Вы тут

У якіх умовах жылі і навучаліся студэнты ў 20—30-я гады ХХ стагоддзя


Дзень рэвалюцыйнага студэнцтва замест Таццянінага дня адзначылі 21 лютага 1924 года студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А ў сакавіку таго ж года ў ВНУ было створана таварыства «Далоў непісьменнасць». Да пачатку 1926 года члены арганізацыі навучылі грамаце 1015 чалавек. Студэнты актыўна ўдзельнічалі ў прапагандысцкіх мерапрыемствах савецкай улады, тлумачачы партыйныя дырэктывы на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Праводзіліся так званыя клубныя тыдні, на якія запрашалася моладзь падшэфных вёсак. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт шэфстваваў таксама над дзіцячымі дамамі беспрытульных, пяхотнымі каманднымі курсамі, школай міліцыі і нават над кавалерыйскай дывізіяй.


Прафесар Сямён Якаўлевіч Вольфсан сярод студэнтаў факультэта грамадскіх навук.

Дыплом пад нумарам адзін

Да грамадскай актыўнасці студэнтаў падштурхоўвалі партыйныя і камсамольскія арганізацыі ўніверсітэта. Да таго ж моладзь імкнулася знайсці сябе, быць карыснай у віхуры новых стваральных працэсаў. Маладыя людзі ўцягваліся ў дзейнасць самых разнастайных гурткоў і арганізацый, такіх як лектарскі калектыў, «Авіяхім», «Эсперанта», «Гурток аматараў радыё», «Культурная дапамога вёсцы» і многіх іншых.

— Але галоўным абавязкам студэнтаў, безумоўна, заставаліся вучэбныя заняткі, — расказвае загадчык кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук, прафесар Алег ЯНОЎСКІ. — Праўда, у першыя гады дзейнасці ўніверсітэта з-за вельмі нізкага пачатковага ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў пры пераводзе іх з курса на курс прымянялася так званая сістэма мінімум, гэта значыць, прымаліся ў разлік тыя абставіны, што малады чалавек не меў магчымасці засвоіць вучэбны матэрыял на максімум: адсутнічалі падручнікі, часта зрывалася правядзенне заняткаў з-за ўдзелу ў будаўнічых і іншых грамадскіх работах. Акрамя таго, многія выкладчыкі вялі заняткі літаральна «з колаў», бо прыязджалі ў БДУ з Масквы і іншых гарадоў на некалькі дзён, каб пасля хуткай «вычыткі» сваіх вучэбных курсаў вярнуцца дадому і да асноўнай працы. Такім чынам, вучэбны працэс ва ўніверсітэце залежаў ад выкладчыкаў, якія працавалі «наездамі», і ад таго, якія магчымасці і час яны мелі. Аднак паступова карціна мянялася. І ўжо ў 1926/1927 вучэбным годзе каля 40 працэнтаў студэнтаў змаглі паказаць веды, якія адпавядалі максімуму патрабаванняў выкладчыкаў і методык, зацверджаных так званымі прадметнымі камісіямі.

Дзяржаўныя іспыты для выпускнікоў не абыходзіліся без экзамену па асновах марксізму, а ў хуткім часе марксізму-ленінізму. Пасля заканчэння вучобы студэнтаў чакала таксама абарона дыпломных работ, тэмы якіх яны выбіралі на трэцім курсе. Пасля падрыхтоўкі работ адбывалася іх абмеркаванне, а потым публічная абарона. У 1925 годзе быў падрыхтаваны першы выпуск спецыялістаў. Выпускніку БДУ Уладзіміру Міхайлавічу КАРАКУЛЬКУ выпаў гонар стаць першым дыпламаваным спецыялістам у савецкай Беларусі. Яго дыпломная работа была напісана па актуальнай для таго часу тэме — «Сельская гаспадарка і фабрычна-завадская прамысловасць СССР у іх рынкавых узаемаадносінах». Абарона насіла публічны характар: у абмеркаванні ўдзельнічала вялікая колькасць людзей, і найперш тыя, хто сам рыхтаваўся абараняць дыпломную работу. Камісія, заслухаўшы ўсе «за» і «супраць», вырашыла паставіць цалкам здавальняльную адзнаку і выдаць У. М. Каракульку дыплом пад нумарам адзін. У спісе першага выпуску факультэта грамадскіх навук, а значыць, першага выпуску БДУ, згадваюцца прозвішчы 26 правазнаўцаў і 34 эканамістаў. У цэлым за пяць першых гадоў сваёй дзейнасці ўніверсітэт падрыхтаваў 273 педагогі, 130 юрыстаў, 125 эканамістаў і 170 урачоў.

Лабараторныя заняткі на рабфаку, 1923 год.

Праблемай для ўніверсітэта з сярэдзіны 1930-х гадоў стала дрэнная наведвальнасць студэнтамі аўдыторных заняткаў. У 1937/38 вучэбным годзе сітуацыя абвастрылася. У асеннім семестры пропускі склалі 17 020 гадзін, з іх па няўважлівых прычынах — 5838 гадзін. Пасля зімовых канікулаў частка студэнтаў спазнілася да пачатку заняткаў на некалькі дзён. Ва ўніверсітэце разгарнулася дыскусія аб тым, як зрабіць лекцыі прывабнымі і карыснымі для студэнтаў, павысіць іх узровень. Некаторыя выкладчыкі прапаноўвалі адмяніць абавязковае наведванне лекцый, мяркуючы, што ў добрага лектара ў аўдыторыі заўсёды будуць сядзець слухачы. Адміністрацыя ж пайшла па шляху ўмацавання вучэбнай дысцыпліны, дзякуючы чаму колькасць пропускаў знізілася. Але спрэчкі аб суадносінах абавязковай аўдыторнай і самастойнай работы студэнтаў і шляхах збліжэння акадэмічных заняткаў і практычных патрэб сацыялістычнай вытворчасці працягваліся.

Пралетарызацыя і класавыя чысткі

У 1927/1928 вучэбным годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце навучаліся 2672 студэнты: 15 працэнтаў былі з сем’яў рабочых, 32 працэнты — з сялян, 41 працэнт — са служачых і 12 працэнтаў адносіліся па паходжанні да прадстаўнікоў іншых сацыяльных груп. Па нацыянальнай прыналежнасці пераважалі беларусы — 54 працэнты. Дарэчы, колькасць студэнтаў-беларусаў на працягу пяці папярэдніх гадоў расла: у 1922 годзе іх было ўсяго 28,6 працэнта. У гендарных адносінах сярод студэнтаў пераважалі мужчыны — 63 працэнты. Камсамольцамі былі 19 працэнтаў студэнтаў, а 13 працэнтаў — членамі РКП(б).

Студэнты рабфака ў інтэрнаце, 1927 год.

— У другой палове 1920-х гадоў у сценах БДУ сталі праводзіцца так званыя чысткі студэнтаў. Так, у 1924/1925 вучэбным годзе прыступілі да рэалізацыі рашэння XІІІ з’езда РКП(б) і пастановы СНК БССР аб скарачэнні кантынгенту навучэнцаў. Адлічалі студэнтаў за непаспяховасць і па сацыяльным паходжанні. З 1030 студэнтаў, якія вучыліся на факультэце грамадскіх навук, выключылі 496 чалавек, г. зн. 48 працэнтаў ад агульнага складу. На педагагічным факультэце з 919 студэнтаў выключылі 344 (больш за 37 працэнтаў). На медыцынскім факультэце колькасць студэнтаў скарацілася на 23 працэнты. У выніку чыстак, па-першае, зніжалася колькасць студэнтаў, якія не мелі рабоча-сялянскага паходжання, па-другое, скарачалася прадстаўніцтва нацыянальных меншасцяў. Гэты працэс увайшоў у гісторыю пад назвай «пралетарызацыя БДУ», — расказвае Алег ЯНОЎСКІ.

У 1928–1929 гадах «пралетарызацыя» атрымала надзвычайны размах. У гэты час газеты стракацелі загалоўкамі: «Вынікі праверкі студэнтаў ВНУ БССР», «Чужы элемент атрымлівае стыпендыю ў БДУ», «Пралетарскае студэнцтва дае адпор нацыянал-шавіністам» і г. д. Пасля разузбуйнення БДУ колькасць студэнтаў істотна знізілася. На 1 ліпеня 1934 года ў яго сценах засталося 525 студэнтаў. Адміністрацыя імкнулася павялічыць іх колькасць, але прыёмную кампанію 1935 года ўскладніла пастанова ЦК КП(б)Б, паводле якой кіраўнікі ВНУ неслі персанальную адказнасць за кожнага прынятага студэнта. Прычым размова ішла не аб узроўні ведаў, а аб сацыяльным паходжанні абітурыентаў. Дарога ў БДУ была адкрыта пераважна для людзей пралетарскага паходжання. Кожнага, хто паступаў, выклікалі на пасяджэнне прыёмнай камісіі, члены якой у гутарцы спрабавалі выявіць «асоб з класава чужых элементаў, якія спрабавалі пралезці ў БДУ». Ды і падчас навучання практыкаваліся выключэнні з розных курсаў, прычым студэнты нярэдка самі пісалі даносы на сваіх таварышаў. У сярэдзіне 1930-х гадоў выключалі за «ўтойванне сацыяльнага паходжання», «адабрэнне ворагаў пралетарыяту Зіноўева і Каменева», «распаўсюджванне контррэвалюцыйных анекдотаў» і г. д.

Бытавая неўладкаванасць

Матэрыяльнае становішча студэнтаў у 1920–1930-я гады было складанае. 8 сакавіка 1922 года БДУ быў вымушаны ўвесці плату за навучанне. Гэта была крайняя мера, аднак матэрыяльнае пытанне стаяла так востра, што рэктару Уладзіміру Пічэту з Масквы двойчы настойліва прапаноўвалі закрыць універсітэт. На пасяджэнні калегіі Наркамата асветы БССР быў выпрацаваны парадак спагнання платы са студэнтаў. Яна ўстанаўлівалася ад 5 да 15 рублёў золатам у год у залежнасці ад сацыяльнага паходжання студэнта і памеру даходаў яго бацькоў. На працягу 1920-х гадоў памеры аплаты вар’іраваліся. Аднак пераважная колькасць студэнтаў універсітэта (да 60 працэнтаў) з прычыны беднасці не траплялі ў катэгорыю тых, хто аплачваў сваё навучанне. Грошы, атрыманыя ад спагнання платы са студэнтаў, накіроўваліся пераважна на вучэбнае абсталяванне (70 працэнтаў), папаўненне фондаў універсітэцкай бібліятэкі (20 працэнтаў) і патрэбы студэнцкай прафсаюзнай арганізацыі (10 працэнтаў).

Рабочы факультэт БДУ.

Важнай дапамогай з’яўлялася стыпендыя: у 1927 годзе яе атрымлівалі 1037 чалавек. Памер стыпендыі складаў 15 рублёў, а на рабфаку — 17 рублёў. Гэтых грошай ледзь хапала для задавальнення мінімальных патрэб у харчаванні і адзенні. Разам з тым навучэнская моладзь дапамагала сабе праз прафсаюзную арганізацыю, праяўляючы студэнцкую карпаратыўную самастойнасць. Пры непасрэдным удзеле прафсаюза на кожным факультэце былі створаны касы ўзаемадапамогі. На льготных умовах для студэнтаў працавалі цырульні, швейныя майстэрні, пральні.

Часам атрымлівалася арганізаваць прадуктовыя пайкі для студэнтаў: у іх уваходзілі мука, цукар, сала, алей. Універсітэт выдзяляў сродкі на экскурсіі студэнтаў, прычым нават для тых, хто выязджаў за межы рэспублікі. Практыкавалася сістэма крэдытавання, накіраваная найперш на забеспячэнне студэнтаў цёплым адзеннем. Крэдыты выдаваліся ў лік стыпендыі. Існавалі і дзяржаўныя льготы для студэнтаў: штомесячныя талоны ў лазню (іх можна было рэалізаваць у чацвер і пятніцу ў Ляхаўскай лазні — яна знаходзілася ў раёне сучаснага стадыёна «Дынама»), танныя білеты ў тэатр, кіно, 75-працэнтная зніжка на праезд па чыгунцы. У 1920-я гады «студэнцкімі хваробамі» былі сухоты, анемія, неўрапатыя, выкліканыя напаўгалодным існаваннем маладых людзей пры актыўнай вучобе. Невыпадкова бюджэтам універсітэта прадугледжвалася выдзяляць на санаторна-курортнае лячэнне студэнтаў штогод каля 10 тысяч рублёў, што было значнай сумай у цяжкія часы.

Бюро ячэйкі рабфака БДУ.

З 1 студзеня 1934 года, згодна з пастановай СНК БССР, для студэнтаў устанаўліваліся зніжкі на білеты ў кіно (40 працэнтаў) і ў тэатр (50 працэнтаў), бралася 10-капеечная плата за праезд у трамваі. Па-ранейшаму добрай дапамогай было таннае харчаванне ў студэнцкай сталовай (абед, напрыклад, каштаваў 70 капеек). А самай складанай праблемай для іншагародніх студэнтаў была жыллёвая. Да 1927 года кіраўніцтва ўніверсітэта значна прасунулася ў яе вырашэнні. Інтэрнатам былі забяспечаны ўсе студэнты рабочага факультэта. Акрамя гэтага, у інтэрнаце выдзяляліся месцы для 500 навучэнцаў з іншых факультэтаў. Падчас будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка сітуацыя з жыллём ізноў абвастрылася. З-за адсутнасці свабодных месцаў у інтэрнатах студэнты нярэдка начавалі ў скверах і на вакзале. Не вырашылася праблема і пасля завяршэння будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка. Будынкі пад інтэрнаты то даваліся, то адбіраліся Мінскім гарсаветам. Часцей за ўсё яны не былі прыстасаваны для пражывання студэнтаў. У 1934 годзе па ініцыятыве рэктара Ананія Дзьякава пад студэнцкі інтэрнат была аддадзена фізкультурная зала ўніверсітэта.

У 1937 годзе сітуацыя з пражываннем студэнтаў чарговы раз абвастрылася. У выдзеленым Мінскім гарсаветам доме пад інтэрнат БДУ адсутнічалі вада і электрычнасць. Многія студэнты не вытрымлівалі спартанскіх умоў побыту і кідалі вучобу. Рэктар Нічыпар Бладыка нават быў вымушаны аддаць пад жыллё студэнтаў усе грамадскія памяшканні. Акрамя таго, была зроблена спроба павялічыць прыём завочнікаў, што магло б знізіць нагрузку на інтэрнаты.

Танцавальны гурток БДУ, 1936 год.

Сапраўдным ударам для студэнтаў стала пастанова СССР у кастрычніку 1940 года, у адпаведнасці з якой зноў уводзілася плата за навучанне ў ВНУ. На дзённым аддзяленні яна складала за паўгоддзе 200 рублёў, на завочным — 100 рублёў. Тыя, хто не мог заплаціць, падлягалі выключэнню.

Услед за камсамолам

Нягледзячы на ўсе складанасці і бытавую неўладкаванасць, студэнты БДУ, як і ва ўсе часы, вялі актыўнае, насычанае справамі жыццё, удзельнічалі ў шматлікіх грамадскіх і ваенна-спартыўных кампаніях, падтрымлівалі міжнародны рабочы рух. Так, у кастрычніку 1928 года было прынята рашэнне адлічыць у фонд дапамогі рабочым-страйкоўцам у Лодзі (Польшча) 30 працэнтаў ад сваёй стыпендыі. У маі 1929 года больш за 700 камсамольцаў зрабілі адлічэнні са стыпендыі на карысць ахвяр расстрэлу дэманстрантаў у Берліне. У жніўні гэтага ж года студэнты, даведаўшыся пра падзеі на Кітайска-Усходняй чыгунцы, аддалі два працэнты стыпендыі на карысць чырвонаармейцаў-далёкаўсходнікаў. На іх добраахвотныя ахвяраванні быў пабудаваны самалёт «Чырвоны студэнт». У 1930 годзе камсамольцы БДУ пастанавілі адлічваць ад стыпендыі адзін працэнт для аказання дапамогі ахвярам фашызму.

Моладзь наладзіла выпуск студэнцкіх газет «Голас рабфакаўца», «Чырвоны студэнт», «Беларускі студэнт», студэнцкіх часопісаў «Чырвоны сцяг», «Шлях студэнцтва». Гэтыя выданні, як і шматлікія насценгазеты, што ствараліся на факультэтах, падрыхтавалі глебу для выпуску ў 1929 годзе шматтыражнай універсітэцкай газеты, назва якой да 1941 года некалькі разоў мянялася — «Ленінскім шляхам», «За пралетарскія кадры», «За ленінскія кадры».

Выпуск рабфака, 1935 год.

На факультэтах дзейнічалі розныя грамадскія арганізацыі, якія мелі агульнаўніверсітэцкія кіруючыя органы. Вядучую ролю ў жыцці студэнтаў адыгрывалі камсамол і прафсаюз, хоць значнай была таксама роля студэнцкай самаарганізацыі і самакіравання. Колькасць камсамольцаў ва ўніверсітэце ўвесь час расла. Калі ў 1926 годзе іх налічвалася 359 чалавек, то ў 1930 годзе — ужо 740.

У пазавучэбны час у сценах універсітэта арганізоўваліся сустрэчы з бальшавікамі, удзельнікамі Грамадзянскай вайны, лётчыкамі, а таксама дзеячамі культуры, літаратуры і мастацтва. Жывую цікавасць выклікалі інтэрнацыянальныя сустрэчы — з замежнымі камуністамі, антыфашыстамі. Студэнты арганізоўвалі абмеркаванне новых кніг, кінафільмаў, спектакляў. На факультэтах была шырока разгорнута мастацкая самадзейнасць: студэнцкая тэатральная трупа давала прадстаўленні для рабочых і чырвонаармейцаў, дзейнічалі гурткі народных танцаў, домравы, харавы (пад кіраўніцтвам кампазітара М. Сакалоўскага) і іншыя.

У перадваенныя гады ў сценах універсітэта актывізавалася спартыўна-абарончая работа. Сярод моладзі стаў запатрабаваным лозунг «Кожнаму камсамольцу — ваенную спецыяльнасць!». У БДУ дзейнічалі спартыўныя гурткі, арганізоўваліся спартыўныя алімпіяды, ваенізаваныя паходы, вела- і мотапрабегі. Вялікай папулярнасцю карысталіся курсы пілотаў, якія адкрываліся пры аэраклубах; школы матацыклістаў, аўтамабілістаў, стралкоў, кулямётчыкаў, хімікаў, санітараў, парашутыстаў, спартыўныя школы і секцыі. Ва ўніверсітэце сталі штогод праводзіцца абаронна-фізкультурныя спаборніцтвы. Каманда БДУ займала першыя месцы на гарадскіх стралковых спаборніцтвах, на лыжных спаборніцтвах па буксіроўцы за аўтамашынай. У 1939 годзе БДУ заняў першае месца сярод ВНУ па абаронна-масавай рабоце.

Прафесар Сяргей Міхеевіч Мелкіх сярод студэнтаў-практыкантаў, 1927 год.

У сакавіку 1941 года Савет народных камісараў БССР прыняў рашэнне аб святкаванні ў ліпені 20-гадовага юбілею БДУ. Падрыхтоўка да ўрачыстасці скончылася 21 чэрвеня, а раніцай 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з Музея гісторыі БДУ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.