Вы тут

«Мы не павінны, абараняючы свой сувернітэт і незалежнасць, спыняцца ні перад чым»


На асобнае абмеркаванне вынесеныя тэмы, пры рашэнні якіх узніклі некаторыя пытанні. Сярод такіх — рэфармаванне прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы малога бізнесу, меры дзяржпадтрымкі ААТ «АМКАДОР» і будаўніцтва новага вучэбнага корпуса БДУ. Але напачатку разглядзець неабходна тэмы надзённыя — сельская гаспадарка, мігранцкі крызіс на мяжы, еўрапейскія санкцыі і пандэмія.


Стратэгічныя задачы на зіму ў АПК

Уборка ўраджаю амаль скончана. Засталося сабраць невялікія ўчасткі кукурузы на збожжа ў моцных гаспадарках з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Па словах Прэзідэнта, яны за дзень-два могуць гэта зрабіць, але лічаць, што неабходна пачакаць, каб скараціць потым сушку зерня.

Стаяць на палях яшчэ цукровыя буракі (5 % ад усіх плошчаў), дадае кіраўнік краіны. «Мы маглі б сабраць даўно цукровыя буракі. Але мы перагрузім цукровыя заводы, і ў буртах будуць ляжаць гэтыя буракі. Калі было цёпла, гэта было нябяспечна для цукровых буракоў, могуць сапсавацца», — тлумачыць Прэзідэнт.

Ён мяркуе, што атрымаюць сёлета каля 4 мільёнаў тон цукровых буракоў. Унутраны рынак забяспечаць цукрам цалкам (гэта прыкладна 350 тысяч тон). Столькі ж пойдзе на экспарт — цэны на цукар добрыя, што дапаможа паправіць фінансавы стан гаспадарак, кажа Аляксандр Лукашэнка.

«Збожжа мы збяром дзевяць мільёнаў тон прыкладна. Маю на ўвазе зерне каласавых (пшаніца, трыцекале, жыта, ячмень, авёс і іншае), кукуруза — амаль 1,5 мільёна тон і рапс — 750-800 тысяч па краіне. Гэта нядрэнны ўраджай па гэтым годзе. Дастаткова, каб зябяспечыць насельніцтва хлебам і кармамі пагалоўе жывёлы», — падагульняе Прэзідэнт.

Па яго словах, добра паўплывала на глебу зяблівае ўзворванне — амаль 80 % паднята зяблі пад план. Аляксандр Лукашэнка хваліць аграрыяў, але просіць не спыняцца.

«Малайцы гаспадаркі, што ўносяць арганіку пад зябліва. Гэта добра, і традыцыйна калійныя ўгнаенні мы ўносім пад зябліва. Тэхналогіі саблюдаюцца. Неабходна больш якасна араць», — заўважае кіраўнік краіны.

Прэзідэнт пералічыў ураду асноўныя задачы ў сельскай гаспадаркі. Першае — неабходна за зіму падрыхтвацца да ранняга севу і пасеяць зерне як мага раней. «Неабходна хутка кінуць зерне ў глебу. Імгненна. Так, неабходна, каб прагрэлалася глеба да плюс дзесяці, каб пасеяць кукурузу. Дык мы ж месяц сеем! І збіраем да снежня. Калі паспела глеба, трэба кукурузнае зерне кідаць туды і днём, і ноччу», — тлумачыць Аляксандр Лукашэнка.

Другая задача — імгненнае падкормка азімых культур. Па словах Прэзідэнта, халодная, бясснежная зіма дрэнна паўплывае на азімыя культуры, таму іх неабходна як мага раней падкарміць. «Вы павінны падрыхтаваць агрэгаты, якія могуць выйсці ў вільготную глебу, — заўважае кіраўнік краіны. — Калі іх не хапае, неабходна за зіму стварыць і закупіць».

Яшчэ адно тактычнае пытанне — вызначыць цэнтры, куды звязуць энерганасычаную тэхніку для аднаўлення і рамонту. Гэтую задачу ўскладуць на МТЗ, «Гомсельмаш» і «Амкадор».

«Я прасіў міністра прамысловасці і віцэ-прэм’ера, каб затраты на аднаўленне і рамонт гэтай тэхнікі былі мінімальнымі. У сялян лішніх грошай няма», — акцэнтаваў Прэзідэнт.
Далей — меліярацыя. Прыступаць да яе, важнейшай справы ў сельскай гаспадарцы, неабходна фронтам, лічыць кіраўнік краіны.

«Захаванне ўрадлівасці глебы, і ўвогуле захаванне земляў — гэта святы абавязак дзяржавы. З-за падачак на малако, хлеб, гектары не знаходзім і не знаходзілі ніколі грошай намеліярацыю. Неабходна вызначыць за зіму ўсе крыніцы фінансавання і вызначыць цану гектару аднаўлення меліяраваных земляў», — ставіць задачу Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, прырода адваёўвае па краіне тысячы гектараў урадлівых земляў, якіх калгасам ужо не хапае. Самая вялікая меліярацыя, верагодна, будзе ў Мінскім раёне.

«Тут ад Мінска адляціш кіламетраў 20-30-50-60, асабліва бліжэй да Беразяны, Барысаўскага раёна, — страшна глядзець», — заўважае Прэзідэнт

Мяркуе ён правесці для кожнага губернатара ў будучым годзе свайго кшталту «экзамены» наконт аднаўлення сельскага-гаспадарчых тэхнік райаграсэрвісаў, неабходных для АПК.

«Вызначыцеся за зіму, якімі яны павінны быць, і аднавіце іх», — рэзюмуе тэму кіраўнік краіны.


Прэзідэнт даручае падтрымаць мігрантаў: «Нараджаць яны верагодна будуць у нас»

Наступная тэма для абмеркавання — дзяржаўная граніца. Прэзідэнт адзначае, што праблемы там не такія вялікія, як падаюць СМІ, але падзеі маюць «характар папярэджваючы».

«Такіх маршрутаў 3-5 у свеце, па якіх ідуць мільёны тых, хто бяжыць ад вайны. Сканцэнтравалі ўвагу зараз на беларуска-польскай, беларуска-літоўскай, беларуска-латышскай граніцах. Увагу пачынаюць удзяляць і беларуска-ўкраінскай граніцы. Яна таксама хвалюе і мяне, і Расію», — дадае Прэзідэнт.
Ён хваліць СМІ, якія асвятляюць падзеі, за тое, што «паказалі сапраўдны твар дэмакратыі».

«Нарэшце, і вы, хто тут сядзіць, і асабліва наша грамадства зразумее, што ж гэта за дэмакратыя, правы чалавека, свабода слова там, на захадзе, за што нас штурхалі», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручае віцэ-прэм’еру, Мінадукацыі, спікеру Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай заняцца паляпшэннем умоў жыцця цяжарных жанчын і дзяцей-мігрантаў, што знаходзяцца на мяжы.

«Мы нікуды не дзенемся, нараджаць яны верагодна будуць у нас. Зыходзіць з гэтага лагера яны не хочуць. Ну, як тут? Мы ж ведаем, які холад наступае. Яны не ведаюць, што такое зімаваць у лясах. Але сыходзіць не хочуць», — сцвярджае Прэзідэнт.

Ён прапаноўвае дзяцей мігрантаў, цяжарных жанчын пасяліць у санаторыі. Віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава Прэзідэнт просіць падвезці да лагера сухіх дроў. «Па-першае, ім трэба сагрэцца. А па-другое, яны ж увесь хмызняк вакол пазбіралі, пачнуць секчы нармальныя дрэвы», — падкрэслівае Прэзідэнт.
Задача для МЗС ад Прэзідэнта — жорстка падымаць тэму мігрантаў у ААН і іншых міжнародных структурах.

Паводле яго слоў, на раніцу на мяжы знаходзяцца 1790 мігрантаў і 322 чалавекі з польскага боку. Кажа кіраўнік краіны і пра адну вельмі небяспечную тэндэнцыю на граніцы.

«Гэта пытанне нашых ваенных і Камітэта дзяржбяспекі. Пайшлі спробы перакідвання зброі, боепрыпасаў і ўзрыўчаткі гэтым людзям у лагерах. Двое сутак перакідваюць зброю. Мы з расіянамі трымаем на кантролі гэтае пытанне. Зброя ў асноўным ідзе з Данбаса. Для чаго? Хочуць састроіць правакацыю, сутыкнуць ілбамі нашых пагранічнікаў з іх. Вымушаны па перыметры кантраляваць сітуацыю, каб ім не закінулі зброю», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Ён звяртае ўвагу на вайсковы характар курдскай народнасці, бо большасць мігрантаў — менавіта курды. «Любы аўтамат, пісталет, правакацыя — і ваенны канфлікт. Тут міністр абароны прысутнічае, прашу звязацца з Тэртэлем (Іван, старшыня КДБ. — „Зв.“), вызначыце меры бяспекі, каб у такія групы не трапіла зброя і ўзрыўчатка, бо будзе бойня», — канстатуе Прэзідэнт.

Яшчэ адна задача для сілавікоў — забяспечыць кантроль за прасоўваннем войскаў НАТА і Польшчы, якія падцягнуліся да беларускай мяжы без папярэджання.

«Вы павінны іх бачыць, і ў вас павінны быць планы супрацьдзеяння, калі не дай Бог, нешта. Мы не разварочваем сваю групоўку ваенных сіл, але бачыць і прадбачыць мы павінны, каб нам там не састроілі вайнушку, а мы акажамся да гэтага негатовыя», — адзначае кіраўнік краіны.

Ён паведаміў, што папрасіў Прэзідэнта Расіі падключыць іх ваенных да дзяжурства на мяжы Саюзнай дзяржавы. «Яны накіравалі сюды стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі ў суправаджэнні нашых знішчальнікаў. Мы павінны пастаянна маніторыць сітуацыю на граніцы», — заўважае Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказвае, што мігрантаў з памежных краін імкнуцца выкідваць на тэрыторыю Беларусі, а паверх галоў у нашым кірунку адкрываюць стральбу.

«У Савецкія часы, калі б толькі з памежнай тэрыторыі ў наш бок быў заўважаны хоць адзін стрэл, сцёрлі б усё з твару зямлі. Гэта страшае парушэнне дзяржаўнай граніцы», — адзначае кіраўнік краіны.


«Мы ім нічога выбачаць не павінны»

Прэзідэнт не абмінуў тэму санкцый, адзначыўшы, што пачалі пужаць Беларусь пятым пакетам.

«На гэты пяты пакет вам, Раман Аляксандравіч (Галоўчанка, прэм’ер-міністр. — „Зв.“), было даручэнне. Мы ім нічога выбачаць не павінны. Польшча нас пужае, што закрые граніцы. Калі ласка. Закрывайце, менш „беглых“ туды будзе перамяшчацца», — кажа Прэзідэнт.

Ён тлумачыць апанентам, што будзе, калі Беларусь закрые свой транзіт. «Праз Украіну не пройдзеш, там расійская граніца закрыта. Праз Прыбалтку да Эстоніі дарог няма. Калі мы закрыем для палякаў і, накрыклад, немцаў, што будзе тады? Мы не павінны, абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць, спыняцца ні перад чым», — адзначае Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, пракачка газу праз Беларусь павялічана амаль у два разы. «Мы абаграваем Еўропу, а яны нам пагражаюць закрыць граніцу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Перад тым як рабіць заявы, я кіраўніцтву Польшчы і іншым літоўцам парэкамендаваў бы думаць перад тым, як казаць», — папярэджвае Прэзідэнт і дадае, што Беларусь будзе адказваць на непрымальныя санкцыі.


«Не расслабляйцеся»

Чарговае пытанне, на жаль, прывычнае — пандэмія. Прэзідэнт канстатуе пра спад захваральнасці нават у Мінску, але просіць: «Не расслабляйцеся. Мы не ведаем, як павядуць сябе гэтыя вірусы, як адгукнецца на нашым грамадстве грып. Ковід падавіў грып, але не ведаем, як будзе далей».
Ён падкрэслівае, што шмат цяжка хворых у сталіцы, а смяротнасць недапушчальная.

«Хворых паменшылася. Дзе-нідзе нават значна. Трэба ўводзіць у нармальную работу бальніцы. Вызваляць ад ковіду аддзяленні і ложкі. Хай бальніцы ў поўным аб’ёме прыступаюць да планавых аперацый. Трэба канцэнтраваць у некалькіх бальніцах у Мінску ковідных хворых і іх лячыць, а астатнія вымыць», — даручае Прэзідэнт.

Ён звяртае ўвагу на неабходнасць эканоміі кіслароду, лекаў, ахоўных сродкаў. Кіраўнік краіны нагадвае, што да канца года з усіх крыніц выдаткуюць два мільярды долараў на пандэмію. Але пры гэтым ніхто не плаціць ні за лячэнне, ні за вакцынацыю.

«Усе крычаць: „Файзер, Файзер, давайце прышчэпку“. Не ведаю, каму гэта трэба. У нас ёсць добрыя вакцыны. Ніхто не спытаў, па колькі нам флакончык гэтага Файзера прапаноўваюць. Ад 20 да 30 долараў толькі за адну ін’екцыю. У нас свая вакцына напалову таннейшая. Тое ж самае з тэсціраваннем. Не трэба крычаць. Урачы ведаюць, як лячыць і чым вакцынаваць», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважае, што вакцынацыя ўжо стала палітыкай і пачалася бойка вакцын. «Гэта ж велізарныя грошы, таму кожны хоча ўцюхаць сваю», — дадае ён.


«Бясшоўныя» змены

Адной з тэм нарады стала рэфармаванне прадпрымальніцкай дзейнасці. Тут Прэзідэнтам была пастаўлена задача павысіць ступень удзелу суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў фінансаванні дзяржаўных расходаў — падаткі павінны плаціць усе. Урадам былі выпрацаваны пэўныя падыходы і на зацвярджэнне кіраўніка краіны ўнесены праект Указа «Аб дзейнасці суб’ектаў малога прадпрымальніцтва».

«Суб’екты малога прадпрымальніцтва адыгрываюць істотную ролю ў нашай эканоміцы — стварэнне новых працоўных месцаў, паскарэнне эканамічнага росту. У тым ліку за кошт пераразмеркавання працоўных рэсурсаў з малаэфектыўных сектараў», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржаўная задача, дадае ён, забяспечыць такія ўмовы, каб пераходныя працэсы праходзілі «бясшоўна», з мінімальнымі эканамічнымі стратамі і прагназуемай сітуацыяй у прадпрымальніцкім асяроддзі.

«Да падпісання Указа, праект на стале, хацеў бы ў шырокім складзе публічна абмеркаваць, наколькі пераканаўчыя прадстаўленыя довады і ці ёсць ва ўрада дакладнае разуменне сітуацыі, алгарытм далейшых дзеянняў у сферы малога прадпрымальніцтва», — канстатуе кіраўнік краіны.

Таксама ён задае пытанні прадстаўнікам Саўміна: якія навацыі прадугледжаны ў праекце Указа, які эфект трэба чакаць пасля яго падпісання, як прапанаваныя змены крытэрыяў малога прадпрымальніцтва адаб’юцца на дзелавым клімаце і ўзроўні эканамічнай актыўнасці, асабліва ў рэгіёнах?

Кіраўнік краіны адзначае, што праца ў ценявым сектары больш не дапушчальная. «У выніку мы павінны мець яснае ўяўленне аб далейшых этапах карэкціроўкі падаткаабкладання ўсіх суб’ектаў малога бізнэсу. Пры гэтым за спробамі паляпшэння мы павінны бачыць найперш інтарэсы нашых грамадзян, — заяўляе Прэзідэнт. — Гэта не значыць, што мы зараз непасільным брэмем падаткаў абкладзем малое прадпрымальніцтва і прадпрымальніцтва ўвогуле. Нам гэтага не трэба. Нам трэба, каб і малое, і сярэдняе, і буйное прадпрымальніцтва развівалася, каб іх больш з’яўлялася ў Беларусі і маглі плаціць падаткі пасільна». 


Не сцены, а змест

Таксама на нараду выносіцца пытанне аб аказанні мер дзяржаўнай падтрымкі аднаму з нашых прадпрыемстваў — ААТ «АМКАДОР». Яшчэ адным пытаннем у парадку дня стаіць тэма будаўніцтва новага навучальнага корпуса БДУ. 

«Для Рэспублікі Беларусь, з яе экспартаарыентаванай эканомікай, крытычна важна, каб сістэма адукацыі была гарантам высокага прафесійнага ўзроўню спецыялістаў», — акцэнтуе Прэзідэнт.

Урадам унесена прапанова аб будаўніцтве новага корпуса для ўніверсітэта за кошт крэдытных рэсурсаў. «Хацеў бы пачуць дадатковыя аргументы па гэтым пытанні. Я ж разумею крэдытныя рэсурсы — гэта пад гарантыю ўрада. То-бок, лічы, за дзяржаўны кошт. Скажу проста: ці можам мы ў гэты няпросты час абысціся без гэтага корпусу? А магчыма мы ў Мінску нешта знойдзем для функцыянавання гэтага факультэта?» — пытаецца кіраўнік краіны.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Будзе дапоўнена

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.