Вы тут

Начальнік Ваенна-медыцынскай акадэміі — з Асіповіч


Вядомасць сваю Ваенна-Медыцынская Акадэмія ў Санкт-Пецярбургу на працягу ўжо некалькіх стагоддзяў мае, лічы, ва ўсім свеце. Заснаваная ў 1798 (а ёсць згадкі, што годам яе нараджэння можна лічыць і 1714 год) годзе, яна выпеставала ў сваіх сценах і шмат каго з нашых землякоў. 


А ўраджэнец магілёўскіх Асіповіч (нарадзіўся ў кастрычніку 1872 года) Вадзім Аляксандравіч Юрэвіч некаторы час выконваў абавязкі начальніка акадэміі. 

Што да біяграфіі нашага земляка, то вучыўся ён у Варшаўскай гімназіі. Паступіў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. І пасля аднаго курса вучобы на фізіка-матэматычным факультэце перавёўся ў Ваенна-Медыцынскую акадэмію. Закончыўшы вучобу з адзнакай, быў пакінуты пры кафедры для навуковай працы. Тры гады займаў пасаду ардынатара клінікі заразных захворванняў, якую ўзначальваў прафесар Мікалай Чыстовіч. У 1902 годзе Вадзіма Юрэвіча абралі сапраўдным членам Таварыства рускіх дактароў у Пецярбургу. Абараніў малады вучоны і дысертацыю — «Пра спадчынную і ўнутраную перадачу аглютынацыйнай здольнасці і пра выпрацоўку пладамі аглютынінаў» — на ступень доктара медыцыны. У 1911 годзе В. Юрэвіча прызначылі экстраардынарным парфесарам ВМА. А ў 1915 годзе — ардынарным прафесарам. Загадваў Вадзім Аляксандравіч таксама кафелрай заразных хвароб і адным з аддзяленняў шпіталя акадэміі. Праводзіў вучоны даследванні ў галіне прамывання крыві. Шмат у чым у гэтым накірунку быў як першапраходзец. Вядомы Юрэвіч і як піянер плазмаферэза. 

... Пра Вадзіма Аляксандравіча Юрэвіча раней не згадвалі ў друку, медыя па вядомых прычынах. У час Першай Сусветнай вайны прафесар знаходзіўся ў распараджэнні Вярхоўнага начальніка санітарнай і эвакуацыйнай часткі. Забяспечваў каранцінныя мерапрыемствы ў адносінах да ваеннапалонных на Каўказе. У 1916 годзе выязджаў у Бухару для барацьбы з эпідэміяй сыпнога тыфа. В. Юрэвіч прытрымліваўся левых палітычных поглядаў. Прыняў актыўны ўдзел у Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Ёсць сведчанні, што Юрэвіч як сацыяліст-рэвалюцыянер «у першы ж дзень рэвалюцыі пайшоў у Таўрычаўскі палац і прапанаваў свае паслугі Керанскаму». Ёсць і сведчанне наступнага характару. Юрэвіч гаварыў Мілюкову: " ...Таўрычаскі палац як цэнтр рэвалюцыі патрабуе надзейнай аховы і сплачэння вакол сябе салдацкай масы; адпаведныя атрады могуць і павінны быць створаны менавіта з такіх салдат, якія цягнуцца да Дзяржаўнай думы, як да цэнтра духоўнага сплачэння, фізічнага прыстанішча і бяспекі«. В. Юрэвіч уваходзіў у Ваенную камісію Дзяржаўнай думы, якая кіравала паўстаннем. Па прапанове Юрэвіча з ліку студэнтаў і курсістак, якія знаходзіліся ў памяшканні Дзяржаўнай думы, былі створаны «лятучыя» санітарныя атрады. У 8 гадзін раніцы 28 лютага член ВК ЧКДД В. А. Юрэвіч падпісаў загад на імя камандзіра Запаснога батальёна лейб-гвардыі Сямёнаўскага палка П. Назімава 2-га «заняць Царскасельскі вакзал». 

1 сакавіка Часовы камітэт Дзяржаўнай думы прызначыў Юрэвіча Петраградскім «грамадскім граданачальнікам». Аднак доўга на гэтай пасадзе ён не ўтрымаўся. Ужо 21 мая 1917 года пасада была скасавана. У сваёй першай аб’яве да грамадзян «грамадскі граданачальнік» засведчыў, што ў горадзе ствараюцца «раённыя грамадзянскія камітэты з камісарамі для аховы парадку і прадуктаў харчавання». 13 сакавіка нашага земляка таксама прызначылі і начальнікам Петраградскай гарадской міліцыі. Ленін з нагоды рашэнняў па стварэнню міліцыі аператыўна адгукнуўся на гэты конт: «... З другога боку, новы ўрад паівнен лічыцца з рэвалюцыйным народам, карміць яго палавінчатымі ўступкамі і падачкамі, адцягваць час. Таму ён ідзе на палавінчатую меру: ён усталёўвае „народную міліцыю“ з выбарнымі ўладамі...»

У той самы час Канферэнцыя Ваенна-медыцынскай Акадэміі выбрала Юрэвіча выконваючым абавязкі начальніка Акадэміі. У чэрвені 1917 года наш зямляк становіцца і выконваючым абавязкі начальніка Галоўнага ваенна-санітарнага ўпраўлення рускай арміі замест М. Бурдэнка. Нагадаем, што гэтую пасаду Мікалай Нілавіч займаў з сакавіка 1917 г. Лёс гэтых таленавітых людзей склаўся па рознаму. Мікалай Бурдэнка зрабіў надзвычай многа для станаўлення савецкай медыцыны, застаўшыся ў Савецкай Расіі. Асабліва праявіў сябе ў Вялікую Айчынную вайну. І ў 1943 годзе атрымаў званне генерал-палкоўніка медыцынскай службы. У 1944 годзе быў абраны першым прэзідэнтам Акадэміі Медыцынскіх навук...

А Вадзім Аляксандравіч Юрэвіч пасля падзення Часовага ўрада перайшоў на бок Добраахвотніцкай арміі. І працаваў на розных участках баявых дзеянняў як доктар. А ў 1920 годзе ўраджэнец Асіповіч эмігрыраваў у Канстанцінопаль. У кастрычніку 1921 года ўзначаліў Рускую Акадэмічную групу ў Канстанцінопалі. Ад яе імя выступіў у Празе на 1-м з’ездзе Рускіх акадэмічных арганізацый. У 1922 годзе пераехаў на сталае жыхарства ў Прагу. Займаўся навуковай дзейнасцю, надрукаваў некалькі навуковых прац. Затым перабраўся ў Парыж. Працаваў у лабараторыі «Біятэрапія». У 1946 годзе выступіў на пасяджэнні Таварыства рускіх хімікаў, прысвечаным памяці С. Метальнікава. У 1946 годзе Вадзім Аляксандравіч перабраўся ў ЗША, дзе на той час жыў яго брат Усевалад. Жыў у Нью-Ёрку. Быў ганаровым старшынёю Таварыства дактароў імя М. І. Пірагова. 

Памёр В.А. Юрэвіч у лютым 1963 года. Пахаваны наш суайчыннік на рускіх праваслаўных могілках у Джэксане — Нью-Джэрсі. 

Дарэчы, сярод узнагарод Вадзіма Аляксандравіча — ордэны Святой Анны 2-й ступені, ордэн Святой Анны 3-й ступені, ордэн Святога Станіслава 2-й ступені, Бухарскі ордэн Залатой Зоркі. 

Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.