Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Участковы дзейнічаў смела...

Праўду пісаў наш класік: «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем...»

Неяк, на самым пачатку восені, я і прыехаў. Не паспеў на падворак зайсці, а ўжо расстроіўся. Справа ў тым, што нашу цэнтральную вуліцу досыць часта тады падсыпалі, паднаўлялі, асфальтавалі, і ў выніку яна ўвесь час «падрастала», а наш двор — нібы «асядаў». Нязручна стала заходзіць, а ўжо выходзіць — дык хоць на ўсіх чатырох... І гэта — у добрае надвор'е. Што ўжо казаць пра восень з дажджамі, пра зіму з галалёдзіцай? На добры толк там трэ было нешта зрабіць, ды ўсё не выпадала. А тут...

Ужо за сталом мама стала расказваць навіны. І апроч іншых выдала гэту: сусед — па той бок дарогі — ставок сабе выкапаў, на месцы былога балотца пачынае рыбу разводзіць...

Мне, вядома ж, захацелася паглядзець на гэта, пра ўсё распытаць. Прыйшлося перайсці дарогу.

Бачу, ставок там і праўда атрымаўся на славу! А побач з ім — сапраўдная гара з выкапанай зямлі. І ў мяне адпаведна «ідэя»: а што, калі яе «перанесці» на новае месца і там разраўняць?

З гаспадаром я дамовіўся лёгка: «Бяры, браток, і нават не дзякуй, — сказаў ён. — Падсыпай усё, што хочаш».

Заставалася прыдумаць, як (канкрэтна) гэта зрабіць? І тут мне яшчэ раз усміхнулася ўдача: на дарозе ўзнік пагрузчык фірмы «Амкадор». Я наперарэз. Маўляў, так і так, зрабі... А зробіш — дык будзе...

За хлопцам справа не стала: тры каўшы перавезенай глебы, і той круты пад'ём на дарогу ўжо стаў пакатым: спярша каля нашай хаты, а потым — па суседстве — каля дома сястры. Кіроўца малайчына: тыльным бокам каўша зямлю ўшчыльніў, падраўняў. Заставалася яшчэ рыдлёўкай нешта падправіць.

На маміным двары я ўправіўся ўмомант, а вось у сястры прыйшлося затрымацца: там з-пад зямлі кавалак арматуры тырчаў. Яна за сабой цягнула жалязяку...

Намучыўся, пакуль даставаў! А справіўся, шпурнуў пад плот і... знямеў, бо там быў не проста «выкапень» — там была... міна. І, выходзіць, гэта над ёй я хвілін з пятнаццаць арудаваў ломам і рыдлёўкай?..

Дагэтуль помню свой стан: раптоўная бязважкасць... Ціш і аднекуль словы Сакалова з «Лёсу чалавека»: «Толькі халадком ад яе павеяла»...

А далей усё закруцілася. Я пазваніў «надзвычайнікам» (у нашай вёсцы пост МНС). Тыя звязаліся з участковым. Ён мігам прыехаў! Убачыў, што міна ёсць, сваёй службовай машынай перакрыў дарогу (транспарт пайшоў у аб'езд), мяне прагнаў падалей (нават рыдлёўку ўзяць не дазволіў)... Сам застаўся...

З акна нашай хаты было добра відаць, што ўжо цямнее, што ён сядзіць...

Гледзячы на такую самаахвярнасць, мы з мамай шчыра яму спачувалі, перажывалі...

Так прайшоў вечар, за якім была ноч.

А на досвітку мы з мамай падхапіліся — і адразу ж да акна: паглядзелі ды парадаваліся, што ўсё там спакойна. Значыць, сапёры прыехалі і міну забралі... Цікава было, колькі наш Аніскін дзяжурыў?

...Сітуацыю трохі пазней праясніў знаёмы ратавальнік. Сказаў, што сапёры сапраўды прыязджалі — раніцай. Забралі небяспечную знаходку, завезлі на палігон, каб знішчыць...

Аднак забіралі яе не з-пад нашых вокнаў, а з паста МНС, куды з перасцярогамі (гэта значыць, у багажніку машыны, з «мігалкай», памаленечку) міну перавёз участковы.

Ну, сапраўды, ночы ў верасні ўжо не цёплыя і бавіць іх на вуліцы... Калі можна ў цяпле...

А пост знаходзіўся за ваколіцай, побач — ні жылых дамоў, ні чужых людзей (сваіх папярэдзілі, каб за гаражы — ні нагой)...

Трэба дадаць, што міна была з часоў мінулай вайны. У балоце, відаць, добра адсырэла, а высахнуць і бабахнуць мы з участковым ёй проста не далі. Я спрытна арудаваў ломам-лапатай і хутка дастаў гэту «штучку» з зямлі. Ён таксама дзейнічаў смела. Можа, нават занадта...

Карацей, вясёлая была гісторыя, з добрай порцыяй адрэналіну. А галоўнае — са шчаслівым канцом.

Іван Гаральчук,

г. Мінск.


Як пасварыліся Іван Іванавіч і Іван Пятровіч

...Кажуць, у час адмысловага абеду адна дама папрасіла Альберта Эйнштэйна папулярна патлумачыць сэнс яго тэорыі адноснасці.

Вучоны на нейкае імгненне задумаўся, а потым, усміхнуўшыся той жанчыне, спытаў: «Як вы лічыце, дзве валасінкі на галаве — гэта многа ці мала (усе паглядзелі на абсалютна лысага спадарожніка дамы)?.. А ў талерцы?»

Адказ быў відавочны — Энштэйну заставалася хіба дадаць, што ўсё адносна...

Прысутныя з ім дружна згадзіліся, а нехта нават успомніў, што бываюць людзі гідлівыя, з-за стала іх можа «выгнаць» нават здыхлік-камар на «беразе» талеркі. Што ўжо казаць пра іншае?

...Але ж я скажу.

Мой знаёмы (назавём яго Іван Пятровіч) жыве на два дамы: у халодныя месяцы — у гарадской кватэры, з мая да верасня — на лецішчы. Іх, такіх дачных паселішчаў, і было ў нас нямала. Ды яшчэ ж і ўтварыліся. Найболей — з вёсак, што абапал чыгункі. Старыя сяляне там паўміралі. А іх жыллё нашчадкі альбо прадалі наезджым пад дачы, альбо наязджаць сталі самі, каб потым шчыраваць на сотках.

Такім чынам і ў Пятровіча сусед з'явіўся — таксама Іван, толькі Іванавіч: хаціну побач купіў, на свой капыл абсталёўваў яе пад дачу, калі-нікалі звяртаўся па дапамогу...

Факт, што яны, гэтыя два Іваны, пасябравалі. Маглі разам нешта зрабіць, маглі ў альтанцы, што на агульнай мяжы, бутэлечку выпіць, якую па чарзе і загадзя бралі ў аўталаўцы.

Дык вось неяк сышліся яны. Паселі. Толькі разлілі, — адкуль ні вазьміся — восы... І адна з іх прамой наводкай у шклянку да Івана Іванавіча.

Той, бедны, змяніўся з твару, падняў пасудзінку і ўжо збіраўся выліць віно...

Пятровіч спыніў. Сказаў: «Пачакай. Дай сюды».

Забраў шклянку, сваімі заскарузлымі пальцамі (чым яшчэ больш збянтэжыў гідлівага суседа) злавіў у віне насякомае, выкінуў на траву, і — не прападаць жа дабру?! — залпам асушыў пасудзіну...

Тут жа паставіў на стол — хацеў выліць туды рэшткі каштоўнага напою, але сябар не даў: з-пад рук выхапіў шклянку — пабег да студні, доўга і з мылам мыў...

Але ў той раз «пірушка» завяршылася мірна. У наступны...

Тыя ж два Іваны сышліся ў той жа альтанцы, дасталі пляшку і шклянкі... Іван Іванавіч падаўся ў дом, бо забыўся цыгарэты, Іван Пятровіч стаў разліваць віно ды газетай адганяць назойлівых вос... Адну з гэтых нахабніц дык нават «дагнаў» і прыстукнуў, потым, нежывую, укінуў у шклянку сябра.

Той, вярнуўшыся, глянуў і спытаў: «Ты навошта гэта зрабіў?» — «Я ні пры чым, — стаў аднеквацца Пятровіч. — Яна сама ў віно ўляцела. Помніш, як тады?» — «Тады яна жывая плавала. А цяпер... Дык ні мне, ні табе!»

Схапіў ён шклянку, выліў віно пад плот і рушыў дадому.

...Вінаваты Іван Пятровіч потым расказваў мне, што пакрыўдзіў чалавека... Што той з ім не тое што размаўляць — нават вітацца перастаў. І ў горад нядаўна з'ехаў, хоць восень і цёплая. Мог бы пажыць...

Я паспрабаваў рассудзіць гэтых мужчын. Сказаў, што зіма будзе доўгая: што за яе ўсе крыўды, дасць бог, збудуцца. А вясна дык яшчэ і памірыць! Трэба толькі дажыць.

Валерый Гаўрыш,

г. Чавусы.

Рубрыку вядзе
Валянціна Д
ОЎНАР

Ад яе ж і, напэўна, яшчэ раз. Як пераканаліся нашы чытачы, «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» не хлусіць: гісторыі бываюць абсурдныя, амурныя, анекдатычныя, банальныя, абуральныя, дзівосныя, ідыёцкія, камічныя, кранальныя, павучальныя, скандальныя, трагікамічныя... Усяго — каля сотні слоў!.. А ўжо колькі праўдзівых — за час існавання рубрыкі...

Для тых, хто забыўся, нагадаем, што ў апошнія гады яна стала конкурсам на найлепшую... Вынікі яго падводзяцца ў пачатку года. Журы — і вялікае чытацкае, і малое рэдакцыйнае — працуе. Так што пішыце. І, калі ласка, — з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?