Вы тут

«Народны повар» — гэта не столькі пра ежу, колькі пра людзей


14 лістапада тэлеканал АНТ распачынае другі сезон кулінарнага шоу «Народны повар». Калі вы любіце гатаваць з такім азартам і натхненнем, як героі папулярнай праграммы, далучайцеся да дружнай каманды аматараў і прафесіяналаў! Вас чакае сустрэча з нязменным вядучым праграмы Германам Цітовым і ўпадабанымі экспертамі праекта: шэф-поварам, уладальнікам тытула Wоrld Mаstеr Сhеf, Антонам Каленікам і каларытным фермерам з Браслаўшчыны, вытворцам арганічных прадуктаў Андрэем Абрамавым. Акрамя таго, вы пачуеце шмат цікавых гісторый з жыцця простых беларусаў, якія адважыліся прадэманстраваць сваё кулінарнае майстэрства шырокай публіцы, пабачыце сапраўдныя эмоцыі на кухні і, канешне, атрымаеце рэцэпты, якімі можна парадаваць сваіх родных і разнастаіць штодзённы рацыён. 


Сучаснага гледача сёння вельмі цяжка здзівіць і затрымаць каля экранаў, аднак у праекта «Народны повар» гэта атрымліваецца. Сакрэтам папулярнасці праграмы дзеліцца аўтар ідэі, дырэктар дырэкцыі ранішняга вяшчання тэлеканала АНТ Таццяна Рудакоўская, 

«У той час, калі мы вырашылі запусціць кулінарнае шоу, я перагледзела вялікую колькасць падобных праграм і на тэлеканалах постсавецкай прасторы, і далёкага замежжа. Хацелася знайсці фармат, які знойдзе максімальны водгук у гледача. Мы зрабілі стаўку на простага чалавека не медыйнай прафесіі і не прагадалі, бо „Народны повар“ — гэта не столькі пра ежу, колькі пра людзей. Першы сезон паказаў, якія ў нашай краіне адкрытыя і таленавітыя людзі. Кожны другі ўдзельнік спяваў, танцаваў, складаў вершы, якія доўгі час ляжалі ў стале, і іх некаму было прачытаць. І тут мара ажыццявілася, ды яшчэ ў эфіры нацыянальнага тэлеканала! Дзякуючы нашаму шоу, людзі раскрылі свае грані, а мы разам з імі Беларусь — кулінарную і чалавечую». 

А вось, што падштурхоўвае простых беларусаў, якія не маюць прамога дачынення да прафесіі повара, да ўдзелу ў праекце? І як адважыцца на тое, каб падаць заяўку, і, ў канцы канцоў, апынуцца ў блакітным экране? Сваімі эмоцыямі і назіраннямі дзеляцца ўдзельнікі кулінарнага паядынку.

Аляксандр Дзікун і Наталля Салагуб. Брат і сястра з харчовай прамысловасцю маюць апасрэдаваныя адносіны. Аляксандр працуе загадчыкам вытворчасці на прадпрыемстве «Беларуськалій» у Салігорску, Наталля — бухгалтар на Слуцкім цукровым камбінаце. Як жартуюць самі удзельнікі, у іх тандэме Аляксандр адказвае за соль, а Наталля за цукар. 

Аляксандр вопытны ўдзельнік, спарабаваў свае сілы ў першым сезоне праекта. «У 1/4 фінала здарылася так, што я пакінуў праект. Але ж глыбока ў душы перажываў, што не змог дайсці на канца. Каб узяць рэванш на кухні, вырашыў зноў падаць заяўку і пры гэтым змяніў партнёршу», — смяецца Аляксандр. У адрозненне ад канкурэнтаў у пары ёсць козыры. Яны ведаюць густы судзей: напрыклад, Антон не любіць кроп, а Андрэй — перац і соль. 

Наталля на праекце ўпершыню, але са сваёй стратэгіяй. «У праекце будзем прымяняць дамашнюю мадэль гатавання. Як правіла, падчас сямейных святаў, мы ўсё гатуем па частках. Вось і тут дамовіліся, што Саша будзе адказваць за галоўную страву, а я за дэсерт. Вопыт майго брата паказвае, што нельга нічога баяцца, так што будзем спрабаваць!» 

Марына і Насця Смердзіны. Мама з дачкой жывуць у Брэсце. Марына — майстар па манікюры, а Насця вучыцца ў гімназіі. Дома гатуюць часта і многа, але гэта хоббі. «З задавальненнем глядзела першы сезон праекта „Народны повар“, прыслухоўвалася да меркаванняў журы. Добра ведаю, што ўсе парады Антона Каленіка трэба выконваць. Ён рэстаратар вышэйшага ўзроўню і, каб яму спадабацца, трэба вельмі пастарацца. Андрэй Абрамаў займаецца вытворчасцю лепшага мяса ў Беларусі, і, гатуючы гэты прадукт, трэба быць вельмі пільным: не перасаліць, не перасушыць...», — дзеліцца сваімі назіраннямі Марына. — «Калі падавалі заяўку, канешне, разлічвалі на станоўчы адказ. І, калі гэта здарылася шчасцю не было межаў!»

Таццяна і Аляксей Глушковы. Мама з сынам з кулінарыяй прафесійна не звязаны. Але ж у сілу таго, што сям’я шматдзетная, гатаваць даводзіцца многа. Дзякуючы шоу, Таццяна змагла выйсці за межы сваёй кухні. «Я глядзела першы сезон праекта і мне ён спадабаўся. Такое яркае шоу, адзінае, у якім мне захацелася прыняць удзел і паказаць свой талент», — прызнаецца Таццяна. Побач з мамай яе паплечнік, сын Аляксей. «Ідэя падаць заяўку была маміна, я яе падтрымаў. Тата з дзяцінства прывіў мне любоў да гатаваня і заўсёды казаў, што месца на кухні ёсць і для мужчыны, трэба дапамагаць матулі. Вось і зараз кулінарыя гэта тое, што мяне вельмі цікавіць». Малады чалавек рыхтаваўся да ўдзелу, дзеля гэтага спецыяльна перагледзеў выпускі першага сезона, і добра ведае, як разлічыць час на гатоўку, каб усё атрымалася. Наталля хвалюецца за эстэтычны бок і лічыць, што нягледзячы на тое, што на праекце прадстаўляецца дамашняя кухня, падача страў павінна быць рэстараннай, каб выклікаць апетыт. 

Застаецца пажадаць поспехаў усім удзельнікам праекта і нагадаць, што кулінарнае шоу «Народны повар» у эфіры тэлеканала АНТ у нядзелю 14 лістапада ў 9.30. 

Далучайцеся самі і запрашайце да экранаў сваіх родных і блізкіх! Глядзіце з задавальненнем і гатуйце з натхненнем! Бэкстэйдж са здымачнай пляцоўкі тэлепраекта даступны ў Інстаграм на старонцы «Народны повар». 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з архіва тэлеканала АНТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?