Вы тут

Дарогі, падаткі і маёмасць: Міхаіл Русы правёў прамую лінію


Да Старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні званілі з усіх куткоў Беларусі, тэматыка зваротаў таксама была разнастайная: ад маёмасных пытанняў з родзічамі да падаткаў на машыну. Аднак аб усім падрабязней. 


Анатоль Дзмітрыевіч з прысталічча абураўся станам мясцовых дарог, маўляў, усім пасёлкам гатовыя падпісацца пад кожным словам. 

Старшыня профільнай камісіі паведаміў, што частка праблем па гэтай мясцовасці ўжо знятая, частка — у стадыі вырашэння. У любым выпадку, калі ёсць абгрунтаваныя нараканні і канструктыўныя прапановы, іх трэба вырашаць. Таму заяўніку прапанавалі асабістую сустрэчу ў бліжэйшы час. З чым той і пагадзіўся. 

Ала Мікалаеўна з Бялыніцкага раёна таксама наракала на работу дарожнікаў, маўляў, пасля кожнага моцнага дажджу пясчаную сумесь з гравійкі нясе на яе агарод. Аб праблеме вясковай жанчыны ў Савеце Рэспублікі ўжо ведаюць, таму Магілёўскаму аблвыканкаму дадзена даручэнне высветліць сітуацыю і праінфармаваць зацікаўленыя бакі ў становішчы і спосабах вырашэння праблемы. 

Кірыл Аляксандравіч з пасёлка Чонкі Горацкага раёна працягнуў дарожную тэму пытаннем: чаму, калі клалі па вуліцы Сонечнай асфальт, не зрабілі 200 метраў у суседнім завулку. 

— Усе завулкі мы не злучым, вы павінны гэта разумець, — патлумачыў сенатар. Але ў любым выпадку адпаведнае даручэнне мясцоваму райвыканкаму будзе дадзена, аб выніках заяўніка праінфармуюць.

Алена Міхайлаўна з Рагачова агучыла дзве тэмы: скаргу на якасць медыцынскага абслугоўвання і непаразуменне з падаткам на аўтамабіль з ручным кіраваннем. Што датычыцца першага, ім зоймуцца спецыялісты аховы здароўя, а па другім — Міністэрству па падатках і зборах даручана разабрацца, на якой падставе інвалід І групы заплаціла пакуль што базавую велічыню.

Мінчанін Дзмітрый Сямёнавіч не першы год не знаходзіць агульнай мовы са сваякамі з-за прэтэнзій па лініі спадчыны. Судовае рашэнне па бацькоўскай хаце не задавальняе мужчыну, таму ён звярнуўся да сенатара.

— Самае дрэннае, калі родныя людзі не могуць вырашыць маёмасныя пытанні паміж сабой, — лічыць Міхаіл Русы і па-чалавечы раіць заяўніку не ў чыноўніцкіх кабінетах займацца вырашэннем гэтай спрэчкі, а за сталом перамоў. 

У любым выпадку гэты зварот будзе знаходзіцца на дадатковым кантролі ў Савеце Рэспублікі. Напрыканцы Міхаіл Русы падкрэсліў, што якімі б не былі жаданні і прэтэнзіі кожнага з бакоў, усё павінна быць па законе. 

Пенсіянерка Ніна Іванаўна з Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці таксама патэлефанавала сенатару з маёмасным пытаннем: жанчына прыватызуе калгасны дом і не згодна з сумай ацэнкі. Адзначым, што цяпер штомесячная сума выплаты за яго складае 40 рублёў. Міхаіл Русы знаёмы з гэтай сітуацыяй, разбіраўся ў ёй не так даўно з выездам на месца, таму патлумачыў, што ўсе падлікі былі зроблены ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. У гэтым жанчына можна пераканацца асабіста — ёй дашлюць праведзеныя па яе жыллю падлікі. 

Трэба сказаць, што гучалі не толькі пытанні, але і прапановы. У прыватнасці, брастаўчанін Іван Уладзіміравіч мае шэраг прапаноў па зменах у Асноўны закон краіны. 

— Зараз існуе ўнікальная магчымасць агучыць свае ідэі на гэты конт, — нагадаў заяўніку Міхаіл Русы. — Прыме народ ці не, гэта ўжо іншае пытанне, але ўносьце свае прапановы, рабочая камісія разгледзіць і, магчыма, штосьці з таго, што вы агучыце, знойдзе сваё адлюстраванне ў новым праекце Канстытуцыі.

Акрамя таго, заяўнікамі агучваліся пытанні пашырэння грамадзянскіх могілак, паляпшэння жыллёвых умоў, якасці паслуг ЖКГ, праваахоўнай дзейнасці і іншыя. 

Як паведамілі ў профільнай камісіі, па ўсіх зваротах парламентарыем дадзены вычарпальныя тлумачэнні. Пытанні, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, узяты на кантроль і накіраваны ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».