Вы тут

Другое жыццё бутэлькі. Як вясковыя жыхары самастойна арганізавалі збор шкла і пластыку


У прыватным сектары Новага Поля, што ў Мінскім раёне, няма кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. Затое ёсць ініцыятыўныя і неабыякавыя жыхары. Яны не толькі ачысцілі вёску ад шкла і пластыку, але і прыдумалі, як падарыць бутэлькам другое жыццё. І цяпер ахвотна дзеляцца сваім досведам з іншымі.


Дру­гас­ную сы­ра­ві­ну за­бі­рае спе­цы­яль­ная ма­шы­на.

«Я не магла спакойна глядзець на гэты «дыван»

 

Усё пачалося са звычайных прагулак з каляскай адной шматдзетнай мамы. У мастачкі Дар'і Чыбуевай, якая 6 гадоў таму разам з сям'ёй пераехала жыць у Новае Поле з Мінска, трое маленькіх дзетак. Старэйшых з іх яна водзіць у садок.

— Штодзень мой шлях пралягае каля закінутага пустыра, — распавядае Дар'я. — Там, літаральна побач з дарогай, — каля падмурка, які застаўся ад пабудовы часоў князёў Друцкіх-Любецкіх, — адпачываюць, у прамым сэнсе не адыходзячы ад касы (тут жа месціцца і мясцовая крама. — Аут.) аматары спіртных напояў. Такое сабе імправізаванае кафэ на прыродзе.

Год таму там усё было ўсцелена бутэлькамі. Калі б цэлымі — яшчэ не так страшна. Але ж іх пастаянна разбіваюць.

— Ідзеш з дзецьмі, а з зямлі тырчаць аскепкі вострымі краямі ўверх, гэткія «ружачкі», — працягвае мая суразмоўца. — У мяне, напрыклад, сабака ледзь не загінуў пасля таго, як парэзаў лапу аб шкло. А дзеці там пастаянна бегаюць. Дзе гарантыя, што хтосьці з іх не спатыкнецца і не параніцца?

Дар'я не магла спакойна глядзець на гэты дыван з бутэлек. Таму, перад тым як выйсці з дому, клала ў каляску пакет і пальчаткі, каб своечасова, пакуль хто-небудзь не разбіў, прыбраць бутэлькі з дарогі. Прыбраць прыбрала, а што рабіць з імі далей? Калі выкінуць у агульны кантэйнер для смецця, дык яны апынуцца на звалцы. А гэта азначае — проста перакласці іх з аднаго месца на другое.

Таму Дар'я вырашыла абзваніць арганізацыі, якія збіраюць шкло для далейшай перапрацоўкі. «Так, мы з задавальненнем вывезем вашы бутэлькі, — пагадзілася дзяржпрадпрыемства «ЭкаСпецТранс». Але ёсць адзін нюанс: каб машына прыехала ў вашу вёску, трэба сабраць 100 кілаграм».

«Зразумела, што адна 100 кілаграм не назбіраю»

— Я ніколі ў жыцці не здавала бутэлькі, — усміхаецца Дар'я, — таму нават прыблізна не ўяўляла, колькі гэта мяшкоў. Наіўная, цэлы месяц хадзіла і збірала шкло. У выніку зразумела, што адна 100 кілаграм не адолею.

У Новым Полі ёсць агульнавясковы чат. Маладая маці напісала туды і папрасіла дапамагчы ёй сабраць бутэлькі, хто колькі зможа. І людзі адгукнуліся. Цэлымі сем'ямі збіралі шкло ўздоўж сваіх вуліц, у мясцовым лесе...

— Вельмі кранальна, што аднавяскоўцы не кінулі мяне сам-насам з праблемай, падтрымалі ідэю, — прызналася Дар'я. — Ужо праз тыдзень на маім участку вырасла вялізная гара шкла. Калі прыехалі нарыхтоўшчыкі і ўзважылі — атрымалася 220 кілаграм. Мы перавысілі норму ў два разы. Машына з'ехала, а я стаю і разумею... што свой мяшок, які назбірала дома, аддаць забылася. «Так, народ, — кажу, — гэта лёс: трэба збіраць яшчэ». (смяецца). Другі раз мы ўжо здалі больш за паўтоны шкла.

Аказалася, што ў Новым Полі тых, хто, як і Дар'я Чыбуева, перажывае за экалогію, шмат. Многія не першы год сартуюць смецце і адвозяць пластык у Мінск — у кантэйнеры для раздзельнага збору.

— Натхніўшыся першым поспехам, мы вырашылі паспрабаваць здаць «ЭкаСпецТрансу» яшчэ і пластык, — распавядае Дар'я Чыбуева. — Апошні, у адрозненне ад шкла, вельмі лёгкі, таму ніхто не верыў, што зможам назбіраць 100 кілаграм ПЭТ-бутэлек. Тым не менш мы зладзілі суботнік. Пайшлі ў лес і назбіралі 25 вялікіх мяшкоў пластыку. З намі была старшыня Гаранскага сельвыканкама Вольга Антоненка, якая падтрымлівае нас у гэтай справе. І, што вы думаеце, усе мяшкі некуды зніклі. Хто і куды вывез наш пластык, дагэтуль не ведаем.

Да­р'я Чы­бу­е­ва з му­жам і дзець­мі.

Але навапольцы, да якіх яшчэ далучыліся жыхары суседніх вёсак Казельшчыны і Чаромухі, усё адно не спыніліся. Працягнулі збіраць другасныя рэсурсы. Першы раз здалі недзе 60 кілаграм. Другі — больш за 100. Нарыхтоўшчыкі не паверылі сваім вачам. У «ЭкаСпецТранс» не думалі, што фізічныя асобы могуць сабраць столькі пластыку.

«Марым пра грамадскую сартавальную станцыю»

Зараз у Новым Полі і наваколлі каля 30 сем'яў, якія актыўна сартуюць і здаюць пластык і шкло.

— Ладзім спаборніцтвы паміж вуліцамі: хто збярэ больш, — распавядае Дар'я. — Нас аб'ядноўвае тое, што ўсе мы хочам жыць не толькі ў бяспецы, але і ў чысціні, прыгажосці, утульнасці. З кожным днём больш і больш людзей даведваецца пра нашу ініцыятыву. Шчыра радуемся кожнаму новаму чалавеку, які далучаецца да вясковай экалагічнай супольнасці. Вёска ў нас вялікая: разам са студэнтамі — недзе паўтары тысячы жыхароў. Прыемна, што нават тыя, хто пакуль не сартуе смецце, ухваляюць наш лад жыцця, з гонарам кажуць кіраўніцтву раёна: «Яны такія малайцы ў нас! Здаюць шкло і пластык на перапрацоўку, а потым святы ладзяць за гэтыя грошы».

Вядома, вяскоўцы здаюць бутэлькі не дзеля грошай (кілаграм каштуе капейкі). Разам з тым, прызнаецца Дар'я, прыемна, што гэта не бясплатна.

— Раз здалі — атрымалі 19 рублёў, другі, трэці — па 50, і вось у нас ужо ёсць магчымасць правесці свята ў вёсцы. Так, увесну ладзілі рэтракірмаш, закуплялі прадукты, з якіх гаспадынькі гатавалі розную смакату. На грошы са здачы другаснай сыравіны зараз робім аддзелку ў доміку творчасці, які пабудавалі самі.

Дар'я Чыбуева, якую жыхары выбралі старастай вёскі, радуецца, што зараз на вясковых вуліцах стала у разы менш бутэлек.

— Я цяпер прынцыпова «слова» смецце датычна шкла і пластыку не ўжываю. Гэта наш каштоўны рэсурс, другасная сыравіна. Штораз, калі гляджу на яеі разумею, што ўсё гэта пойдзе на перапрацоўку, душа радуецца.

— Дар'я, а вы не думалі паставіць у вёсцы кантэйнеры для раздзельнага збору смецця? — пытаюся у яе.

— Раней думалі. Але цяпер марым пра большае. Хочам зрабіць сартавальную станцыю. Гэта павінна быць сучаснае памяшканне, куды можна прыйсці і адсартаваць другасныя рэсурсы. Там будзе шмат кантэйнераў не толькі для шкла і пластыку, але і для батарэек, лямпачак, каляровых металаў. Гэта абавязкова павінна быць закрытае памяшканне, каб ніхто не мог нічога скрасці ці зрабіць там склад непатрэбных рэчаў. За ўзор бралі грамадскія пляцоўкі скандынаўскіх краін. Там у кожнай вёсцы ёсць дамкі, дзе мясцовыя жыхары сартуюць рэсурсы. Ва Украіне такія станцыі з'яўляюцца культурнымі аб'ектамі. У іх там і кафэ, і крама, дзе прадаюць вырабы з другаснай сыравіны. Мы ўжо нават месца знайшлі і пачалі збіраць грошы, каб пабудаваць такую пляцоўку. Але ўзняліся цэны на будаўнічыя матэрыялы... Таму пакуль адклалі гэтую тэму. Хочам таксама паставіць у найбольш праблемных месцах сметніцы для пластыку і шкла. Людзям, якія адпачываюць на прыродзе, упэўнена, не будзе складана кінуць туды бутэльку.

У планах жыхароў Новага Поля і будаўніцтва грамадскага кампостара. Бо не сакрэт: чым менш арганічных адходаў трапляе на агульную звалку, тым лепш для экалогіі.

— У вёсцы кампост — на вагу золата, — усміхаецца Дар'я. — Гэта — цудоўнае ўгнаенне. Праўда, не ўсе — асабліва моладзь, якая перасялілася з горада, — разумеюць, што гэта і навошта. У іх уяўленні кампосная яма асацыіруецца са смуродам. Але ж ёсць спецыяльныя бактэрыі, якія можна туды дадаваць, каб не было дрэннага паху. Спадзяюся, што на лета ў нас з'явіцца грамадскі кампостар, куды заселім каліфарнійскіх дажджавых чарвякоў. Я ўжо даведалася, дзе іх можна ўзяць.

Напрыканцы размовы стараста вёскі Новае Поле працытавала японскага паэта Кабаясі Іса.

— «Ціха, ціха паўзі, // Слімак, па схілу Фудзі // Уверх, да самых вышыняў!». Слімак — адзін з сімвалаў нашай вёскі. Іх тут шмат яшчэ з часоў князёў Друцкіх-Любецкіх, якія трымалі цэлую ферму вінаградных малюскаў. Калі глядзіш на слімака, здаецца, што ён зусім не рухаецца, але праз нейкі час ты паварочваешся, а яго ўжо няма. Дык вось і мы, як тыя слімакі, ідзём да мэты павольна, у сваім тэмпе. Але самае галоўнае, што рухаемся ўверх. Мы яшчэ толькі год здаём шкло, пластык і макулатуру — а ўжо колькі ўсяго цікавага адбылося. У Новым Полі пытанні не толькі з сарціроўкай другасных рэсурсаў. І іншых праблем хапае. Вырашыць за секунду іх немагчыма, але калі рабіць пакрысе, то і не заўважыш, як жыццё ў вёсцы зменіцца да лепшага.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК,

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».