся трымаць яе ў двухзначнай лічбе: дзевяноста адзін — дзевяноста пяць кілаграмаў. Гэта мая найлепшая спаборніцкая вага, калі я хачу выкладвацца па максімуме, трэба быць у гэтых межах. Многія гады мая вага была з адзнакай за сто пяць і да ста васямнаццаці з-за парушанай функцыі работы шчытападобнай залозы, і гэта нягледзячы на знясільвальныя трэніроўкі і шматкіламетровыя кросы. Мне давялося прачытаць вельмі шмат медыцынскай і навуковай літаратуры, каб навучыцца ўтрымліваць вагу ў адзнацы хоць бы бліжэй да ста. І, мабыць, свет любіць тых, хто не здаецца, у выніку два гады таму мой арганізм «перазагрузіўся», і вага прыйшла ў патрэбную норму. Цяпер я вельмі моцна люблю «саграшыць» з рознымі ласункамі, але пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў прытрымліваюся строгага, збалансаванага харчавання, каб палепшыць фізічныя паказчыкі.

Акрамя дысцыпліны ў харчаванні, наша гераіня прытрымліваецца строгага графіку трэніровак. Напрыклад, у звычайным рэжыме займаецца пяць разоў на тыдзень, а пры падрыхтоўцы да турніру пераходзіць да сямі-дзесяці трэніровак у такі ж прамежак часу. Кацярына распавяла, што апошнія некалькі гадоў аддае перавагу самастойным заняткам, але пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў заўсёды робіць гэта з трэнерам і са спарынг-партнёрамі.

— За ўсю маю спартыўную кар'еру я зразумела адну рэч: «зорныя» спартсмены такія толькі па-за залай — у камандзе мы ўсе на роўных і з павагай ставімся адзін да аднаго. За дваццаць гадоў у адзінаборствах мне пашчасціла патрэніравацца з тытулаванымі і вядомымі спартсменамі, такімі як Энтані Рамбл, Люк Рокхалд, Волкан Оздэмір, Джарал Мілер, Мэт Мітрыён, Дэні Робертс, Тыяга Сілва, Міхаэль Джонсан, Сэйдж Норткат, Камеру Усман, Рашыд Эванс, Чынгіз Алазаў і многія іншыя. Ну і, вядома ж, было некалькі прафесійных трэнераў: Андрэй Грыдзін, Генры Хуфт, Уладзімір Тарасенка, Юрый Чуйко, Сяргей Пыталеў, Бабак Нежад, Ніл Мелансан, Дзмітрый Мельнікаў. Кожнаму з гэтых людзей я вельмі ўдзячная.

2019 год стаў для нашай гераіні не толькі годам засваення новага віду спорту, але і пераломным у прамым і пераносным сэнсах. Пасля рэабілітацыі з каленам Кацярына атрымала яшчэ некалькі траўмаў. Навалілася падрыхтоўка да сур'ёзных чэмпіянатаў Еўропы і свету, на першым яна баксіравала з вывіхам, а на другім — з пераломам пальца правай рукі. Фіналам праблем стаў бранхіт і каранавірус на зборах у Арменіі. Нервовая сістэма пачала здаваць, таму наша суразмоўніца прыняла рашэнне пакінуць зборную.

— Увесь час, пакуль не была на прафесійным рынгу, атрымлівала асалоду ад жыцця, развівалася, трэніравалася. Наогул, я вельмі разнапланавы чалавек і ніяк не падыходжу да стэрэатыпу пра «тыповых байцоў», якія суткі напралёт б'юцца і «падымаюць жалеза». Я люблю горы, мора і падарожжа. У мінулым годзе ўпершыню ўстала на сноўборд і вэйкборд і «злазіць» не збіраюся, бо гэта вельмі крута і весела. Наогул, калі пералічваць усе мае захапленні, то для гэтага спатрэбіцца асобнае інтэрв'ю (смяецца). Я добра адпачыла і планую выйсці на рынг, можа, нават і не ў аматарскім, а ў прафесійным відзе. І хачу сказаць усім тым дзяўчатам, якія не ўпэўнены ў сабе і баяцца займацца нязвыклым для жанчын заняткам: не слухайце нікога! Бо, каб быць па-сапраўднаму шчаслівай, трэба прытрымлівацца сваіх жаданняў, без усялякіх «не», «не магу» і «не атрымаецца». У мяне ж атрымалася, нягледзячы ні на што.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота з уласнага архіва К.Кавалёвай

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.