Вы тут

Мастацкі музей і выдавецтва «Беларусь» запусцілі кніжны праект Скарбы музея — у фаліянтах


На мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя незвычайнага альбома-каталога. Выданне прысвечана іканапісу і алтарнаму жывапісу Беларусі ў перыяд з ХVІ да ХІХ стагоддзя. Але гэта толькі пачатак, плануецца выпусціць яшчэ адзінаццаць такіх альбомаў, якія пазнаёмяць чытачоў са скарбамі галоўнага беларускага мастацкага музея краіны.


Дванаццаць — лічба знакавая, сакральная... Падчас прэзентацыі альбома Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, адзначыў:

— На працягу пяці або шасці гадоў мы плануем выдаваць па два тамы штогод. Усе найлепшыя шэдэўры, якія захоўваюцца ў нашым музеі, можна будзе знайсці на старонках гэтых альбомаў. Кнігі стануць выходзіць адразу на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай, каб і замежныя турысты маглі іх набыць.

Дырэктар падзякаваў Міністэрству інфармацыі і Міністэрству культуры, а таксама выдавецтву «Беларусь», падкрэсліўшы, што без іх дапамогі альбом наўрад ці пабачыў бы свет. Анжэла Садоўская, вядучы спецыяліст выдавецтва «Беларусь», засяродзіла ўвагу на маштабнасці праекта:

— На старонках гэтых кніг мы хочам увекавечыць мастацкую спадчыну нашай краіны.

Выхад першага тома знакавага праекта быў бы немагчымы без даследчай працы аддзела старажытнага беларускага мастацтва пад кіраўніцтвам Алены Карпенкі.

— Гісторыя гэтай кнігі была дастаткова складаная, — гаворыць яна. — Першапачаткова планавалася, што альбом выйдзе ў 2016 годзе. Па розных прычынах выдаць каталог у той час не атрымалася, але матэрыял быў ужо сабраны. Мы дапоўнілі том, удакладнілі тапаграфіі некаторых ікон, а таксама дадалі некалькі невядомых раней публікацый.

Далёка не кожны чалавек можа назваць сябе экспертам у пытаннях іканапісу і алтарнага жывапісу. Як звычайным карыстальнікам зразумець, аб чым ідзе гаворка? Адказваючы на пытанне «Звязды», Уладзімір Пракапцоў адзначыў, што тэксты, якія ўвайшлі ў альбом, адмыслова напісаны ў жанры навукова-папулярнай літаратуры. Гэта дазволіць кожнаму зразумець амаль усе асаблівасці вузкаспецыяльнай тэмы.

Не менш цікава было даведацца, якім мастацкім напрамкам будуць прысвечаны наступныя выданні. Дырэктар музея адказаў і на гэтае пытанне:

— У наступным годзе выйдзе альбом беларускага народнага мастацтва, а таксама том беларускага мастацтва ХХ—ХХІ стагоддзя.

Адзначым, што каталог «Іканапіс і алтарны жывапіс Беларусі XVІ — пачатку XІX стагоддзя» ўжо можна набыць у краме Нацыянальнага мастацкага музея.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.