Вы тут

Якія меры прымаюцца для прафілактыкі гвалту над непаўналетнімі


Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка прыняў удзел у пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Перад пасяджэннем ён расказаў журналістам, што ў Беларусі панізіўся ўзровень злачыннасці сярод непаўналетніх.


«Тэндэнцыі апошніх 9 месяцаў сведчаць, што зніжаецца ўзровень злачыннасці сярод непаўналетніх, гэтая лічба складае 11,2 %. Гэта нармальная тэндэнцыя, яна гаворыць аб эфектыўнасці комплексу мер, якія прымаем мы і суб'екты прафілактыкі. МУС, Міністэрства адукацыі і шэраг іншых органаў, сярод якіх праваахоўныя органы і органы пракуратуры, таксама адыгрываюць актыўную ролю ў прафілактычнай рабоце, каб зберагчы непаўналетніх ад учынення правапарушэння», — сказаў віцэ-прэм'ер.

Аднак пакуль непаўналетніх злачынцаў становіцца менш, расце колькасць непаўналетніх ахвяр. На адмысловай прэс-канференцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры спецыялісты абмеркавалі меры, якія прымаюцца па прафілактыцы і супрацьдзеянні злачынствам супраць палавой свабоды і недатыкальнасці непаўналетніх. Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Віталь Капілевіч, у гэтай сферы назіраецца сумная тэндэнцыя росту.

«За дзевяць месяцаў гэтага года колькасць дзяцей, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту, узрасла на 52 працэнты, ад 354 да 540, пры гэтым практычна ў палове выпадкаў пацярпелыя — малалетнія — 48,3 працэнта. Пачынаючы з 2012 года выяўлена 4333 злачынствы па гэтым кірунку. Дзейнасць органаў унутраных спраў па выяўленні актаў педафіліі патрабуе дадатковых мер, накіраваных на прафілактыку і недапушчэнне супрацьпраўных дзеянняў», — расказаў Віталь Капілевіч.

Паводле слоў спецыяліста, на карысць злачынцаў працуюць інтэрнэт і сучасныя тэхналогіі: «Самае небяспечнае пры гэтым не фізічнае ўздзеянне, а псіхалагічны фактар і ўвядзенне дзіцяці ў залежнасць. І калі гэта становіцца здабыткам супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, мы маем вялікую колькасць ахвяр і зламаных лёсаў».

Начальнік галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Сяргей Цішук звярнуў увагу, што такімі справамі займаюцца асаблівыя следчыя, паколькі такія справы патрабуюць вялікай практычнай, тэарэтычнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі. Вядзецца работа і над псіхалагічным станам пацярпелага, бо насілле можа паўплываць і на яго далейшае жыццё. «Тыя, хто ўчыніў такія злачынствы, не спыняюцца на адным выпадку. Таму чым больш поўна будзе праведзена расследаванне і чым больш аб'ектыўна дадзена юрыдычная ацэнка, тым больш сур'ёзнае пакаранне атрымае асоба», — падкрэсліў Сяргей Цішук.

Важнае значэнне надаецца пытанню аб прычынах, якія садзейнічаюць злачынству. Высвятляецца, чаму дзеці пайшлі на кантакт, даследуюцца ўмовы жыцця. Не валодаючы пэўным жыццёвым вопытам, прадастаўленыя самім сабе, не маючы любові і клопату ад бацькоў, дзеці ідуць на кантакт з незнаёмымі людзьмі. «Рэкамендацыя ўсім бацькам — больш удзяляць увагі дзецям. Калі ў сям'і даверлівыя адносіны, у выпадку ўзнікнення незразумелай сітуацыі дзіця пойдзе і падзеліцца з бацькамі. І гэтую сітуацыю на ранняй стадыі можна будзе спыніць», — сказаў Сяргей Цішук.

Спецыялісты заклікаюць не замоўчваць інфармацыю пра гвалт над дзецьмі, а неадкладна паведамляць у праваахоўныя органы. Калі злачынца своечасова не прыцягнуць да адказнасці, могуць пацярпець іншыя дзеці, і маштабы гэтай злачыннай дзейнасці павялічацца.

«Падобная інфармацыя патрабуе большага давядзення, каб дзеці ведалі, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях. Гэта датычыцца як наркотыкаў, так і палавога выхавання. Гэтую тэму нельга замоўчваць, каб людзі ведалі, як засцерагчы сябе і дзяцей», — падкрэсліў Сяргей Цішук.

Прафілактыкай злачынстваў супраць палавой свабоды непаўналетніх займаецца і Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. «Па нашай ініцыятыве ўнесены змяненні ў закон аб аператыўна-пошукавай дзейнасці. Асноўная іх накіраванасць — удасканаленне парадку правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў у інтэрнэце, а таксама мерапрыемстваў, звязаных з даследаваннем тэхнічных прылад і камп'ютарнай інфармацыі. Рост злачынстваў супраць дзяцей звязаны з актыўным выкарыстаннем у сучасным жыцці інтэрнэту. Але сёння створаны такі нарматыўны інструментарый, які дае магчымасць максімальна эфектыўна выяўляць правапарушэнні ў гэтай сферы, забяспечваючы абарону правоў грамадзян. Таксама кожны год ажыццяўляецца вывучэнне і праверка выканання заканадаўства аб прафілактыцы сямейнай неўладкаванасці, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Заўсёды знаходзяцца праблемныя аспекты, у адказ на якія своечасова прымаюцца меры пракурорскага рэагавання», — расказаў Сяргей Замро, начальнік упраўлення па наглядзе за аператыўна-пошукавай дзейнасцю і выкананні законаў у дзейнасці органаў дазнання Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Клопат дома і ў школе

Прафілактыка падобных злачынстваў — гэта яшчэ і адказнасць адукацыйных устаноў. «Гвалт над дзецьмі ўяўляе сабой дастаткова сур'ёзную сацыяльную праблему. Стварэнне камфортнага асяроддзя вакол дзіцяці — гэта наша непасрэдная ступень адказнасці. Таму мы рэалізоўваем шэраг праектаў, накіраваных на стварэнне перш за ўсё бяспечнага і дружалюбнага асяроддзя ў сценах установы адукацыі, дзе дзіця, якое, магчыма, унутры сям'і падвяргаецца гвалту або зведвае знешні гвалт і не знаходзіць падтрымкі ў сям'і, можа атрымаць неабходную дапамогу», — расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Галаўнёва.

На працягу шэрага гадоў ідзе работа над змяненнем праграм падрыхтоўкі педагогаў-псіхолагаў з пэўным акцэнтам на арганізацыю прафілактыкі ва ўстановах адукацыі. Класным кіраўнікам, настаўнікам-прадметнікм нагадваюць: яны павінны ўмець бачыць і разумець, што дзіця адчувае стрэс, дыскамфорт, заўважаць нейкія складаныя моманты ў яго жыцці і спрабаваць аказаць дапамогу.

Паводле слоў Алены Галаўнёвай, прыярытэтная ўвага — рабоце з бацькамі. «У сістэме адукацыі рэалізоўваецца праект «Бацькоўскі ўніверсітэт», у рамках якога ідзе асветніцкая работа з бацькамі па пытаннях бяспекі дзяцей у інтэрнэце, прафілактыкі гвалту ў адносінах да дзяцей як у сценах установы адукацыі, так і ўнутры сям'і, на вуліцы, ад аднагодкаў. Мы праводзім дастаткова шырокую тлумачальную работу сярод бацькоўскай грамадскасці па ўзроставых асаблівасцях дзяцей, па фарміраванні ўзаемаадносін дарослых з дзецьмі, паміж дзецьмі. Безумоўна, аб'ектам галоўнай увагі прафілактыкі з'яўляецца само дзіця. Па ініцыятыве міністра адукацыі з верасня 2019 года на базе БДПУ імя Максіма Танка адкрыты «Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі». І для таго, каб кожнае дзіця сёння, хай ананімна, магло атрымаць такую дапамогу, у вучэбных дзённіках кожнага размешчаны QR-код гэтага цэнтра. І, паверце, дзеці тэлефануюць. У верасні на працягу тыдня мы атрымлівалі да 300 тэлефонных званкоў. Па QR-кодзе дзеці выходзяць на кантакт з псіхолагамі цэнтра, якія суправаджаюць іх ва ўсіх складаных сітуацыях», — падкрэсліла Алена Галаўнёва.

У гэты цэнтр могуць звяртацца і педагогі і паведамляць аб выяўленых фактах гвалту ў адносінах да дзяцей. Далей гэтую сітуацыю на кантроль возьмуць усе зацікаўленыя ведамствы.

Прафілактыка злачынстваў у адносінах да непаўналетніх знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і парламентарыяў. Гэтае пытанне падымалі яшчэ дэпутаты Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання. Перыядычна ў Палаце прадстаўнікоў праходзяць тэматычныя круглыя сталы. Пра гэта расказала Марыя Васілевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. «Наша самая галоўная задача — аператыўна рэагаваць на ўсе змены, навінкі ў тэхналогіях, лічбавай прасторы, якія могуць прывесці да гвалту над непаўналетнімі. І быць на крок наперадзе», — падкрэсліла дэпутат.

Па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў лістапад прысвечаны комплексным мерапрыемствам па гэтым кірунку. Спецыялісты заклікаюць усіх бацькоў быць уважлівымі да сваіх выхаванцаў. Калі ж бацькі не праяўляюць цікавасці да дзяцей, гэта можа рабіць нехта іншы.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: «На гэту тэму цяжка гаварыць, але яе нельга замоўчваць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».