Вы тут

У бабулі Ніны — адны дзясяткі


Адразу ўзнікае пытанне, што ж гэта за бабуля такая, якая вучыцца яшчэ ў школе ці ў якой-небудзь іншай навучальнай установе.


Як вядома, веды там ацэньваюцца па дзесяцібальнай сістэме, а дзясятка — найвышэйшая адзнака. Калі быць больш дакладным, то і не бабуля яна. Для некаторых ужо і прабабуля. І не сама ў школе вучыцца, а іншых вучыць. Дабру, сумленнасці, справядлівасці. А яшчэ — каб вучні слухаліся старэйшых, любілі прыроду. Бо яна — не звычайная бабуля-прабабуля, а выдатная беларуская паэтэса Ніна Галіноўская, аўтар дзясяткаў кніг для самых маленькіх і крыху старэйшых дзетак.

Паколькі яе прызванне — найперш паэзія, хоць ёсць і празаічныя творы, то хочацца, каб і дзеткі яе любілі. Захапіць жа іх магчыма толькі цікавымі, па-майстэрску напісанымі творамі. Такімі, якія, не задумваючыся, можна ацэньваць толькі на выдатна. Імі напоўнена і кніга Ніны Васільеўны «У казачным лесе», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Па сутнасці, напярэдадні Новага года.

Да яго, праўда, як быццам, яшчэ і далекавата, амаль два месяцы. Ды і па надвор’і не відаць, каб восень спяшалася саступіць свае правы зіме. Але дзеткі, несумненна, даўно жывуць чаканнем гэтага радаснага свята. Новы ж год — не толькі ёлка і Дзед Мароз, Снягурачка, але і падарункі. Сярод іх, безумоўна, будуць і цікавыя кніжкі. Ад матуль і татаў, бабуль і дзядуль. Верыцца, што сярод іх знойдзецца месца і гэтай, напісанай

Нінай Галіноўскай. Ужо сваёй назвай яна сведчыць, што чакаецца незвычайнае падарожжа ў свет дзівосаў. Інакш і быць не можа, калі гэта запрашэнне не проста ў лес, у якім, добра прыглядзеўшыся, і так шмат чаго (і каго) незвычайнага, а ў лес казачны.

Верш «Казка і ява», якім кніжка адкрываецца, сведчыць, што ў ім яднаецца фантастычнае і рэальнае. Сам чамучка — няважна хлапчук ці дзяўчынка — даўно чакае гэты цуд:

У лесе схавалася казка.

На елцы яна ці сасне.

Напэўна, зялёная маска

Хавае яе ад мяне.

І доўга я казку шукаю —

Нідзе непаседы няма.

Вось зараз вазьму,

                                 пагукаю —

Адклікнецца, можа, яна.

І гукае: «Дзе ты, казка? Ау-у!», а яна паўтарае: «А-у-у!». Адказвае цікаўнік казцы: «Я насустрач бягу-у»:

Імчацца і дрэвы, і травы —

Дзівосны зялёны экспрэс.

Змяшаліся казка і ява…

Гэтае «змяшэнне», дзякуючы майстэрству Ніны Галіноўскай, прыводзіць да таго, што казачныя рэаліі ў творах удала мацуюцца на тым рэальным, сведкамі чаго хлопчыкі і дзяўчынкі з’яўляюцца ці не штодня. Розніца толькі ў тым, што не яны, а жывёлы, птушкі, іншыя персанажы ў гісторыях, расказаных Нінай Васільеўнай, трапляюць у нечаканыя сітуацыі.

Аднак па тым, як яны сябе паводзяць, што робяць, дзеткі лёгка здагадаюцца, чым можна захапляцца. Над чыімі ўчынкамі задумацца, паразважаць, што добра, а што кепска. А то і даць сабе слова больш так не рабіць. Яшчэ, што таксама важна, упэўняцца, як гумар, жарт прыўносяць у звычайнасць будняў тое, што не толькі выклікае ўсмешку, але і ўзнімае настрой. Як жа ні рэагаваць на іх паводзіны, калі персанажы твораў добра знаёмыя.

Напрыклад, заяц. Хлопчыкі і дзяўчынкі з ім у кніжцы сустракаюцца неаднойчы. І ў розных сітуацыях. Узяць верш «Зай-разгубляй». Завітаў неяк гэты заяц у магазін, каб купіць морквы. Пачаў разлічвацца, а грошы ніяк не можа знайсці. Стаў Зай-разгубляй уголас разважаць, дзе мог іх згубіць. Слухала-слухала яго Ліска-прадаўшчыца, ды і кажа: «Не згубі трусы і майку!»

У вершы «Ліса і Заяц» — зусім іншы шарачок. Не расцяпа, а знаходлівы. Рыхтуючыся да зімы, не чакае, калі яго футра з надыходам яе памяняе колер. Сам рыхтуе для гэтага фарбу. Яшчэ ў адным вершы — «У лясным трамваі» — ён не абы хто, а вадзіцель Капусцін Зай. Даўмеўся да таго, пра што не здагадаліся пасажыры — «пяць бабуль, унукаў пяць». Бабулі запрашаюць іх садзіцца на вольныя месцы, унукі — бабуль. У выніку ўсе стаяць. Капусцін Зай хутка знайшоў выйсце. На прыпынку выйшаў з кабіны і прапанаваў:

— Вы, бабулі, пасядзіце.

— Ну а як жа нашы ўнукі?

— Вы вазьміце іх на рукі.

А колькі досціпу ў вершы «Наперагонкі»!

— Дзед Мароз,

Абуй валёнкі.

Пабяжым наперагонкі.

Раз, два, тры!

Выходзь на старт!

Пакажы прысутным гарт!

Выйграў бы саперніцтва, ды… «Дзед Мароз упаў у снег: // Нечакана на хаду // Наступіў на бараду».

Ёсць у кнізе і тры творы, што маюць падзагаловак «Гульня»: «На прагулку ў лясок», «Дзеці і дожджык», «Хутка зіма». Іх, асабліва трэці, па вартасцях ацэняць і выхавальнікі дзіцячых садоў, настаўнікі малодшых класаў у пазашкольнай рабоце. Надыход зімы можна лёгка перадаць праз невялічкае прадстаўленне, бо ў творы прысутнічае драматургічная аснова. Ёсць Вядучы, ёсць і ўдзельнікі гэтага дзейства: Ліска, Заяц, Вавёрка, Мядзведзь… І, як заўсёды, прысутнічае ненавязлівы напамін, што ў жыцці ўсё жывое з’яднана між сабой. Звяры пра гэта напамінаюць і запрашаюць:

— Добра нам сярод дзяцей,

Шчырых і лагодных.

Вы прыходзьце ў лес часцей

Ва ўсе поры года.

Маецца на ўвазе лес як частка прыроды. Але было б няблага, каб дзеткі часцей заходзілі і ў лес казачны Ніны Галіноўскай. Не толькі ў гэтай кнізе, але і ў іншых, напісаных ёю. Ніна Васільеўна даўно прызнаны майстар беларускай дзіцячай літаратуры. Цяпер жа чарговы раз пацвердзіла, што яе паэтычнае майстэрства самай высокай пробы.

Глеб ПРАКАПЕНЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».