Вы тут

Зямельны падатак. Што і каму мы павінны, калі становімся гаспадарамі


У маёй паштовай скрыні рэдка з'яўляюцца якія-кольвек канверты: эпісталярны жанр у сваім першапачатковым выглядзе сышоў на нішто, ператварыўшыся ў віртуальныя пісьмы, якія проста сціраюцца з памяці — і гаджэта, і чалавечай. Але адзін карэспандэнт ужо некалькі гадоў дасылае свой допіс на паперы ў абавязковым парадку, праўда, толькі раз на год. Дзяржынская падатковая інспекцыя нагадвае пра падатак на зямлю і нерухомасць, які належыць заплаціць да 15 лістапада. Менавіта з гэтай паперы я ведаю, якую плошчу займае наш прысядзібны (дачным я яго ніколі не назаву, хаця, па сутнасці, ён такі сёння і ёсць) участак у вёсцы. Чатырнаццаць з паловай плюс дзевяць сотак. За якія налічана падатку 8 рублёў 19 капеек за год. Мізэрная цана за права валодаць і карыстацца амаль чвэрцю гектара зямлі за сорак кіламетраў ад сталіцы.


Зямля (дакладней, участкі з пабудовамі) у нас дарагая. Хоць глеба і не вельмі ўрадлівая — суглінкі, на якіх у мокрае лета ўсё вымакае, а ў засушлівае — усё камянее. Але ж паўгадзіны язды да Мінска на машыне. Таму праблема пустых ці закінутых дамоў тут увогуле невядомая. Дый хаты прадаюцца рэдка — нават калі гаспадары паміраюць, гарадскія спадчыннікі не спяшаюцца развітвацца з такой выгаднай маёмасцю, асабліва калі гэта маёмасць — родная хата, у якой вырас. Калі ж здараецца такая неспадзяванка — дык гэта калі памірае які адзінокі дзед і бабуля, што не мелі сваіх дзяцей, ці ў дзяцей-унукаў ёсць свае дамы на вёсцы. Тады хаты выстаўляюцца на продаж і нават у наш няпросты час ідуць як гарачыя піражкі, прычым нятанна: нават за самую лядашчую пабудову менш за дзесяць тысяч долараў ніхто не просіць. Сёлета да вёскі падвялі прыродны газ, і, калі набярэцца патрэбная колькасць ахвотных займець гэту выгоду ў сябе, трубаправод пракладуць і па вуліцы, і тады цэны на нерухомасць і пустыя ўчасткі ўвогуле падскочаць. Праўда, пытанне з газам пакуль адкрытае, многія сумняваюцца, ці варта ўкладаць вялікія грошы ў выгоду (пяць тысяч — толькі каб правесці да дома), якая апраўдвае сябе, калі жывеш круглы год: гарачая вада і ацяпленне — сапраўды рэчы важныя. Але калі прыязджаеш толькі ў водпуск ды на выхадныя летам, калі той газ патрэбны больш для прыгатавання ежы, — дык ужо задумаешся і пачынаеш лічыць: куды паставіць газавы кацёл (які каштуе каля тысячы), калі ў хаце з печчу няма прыставанага памяшкання, колькі будзе каштаваць правесці батарэі ацяплення і ці вытрымаюць гэтыя маніпуляцыі драўляныя сцены? І ўрэшце — навошта ўся гэта нятанная катавасія, калі кубаметр бярозавых дроў каштуе семдзесят рублёў, а газавыя балоны, якіх на дачны сезон пры ўсіх варэннях-закатках трэба самае большае два, — па шэсцьдзясят за штуку... Так што пытанне, ці будзем мы газіфікаваныя, застаецца пакуль адкрытым.

Тым не менш вёска яшчэ і забудоўваецца. Прычым не на ўскраінах, а з сярэдзіны. Яшчэ адна асаблівасць спадчыны: яна толькі там, дзе стаяць пабудовы. Калі ж участак, дзе быў толькі сад і агарод, у апошнія пару дзесяцігоддзяў не быў аформлены належным чынам, пасля смерці ўласніка, які быў тут прапісаны, новыя гаспадары гэты кавалак зямлі ў спадчыну не атрымліваюць, ён выстаўляецца на аўкцыён. Той, хто яго набывае, павінен абавязкова пачаць будавацца. Вось так і з'явілася ў нас пад вокнамі яшчэ адна хата. А было ж так прасторна — дзядзька Анатоль, які жыў на тым баку вуліцы, на сваім участку праз дарогу гадаваў толькі пару яблынь ды кусты парэчак. А каля рэчкі ўвогуле вырас невялікі бярозавы гай, дзе ўвесну дзядзька спускаў сок. Пасля дзядзькавай смерці хату прадалі адным людзям, а сад каля рэчкі купілі з аўкцыёну іншыя. Цяпер акрамя Анатолевых бярозак можна любавацца на дыхтоўны дом, які новыя землеўласнікі (людзі гарадскія і нябедныя) пабудавалі літаральна за лета, і на ўсё, што побач адбываецца. Такое вось неспадзяванае ўшчыльненне і бясплатнае кіно.

У нас з гэтым прасцей: на другім участку, што праз дарогу ад хаты, — склеп і хлеў, таму пытанняў уласнасці пры афармленні спадчыны не было. Плаці падатак і карыстайся на здароўе. Тут паўстала іншае пытанне: што з гэтымі дваццаццю трыма з паловай соткамі рабіць? Бо гэта раней былі свінні-карова-куры, і зямлі, якой тады было і больш, не хапала, і кожны яе лапік быў заняты, нават у двары раслі кусты агрэсту і яблыні, паўсюль расла бульба, а калі не бульба, дык жыта, а гарбузы дзеля эканоміі месца садзілі не ў грады, а на межах, і яны пляліся па вузкіх паўмежках, і ўсе на іх спатыкаліся...

Цяпер лішняя зямля (пачула б гэта мая бабка — «лішняя зямля»!) — дадатковы клопат. Ну не пасадзіш жа на дваццаці сотках агарод (бульбу «ў прамысловых маштабах» мы не садзім прынцыпова). Пакрысе пашыраецца сад, але да рэчкі ўсё роўна яшчэ далёка. Даводзіцца касіць, зграбаць, выносіць. А як інакш — не гадаваць жа пустазелле на сядзібе. Нават наскрозь гарадскія новыя суседзі гэта зразумелі. Таксама косяць, няўмела зграбаюць траву ў кучы. А сёлета не вытрымалі — ускапалі лапік цаліны, пасадзілі агуркі. Калі вырас першы — мы адразу і пачулі, і ўбачылі: спачатку радасна-здзіўлены вокліч гаспадыні, пасля яе ўрачыста-рытуальныя скокі каля таго агурочніка. На зіму ўжо, гляджу, той лапік зааралі, нават большы, чым быў. Значыць, і налета будуць нешта садзіць. Незваротны працэс пайшоў...

Тыя восем рублёў дзевятнаццаць капеек зямельнага падатку я заплаціла яшчэ ў жніўні і забылася. А нядаўна аддала трыццаць пяць рублёў за таксі. Трэба было ну проста тэр-мі-но-ва! пасадзіць зімовы часнок. Калі сказала пра гэта таксісту, ён не здзівіўся. І ўсю дарогу мы амаль па-сяброўску гаварылі пра тое, як гэта клопатна — мець сваю зямлю, нават невялікі яе кавалак, і як гэта... добра.

Як там у Коласа? «Зямля — аснова ўсёй Айчыне». Праз сто гадоў нічога не змянілася. Хаця хто сказаў, што павінна мяняцца?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.