Вы тут

Зрабіць асяроддзе даступным


Каля 1,5 тысячы беларусаў штогод атрымліваюць інваліднасць па прычыне страты зроку. Увогуле, у стагоддзе камп'ютарызацыі колькасць такіх людзей павялічваецца. 13 лістапада ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень сляпых. Пра магчымасці, створаныя ў нашай краіне для людзей з аслабленым зрокам, расказалі спецыялісты.


На пачатак гэтага года ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на ўліку знаходзілася каля 25 тысяч людзей з інваліднасцю па зроку, у тым ліку 1,5 тысячы дзяцей. Для іх, паводле меркавання старшыні Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Алега Шэпеля, робіцца ўсё магчымае, каб яны адчувалі сябе запатрабаванымі ў грамадстве.

— У нас працуе 18 прадпрыемстваў, якія прымаюць на работу інвалідаў па зроку. Яны размешчаны ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах. Усе іх удалося захаваць, нягледзячы на тое, што ў 90-я многае прадавалася і закрывалася. Адзінокім інвалідам, выпускнікам спецыялізаваных школ мы можам даць і ложка-месца ў інтэрнаце. Напэўна, 99 % такіх людзей працуюць якраз на нашых прадпрыемствах. Такія вытворчасці маюць ільготы, але гэта кампенсацыя нерэнтабельнай працы інвалідаў. У іх 7-гадзінны працоўны дзень, больш працяглы адпачынак. Заработная плата на такіх прадпрыемствах, як правіла, невысокая, аднак з улікам пенсіі, бясплатнай пуцёўкі раз на год, кампенсацыі праезду і камунальных паслуг забеспячэнне інвалідаў па зроку знаходзіцца на нядрэнным узроўні, — аргументуе Алег Шэпель.

На сталічным прадпрыемстве «Святлопрыбор» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, напрыклад, працуе 1400 чалавек, з іх больш за 800 — інваліды па зроку, у тым ліку сярод іх 150 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Сёння такія людзі могуць атрымліваць самыя розныя прафесіі: — ад слесара да масажыста. Апошняя, дарэчы, карыстаецца папулярнасцю ў людзей з дрэнным зрокам. Сумесна з адным са сталічных каледжаў на яго базе рыхтуюць спецыялістаў для ІT-сферы. Юрысты, педагогі, дыспетчары таксі — людзям са зніжаным зрокам даступныя многія спецыяльнасці.

Бясплатна і з частковай аплатай інваліды па зроку забяспечваюцца тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі — тактыльнымі палкамі, дыктафонамі (плэерамі) для агучвання літаратуры, смартфонамі з адмысловым праграмным забеспячэннем, якое сінтэзуе мову і мае функцыю навігацыі, танометрамі, глюкометрамі і іншым. Напрыклад, за смартфон трэба заплаціць усяго 20 % ад яго кошту, астатняе кампенсуе дзяржава.

У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання інвалідам па зроку аказваецца шэраг паслуг. У прыватнасці, для інвалідаў першай групы — памочнік у суправаджэнні. За 9 месяцаў бягучага года, паводле слоў кансультанта ўпраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Евы Зубкоўскай, паслугамі скарысталіся больш за 1300 разоў.

Шмат робіцца і для стварэння ўніверсальнага асяроддзя для інвалідаў — з тактыльнай пліткай, моўнымі і гукавымі інфарматарамі, інфармацыйнымі ўказальнікамі і таблічкамі са шрыфтам Брайля. Да такіх аб'ектаў у сталіцы адносяцца Нацыянальны аэрапорт, чыгуначны вакзал, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У Брэсце гэта новы аўтавакзал, у Гомелі і Магілеве — новыя паліклінікі.

З мая бягучага года зацверджаны новыя нормы ў будаўніцтве. І цяпер усе будынкі, якія ўзводзяцца ці рэканструююцца, мусяць адпавядаць патрабаванням безбар'ернага асяроддзя.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.