Вы тут

125 гадоў устойлівай сувязі


У нядзелю свой дзень нараджэння адзначае Мінская гарадская тэлефонная сетка. Гэта знамянальная дата не толькі для сувязістаў, але і для ўсіх мінчан, якія карыстаюцца тэлекамунікацыйнымі паслугамі. Напярэдадні свята на пытанні карэспандэнта «Звязды» адказаў дырэктар філіяла «Мінская гарадская тэлефонная сетка» РУП «Белтэлекам» Эдуард Белакурскі.


— Эдуард Анатольевіч, як доўга вы ўзначальваеце вытворчы калектыў МГТС і якія значныя змены ў рабоце прадпрыемства адбыліся за гэты перыяд?

— Філіял «МГТС» я ўзначальваю з 2011 года, а ўвогуле ў сістэме РУП «Белтэлекам» працую з 1994 года, калі прыйшоў сюды інжынерам пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Такім чынам, прысвяціў свайму роднаму калектыву 27 гадоў.

Фактычна, калі я пачаў працаваць на прадпрыемстве, на той момант існавалі тэхналогіі, што з'явіліся яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Выкарыстоўваліся дэкадна-крокавыя станцыі, электрамеханічныя каардынатныя. Потым з'явіліся электронныя, услед за імі — cістэмы ІМS (мультысэрвісныя платформы). Сёння мы пабудавалі ў Мінску сетку па тэхналогіі GPON.

— Якія магчымасці яна адкрывае ў частцы карыстання лічбавымі сэрвісамі?

— Пасіўная аптычная сетка (GPON) — самая перспектыўная шырокапалосная мультысэрвісная тэхналогія перадачы даных на мноства абанентаў з дапамогай аптычнага валакна. Гэты спосаб арганізацыі сеткі стаў папулярным дзякуючы відавочным перавагам у хуткасці, аб'ёмах перадачы і магчымасцях удасканалення. Галоўнае адрозненне GPON ад іншых аптычных сістэм — выкарыстанне толькі пасіўнага абсталявання на ўсім адрэзку ад галоўнага модуля, які перадае і прымае інфармацыйныя патокі, да канчатковага карыстальніка.

У нашы дні МГТС падыходзіць да завяршальнага этапу поўнай мадэрнізацыі сетак. Ужо зараз карыстацца сэрвісамі на інавацыйнай базе могуць больш за 80 % абанентаў. Дзякуючы GPON-тэхналогіі можна атрымаць хуткасць доступу ў інтэрнэт да 200 Мбіт/с. Прапускная здольнасць лічбавай лініі дазваляе пашыраць функцыянал наяўных сэрвісаў і ўкараняць новыя. Ужо цяпер на сетцы GPON аказваюцца паслугі ахоўнай сігналізацыі, дамафона, дыспетчарызацыі ліфтаў, а ў далейшым будуць укараняцца дадатковыя магчымасці «Разумнага дома». Для мінчан сучасныя тэлекамунікацыйныя паслугі сталі часткай прывычнага камфортнага асяроддзя.

Выкарыстоўваючы сучасную інфраструктурную платформу, МГТС удзельнічае ў маштабных дзяржаўных і гарадскіх праектах. Так, больш за 150 аб'ектаў аховы здароўя маюць магчымасць падключэння паслуг сувязі па тэхналогіі GPON. Каля 370 устаноў адукацыі Мінска, у тым ліку ўсе сталічныя школы, карыстаюцца аптычнымі лініямі сувязі. Спартыўныя аб'екты аснашчаны пунктамі Wі-Fі, у іх ліку «Чыжоўка-Арэна», «Мінск-Арэна» і іншыя. Створаная інфраструктура стала надзейным падмуркам для далейшай лічбавізацыі многіх сфер. Так што ахоп значны, прагрэс відавочны.

Оптавалаконная сувязь прыйшла амаль у кожны будынак, у кожную гарадскую кватэру. Сёння можна з упэўненасцю сказаць: 99,9 % жылых дамоў і грамадскіх будынкаў аблытаныя нашымі валокнамі.

— Карацей кажучы, ваша прадпрыемства ідзе ў нагу з часам...

— Сёння Рэспубліка Беларусь па пракладцы оптавалакна фактычна ідзе наперадзе ўсёй Еўропы. Нават у заходнееўрапейскіх дзяржавах оптавалаконнымі лініямі не ахоплена столькі населеных пунктаў, як у нашай краіне. У Мінску, напрыклад, гэтая лічба набліжаецца да 100 %. А нашых усходніх суседзяў, маю на ўвазе краіны былога СССР, мы апераджаем даволі значна. У гэтым плане мы бліжэйшыя да краін Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе эканамічнае развіццё ідзе вельмі актыўна. Гэта такія дзяржавы, як Кітай альбо Паўднёвая Карэя. А сусветным лідарам па выкарыстанні дадзенай тэхналогіі з'яўляецца Японія.

— Што сёння ўяўляе з сябе Мінская гарадская тэлефонная сетка?

— Калектыў прадпрыемства налічвае каля 1800 чалавек. Раней мы фактычна давалі мінчанам адзіную паслугу — правадную тэлефанію. Потым прадпрыемства пачало актыўна развівацца, у якасці новых паслуг сталі карыстанне інтэрнэтам, лічбавае тэлебачанне. Некалькі гадоў таму з'явілася паслуга відэакантролю. Гэта без уліку шматлікіх дадатковых паслуг, такіх, напрыклад, як «Разумны дом», «Бацькоўскі кантроль», «Дамафон» і іншых. І за кожны кірунак дзейнасці адказваюць асобныя падраздзяленні.

У карпаратыўных кліентаў найбольшым попытам карыстаюцца доступ у інтэрнэт, арганізацыя сеткі Wі-Fі, відэакантроль, SMS-рассылкі, відэаканферэнцыя. Насельніцтва ўпэўнена робіць выбар на карысць пакетаў «ЯСНА».

У беларускай сталіцы налічваюцца пяць сэрвісных цэнтраў, дзе абслугоўваюцца кліенты «Белтэлекама». Хачу адзначыць, што сёння кліенту неабавязкова наведваць сэрвісны цэнтр, значную частку неабходных паслуг магчыма атрымаць дыстанцыйна пры дапамозе інтэрнэту.

— Вы працуеце на прадпрыемстве без малога трыццаць гадоў. Якія добрыя традыцыі захаваліся ў калектыве з таго часу, як вы прыйшлі на МГТС?

— Галоўнай добрай традыцыяй для работнікаў прадпрыемства з'яўляецца шанаванне нашых ветэранаў, якія свой доўгі працоўны шлях прысвяцілі РУП «Белтэлекам». Без мінулага, як вядома, няма будучыні. А яшчэ вельмі важная традыцыя — падтрымка наватарскай дзейнасці. Не магу не адзначыць таксама настаўніцкую дзейнасць, калі нашы вопытныя спецыялісты навучаюць маладых работнікаў, якія толькі ўладкаваліся на прадпрыемства. Многіх работнікаў накіроўваем на спецыяльныя курсы і навучальныя ўстановы для павышэння кваліфікацыі альбо для дадатковай адукацыі, у тым ліку вышэйшай.

Вялікае значэнне мае сацыяльная падтрымка работнікаў. Гэта не толькі розныя грашовыя выплаты. У нас на балансе знаходзіцца дзіцячы аздараўленчы лагер «Крынічка», дзе адпачываюць і аздараўляюцца дзеці нашых супрацоўнікаў і які лічыцца адным з найлепшых у краіне. На прадпрыемстве праводзяцца шматлікія спартыўна-масавыя мерапрыемствы, у якіх прымаюць удзел усе нашы структурныя падраздзяленні. Прычым спаборніцтвы адбываюцца не толькі сярод работнікаў, але і сярод членаў іх сямей.

Хачу адзначыць, што на нашым прадпрыемстве налічваецца некалькі працоўных дынастый. Некаторыя дынастыі работнікаў працуюць тут з моманту заснавання РУП «Белтэлекам». Такая пераемнасць вельмі радуе. Напрыклад, прадстаўнікі дынастыі Віткоўскіх маюць агульны стаж работы на прадпрыемстве больш за 115 гадоў, а агульны стаж сям'і Жураўскіх перавышае 80 гадоў. Ёсць дынастыі Самахвалаў, Будзько. Прадпрыемства наша эканамічнае стабільнае, і таму працаваць тут імкнуцца родныя многіх нашых супрацоўнікаў.

У калектыве ёсць шэраг работнікаў, узнагароджаных знакам «Ганаровы сувязіст» і іншымі ўзнагародамі. Найлепшых, заслужаных супрацоўнікаў, а таксама нашых дарагіх ветэранаў прадпрыемства мы абавязкова будзем шанаваць напярэдадні юбілею МГТС.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».