Вы тут

Вытокі паэзіі — у Дудзічах: Валерый Ліпневіч


Валерый Ліпневіч нарадзіўся ў Мінску ў 1947 годзе. Але доўгі час паэт, празаік, перакладчык, крытык жыве ў Падмаскоўі. Ёсць у Валерыя Ліпневіча і свая сувязь з Міншчынай, Пухавіцкім краем. Пра гэта мы і вырашылі пагутарыць з нашым земляком, які зараз жыве ў Падмаскоўі. Валерый Ліпневіч — член Саюза пісьменнікаў Масквы. У розныя гады ў Мінску і Маскве пабачылі свет наступныя кнігі ўраджэнца Мінска: «Трава і дождж», «Невядомая планета», «Цішыня», «Дрэва і рака». 


— Валерый, а калі ты ўпершыню патрапіў у Дудзічы, Пухавіцкі раён? Тады, відаць, яшчэ ў Рудзенскі ці Уздзенскі раён?

— Упершыню я патрапіў ў Дудзічы ў шэсць месяцаў ад нараджэння. Мама захварэла і мяне адправілі да дзядулі і бабулі, якія жылі яшчэ ў зямлянцы. Гэта было ўвесну 1948 года. Раён тады яшчэ быў Уздзенскі. А карміла мяне каза... 

— Раскажы, калі ласка, пра сваіх бацькоў... 

— Маці мая Бардзіян Соф’я Васільеўна, 1924 года нараджэння. Бацька — Ліпневіч Іван Ціханавіч, 1925 года нараджэння, з дробнай шляхты. Дзед яго яшчэ меў надзел зямлі ў 100 гектараў і спраўляўся з зямлёю сіламі ўласнай сям’і. Мой дзед па бацьку, Ціхан Сямёнавіч, равеснік Сталіна, служыў вартаўніком ў Вільні і зарабіў пенсію і каня, на якім вярнуўся дахаты. У вёску Волма цяперашняга Смалявіцкага раёна перад Першай сусветнай вайной. Нарадзіў сем дзяцей, бацька быў перадапошнім. У 1937 годзе быў асуджаны і атрымаў тэрмін зняволення: аднавясковец напісаў данос, што дзед разбіў шкло ў сельсавеце. У заключэнні недзе пад Оршай працаваў бондарам, дасылаў сям’і грошы. З пачаткам вайны сувязь з ім абарвалася. Рэабілітаваны ў 1956 годзе... Па бацькоўскай лініі знайшоў магчымага прашчура пачатку 16 стагоддзя — баярына Мітко Ліпневіча, з Жэмайцкай воласці Вялікага княства Літоўскага, у ваенным спісе. Ёсць аказваецца і вёска Ліпневічы. Але дзядуля і бабуля, з якімі я рос, дудзіцкія. Дзед Васіль Іванавіч Бардзіян, 1891 года нараджэння, бабуля — Аляксандра Антонаўна Сквернюк, 1899 года нараджэння. Бабуля ў сямнаццатым годзе аказалася служанкай багатага родзіча ў Піцеры. Ніякай рэвалюцыі не заўважыла. Пасля вярнулася дахаты і выйшла замуж. У дзеда была адукацыя 4 класы ЦПШ, што дало яму ільготны тэрмін службы. Ганяўся за Махно, бачыў Будзённага. Быў адным з першых старшынь калгаса да вайны. Ды і ў час вайны таксама — ведаў крыху нямецкую мову — і пасля вайны. Пасля саступіў гэтую пасаду, здаецца, нейкаму Ладуцьку з Азярычына. Дзед быў неваеннабавязаны, пашкодзіў нагу. 

— Ці помніш сяброў вясковага дзяцінства?

— Як жа іх не помніць?!. Хаты побач, дзяцінства ў нас было прыгожае — поўная свабода, рыбалоўства, рэчка, лодкі — каталіся на конях, гулялі ў футбол, палова вёскі збіралася на лузе. Веласіпед «Арлёнак», падараваны дзедам, быў для ўсіх. Віця, Пеця, Шура Баранавы... Там іх было і яшчэ пяцёра. А Пеця Васілевіч з Пцічы , здаецца, стаў мастаком. Казалі, што ён — родзіч пісьменніцы Алены Васілевіч. 

— Дзе, дарэчы, болей пісалася твая першая кніга паэзіі — «Трава і дождж» — у горадзе ці ў вёсцы?

— Усе вершы дудзіцкія, з Дудзіч родам. Пісаў на канікулах — зімовых, вясенніх, летніх. Першы дудзіцкі верш напісаў у 13 гадоў. Пасля лета і доўгай дарогі — 12 км пешшу, са слязьмі на вачах ад разлукі з бабуляй і дзядулем... Перавагу гэтай дарозе адддаваў заўжды. Апошні раз прайшоў яе гадоў 20 назад. Часта хадзілі з паэтам Вадзімам Спрынчанам, які любіў у мяне гасцяваць у Дудзічах.

— А зборнікі «Цішыня», «Дрэва і рака», «Невядомая планета»... Адкуль «родам» вершы з гэтых кніг?

— Таксама — з Дудзіч. Як, дарэчы, і пераклады прозы, паэзіі Ганада Чарказяна. Курдскі паэт, які даўно жыве ў Беларусі, якога я перакладаю па падрадкоўніках, не аднойчы наведваўся ў Дудзічы. Частымі гасцямі ў гэтай панадпцічанскай вёсцы былі і Спрынчаны. Паэт Вадзім Спрынчан — добры мой сябра. Яго дочкі выраслі на дудзіцкіх яблыках. Вадзім заўсёды дапамагаў нам у вясковых работах, памятае маіх і дзеда, і бабулю. Часта гуляў па ваколіцах і нешта мармытаў, відаць, ствараў новыя вершы. Прыязджала ў Дудзічы не толькі яго старэйшая дачка — паэтэса, дзіцячая пісьменніца Аксана Спрынчан, але і малодшая — Алена. Прыязджала з дзецьмі. Яна, дарэчы, таксама піша добрыя лірычныя вершы. На рускай мове. Але, на жаль, друкавацца не спяшаецца. 

— У 2006 годзе ты надрукаваў в «Новом мире» аповесць пра дудзіцкае жыццё — «У крэсле пад яблыняй»... Калі пісаліся гэтыя старонкі?..

— Гэта пісалася ў 2001 годзе для «Дружбы народов»... Але так склалася, што надрукаваў у «Новом мире»... У аповесці — рэальныя персанажы. Простыя людзі. І — пісьменнікі, выдаўцы, якія звязаны з Дудзічамі, музеем матэрыяльнай культуры «Дудуткі». А гэта — Яўген Будзінас, Барыс Пастэрнак. 

— Ты падрабязна апісваеш вясковае жыццё, расказваеш пра старшыню мясцовай гаспадаркі... 

— Так, сёння Казак Пётр Васільевіч аб’яднаў пад сваім крылом — гаспадарка называецца «Агра-абярэг» — увесь сельсавет. Дамогся прамых паставак у Мінск. І наколькі я ведаю, заробкі тут у аграрнікаў большыя, чым на сельгаспрадпрыемствах таго ж Рузскага раёна ў Падмаскоўі, дзе я зараз жыву. Праблема, безумоўна, як і ў многіх мясцінах, — кадры. Але прыемна, што няма таго разладу, што быў на пачатку 1990-х... І людзі вядуць сябе іначай. Кожны раз чую, як прыязджаю, — то гэты кінуў піць, то другі. Людзі імкнуцца зарабляць грошы, жадаюць разумна іх траціць. Відавочна, што гаспадарка мае доступ да сучасных тэхналогій, сучасных гатункаў збожжа. На палетках «Агра-абярэга» гаспадарыць трыцікале — той гатунак, над якім працаваў акадэмік Мікалай Турбін, бацька выдатнай мінскай, цяпер ужо — маскоўскай паэтэсы Любові Турбіной. Мы неяк з Вадзімам Спрынчанам высвятлялі , хто якому архетыпу з нас адпавядае: ён, маўляў, — пшаніца, а я — жыта. Пад’ехаў да нас Пётр Васільевіч Казак і вынес свой вердыкт: «Трыцікале...»

— Кобан... Месца пахавання Ельскіх, іх блізкіх родзічаў, старыя каталіцкія могілкі ў полі... Быў час, калі не толькі шанавалі іх, Ельскіх. Памятаю з газеты 1970-х гадоў заметку нават пра жорсткасць Ельскіх... 

— Хто такія Ельскі Аляксандр і Ельскі Міхал — у Дудзічах і ваколіцах ведалі, зразумела, і да стварэння музея «Дудуткі». Ёсць нават заметка са «Звязды» 1950-х гадоў, дзе змешчаны фотаздымак майго дзеда, а таксама яго расповяд пра пана Ельскага. Дарэчы, апавяданні пра Ельскага былі пастаянным акампанементам дзеда на падпітку. Пан быў добры, разумны. Музыкант. І Пціч, суседняя з Дудзічамі вёска, праз рэчку, на баку сённяшняга музея «Дудуткі», — гэта хаты тых, хто працаваў на пана і быў расселены з дома прыслугі. Нейкі час пасля рэвалюцыі яны жылі ў самім панскім доме, пакуль ён не згарэў. 

— Недалёка ад твайго дудзіцкага дома — і пцічанская сядзіба вядомага беларускага празаіка Віктара Казько. І ў яго, здаецца , напісаны раман пра Дудзічы і навакольнае жыццё... 

— Гэта хутчэй аповесць, дзе героямі выступаюць суседзі па лецішчу Яўгена Будзінаса. З рэальнымі героямі яны ніяк не суадносяцца. Яны ж і персанажы «дудуткаўскай» кнігі самога Будзінаса. Таксама, як на мой погляд, далёкія ад саміх сябе і таго жыцця, якое яны вядуць. 

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.