Вы тут

Як у лістападзе ідзе ўборка кукурузы ў Карэліцкім раёне


Малаціць кукурузу на зерне можна нават зімою — абы снегам яе не замяло, а так маразы яна вытрымлівае добра, кажуць практыкі. Тым не менш, па агратэхнічных тэрмінах, сабраць гэтую культуру трэба да першай дэкады лістапада. Сёлета, праўда, час з-за неспрыяльнага надвор'я зацягнуўся, а на некаторых палях, дзе падрастала кукуруза на сілас, яе пакінулі спець да стану зерневай. Карэспандэнт «Звязды» наведала адно з такіх палёў і на свае вочы пабачыла, як ідзе ўборка ў Карэліцкім раёне.


На гэтым тыдні ўсё кукурузнае зерне з палёў (а гэта 1959 гектараў) рэгіёна Гродзенскай вобласці плануюць сабраць. Галоўнае, каб не было дажджу, інакш уборка адразу спыняецца, бо пасля зерне дорага сушыць. Лепш хай кукуруза дзень пастаіць, натуральна абсохне на корані, чым вялізныя сродкі траціць на работу сушылкі, расказаў Ілья САМУЙЛІК, начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі Карэліцкага райвыканкама:

— Пры абследаванні маладой кукурузы было адразу зрокава відаць, што калі пакінуць яе на зерне, а не ўбіраць на сілас, то выхад прадукту будзе лепшы, таму некаторыя палі пакінулі даспяваць на зерне. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне — 92 ц/га, што далёка не найлепшы вынік, аднак для сёлетніх пагодных умоў — яшчэ ніштавата. Недабор адчуваецца ў гэтым годзе і па іншых культурах, і гэта яшчэ адна з прычын, што частку кукурузы (а ўсяго ёю ў раёне засадзілі 6545 гектараў, з якіх на сілас убралі 4586 гектараў) пакінулі на зерне, каб кампенсаваць недахоп збожжавых.

Такім чынам на Карэліччыне спадзяюцца сабраць сёлета каля 18 тысяч тон кукурузнага збожжа. У раслінах, якія звонку здаюцца ўшчэнт высушанымі, насамрэч яшчэ шмат вільгаці. Пасля праходу камбайна на свежых зрэзах відаць, колькі яшчэ зеляніны ў сцяблінах, а па-над полем нават разносіцца пах скошанай культуры.

— Унутр камбайна трапляе толькі пачатак, а сцябліна здрабняецца спецыяльнымі нажамі прама перад камбайнам, таму і мноства адходаў, як падчас жніва з саломаю, няма, — расказвае Аляксандр МАТУСЕВІЧ, кіроўца СПК «Чарняхоўскі-Агра». — Цяпер надвор'е якраз для ўборкі добрае, суха. Менш трэба будзе зерне сушыць. А яшчэ калі кукуруза надта мокрая, то зерне цяжэй ад пачаткаў аддзяляецца і ззаду камбайна больш прасыпаецца.

Кукурузнае зерне, якое сыплецца ў кузаў грузавіка, здалёк ад збожжа, дарэчы, і не адрозніш. За рулём камбайна, у кабіне якога, між іншым, +26 °С, а на вуліцы, на хвілінку, — няма і +10 °С, ужо 20 гадоў шчыруе камбайнер СПК «Чарняхоўскі-Агра» Ігар БУШМА. За жніво ён намалаціў у сваю асабістую скарбонку 1800 тон збожжа, а кукурузы — ужо больш як дзве тысячы тон, і гэта яшчэ не мяжа.

— Гэтае поле каля 80 гектараў. Калі надвор'е дазволіць — за тры дні яго і скончу. Ад жніва ўборка кукурузнага зерня амаль не адрозніваецца: ад цёмна да цёмна, як і ўлетку, толькі што дзень карацейшы, — кажа ён. — Да работы даўно прызвычаіўся, пачынаў яшчэ на «Доне», а гэтаму — ужо 14 гадоў, атрымліваў я яго новым.

Заробак адпаведна працы. Грошы рэгулярна ўдаецца адкладваць пра запас, тым больш што яшчэ і сваіх свіней, кур трымае, і агарод. Нармальна, гаворыць камбайнер.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Кукурузнае збожжа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».