Вы тут

Пачаўся XLVІІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень»


XLVІІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень» днямі пачаўся ў сталіцы. У сценах Белдзяржфілармоніі да 27 лістапада нас чакаюць цікавыя сустрэчы, дзе будзе прадстаўлена як акадэмічная, так і фальклорная і папулярная музыка ва ўсёй сваёй разнастайнасці.


У праграме сёлетняга форуму запланаваны 15 канцэртаў, у якіх выступяць і вядучыя калектывы Белдзяржфілармоніі, і салісты — выдатныя выканаўцы з Беларусі і Расіі. Распачалася «Беларуская музычная восень» цыклам канцэртаў пад назвай «Класіка для ўсіх». У Малой зале імя Рыгора Шырмы 14 лістапада сваю новую праграму прэзентуе выбітны піяніст, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. Канцэрт гэты выканаўца прысвячае сваёй маці, спявачцы, педагогу Ларысе Ілюкевіч. Менавіта яна ўласнай творчасцю і сумесным музіцыраваннем прывіла сыну любоў да музыкі. А Ігар Алоўнікаў у памяць аб ёй склаў канцэрт выключна з транскрыпцый вакальнай музыкі, прычым менавіта тых твораў, якія яны выконвалі разам.

Пачуць творы, што сталі найгучнейшымі філарманічнымі прэм'ерамі восені 2021 года, зможам 18 лістапада ў выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра. Дзве містэрыі, якія былі напісаны па заказе мастацкага кіраўніка аркестра Яўгена Бушкова, дыяметральна процілеглыя па стылі і змесце. Найсучаснейшы полімедыйны праект са спалучэннем музыкі, відэаінсталяцыі, светлавога дзеяння і драмы «Сёстры з Раю» Віталя Воранава для голасу, камернага аркестра, фартэпіяна, аргана, ударных і электрагітары і паглыблены ў самыя карані беларускай ментальнасці і адначасова касмічны твор «Кросны Макошы» Канстанціна Яськова для народнага голасу, струнных, ударных і фартэпіяна.

— «Беларуская музычная восень» у гэтым годзе дазволіць нам атрымаць непаўторную асалоду, — адзначыў напярэдадні фестывалю генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр НІКІТА. — Варта звярнуць увагу і наведаць, напрыклад, канцэрт нашага камернага аркестра, дзе ёсць і відэакантэнт, і глыбокая паэзія з цікавымі музычнымі рашэннямі... Мы імкнёмся рабіць праекты даступнымі, каб у тым ліку зацікавіць новых наведвальнікаў. Зараз працуем над тым, каб з'явілася магчымасць атрымліваць доступ да прамых трансляцый з нашых канцэртных залаў ва ўсіх, хто не можа прыйсці да нас з-за ковідных абмежаванняў.

У межах «Беларускай музычнай восені» адбудзецца 18 лістапада і адкрыццё Міжнароднага арфавага фестывалю «Дзве сталіцы. Мінск — Масква». Тут аўдыторыя зможа пачуць выступленні найлепшых арфістаў дзвюх краін у суправаджэнні ансамбля салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь.

А 21 лістапада ў Вялікай зале адзначаць 100-годдзе выдатнага хормайстра Віктара Уладзіміравіча Роўды. У канцэрце «Хор як лёс» будуць выкананы творы беларускіх і рускіх кампазітараў, аснову праграмы складзе «Рускі рэквіем» — лірыка-філасофская кантата Сяргея Танеева «Іаан Дамаскін». У юбілейным канцэрце возьмуць удзел салісты Вялікага тэатра Беларусі — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Анастасія Храпіцкая (сапрана), Аляксандр Міхнюк (тэнар) і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (барытон).

Прыхільнікам арганнай музыкі 23 лістапада ў Вялікай зале пецярбургскі выканаўца, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ягор Колесаў прэзентуе праграму «Музыка сабораў Парыжа». У ёй прагучаць творы парыжскіх арганных маэстра і класікаў Баха і Моцарта, якія натхнялі французскіх арганістаў. У гэты ж дзень у Малой зале імя Шырмы — канцэрт фартэпіяннай музыкі ў выкананні расійскіх піяністаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Мікалая Кузняцова і Яўгеніі Кудоі.

Палітру фартэпіянных фарбаў узбагаціць сольны канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Шумілінай. У праграме «Чароўныя гукі раяля» знакамітая піяністка 25 лістапада выканае рамантычныя творы Глінкі, Ліста, Шуберта і Шумана. На працяг серыі вечароў у камерным фармаце Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр запрашае 26 лістапада ў Малую залу імя Шырмы. Публіку чакае сустрэча з маэстра Аляксандрам Анісімавым, артыстамі аркестра і сапрана Ірынай Крыкуновай. Партыю фартэпіяна выканае Вольга Макарава. У праграме «Любоў-чараўніца» прагучаць творы Мануэля дэ Фальі, Роберта Шумана, Дзмітрыя Шастаковіча.

Серыю акадэмічных канцэртаў завершыць аўтарскі вечар кампазітара Сяргея Бельцюкова, прымеркаваны да яго 65-годдзя. Творы маэстра 27 лістапада ў Малой зале імя Шырмы выканаюць Мінскі струнны квартэт, салісты Філармоніі для дзяцей і юнацтва Ганна Янкоўская і Максім Абравец, салістка Вялікага тэатра Беларусі Іна Русіноўская, а таксама інструменталісты Ксенія Бельцюкова (скрыпка), Дыяна Гантарэнка (флейта), Марына Рамейка, Вольга Макеева, Алена Кузьміч, Мікіта Бельцюкоў (фартэпіяна). Прагучаць вакальныя цыклы на вершы Максіма Багдановіча і Леаніда Дранько-Майсюка, кантата «Начны матылёк», квартэт, трыа, камерныя п'есы. Чакаецца таксама і прэм'ера — фантазія «Мне шкада кветак» на вершы Бо Цзюй для голасу, скрыпкі і фартэпіяна.

А вось канцэртныя праграмы, якія ў гэтым годзе заяўлены ў неакадэмічным напрамку, зробяць акцэнт на фальклор і папулярную музыку. Праект маладога і ўжо вядомага баяніста Міхаіла Валчкова «Баян іn Jazz, Folk, Composіng» можна наведаць 16 лістапада. У канцэрце, які адбудзецца пры ўдзеле Ансамбля народных інструментаў кафедры народна-інструментальнай музыкі БДУКіМ пад кіраўніцтвам Вікторыі Старыкавай, а таксама піяністкі Святланы Хаменкі, ударніка Аляксандра Зубко і балалаечніка Міхаіла Маркава, артыст прадставіць баян у самых розных амплуа.

Кульмінацыйным мерапрыемствам, прысвечаным папулярнай музыцы, абяцае стаць прэзентацыя маштабнай працы — новай кнігі Вольгі Брылон «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент. Гісторыя эстрады Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 1930—1980-я гады». У кнізе ўпершыню падрабязна расказваецца аб зараджэнні і станаўленні Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў перадваенныя гады. З таго часу і амаль няспынна аж да свайго расфарміравання ў студзені 1990-га года эстрадны аддзел быў адным з яе падраздзяленняў. За некалькі дзесяцігоддзяў праз Белдзяржфілармонію прайшлі і ўславілі яе сотні эстрадных артыстаў. Імёны некаторых з іх на слыху, а многія несправядліва забытыя за даўнасцю гадоў. Аповеду пра гэтых выдатных людзей і прысвечана кніга. Сярод яе герояў — канферансье і акрабаты, спевакі і танцоўшчыкі, артысты арыгінальнага жанру і вакальна-інструментальныя ансамблі. У сваёй кнізе Вольга Брылон аднавіла летапіс беларускай эстрады, адкрыла ўнікальныя факты яе гісторыі. У выданне ўвайшлі сотні фатаграфій і архіўных дакументаў.

— Выхад гэтай кнігі — не толькі маё асабістае свята, але і свята ўсёй Белдзяржфілармоніі. Выданне па маштабах можна лічыць энцыклапедыяй беларускай эстрады, складаецца яна з нарысаў пра артыстаў. Мне хацелася адлюстраваць свае ўражанні і адносіны да тых людзей, хто ствараў гісторыю беларускага музычнага, тэатральнага, сцэнічнага мастацтва тут, — распавядае аўтар кнігі Вольга Брылон.

У канцэрце-прэзентацыі 17 лістапада ў суправаджэнні аркестра выступяць славутыя беларускія артысты, якія сталі героямі кнігі: заснавальнік ВІА «Сябры» народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, легенды ВІА «Верасы» народная артыстка Беларусі Ядзвіга Паплаўская, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч, сузаснавальнік ВІА «Песняры» Уладзіміра Мулявіна заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч і многія іншыя.

Не абмінуць увагай і 50-гадовы юбілей мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» Вячаслава Статкевіча, 21 лістапада адбудзецца канцэрт-святкаванне «Я сэрца аддам Беларусі». Завяршальным акордам фестывалю мастацтваў стане творчы вечар Ігара Іванова — выдатнага выканаўцы, мастацкага кіраўніка Ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі. Квартэт гэтых выбітных выканаўцаў здольны выконваць не толькі народны ці папулярны рэпертуар, але і класічныя творы. Таму плануйце свае музычныя сустрэчы і пераканайцеся самі ў майстэрстве артыстаў.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Музычныя скрыжаванні для меламанаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».